Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

Зрэшты, так мне было зусім добра. Да гэтага ў мяне, гадоў ужо з пятнаццаці, былі свае адносіны.

Штогадовыя веча помняцца мне перш за ўсё як вясёлы перабрэх. На розныя тэмы — ад найбліжэйшага, штодзённага аж да самага грэхападзення Адама і Евы, пра якое, як і пра шмат чаго іншага, расказваў — у сваім варыянце — вядомы на ўвесь наш свет рыбак, паляўнічы, гультай, канавал, бабнік, байдун і песеннік Самусь. Дарэчы, з «нагорскіх», незацікаўленых, але заўсёды, помніцца, прысутны.

Сяды-тады тэматыка набірала класавай вастрыні:

«З горла лезе, маць тваю перамаць, а на чужое ўсё роўна гонішся!..»

«Ты каміны не лічы, ты лічы дзесяціны: колькі іх на чый комін прыходзіцца!..»

«Пачакай, пачакай, ці не скончыцца ваша царства, ці не паглядзім мы, як ты тады заквохчаш!..»

Сварыліся, выгаворвалі адзін аднаму сабранае за цэлы год нездавальненне і варажнечу, у пошуках аргументаў залазячы і ў папярэднія, нават далёкія гады. У якасці халоднае вады на галовы гарачых ішло што-небудзь такое:

«Ды што вы, хлопцы, як бабы, счапіліся?..»

«Паможаш хіба, калі памолішся?..»

«От дзе каб нашых баб і праўда сюды — от дзе б сечкі насеклі!..»

Часцей, аднак, сварку перабіваў, глушыў яе выбухам рогату нейкі новы расказ, Самусёў ці каго-небудзь іншага. Часамі ад сварак ды жартаў нехта хацеў перавесці цікавасць на песню. Дарма. Не выходзіла. Для песні патрэбен быў вечар, патрэбна была цішыня, хоць часовае забыццё на ўсе беды і клопаты. Калі ж і пачыналася песня на пакошы, дык ненадоўга, як не доўгія былі і сваркі.

Больш было жартаў і смеху.

Што ж да маіх «сваіх адносін» да ўсяго, што адбывалася на гэтым лужку і ў вёсцы, і наогул на свеце, дык я не быў тады староннім назіральнікам, бесклапотным падлеткам ды дзецюком з нябеднай хаты, якога яшчэ не ўкусіла свая ўласная вош, аматарам абы з чаго пасмяяцца каля вясёлых. У мяне ўжо была свая таямніца, сваё запаветнае — я ўжо вучыўся, рыхтаваўся на пісьменніка. І таямніца мая, сяму-таму ў пэўнай меры вядомая, не адгароджвала мяне ад людзей. Наадварот — ад кніг, ад паперы яна вяла мяне да іх лепшым, глыбейшым і — мне хацелася гэтага — яшчэ больш іхнім. Кожны мой дзень быў вучобай: я не толькі чытаў і пісаў у вольны ад работы час, — я прагна слухаў, глядзеў, запамінаў. Шчаслівае маўчанне няспыннай карпатлівай падрыхтоўкі да тае працы, якая, я верыў, чакае мяне, якая будзе патрэбна простаму чалавеку, карміцелю і бедняку, — патрэбна маёю шчырасцю, нашай праўдай, якая сваімі фарбамі і гукамі сальецца з красою роднай прыроды, роднай мовы і песні, роднага суму і смеху.

Пажарнай бочцы не шанцавала. Клапаціцца пра тое, каб нарэшце-такі набыць яе, другую да нашай помпы, павінна была ўся вёска, не адны толькі ўладальнікі Гуртавога «ёдчыны». «Ёдчыны» не хацелі ў гэтай справе перадаць і мелі сваю пашахонскую рацыю.

Здаецца, толькі раз ці два разы на маёй памяці Гуртавое хтосьці купіў «на скос». Адзін раз тыя лічаныя злоты пайшлі, здаецца, на першую бочку, а другі раз так і ляжалі да самага Верасня ў скарбніка добраахвотнай пажарнай каманды, дарма чакаючы, калі да іх «нагорскія» збяруць сваю палавіну.

Не памятаю, каб калі-небудзь Гуртавое разбівалі на палоскі ды палосачкі, — не даходзіла да вяршыняў такой геаметрыі.

Часцей за ўсё, стаміўшыся ад спрэчак, што рабіць, касілі гуртам, тым больш што сонца не чакала. І касьба гэтая помніцца, як самае характэрнае, нібы так толькі яно заўсёды і было.

Касцы ўставалі.

