Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

Завіруха працягвалася да наступнага ранку. Немагчыма было нават высунуць нос на палубу. Седзячы ў салоне і запісваючы ў дзённік падзеі апошніх дзён, я праз адчынены люк чуў крыкі глупышоў і альбатросаў, якія лёталі ў паветры, не зважаючы на завіруху. «Наўтылус» не стаяў на месцы, а ідучы ўздоўж берагу, прасунуўся яшчэ на дзесятак міль на поўдзень. Сонца, нізка павіслае над самым гарызонтам, кідала цмянае святло.

На другі дзень 20 сакавіка, завіруха сціхла. Холад трохі павялічыўся. Тэрмометр паказваў два градусы ніжэй нуля. Туман разышоўся, і я пачаў спадзявацца, што ў гэты дзень мы здолеем зрабіць астранамічныя назіранні.

Капітан Нэма яшчэ не выходзіў. Шлюпка «Наўтылуса» адвезла на бераг невядомай зямлі Канселя і мяне. Глеба і тут была выразна вулканічнага паходжання. Усюды віднеліся сляды лавы, шлакі, базальт, але кратэра я нідзе не бачыў. Таксама, як і на востраве, тут былі тысячы птушак. Апрача птушак, жывёльнае царства было прадстаўлена тут вялікімі стадамі марскіх сысуноў, спакойна глядзеўшых на нас, калі мы праходзілі каля іх. Гэта былі цюлені. Адны з іх ляжалі на беразе, другія ляжалі на крыгах, трэція плавалі ля берага або вылазілі на яго. Яны не палохаліся пры нашым набліжэнні, бо, як відаць, упершыню бачылі чалавека. Статак быў такі вялікі, што яго хапіла-б на некалькі соцень паляўнічых суднаў.

— Чэснае слова, — сказаў Кансель, — я бясконца рады, што Нэд Лэнд не суправаджае нас!

— Чаму, Кансель?

— Таму, што гэты заўзяты паляўнік перабіў-бы ўсіх цюленяў!

— Усіх ён не забіў-бы — рукі кароткія. Але што некаторыя з гэтых рахманых жывёлін сапраўды пацярпелі-б — сумнявацца не прыходзіцца. А гэта дужа не спадабалася-б капітану Нэма, які не любіць дарэмна праліваць кроў бяскрыўдных жывёлін.

— І ён мае рацыю.

— Вядома, Кансель. Аднак скажы, ты не паспеў яшчэ пракласіфікаваць гэтыя дасканалыя ўзоры марской фаўны?

— Гаспадар-жа ведае, што я не дужа спрытны ў практычнай галіне. Каб гаспадар патурбаваўся назваць мне гэтых жывёлін…

— Гэта цюлені і маржы.

— Два віды, якія належаць да класа сысуноў, падкласа аднаутробных, атрада ластаногіх, — паспяшыў сказаць Кансель.

— Правільна, Кансель, — адказаў я. — Але-ж у гэтых відаў ёсць свае разнавіднасці, і калі я не памыляюся, мы будзем мець магчымасць назіраць іх тут. Хадзем!

Было каля васьмі гадзін раніцы. Да поўдня — моманту астранамічных назіранняў — у нас было вольных амаль чатыры гадзіны. Я прапанаваў Канселю пайсці па беразе шырокай бухты, якая глыбока ўразалася ў гранітныя берагі гэтай зямлі.

Там, колькі бачыла вока, — гэта можна было сказаць без ніякага пераўвелічэння, — зямля, прыбярэжныя крыгі і палосы вады былі завалены тысячамі тысяч марскіх сысуноў. Я гатоў быў шукаць вачыма Пратэя, міфічнага пастуха гэтых вялізных статкаў бога мора Нептуна. Галоўным чынам тут былі цюлені. Яны размяшчаліся сямействамі — самец, галава і абаронца сям’і, і пад яго апекай самка, гадуючая дзяцей. Ужо падрослыя маладыя самцы гулялі асобна, здалёк.

Цюлені перасоўваюцца па зямлі з вялікай цяжкасцю, нязграбнымі скачкамі: раней яны падымаюцца на заднія ласты і кідаюцца ўперад усім тулавам, потым згібаюць пярэднія лапы, кладуцца на грудзі, згорбліваюць спіну і гэтым падсоўваюць наперад заднюю частку тулава. Зрабіўшы: гэта, яны зноў падымаюцца на заднія канцовасці, і ўся працэдура паўтараецца. Але, нязграбныя на зямлі, цюлені надзвычай спрытныя ў вадзе, дзякуючы свайму гнуткаму спінному хрыбту, вузкаму тазу, густой і кароткай поўсці і балончатым лапам. Адпачываючы на паверхні вады і на беразе, гэтыя жывёлы прымалі вельмі грацыёзныя позы. Нездарма старажытныя людзі, назіраючы іхнія прывабныя рухі, выразлівы зрок прыгожых вачэй, лагодны выгляд морды, апаэтызавалі гэтых жывёл, ператварыўшы ў сваіх легендах самцоў у трытонаў, а самак — у сірэн.

Я звярнуў увагу Канселя на досыць развітыя, высокія ілбы гэтых разумных жывёлін. Ніхто з сысуноў, акрамя чалавека, не мае такой колькасці мазгавой матэрыі, як цюлень. Таму цюлені лёгка паддаюцца муштраванню. Яны хутка становяцца свойскімі, і я згаджаюся з думкай некаторых натуралістаў, што пры адпаведным выхаванні яны маглі-б прыносіць чалавеку значную карысць, выконваючы ролю сабак пры рыбнай лоўлі і марскім паляванні.

Большасць цюленяў спала, калі мы праходзілі каля іх. Я ўбачыў на пяску і на прыбярэжных скалах звычайных цюленяў, даўжынёй паўтара — два метры ад морды да канца хваста, з тоўстай верхняй губой, са шчаціністымі вусамі; у іх амаль непрыметныя вонкавыя вушы, якія адзначаюцца толькі маленькімі трохкутнымі ўзвышэннямі.

Тут-жа былі і паўднёвыя марскія сланы, нос якіх высоўваецца наперад амаль на паўметра, закругляючыся, як хобат. Гэтыя вялізныя жывёліны, памерам ад пяці да сямі метраў, не звярталі на нас ніякай увагі.

— Ці небяспечныя гэтыя жывёліны? — запытаўся Кансель.

— Не, — адказаў я, — калі іх не чапаюць. Але калі на іх нападаюць, асабліва на іхніх дзяцей, то цюлені страшэнна раз’юшваюцца, і нярэдка здараецца, што яны разбіваюць ушчэнт лодкі паляўнічых.

— І зусім правільна робяць, — сказаў Кансель.

— Не спрачаюся.

Двума мілямі далей нас затрымаў мыс, які высоўваўся далёка ў мора і абараняў бухту ад паўднёвых вятроў. Скалы яго стромка апускаліся ў ваду, і падстава іхняя была пакрытая пенай прыбоя.

У гэтым месцы мы раптам пачулі гучнае муканне, нібы недалёка пасвіўся статак жвачнай жывёлы.

— Адкуль тут быкі? — запытаў Кансель.

— Гэта не быкі, а маржы, — адказаў я.

— Яны б’юцца?

— Б’юцца або гуляюць.

— З дазволу гаспадара, я хацеў-бы паглядзець на гэта.

— Хадзем паглядзім, Кансель!

І вось мы пайшлі ўздоўж чорных базальтавых скал. Мы драпаліся па прыступках іх, коўзаліся на гладкай адпаліраванай лёдам паверхні каменняў. Некалькі разоў я спатыкаўся і падаў, балюча ўдараючыся.

Кансель, больш асцярожны або больш устойлівы, ні разу не ўпаў і, падымаючы мяне, кожны раз гаварыў:

— Каб гаспадар стараўся шырэй ставіць ногі, яму лягчэй было-б утрымліваць роўнавагу.

Узабраўшыся на вяршыню мыса, мы ўбачылі шырокую снежную раўніну, запоўненую маржамі. Жывёлы гулялі і скакалі адзін за адным. Шум, які даходзіў да нас, быў шумам вясёласці, а не ярасці.

Маржы падобны да цюленяў і формай цела і размяшчэннем яго частак. Але ў ніжняй іхняй сківіцы няма клыкоў і разцоў, а з верхняй выступаюць два біўні, даўжынёй у восемдзесят і шырынёй — у пачатку — у трыццаць два сантыметры. Маржовыя біўні складаюцца з гладкай, адпаліраванай косці, больш цвёрдай і не так хутка жаўцеючай, як слановая косць, і таму дорага каштуючай на рынках. Дзякуючы гэтаму, маржы бязлітасна знішчаюцца, і недалёка той час, калі іх пераб’юць да апошняга, бо паляўнічыя б’юць і дарослых самцоў, і самак, і дзіцянят.

Праходзячы каля гэтых цікавых жывёлін, якія бязбоязна дапускалі нас да сябе, я мог добра разглядзець іх. У іх тоўстая і жорсткая скура, буравата-рыжага колеру, пакрытая рэдкай і кароткай поўсцю. Некаторыя самцы дасягаюць чатырох метраў даўжыні. Больш спакойныя і менш баязлівыя, чым іх паўночныя родзічы, паўднёвыя маржы не ставяць вартаўнікоў каля сваіх лежбішч.

Абышоўшы лежбішча, я рашыў вярнуцца назад. Было ўжо каля адзінаццаці гадзін раніцы, і мне хацелася прысутнічаць пры вызначэнні шыраты мясцовасці, калі надвор’е дазволіць капітану Нэма зрабіць назіранні.

Поделиться с друзьями: