Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

Праўда, на гэта было мала надзеі. Густыя хмары, якія закрылі ўсё неба, засланялі сонца. Здавалася, што зайздроснае нябеснае свяціла наўмысля захавалася за хмарамі, каб схаваць ад людзей гэты непрыступны куток зямнога шара.

Мы пайшлі па вузкай сцежцы, якая абгінала скалістую граду. А палове дванаццатай мы падышлі да таго месца, дзе высаджваліся на бераг. Шлюпка, выцягнутая на пясок, ужо даставіла капітана Нэма на бераг. Ён стаяў на вяршыні базальтавай скалы. Астранамічныя прылады ляжалі побач з ім. Яго зрок пільна глядзеў на поўнач, у тое месца гарызонта, дзе цяпер павінна было знаходзіцца нябачнае за хмарамі сонца.

Я стаў побач з ім і моўчкі чакаў. Надышоў поўдзень, але сонца таксама, як напярэдадні, не паказалася.

Назіранне зноў не ўдалося. Калі і заўтра сонца не будзе, прыйдзецца адмовіцца ад спробы азначыць дакладнае месцазнаходжанне полюса. Бо заўтра, 21 сакавіка, наступіць раўнадзенства, і калі не лічыць пераламлення праменняў, дык ужо заўтра сонца знікне за гарызонтам і надыйдзе доўгая палярная ноч, якая працягваецца шэсць месяцаў… З часу вераснёўскага раўнадзенства сонца, якое ўзыйшло над паўночным гарызонтам, падымалася па небасхілу ўсё даўжэйшымі спіралямі да 21 снежня. У гэты дзень летняга сонцастаяння ў паўднёвым паўшар’і яно зноў пачало апускацца, кожны дзень усё ніжэй і ніжэй, і, нарэшце, заўтра павінна было паслаць свае апошнія праменні на гэту зямлю і схавацца на паўгода.

Я падзяліўся сваёю трывогаю з капітанам Нэма.

— Вы маеце рацыю, спадар прафесар, — адказаў ён, — калі заўтра, дваццаць першага сакавіка, мне не ўдасца вызначыць вышыню схілення сонца над гарызонтам, то гэтую спробу прыйдзецца адкласці на шэсць месяцаў. Але затое, калі сонца пакажацца заўтра а поўдні хоць на хвіліну, то мне будзе асабліва лёгка ўстанавіць яго вышыню над гарызонтам, іменна дзякуючы таму, што выпадак прывёў нас у гэтыя месцы напярэдадні раўнадзенства.

— Чаму капітан?

— Таму што, калі сонца апісвае на небасхіле падоўжную спіраль, вельмі цяжка дакладна азначыць яго вышыню над гарызонтам. Паказанні прыбораў у такіх, выпадках часта няправільныя.

— А што зменіцца заўтра?

— Заўтра я буду магчы зрабіць дакладнае назіранне, не карыстаючыся прыладамі, пры дапамозе аднаго толькі хранометра. Калі заўтра, 21 сакавіка, у поўдзень сонечны дыск, — улічваючы пераламленне, — будзе перарэзаны акурат пасярэдзіне паўночным гарызонтам, гэта будзе азначаць, што мы знаходзімся на самым полюсе.

— Сапраўды, — сказаў я. — Але, з другога боку, гэтае азначэнне не будзе матэматычна верным таму, што момант раўнадзенства не супадае з поўднем.

— Я гэта ведаю, спадар прафесар, але гэтая недакладнасць для маіх мэт не адыгрывае ніякай ролі — яна можа вызначыцца памылкай у сотню метраў, што мяне зусім не цікавіць. Значыцца, да заўтра!

Капітан Нэма вярнуўся на борт «Наўтылуса». Кансель і я засталіся на беразе да пяці гадзін. Мы бадзяліся па пляжы, вывучаючы і назіраючы яго флору і фаўну, але нічога цікавага не знайшлі, калі не лічыць аднаго яйка пінгвіна, выдатнага па сваёй велічыні і афарбоўцы. Афарбаванае ў сіні колер і размалёванае нейкімі падобнымі да іерогліфаў палоскамі і кропкамі, яно магло быць цікавай цацкай, за якую аматар не пашкадаваў-бы заплаціць і тысячу франкаў. Я аддаў гэтае яйка Канселю; мой асцярожны памочнік панёс яго, нібыта каштоўнейшы фарфор, і шчасліва даставіў на борт «Наўтылуса», дзе яно знайшло прытулак у адной з вітрын музея.