І зноў жа хтосьці першы — не па чыне ды не па выбару, а хто быў найбліжэй — станавіўся ў крайні ад пашы пракос, ці то гарэзліва, ці абыякава, ці нават урачыста пачынаў мянціць касу.

Пайшоў. Пакуль пайсці другому, трэцяму — усе пачыналі мянціць, да апошняга ў постаці. Вясёлы маладзецкі перазвон.

А публіка рознага веку, ад смаркатых да сівавусых, усе, хто сабраўся тут дзеля веча, стаялі збоку, на пашы, як на нейкае дзіва гледзячы на справу звычайную — касьбу, і незвычайную, бо раз на год калектыўную, гуртавую.

Тут набліжаецца галоўнае…

Тут я павінен зрабіць яшчэ адно, не апошняе, адступленне.

Вёска наша, як правільна сведчыць вышэйуспомнены «Геаграфічны слоўнік», спрадвеку палявая. Ляскоў, гаёў якіх-небудзь ці проста зарасніку каля яе няма. У лес мы, пастухамі быўшы, траплялі толькі ўвосені, калі кароў пускалі на лугі, пасля атавы. А падраслі — па дровы ездзілі зімой.

Салаўя, такім чынам, я змалку не чуў, гадоў, здаецца, да семнаццаці, пакуль не паехаў аднойчы ажно за чацвёртую вёску рэзаць на балоцістым надрэчным лузе лазу для крыцця.

Красу птушынага голасу я ведаў, перш за ўсё, ад жаваранка і шпака. Не лічачы, вядома, спевакоў ледзь не хатніх — пеўня ці ластаўку, або выпадковых — шчыгла ці чачотку, што не табе дык суседнім хлапчукам траплялі часамі ў клетку.

Жаваранак і шпак, спяваючы, не хаваліся.

Першага мы змалку бачылі не раз. На зямлі, калі ён — недасягальна мілы, шэранькі — уподбежку шмыгаў па руні, яшчэ не могучы ў ёй схавацца; над зямлёй, калі ён уздымаўся над красуючым або ўжо налітым калоссем — адразу з сярэбраным звонам; у небе, дзе ён бясконца вісеў над табою, жанцом ці касцом, бясконца званіў, як вясёлая ручаіна, усё адно і тое ж, і ўсё такое новае, такое шчырае!..

Другі спявак — бліскуча-чорны, гарэзлівы шпачок, наогул нікуды як быццам не адлучаўся. Калі не на кіёчку перад акенцам шпакоўні, дык на галінцы дае свой штодзённы, з ранняга ранку да позняга вечара, таксама як і жаваранкаў, канцэрт. І з перапевамі, і сваё, і з кепікамі ўсякімі, з зачэпным посвістам, і ад сапраўднай радасці, з поўнай сардэчнай аддачай.

Загадкава прывабнымі, проста-такі чароўна таямнічымі былі мне з маленства галасы яшчэ дзвюх птушак нашага свету — драча і перапёлкі. Іх галасы ўзрушліва спалучаліся з красой у аднаго — вясняных, а ў другое — летніх вечароў, з таямнічасцю роснага, прыімглёнага лугу і духмянага хлебнага поля.

Перапёлка бывала далей ад нашай хаты, сакавіта-хлёсткі і шчымліва-журботны покліч яе даходзіў здалёк, прыцішаны адлегласцю. Драч дадзіраўся настойлівым, поўным адчування абавязку і годнасці дзёрам — да самых акон.

Часамі, калі ты, зачараваны імі, выходзіў з хаты, ішоў па двары, пасля па цёплай баразёнцы паміж бліскучага ад месяца гічання буракоў ажно на роснае прыгуменне — яны, перапёлка і драч, служылі сваю службу, здавалася, зусім на пару, дуэтам, пад адным вялікім, нізкім месяцам, налітым спеласцю, нібыта казачна-агромністае яблыка, вось-вось гатовае апасці на мяжу паміж полем і лугам.

«Свежасць дзіцячага ўспрымання…»

Ды вось і іншае.

Сяджу над паплаўком, задуманы і засяроджаны. А пасля да мяне пачынае даходзіць музыка ціхага, ціхага шуму. Спачатку я падсвядома цешуся гэтай радасцю, а потым спакваля пачынаю ўсведамляць, што цуду тут ніякага няма. Узнімаю вочы. Гэта ж на тым баку ракі, хоць і даволі-такі шырокай, спакойныя, даўно ўжо не галодныя каровы падышлі нячутна па траве да берага, грызуць яе — нібы адною шырачэннай пысаю: ш-шам, ш-шам, ш-шам… Ёсць несулад у гэтым шаманні, ды ён усё ж зліваецца ў адно.

Поделиться с друзьями: