Ад сяўбы да жніва
Шрифт:
І вось тут раптам — колькі іх, лугавых скрыпачоў! Якое вясёлае раскрыццё травяной таямніцы! Колькі людзей — малых, дарослых і нават старых — бяжыць за вамі, смеючыся, хочучы злавіць і ведаючы, што не надта зловіш, і не кідаючы нічым наўздагон, каб не забіць з блазенскага дуру!..
Ведаю, ведаю я, што не гэтым смехам, не гэтай радасцю жылі тады людзі, што і наогул яны не гэтым, перш за ўсё, жывуць.
І самі яны, мае землякі, яшчэ лепш, гарбом ды нутром, ведалі, што іх трымае на вадзе.
Аднак чаму ж яны так радасна смяяліся, ледзь не дзіцячым, чыстым смехам, чаму так доўга і так светла помніцца мне гэты смех? Не гаснучы ў памяці, не зацёршыся ў безлічы іншых, куды значнейшых падзей. Як момант чыстай чалавечай блізкасці, глыток высокай радасці жыцця, хоць часовага забыцця пра клопаты, беды і сваркі будзёншчыны.
…З тых, што смяяліся тады, многіх ужо няма. Па трох, па двух, па адным-адзіным з хаты — многія не вярнуліся з вайны. З тых, што вярнуліся, адны ўжо спакваля за столькі год паперабіраліся з вёскі на ўзгорак за гасцінцам, дзе ім шумяць маладыя бярозкі і велічны, несмяротны дуб. Жывыя неўпрыцям і даволі растрэсена пастарэлі, хто з выгляду цэлы, а хто без рукі, без нагі.
Я не пытаўся ў нікога з іх, але здаецца мне, верыцца нават, што той наш далёкі перадваенны смех, той наш блазенскі крос за драчамі па шашы, не толькі мне аднаму ўспамінаўся ў сумную або нялёгкую часіну, дома ці недзе далёка ад родных мясцін.
1969
ВЕРАСЕНЬ
Дубовыя бочкі — звонкія, літыя — моцна стаяць на зямлі. Кошыкі зялёныя, лазовыя, i белыя, з карэння. Рашоты напамінаюць духмянасць свежай мукі, ражкі — гарачы, масляны пах аладак. Вазы, скрынкі, мяхі, у якіх парасяты. Несціханы, няўмольны парасячы віск. Неабходны смурод. Грузавыя машыны стаяць асобна, легкавыя i матацыклы — таксама. Сельпоўскія грузавікі з каляровай стракатасцю шырпатрэба — ад газавай хусцінкі да чорных, непераможных ботаў. Вязкі i «ніткі» сухіх грыбоў. Колькі працы i радасці, красы роднай прыроды ў гэтым моцным, здаровым, хвалюючым водары! Сала аполкамі. Буйныя светла-карычневыя яйкі. Жоўценькае масла.
— Яно ў вас смачнае?
— Не-а.
— Я на нюх пазнаю.
— А я дык яго ні на нюх, ні на слух не ведаю. От, ем сабе, колькі жыву, ад аднае каровы.
Хітрая, спраўная, стрымана вясёлая жанчына. Амаль маладзіца, a ўжо чырвоныя боцікі хоча купіць не сабе, а дачцэ.
Яблыкі, грушы, слівы!.. Кладучы на вагу, цётка (другая ўжо, старэйшая) не вельмі каб спрытна стараецца выбіраць драбнейшыя. Дый важыць па-аптэчнаму. A ў дзядзькі — менш дамавітага, больш бывалага — больш паэтычных адносін да жыцця.
— Я што — за яблыка ці за грушу буду дрыжаць? На табе, браце, i перавес.
Ясны i цёплы верасень. Дзень, што пачаўся туманам, а потым — калі нам з дарогі, з дубовага гаю адкрыўся горад з чырванадахім касцёлам i бура-цагляным агрызкам руінаў на замчышчы — стаў неяк раптам сонечны. Ажно стары, маўклівы шафёр не вытрымаў:
— Навагрудак у аб'яціях сонца!
Апоўдні, калі мы вярталіся ў Мінск, туманец яшчэ слаўся, поўз над свежай раллёю, каля маладога густога ельнічку прыдарожнай ахоўнай паласы. Радасны сум асенняга, небезнадзейнага завядання, пра які яшчэ трэба бясконца пісаць.
Любуючыся красой палёў, думаў пра нейкага дзядзьку з вунь таго хутара ці з гэтай вёскі: як жа ён успрымае ўсё гэтае хараство? Проста жыве ў ім, у спакоі шчаслівага спажыўца? Як птушка?..
A хто ж тады песні складаў народныя?
А мы адкуль узяліся — тыя, што пішам?..
1970
ТРОХІ ПРА ВЕЧНАЕ
Над Нёманам — тры векавыя дубы. Пад першым я ляжу, гляджу на другі i на трэці. Стаіць ix тут, магутных ды прыгожых, больш, аднак мне хапае i трох. Нават i двух — таго, пад якім я прылёг у цяньку, дарагім пасля пыльнай, спякотнай дарогі, i бліжэйшага, на які я гляджу значна больш. На буслянку. Ёсць яна i на трэцім, далейшым дубе, нават i бусел там стаіць, нерухомы, як помнічак, але на гэтую, бліжэйшую, буслянку, хоць i схаваную ў густой цёмна-зялёнай кроне, глядзіцца, лежачы, проста чамусьці лепш — нібы чакаючы чагосьці большага, чагосьці незвычайнага.
Канчаецца ліпень. Бусляняты гэтай парой амаль зусім дарослыя, толькі зблізку адрозніш ix ад бацькоў.
На дубе маім, заслоненыя лістотай, дарослыя буслы ці бусляняты стаялі нябачныя, моўчкі,— я толькі здагадваўся, што яны там ёсць.
Потым здагадка спраўдзілася. Нечаканым, велікакрылым шах-мах. Буслы ўзняліся з-за лісцяной маскіроўкі i вось — з'явіліся на блакіце. Блізка, ледзь не рукамі ix дастаць. Даўно прывычны i такі заўсёды новы цуд.
Тут я ix пазнаў, маладых. Па дзюбах, па нагах — яшчэ не чырвоных, па тым, як яны, пакружыўшыся для размінкі над родным дубам, пачалі садзіцца на гняздо. Павіселі над ім, перабіраючы цыбамі, няўдала цэлячыся імі, каб хаця ж не міма.
А потым прыляцеў надубны гаспадар. Чырвананосы, чырвананогі, з жабай у дзюбе — ну, проста для малюнка ў дзіцячую кніжку. На гняздо ён сеў упэўнена, адразу. I тады — апошні доказ, што першыя два маладыя, — пачулася ix нецярплівае, нават яшчэ ўсё пястотнае сіпенне.
А мне ізноў успомніўся сёлетні сакавік.
…Мы яе неслі спачатку з крутога, коўзкага ўзгорка, а потым доўга па вуліцы, над глыбокай сцюдзёнай гразёю, над бруднай наледдзю, над раўчукамі, што мутна i весела булькалі насустрач нашаму сумнаму шэсцю.
Ёй ужо было знойдзена месца ў цясноце спрадвечных магіл. Яе там засыпалі жвірам. Маю старэнькую пакутніцу-сястру.
I ўвесь гэты час, пакуль мы ішлі i стаялі, звінеў у небе жаўранак. Здавалася, адзін усё, той самы ранні, што здуру прыляцеў ужо, не самому сабе, а камусьці на радасць.
Пасля быў вечар, нудота i гоман п'яных памінак, а потым — ноч i раніца. Я зноў прыйшоў у гэтую хату на ўзгорку, да якое прывык за жыццё, у якой упершыню мяне не сустрэла яна, старая гаспадыня.
Прыйшоў з нечаканым i дзіўным у гэты дзень пробліскам радасці ў сэрцы i ў першым слове на парозе…
Чаго ж такая неадпаведная радасць?
Узыходзячы на круты, коўзкі ўзгорак, я — нібы хтосьці мяне штурхануў — зірнуў угару, туды, дзе побач з хатай, на агародзе пад самыя хмары ўздымаецца змалку знаёмая, старая ліпа.
На ліпу выкінуты быў — на самую вяршыню — белы сцяг вясны: там сядзеў першы сёлетні бусел. Вельмі ранні, яшчэ нечаканы.
Я пастаяў каля плота, шчасліва намагаючыся ўявіць ягоны шлях ад пірамідаў да нашых надрэчных лугоў.
Сашка, найменшы ўнучак мае сястры, ужо адчуў гэты вялікі цуд. Ён забаўляўся цяпер каля будкі з сабакам, натуральна шукаючы новай пацехі.
«Хлопчык, відаць, не ўявіць бусліны вырайны шлях, як я. Куды яму з яго веданнем свету! А свежасць радасці жыцця ў мяне амаль такая ж, мусіць, як i ў яго…»
Так думалася мне, пакуль на ліпе бялела, адпачываючы, мая зусім неспадзяваная радасць.
Белы сцяг вясны…
Тады ж адразу, адчуўшы гэта, я ўспомніў, што з'яву такую першы назваў так Міцкевіч, што, панашаму, па-пісьменніцку кажучы, гэта чужое.
У яго толькі трохі інакш:
Во juz bocian przylecial do rodzinnej sosny I rozpial skrzydla biale, wczesny sztandar wiosny.