Я з вялікім апетытам з’еў за абедам кавалак цюленевай пячонкі, якая нагадвала па смаку свініну, і потым улёгся спаць, не забыўшыся, як індусы-сонцапаклоннікі, папрасіць дзённае свяціла, каб яно ласкава выглянула заўтра а поўдні.

— На другі дзень, 21 сакавіка, калі я а пятай гадзіне ўранні падняўся на палубу, капітан Нэма ўжо знаходзіўся там.

— Як быццам надвор’е паляпшаецца, — сказаў ён мне. — Я пачынаю спадзявацца. Пасля снедання мы паедзем на бераг і выберам там зручны назіральны пункт.

Дамовіўшыся з капітанам, я пайшоў да Нэда Лэнда. Мне хацелася запрасіць яго сыйсці на бераг. Але ўпарты канадзец рашуча адмовіўся. Я заўважыў, што дзень за днём ён робіцца ўсё больш хмурым і раздражлівым. Аднак на гэты раз мяне не засмуціла яго ўпартасць: на беразе было надта многа цюленяў, і не трэба было спакушаць гэтага ўпартага грэшніка.

Пасля снедання я паехаў на бераг. «Наўтылус» ноччу падаўся яшчэ на некалькі міль да поўдня. Ён стаяў цяпер у адкрытым моры, за чатыры кіламетры ад берага, над якім узвышаўся востры пік вышынёй у чатырыста-пяцьсот метраў. У шлюпцы, апрача мяне, знаходзіліся капітан Нэма і два матросы з каманды «Наўтылуса». Капітан узяў з сабою прасцейшыя прыборы для назірання: хранометр, падзорную трубу і барометр.

У час пераходу ад карабля да берагу мы сустрэлі некалькі кітоў. Гіганцкія сысуны гулялі статкамі ў спакойных водах гэтага мора, і я зразумеў, што гэты недасяжны для чалавека паўднёвы палярны басейн быў прытулкам для кітоў, якіх так бязлітасна ўсюды знішчаюць.

А дзявятай гадзіне мы падплылі да зямлі. Неба праяснілася. Хмары плылі на поўнач. Туман паступова рассейваўся. Капітан Нэма накіраваўся прама да гары, на якой, відаць, ён хацеў устанавіць назіральны пункт. Пад’ём па слізкіх абледзянелых скалах быў вельмі цяжкім. Капітан узбіраўся па самых стромкіх схілах са спрытнасцю, якой пазайздросціў-бы паляўнічы за пірэнейскімі сарнамі. Я ледзь паспяваў за ім, здзіўляючыся яго рухавасці, тым больш нечаканай, што ён шмат часу наогул не ступаў на цвёрдую зямлю.

Мы патрацілі амаль дзве гадзіны на пад’ём на пік. З вяршыні яго перад намі адкрыўся прыгожы від на мора, з выразна выступаючым берагам суцэльных ільдоў на поўначы. Ля падножжа піка рассцілалася асляпляюча белая снежная раўніна. Неба над нашай галавой было бледна-блакітным. З вады высоўваўся крайчык вогненага дыска сонца, быццам зрэзаны знізу лініяй гарызонта. Сотні вадзяных слупоў, што выкідалі кіты, уздымаліся і падалі фантанамі на паверхню вады. Далёка ў адкрытым моры відаць быў «Наўтылус», надзвычайна падобны на спячага кіта. І на захад і на ўсход, колькі бачыла вока, ішла зямля, усеяная хаатычнымі награмаджэннямі каменных крушняў і скал.

Узабраўшыся на вяршыню піка, капітан Нэма першым чынам азначыў яе вышыню над узроўнем мора, каб потым унесці папраўкі ў свае вылічэнні.

Без чвэрці дванаццаць дыск сонца, які да гэтага часу відаць быў толькі дзякуючы пераламленню праменняў у атмасферы, выплыў з-за гарызонта і асвятліў сваімі цёмна-чырвонымі праменнямі пахмурную адзінокую зямлю і мора, па якім да нас не плаваў ніводзін чалавек.

Капітан Нэма, узброіўшыся падзорнай трубой з люстэркам, якое каррэгіруе памылку зроку ў выніку пераламлення праменняў, стаў сачыць за дзённым свяцілам, якое кацілася над самым гарызонтам па вельмі даўгай дузе. Я трымаў у руцэ хранометр і сачыў за стрэлкамі, якія марудна паўзлі па яго цыферблату. Маё сэрца ўзмоцнена стукала: калі знікненне паловы сонечнага дыска за гарызонтам супадзе з поўднем, значыцца мы на самым полюсе.

— Поўдзень! — крыкнуў я.

— Паўднёвы полюс! — адказаў мне капітан Нэма ўзрушаным голасам. Ён даў мне падзорную трубу, і глянуўшы ў яе, я ўпэўніўся, што гарызонт перарэзаў бліскучы дыск на дзве зусім роўныя часткі.

Апошнія праменні сонца асвятлялі яшчэ вяршыню піка ў той час, калі па спадах яго ўжо хутка паўзлі ўверх цені шасцімесячнай палярнай ночы.

Палажыўшы мне руку на плячо, капітан Нэма загаварыў:

— Спадар прафесар! У 1600 годзе галандзец Герык, загнаны бурамі і цячэннямі, дасягнуў на сваім караблі 64° шыраты і адкрыў Паўднёва-Шатландскія астравы. Сямнаццатага лістапада 1773 года славуты капітан Кук, плывучы ўздоўж трыццаць восьмага мерыдыяна, дабраўся да 67°30' паўднёвай шыраты, а ў наступным 1774 годзе, трыццатага студзеня ён-жа, ідучы ўздоўж сто дзевятага мерыдыяна, дасягнуў 71°15' паўднёвай шыраты. У 1819 годзе расійскі даследчык Белінсгаўзен быў на шэсцьдзесят дзевятай паралелі, а праз два гады — у 1821 годзе — на шэсцьдзесят шостай, пад 111° заходняй даўгаты. У 1820 годзе англічанін Брунсфільд быў затрыманы ільдамі на 65°. У тым-жа годзе амерыканец Морэль, сцвярджэнні якога, аднак, не зусім заслугоўваюць давер’я, ідучы ўздоўж сорак другога мерыдыяна, убачыў адкрытае мора пад 70°14' шыраты. У 1825 годзе англічаніну Поўэль ільды перашкодзілі прайсці далей 62°. Але ў тым-жа годзе просты паляўнічы за цюленямі, англічанін Ведэль, дабраўся да 72°14' шыраты пад 35° даўгаты і да 74°15' шыраты пад 36° даўгаты. У 1829 годзе англічанін Ферстэр, капітан карабля «Шантэклер», адкрыў «антарктычны кантынент» пад 63°26' шыраты і 66°26' даўгаты. У 1831 годзе, першага лютага, англічанін Біскоэ адкрыў зямлю Эндэрбі пад 36°50' шыраты, а праз год, пятага лютага 1832 года, — зямлю Адэлаіды пад 67° шыраты і, нарэшце, дваццаць першага лютага — зямлю Грэхема пад 64°45' шыраты. У 1838 годзе француз Дзюмон-Дзюрвіль, затрыманы суцэльнымі ільдамі пад 62°57' шыраты, адкрыў зямлю Луі-Філіпа; праз два гады, дваццаць першага студзеня 1840 года, пад 66°30' ён-жа адкрыў зямлю Адэлаіды, а яшчэ праз восем дзён пад 64°40' — зямлю Клары. У 1838 годзе англічанін Уількс, ідучы ўздоўж сотага мерыдыяна, дасягнуў 69° шыраты. У 1839 годзе англічанін Балені адкрыў зямлю Сабрына на самым палярным кругу. Дванаццатага студзеня 1842 года англічанін Джэмс Росо, які стаяў на чале экспедыцыі на «Эрэбусе» і «Тэроры», пад 76°56' шыраты і 171°7' усходняй даўгаты адкрыў зямлю Вікторыі; дваццаць трэцяга чысла таго-ж месяца ён дасягнуў семдзесят чацвёртай паралелі, прабраўшыся на поўдзень далей, чым хто-небудзь з яго папярэднікаў; дваццаць сёмага студзеня ён быў на 76°8', дваццаць восьмага на 77°32', другога лютага на 78°4'. У 1842 годзе Рос вярнуўся ў Антарктыку, але не здолеў падняцца вышэй 71° шыраты. Нарэшце я, капітан Нэма, дваццаць першага сакавіка 1868 года дасягнуў паўднёвага полюса, або 90° паўднёвай шыраты і ўступаю зараз ва ўладанне гэтай часткі зямнога шара.

Поделиться с друзьями: