80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
— І я так думаю, спадар прафесар, — адказаў капітан Нэма. — Звярніце толькі ўвагу на тое, што пасля столькіх супярэчанняў супраць майго праекту, вы згаджаецеся з ім.
Капітан Нэма казаў праўду. Я цяпер спаборнічаў з ім у смеласці. Цяпер я ўгаворваў яго пусціцца ў плаванне да полюса. Я нават выперадзіў яго… Але не, нікчэмны фантазёр! Капітан Нэма абдумаў ужо даўно ўсё «за» і «супраць» і цяпер пацяшаўся, гледзячы на тое, як ты кідаешся ад адной крайнасці да другой, як ты нястрымана аддаешся марам!
Між тым капітан Нэма не траціў часу. Ён паклікаў на палубу свайго памочніка. Яны загаманілі на сваёй незразумелай мове. Ці то памочнік быў яшчэ раней папярэджаны аб планах капітана, ці ён не бачыў у іх нічога немагчымага, але на твары яго не адзначылася нават здзіўлення.
Але як ён не быў спакойны, яму не прышлося перафарсіць у гэтым Канселя, калі я аб’явіў яму рашэнне капітана Нэма ісці да полюса. Спакойнае «як захоча гаспадар» было адзіным адказам гэтага адважнага хлапца, і больш нічога я ад яго не мог дабіцца. Іншая справа Нэд Лэнд, — наўрад ці можна было-б вышэй узняць плечы, чым гэта зрабіў канадзец, выслухаўшы маё паведамленне.
— Ведаеце, спадар прафесар, — сказаў ён, — вы і ваш капітан Нэма выклікаеце ў мяне жаль!
— Але зразумейце, Нэд, мы-ж трапім на полюс, на полюс!
— Магчыма, што вы і трапіце туды, але вось вярнуцца адтуль вы не здолееце!
І з гэтымі словамі Нэд Лэнд пайшоў да сябе ў каюту, «каб не нарабіць бяды», сказаў ён, зачыняючы за сабой дзверы.
Тым часам «Наўтылус» пачаў рыхтавацца да сваёй адважнай экспедыцыі. Магутныя насосы нагняталі ў рэзервуары паветра пад высокім ціскам. Каля чатырох гадзін пасля поўдня капітан Нэма сказаў мне, што зараз будзе зачынены люк. Я кінуў апошні позірк на перашкаджаўшы нам бар’ер з суцэльных ільдоў. Надвор’е было яснае, неба ачысцілася ад воблакаў. Холад быў даволі значны — 12° ніжэй нуля, але ветру не было, і гэты мароз не вельмі даваў сябе адчуваць.
Чалавек дзесяць матросаў, з кіркамі ў руках, вышлі на палубу і пачалі калоць лёд вакол «Наўтылуса». Яны хутка вызвалілі судна, бо малады лёд быў яшчэ тонкі. Тады мы ўсе спусціліся ў сярэдзіну карабля, люк зачынілі, і «Наўтылус» павольна апусціўся ў ваду.
Я зайшоў у салон у суправаджэнні Канселя. Мы селі каля расчыненага акна і глядзелі на ніжнія пласты вады Паўднёвага Ледавітага акіяна. Тэрмометр паказваў хуткае павышэнне тэмпературы вонкавага асяроддзя, стрэлка манометра паўзла ўправа па цыферблату.
На глыбіні трыста метраў, як і прадбачыў капітан Нэма, вада была ўжо без лёду і мы маглі пачаць плаванне пад суцэльнымі ільдамі. Але «Наўтылус» апускаўся далей, пакуль не дасягнуў васьмісот метраў. Тэмпература вады ў гэтых пластах была на два градусы вышэй, чым ля паверхні. Само сабой зразумела, што тэмпература ў сярэдзіне «Наўтылуса», якая падтрымлівалася электрычнымі печкамі, ніколькі не залежала ад вонкавай тэмпературы і заўсёды стаяла на нармальным узроўні.
Усе манеўры «Наўтылус» выконваў надзвычайна паслухмяна і дакладна.
— З дазволу гаспадара скажу, што па маёй думцы мы пройдзем шчасліва, — заўважыў Кансель.
— Спадзяюся, — адказаў я з глыбокай упэўненасцю.
На гэтай вольнай ад ільдоў глыбіні «Наўтылус» узяў кірунак прама да полюса, ідучы ўздоўж пяцьдзясят другога мерыдыяна. Ад 67°30' да 90° трэба было прайсці два з паловай градусы, або крыху больш за дзве тысячы кіламетраў. «Наўтылус» плыў з сярэдняй хуткасцю прыкладна пяцьдзясят кіламетраў у гадзіну, гэта значыць з хуткасцю кур’ерскага поезда. Калі нішто не затрымае яго на дарозе, дык у сорак з невялікім гадзін ён павінен дасягнуць полюса.
Навіна пейзажа трымала Канселя і мяне частку ночы каля акна салона. Электрычнае святло пражэктара асвятляла ваду. Але мора было пустынным. Рыбы не вадзіліся ў гэтых скаваных водах.
Хуткасць ходу «Наўтылуса» адчувалася толькі па безупыннаму дрыжанню яго стальнога корпуса.
Каля двух гадзін пасля поўначы я рашыў прайсці да сябе ў каюту, каб паспаць некалькі гадзін. Кансель пайшоў таксама. Праходзячы калідорам да сябе, я не сустрэў капітана Нэма. Я рашыў, што ён дзяжурыць у штурвальнай рубцы.
Наступнай раніцай, 19 сакавіка, я заняў зрання сваю назіральную варту каля акна салона. Электрычны лаг паказваў мне, што «Наўтылус» ішоў з паменшанай хуткасцю. Ён падымаўся цяпер да паверхні мора, але не адразу, а паступова, павольна аслабаняючы свае рэзервуары.
Сэрца маё забілася мацней. Ці здолеем мы выйсці на паверхню? Ці сустрэнем мы вольныя ад ільдоў прасторы?
Але не. Штуршок паказаў мне, што «Наўтылус» наткнуўся на лёд, а па глухому гуку відаць было, што пласт яго вельмі тоўсты. І сапраўды, паказанні манометра пацвердзілі гэта — мы знаходзіліся на глыбіні паўтары тысячы футаў. Значыцца, над намі быў пласт лёду ў дзве тысячы футаў таўшчынёю, з якіх пяцьсот футаў выступалі над паверхняй! Выходзіла, што суцэльны лёд быў у гэтым месцы таўсцей, чымся ў тым, дзе мы апусціліся пад ваду. У гэтым факце не было нічога прыемнага для нас.
На працягу дня «Наўтылус» некалькі разоў аднаўляў спробу выбрацца на паверхню, але кожны раз натыкаўся на столь з тоўстага лёду. Месцамі гэтая «столь» даходзіла ў глыбіню да дзевяцьсот метраў, гэта значыць таўшчыня ледзянога пласта раўнялася тысячы двумстам метрам, з якіх трыста ўзвышаліся над морам. Гэта было ўжо ў тры разы больш, чым найбольшая вышыня айсбергаў у момант нашага апускання ў ваду.
Я старанна адзначаў глыбіню залягання айсбергаў і склаў такім чынам прымітыўную карту гэтага падводнага перавернутага горнага ланцуга.
Да вечара наша становішча не змянілася. Лёд увесь час цягнуўся на глыбіні ад чатырохсот да пяцісот метраў. Гэта было ўжо некаторым патанчэннем ледзянога пакрыцця, але ўсё-такі яшчэ вялізная тоўшча аддзяляла нас ад адкрытага мора.
Было ўжо каля васьмі гадзін вечара. Ужо чатыры гадзіны назад «Наўтылус» павінен быў-бы, як звычайна, аднавіць свой запас паветра. Аднак я не адчуваў яшчэ ніякага сціску пры дыханні, хоць капітан Нэма не выпусціў яшчэ ні літра кіслароду з запасных рэзервуараў.
Гэтую ноч я дрэнна спаў. Надзея і трывога па чарзе хвалявалі мяне. Я ўставаў некалькі разоў з ложка. «Наўтылус» усё шукаў праход. Каля трох гадзін раніцы я выйшаў у салон і, паглядзеўшы на манометр, убачыў, што ўнутраная паверхня ледзянога пакрыцця праходзіць цяпер на глыбіні ўсяго толькі пяцідзесяці метраў. Масіўны лёд паступова ператвараўся ў айсфельд — у ледзяное поле. Падводныя горы давалі месца раўніне.
Я не адводзіў вачэй ад манометра. Мы ўвесь час падымаліся, ідучы па дыяганалі за нахіленай паверхняй ільду, якая мігцела тысячамі іскраў пры святле нашага пражэктара.