Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

Гэта — пра дзіўныя супадзенні.

У адзін з тых нясвіжскіх дзён, калі я з найбольшай у маім жыцці ўвагай думаў пра свет Сыракомлі, радыё падарыла мне песню. Вярнуўшыся з гарадка, я — от сабе, перад тым як сесці за працу, — уключыў рэпрадуктар. I палілося задушэўнае, раздольнае:

Когда я на почте служил ямщиком…

Гэтую песню я люблю даўно. З тых дзён, калі яшчэ не толькі не ведаў, але нават i блізка думаць не думаў пра тое, што яна дзіўна-шчаслівым шляхам — ад беларускага жыцця, падказаная сапраўдным здарэннем у ваколіцах Міра, нраз польскае слова, праз трэфалеўскі пераклад стала рускай народнай песняй. Цяпер я здзіўляюся гэтаму простаму цуду, цяпер мне здаюцца вельмі рускімі, вельмі народнымі словы:

Сначала не чуял я в девке беду. Потом задурил не на шутку…

Цяпер мне сіла ix рускай народнасці ўяўляецца ў шчаслівым спалучэнні з дудоўнай i вельмі рускай мелодыяй. Цяпер… Ну так, цяпер мы любім разважаць, дакопвацца. Гэта нам, зрэшты, i паложана. А першы раз…

Калі я пачуў гэтую песню першы раз, мне было шэсць гадоў. Нават не поўнасцю. Гэта немалаважна на тым этапе жыцця, калі нам дні давал i больш, чым потым тыдні, а то часамі i месяцы.

На маленства мае — маленства гарадскога хлопчыка, нядаўна перавезенага з поўдня на поўнач, у вёску, — упершыню тады абрынулася шчодрым снегам беларуская зіма. Ці гэта мы ўжо старэем ды па гадах любім прыкрашваць былое, ці зімы тады, на пачатку дваццатых гадоў, i сапраўды былі больш снежныя?.. Адзін дзядзька расказваў: яго карову пад паветкай аднойчы так засыпала, што «выйшаў уранні, гляджу — адны, браток, рогі з-пад снегу тырчаць…». Многа снегу, усё пад ім тоне, а ён усё ідзе. Бацька да позняга снедання капае ў ім сцежкі-траншэі — каб з хаты вылезці, дайсці да студні, да хлява, на вёску выбрацца… Столькі лішняй работы, а бацьку весела: такая гэта работа чыстая, белая, нават іскрыстая, калі ўзыдзе сонца. За малымі, замураванымі марозам вокнамі процьма казачнай прыгажосці. Чырвоныя, нібы пузатыя агеньчыкі, гілі. Пякучыя, балючыя, калі лізнеш па шыне, палазы новенькіх санак. Каля парога вераб'і, якім i холадна, i есці хочацца. На агародзе шчыглы i чачоткі, дзе для ix паўтыканы ў снег канопліны з валасянымі сілкамі. На прыгуменне прылятаюць курапаты, i там кладуцца абручы з сілкамі, а зверху гэта пасыпаецца пацярухай. За гумнамі бегаюць зайцы, якія ноччу падыходзяць аж у сад, абгрызаць яблынькі. Недзе яшчэ далей, у лесе — ваўкі, пра якіх вечарамі расказваюць страшнае…

Толькі i гора, што на двор калі-небудзь не пусцяць; толькі i ганьбы, што раптам рыбы ў ложку наловіш; толькі i болю, што маці часамі ляпне па портках, калі нашкодзіш трохі ці лішне вякаеш!..

У адзін з такіх дзён, вельмі звычайна белых, будзённых, вароты нашы адчыніліся для нечаканых гасцей, хата напоўнілася гоманам, а потым песнямі — па-святочнаму.

У празаічным тлумачэнні гэтай справы ўсё выглядае проста: з трэцяй вёскі, за сем кіламетраў, да дзядзькі i цёткі прыехалі пяць маладзіц-сваячак — у госці, з кудзеляй.

