80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Пласт ільду рабіўся ўсё танчэй і танчэй з кожным пройдзеным кіламетрам.
Нарэшце ў шэсць гадзін гэтага памятнага дня, 19 сакавіка, дзверы салона расчыніліся, і капітан Нэма з парога сказаў:
— Мора вольнае ад ільдоў!
Раздзел чатырнаццаты
Паўднёвы полюс
Я кінуўся на палубу.
Так! Мора было вольнае. Толькі сям-там плавалі паасобныя крыгі і айсбергі. Далей на поўдзень лёду зусім не было. Тысячы птушак насіліся ў паветры, і мірыяды рыб усіх колераў — ад цёмна-сіняга да фіялетавага — баразнілі хвалі. Тэрмометр Цэльсія паказваў тры градусы вышэй за нуль. Пасля толькі што перанесеных халадоў па той бок суцэльных ільдоў, гэта была амаль вясенняя тэмпература.
— Дзе мы знаходзімся? — запытаўся я капітана. Сэрца маё шалёна стукала. — На полюсе?
— Я сам не ведаю, — адказаў ён. — У поўдзень вызначу па вышыні сонца.
— Але ці пакажацца сонца ў гэтым тумане? — запытаўся я, недаверліва гледзячы на ахутанае воблакамі неба.
— Калі яно выгляне хоць на паўхвіліны, гэтага будзе досыць, — адказаў капітан.
За дзесяць міль на поўдзень ад «Наўтылуса» відаць быў адзінокі маленькі востраў, які ўзвышаўся метраў на дзвесце над узроўнем мора. Мы накіраваліся да яго, але паціху, бо на моры маглі быць рыфы.
Праз гадзіну мы падышлі да самага астраўка. Яшчэ праз дзве гадзіны мы скончылі абход яго. Яго берагавая лінія працягвалася на чатыры-пяць міль. Вузкая пратока аддзяляла яго ад нейкай зямлі, можа нават сухазем’я, бо мяжы яго не было відаць. Існаванне гэтай зямлі як быццам пацвярджала гіпотэзу Моры. Дасціпны амерыканец звярнуў увагу на тое, што паміж паўднёвым полюсам і шасцідзесятай паралеллю мора пакрыта плывучымі горамі, якія ніколі не сустракаюцца ў паўночнай палове зямлі. З гэтага назірання ён зрабіў вывад, што ў межах паўднёвага палярнага круга павінна існаваць нейкае сухазем’е, бо айсбергі не могуць нараджацца ў моры, а толькі на зямлі. Па яго вылічэннях лёд вакол паўднёвага полюса стварае вялізнае кола дыяметрам чатыры тысячы кіламетраў.
Між тым «Наўтылус», баючыся сесці на мяліну, спыніўся за тры кабельтовы ад берагу, над якім узвышалася велічнае награмаджэнне скал. Шлюпка была спушчана на ваду. Капітан, двое матросаў з прыладамі, Кансель і я ўселіся ў яе. Было каля дзесяці гадзін уранні.
Я яшчэ не бачыў гэтай раніцай Нэда Лэнда. Канадзец, мусіць, не хацеў прызнаць сябе пераможаным, бачачы паўднёвы полюс.
Некалькі ўзмахаў вёслаў наблізілі шлюпку да пясчанага пляжа, дзе яна і спынілася.
Кансель сабраўся выскачыць на бераг, але я спыніў яго.
— Капітан Нэма, — сказаў я, — вам належыць гонар першаму ступіць на гэтую зямлю!
— Так, спадар прафесар, — адказаў капітан. — І я, не задумваючыся, зраблю гэта, бо ўпэўнены, што перада мной на гэтую зямлю ніколі не ступала чалавечая нага!
З гэтымі словамі ён лёгка ўскочыў на пясок. Затым узабраўся на скалу і там, склаўшы накрыж рукі на грудзях, нерухомы, маўклівы, з палаючым зрокам, здавалася, уступаў ва ўладанне гэтымі палярнымі землямі. Прастаяўшы так у экстазе некалькі хвілін, ён павярнуўся да нас і крыкнуў:
— Калі ласка, спадарства, сыходзьце на зямлю!
Я зараз-жа выскачыў на пясок. Кансель паследваў за мною. Матросы засталіся ў шлюпцы.
Глеба, наколькі бачыла вока, складалася з чырванаватага туфу, нібы была пасыпана зверху тоўчанай цэглай. Шлакі, струмені застылай лавы, кавалкі пемзы пакрывалі яе. Астравок быў безумоўна вулканічнага паходжання. У некаторых месцах з-пад глебы прарываліся струменьчыкі дыму з рэзкім серкавым пахам. Гэта сведчыла, што падземны агонь захаваў усю сваю сілу.
Але, узабраўшыся па прыкладу капітана Нэма на скалу, я не заўважыў на гарызонце ніякага вулкана. Вядома, аднак, што Джэмс Росс знайшоў у антарктычных водах пад 167° даўгаты і 77°32' шыраты два дзейных кратэры, якім ён даў назву Тэрор і Эрэбус.
Расліннасць на астраўку была надзвычай бедная. Некалькі лішайнікаў на скалах ды выкінутыя морам на бераг водарасці — вось і ўся флора астраўка. Фауну прадстаўлялі малюскі, зоафіты, у прыватнасці каралавыя паліпы і марскія зоркі, але галоўным чынам птушкі. Птушак тут было безліч. Тысячамі яны насіліся ў паветры, заглушаючы нас крыкамі; тысячамі яны сядзелі на кожным выступе скал, бязбоязна гледзячы на нас і смела блытаючыся ля нашых ног. Гэта былі пінгвіны, настолькі-ж быстрыя і спрытныя на вадзе, дзе іх можна лічыць рыбамі, наколькі яны цяжкія і нязграбныя на зямлі. Яны збіраліся ў вялікія групы, неахвочыя на рухі, але ахвочыя на крыкі, літаральна аглушаўшыя нас.
Сярод птушак я заўважыў белых іржанак, з атрада іржанкападобных, велічынёй з голуба, з белым апярэннем, кароткай канічнай формы дзюбай і чырвоным кальцом вакол вачэй. Кансель забіў некалькі гэтых птушак, з якіх можна зрабіць вельмі смачную страву.
У паветры насіліся буйныя альбатросы, размах крылляў якіх даходзіць да чатырох метраў, — іх правільна называюць акіянскімі каршунамі; велізарныя буравеснікі, небяспечныя ворагі цюленяў; маранка, разнавіднасць качкі, і, нарэшце, цэлая хмара глупышоў — белых, з абведзенымі карычневай паласой крыллямі, і сініх, якія водзяцца толькі ў Антарктыцы.
— Яны такія тлустыя, — сказаў я Канселю, — што жыхары Фарэрскіх астравоў устаўляюць у толькі што забітую птушку кнот і атрымоўваюць гатовы свяцільнік.
— Каб прырода пастаралася яшчэ крышачку, — адказаў Кансель, — дык гэта была-б ідэальная лямпа! Як шкада, што яны не маюць гатовых кнотаў!
За паўмілі ад таго месца, дзе мы спыніліся, зямля была ўся ўскапана ямамі — гнёздамі пінгвінаў. Капітан Нэма пазней загадаў сваім матросам злавіць некалькі соцень гэтых птушак, бо іхняе цмянае мяса дужа смачнае. Іхні крык нагадваў рыканне асла. Гэтыя птушкі, велічынёй з гуся, з чорным апярэннем, з белымі плямамі на грудзях і жоўтай палоскай на шыі, дазвалялі забіваць сябе каменнем, нават не ратуючыся ўцяканнем.
Між тым туман не рассейваўся, і ў адзінаццаць гадзін сонца яшчэ не паказвалася. Гэта дужа мяне непакоіла. Без сонца мы не маглі зрабіць назіранняў. А без назіранняў нельга ведаць, ці дасягнулі мы полюса.
Калі я падышоў да капітана Нэма, ён стаяў, абапёршыся на скалу, і моўчкі глядзеў на мора. Ён, здавалася, быў нездаволены і часамі з нецярплівасцю пазіраў на неба. Але што рабіць? Гэты мужны і моцны чалавек не мог таксама ўладаць небам, як ён уладаў морам.
Настаў поўдзень, а сонца ўсё яшчэ не паказвалася ні на секунду. Скрозь густыя хмары, што затулілі ўсё неба, не відаць было нават таго месца, дзе знаходзілася сонца. Хутка з гэтых хмар пайшоў снег.
— Прыйдзецца чакаць да заўтра, — проста сказаў капітан, і мы вярнуліся на «Наўтылус» сярод снежнай завірухі.
У той час, калі мы былі на востраве, матросы «Наўтылуса» паспелі закінуць і выцягнуць невад. Я з вялікай цікавасцю разглядаў вылаўленых рыб. Антарктычнае мора служыць прытулкам вялікай колькасці рыб, якія ратуюцца ад бур больш нізкіх шырот, каб… трапіць тут у зубы маржоў і цюленяў. Я заўважыў некалькі мойваў, даўжынёю ў дваццаць сантыметраў — храшчавых рыбак са срабрыстай з бурымі плямамі луской, антарктычных хімер, даўжынёю ў тры футы, з выцягнутым у даўжыню, слізкім і гладкім целам, афарбаваным у пераліўчатыя тоны залаціста-жоўтага, бурага і белага колераў, з мордай, якая высоўвалася наперад у выглядзе конуса, і доўгім тонкім хвастом. Мне не спадабалася іхняе мяса, але Канселю яно здалося даволі смачным.