Маё ўяўленне ўспрымала гэта інакш. У той дзень я быў i на дварэ, i ў хаце, i за сталом — я ўсё бачыў i чуў.

Пад дугою — i гэта перш за ўсё — трэнькаў вясёлы званочак. Цётак з прасніцамі было не проста пяць, a поўныя сані-развалы. У хаце цёткі распраналіся, цалаваліся з мамай, хто распрануўшыся, а хто яшчэ i не, шмат гаварылі, смяяліся, а потым паселі прасці.

Смыкалі нітку з кудзелі, кожная слінячы тую нітку ў румяных, вільготных губах, кожная хораша ведучы яе доўга, на ўвесь адмах правай рукі, несучы на той нітцы вясёлае, нібы ваўчок, верацяно. I ніхто з ix не думаў, відаць, што хлопчык глядзіць, вачэй не зводзіць таму, што ў нейкай зачараванасці, неяк па-свойму шчасліва бачыць ix жаночую маладосць. Які ён быў бы шчаслівы пасядзець у гэтай цёці на каленях; гэтую, мусіць, абняў бы, абняў бы за шыю; а гэтая… яіс цалуе лянок, хай бы пацалавала так яго…

Тата кудысьці пайшоў i прыйшоў. Мама заслала стол. Тата паставіў бутэльку — адну на белым стале, нібы царкву на роўненькім далёкім снезе. Потым на край кужэльнага снегу лёг рыжаватай гарою вялізны, халодны з каморкі, бохан хлеба. Тата пачаў яго кроіць i лусты класці па краях стала. А потым мама каля лустаў палажыла лыжкі. Раз, два, тры… восем… адзінаццаць штук. Як гэта добра, божачка, што ўсе гэтыя цёці будуць у нас абедаць!.. I мы ўсе з імі. I дзядзька Аляксандр, наш сусед, які зайшоў i застаўся. I сястра Віліта, што ўжо таксама, як цётка, замужам, у нашай вёсцы, i яе адразу пайшлі паклікаць. Усе будуць. I я!..

Чарачак было толькі тры. Пілі па чарзе. Цёткі ўсё моршчыліся, бо гарэлка, мусіць, пячэцца, як тыя намёрзлыя палазы; i пырхалі смехам, выпіўшы, бо ад яе, відаць, робіцца весела. Потым усе заспявалі.

Найлепш — сястра i дзядзька Аляксандр.

Цяпер сястра ўжо старая, цяжка ходзіць, гадуе ўнукаў, збірае зёлкі i лечыць людзей. Тады ж яна была чырванашчокая, вясёлая, як усе тыя цёткі, тады яе голас звінеў, выбіваўся наверх праз усе галасы. Сусед Аляксандр зусім ужо тым часам дзед. Нядаўна, быўшы ў Мінску, ён начаваў у мяне. Вельмі хацелася пачуць яшчэ раз яго тэнар, ды я не ведаў, як падысці да старога, як папрасіць. Потым успомніў пра сваіх шчыглоў…

Я ix купляў кожную зіму, на радасць нібы толькі дзецям. Увечары, кал i шчыглы аціхалі на ноч, я ix часамі ашукваў — уключаў у другім пакоі святло, яно даходзіла сюды цераз калідор, праз шкло дваіх дзвярэй, вельмі, відаць, падобна на світанне. Бо птушкі абуджаліся i ціха пачыналі песню — яе як быццам уступнае, трохі гуллівае, трохі сардэчнае цурчанне. Часамі я ix ашукваў i так, што ставіў у другім пакоі пласцінку з прыціхлай музыкай, i яны, у задоры, ці што, пачыналі спяваць — не ў пару.

Так я… ну, не скажу, што ашукаў, a падзадорыў свайго госця песняй. Паставіў не Шаляпіна, а некага са слабейшых. Знарок. Стары паслухаў i ціха пачаў… На жаль, ужо зусім, зусім не так, як раней… Нават не так, як нядаўна, гадоў некалькі перад гэтым. I сам ён гэта адчуў, відаць, ужо не ўпершыню. Бо толькі рукою махнуў i змоўк. A памаўчаўшы — пачаў гаварыць. Пра мінулае.

Тады, у далёкім мінулым, больш за сорак гадоў таму назад, ён быў спявак па ўсю ваколіцу. Я, праўда, гэтага не ведаў, не ўсведамляў. Значна пазней прыйшла горкая думка, што вось i яшчэ адзін талент, праз беднасць i цемру, не стаў вядомы мільёнам людзей. Тады ж, за стадом, на каленях у бацькі, я быў толькі зачараваны. Прыгажосцю i сілай песні — яшчэ адной з'явай жыцця, такога добрага, вялікага, незразумелага, невытлумачальна любага i таямнічага.

Можа, нават я i не так ужо выдзяляў у той застольнай песні два галасы — можа, я сёння нават міжволі прыпісваю сабе, малому, пазнейшае? Сотні разоў пасля — падлеткам, дзецюком, сталым чалавекам — я чуў Аляксандраў голас, які сваёй ласкавай, ціхай сілай вылучаўся вечарамі ў кожным, хоць самым шматлюдна-грымучым, вясковым хоры. Можа, праз прызму гадоў, як праз тоўшчу няхай сабе i празрыстай вады, проста нялёгка акрэсліць грані падзей i адчуванняў? Можа, гэта ўжо мне цяпер, калі я неўпрыцям дажыў да таго веку, у якім быў тады мой тата, больш уяўляецца, чым помніцца, як ён, бацька, які пакінуў мяне сіратою праз год, каб стаць ва ўспамінах амаль легендарна вясёлым i добрым, — як ён тады i сам спяваў, i дачкой любаваўся, i заціхаў ca слязамі ў вачах, глядзеў на Аляксандра і, крутануўшы галавой, нарэшце гаварыў: «Галубчык! Саша!..» «Галубчык» — гэта было першае слова для пахвалы i пяшчоты, прывезенае ім у родную вёску з бяскрайніх шляхоў расійскай чыгункі. Гэтым словам мне, з далечыні мінулага, перадаецца бацькава, а з ім i маё, захапленне.

Захапленне — найбольш такі самою песняй.

Цяпер, у княжым замку, гэтая песня пра земляка-паштальёна гучыць для мяне ў спалучэнні з цудоўным малюнкам снежнай зімы, убачанай вачыма гарадскога хлопчыка, у спалучэнні з румянай, пышнагрудай i звонкагалосай радасцю маладзіц, што спявалі з такою сардэчнасцю, у спалучэнні з той, няхай няясна, але светла ўсвядомленай, а больш адчутай мною тады прыгажосцю высокага, найвышэйшага ў нашым жыцці,— нельга праходзіць міма чужое бя ды, — што зрабіла, відаць, гэтую песню народнай, любімай, хвалюючай.

У чароўнасць гэтай песні, у абаяльнасць яе ўваходзіць нечым неаддзельным другая мая сустрэча з яе аўтарам, ужо трошкі мне вядомым. Успамінаю верш пра задуманага перад выраем бусла, што, перакладзены на нашу мову, так люба лунаў над роднымі старонкамі заходнебеларускай чытанкі.

Ажывае ў памяці i пагодлівы летні вечар, калі мне, стомленаму на жніве юнаку, што вось паставіў апошнія мэндлі i моўчкі, памалу ідзе па ржышчы, хацелася сваю радасць, сваё адчуванне вячэрняй красы, красы i мудрасці працоўнага жыцця перадаць другою Сыракомлевай песняй, акрыленай музыкаю Манюшкі.

Поделиться с друзьями: