Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

Не белы сцяг, a ранні. I не складзены так, як у гэтага, што на ліпе, а распасцёрты ў палёце.

Прыйшла вясна, а потым пачалося лета. Тыдзень за тыднем мяне непакоіў той сцяг. Ездзячы па многіх вёсках i палях, бачачы ix, буслоў, я ўспамінаў таго, на голай ліпе, i дакараў сябе, што вось жа ніяк не магу адчапіцца ад думкі, дзе тут, у радасці гэтай, мае, дзе чужое.

Гэтая думка, гэты шчымлівы клопат вярнуўся i цяпер, ліпеньскім сонечным адвячоркам.

Чаму гэта — «літаратуршчына», «кніжнасць», калі я, гледзячы на буслоў, зноў вось успамінаю Міцкевіча? Цяпер ужо не аднаго, а з Рыльскім. Яшчэ вясной ад неспакою свайго я перачытваў ягоны пераклад «Пана Тадэвуша»: толькі тую мясціну, дзе даецца малюнак надзвычай ранняга вяртання з выраю.

…Дочасно чорногуз на сосну прйлетів, Де вже не рік, не два гніздо його чорніло, I крилы розіп'яв, неначе прапор білий…

Акадэмік, які i ў сівай старасці мог па-малечы хвалявацца, злавіўшы от сабе акунька (я гэта бачыў тут, над Нёманам), Максім Тадэевіч любіў навуковую дакладнасць. Да «білого прапору» ім зроблена заўвага перакладчыка:

«Паэтычная вольнасць: у сапраўднасці бусел, маючы белае тулава i шыю, крылы мае чорныя. — М. Р.».

Ха, ха!.. Прыемна ўсё-такі i ў акадэміка знайсці пралік!.. Гледзячы з-пад дуба на буслоў у палёце, знізу над крылы, бачу: яны не белыя, як у Міцкевіча, але ж i не чорныя, як у Рыльскага. Яны чорнабелыя. Во!

Але i гэта не ўсё. I тут я не зусім арыгінальны. Станіслаў Пігань, яшчэ адзін акадэмік, польскі, у заўвагах да «Пана Тадэвуша», апраўдваючы паэта, піша: «Крылы ў яго „распрасцёртыя“, г. зн. бачныя знізу, робяць уражанне белых».

Але не ў гэтым для мяне галоўнае. Далей ён піша:

«Падобнае акрэсленне бусла з распасцёртымі крыламі як белакрылага знаходзім мы яшчэ ў Авідзія».

Вунь ажно дзе ды калі!.. Усе яны — украінец, пал як, старажытны рымлянін — ішлі ад жыцця, вялікая паэзія звязана з ім непарыўна, яна сама — жыццё, увекавечанае ў слове.

I нежыццёвым, непраўдзівым было б замоўчваць, як, гледзячы на тое, што я бачу сам, я i ўспамінаю сказанае — ад перажытага — іншымі, перажываючы яго па-свойму, зноў.

Клекачыце, буслы! Няхай жыве, як сонца, вечная паэзія! I тут, над нашай ракою.

1971

ЯШЧЭ РАЗ ПЕРШЫ СНЕГ

Раніца.

Шэрае, нізкае неба. Шэрае, ціхае мора. І свежы, зноў непераможна белы снег.

У шэрасці, што за рэзкай мяжою снегу, у волкай глыбіні яе, здаецца, вельмі далёка, з тужлівым прыплачам пераклікаюцца непрыкметныя чайкі.

Пад нагамі, на ўчарашняй сцежцы, яшчэ не пратупанай сёння, мякка, сыра і туга парыпвае.

Над абрывам, на высокім, пагорбленым беразе — сосны. Стаю пад імі, узышоўшы сюды з шырокай, управа і ўлева бела-бясконцай роўнядзі мёртвага пляжа. Зноў снег пайшоў. Нават вецер узняўся. Сосны ад гэтага ветру амаль зусім не варушацца голлем — можа, таму, што мокрыя. І снег не пакрывае іхнія лапы беллю, — можа, таму, што мокры.

Чайкі з далёкай шэрасці праявіліся блізка — ужо над снегам, не над вадою. Лятаюць-пералётваюць, нібы прабіваючыся крыллямі з шэра-густой, падрапяшчанай мітуснёю мокрых сняжынак, безнадзейна адліжнай імглы. І пераклік іх здаецца мне зблізку тужлівым па-жураўлінаму. Без адчаю. Бо не такія ўжо яны тут і пакутніцы. І пакідаць ім нічога не трэба.

«Ну ж і люты!.. Ну ж і зіма!..»

У нараканні я вам сёння не таварыш.

Сёння ў мяне свая, вельмі свая цішыня.

Учора ўвечары, пад высокім скляпеннем Домскага сабора, такіх цішынь было больш за тысячу. Сядзячае мноства не знаёмых паміж сабою людзей, што сышліся сюды з адным для ўсіх жаданнем. Кожны сабе, па-свойму маўчаў, і з безлічы гэтых маўчанняў складалася адна ўрачыстая цішыня.

Над гэтай цішынёй, у гэтай цішыні грымеў арган… Грымеў не громам зямной, будзённай мітусні, а мяккімі, груднымі перакатамі, магутна-стрыманым, вышынным рокатам навальнічнай хмары, адкуль даўно ўжо адышлі ў людскі ўспамін свяшчэнны жах і трывога, а засталася толькі паэзія. З бязмежжам сумна і прагна чаканай свежасці, з агнявымі ўскрыкамі, захапленнем маланак, з мноствам спакойных, ясных вясёлак.

Арган быў высока над намі, усе мы глядзелі туды, аднак усім, відаць, здавалася, што музыка жыла не тут, не пад гэтым скляпеннем. І нерыклівы гром, і стрыманая радасць ціхай паводкі гукаў, і песня скрыпак, што захоплена ішла па гэтым громе і сардэчным рокаце мноства зачараваных арганных труб — усё здавалася незямным, незвычайным.

Маладая арганістка, фота якой, разам з праграмай канцэрта, зайздросна купіла некалькі сот жанчын, ва ўсмешку якое, звычайную ў іншых абставінах, закахалася некалькі сот мужчын адразу, — маладая славутасць, закончыўшы нябесны гром і цішыню, выходзіла з-за гатычнай, пазалочанай пышнасці балкона і кланялася над парапетам уніз, мноству прыўзнятых твараў. З усмешкай, якую мы знізу толькі ўгадвалі, ведаючы на фота. І мне здавалася, што я люблю яе вельмі даўно, што я яе ведаю найбліжэй. Хоць я ніколі яшчэ не бачыў яе не ўгары, а на нізе, хоць я пачуў яе зямное, афішнае імя — толькі цяпер.

Я любіў яе — амаль зусім уяўную, толькі ў раскошным, зачараваным свеце тых гукаў, якімі яна напоўніла ўсё навокал, пачынаючы, як здавалася кожнаму з нас, ад мяне, у свеце гукаў, якіх я так доўга, так сумна і прагна чакаў, з якімі мне так лёгка пойдзецца цяпер далей, у бязмежжа хвалюючай вечнасці — чыстай і для мяне, і мне, разам з усімі, даступнай…

Мой друг, латыш, які па тэлефоне запрасіў мяне з-за горада на канцэрт, сам быў у Домскім саборы ўжо неаднойчы. Ды ён — паэт, і больш яшчэ: добры і шчыры чалавек, і ён па-гаспадарску, па-святочнаму рады нашай сустрэчы і маёй радасці. Па ягонай просьбе мяне прывёў сюды яго знаёмы, а сам мой друг па ўважлівай прычыне трохі прыпазніўся. Мы сустрэліся перад самым пачаткам канцэрта, ужо на нашых месцах. Сказаць што-небудзь больш за словы першай радасці не было ўжо калі. Вось-вось набліжалася цішыня, прыход якое настройваў і абавязваў маўчаць. А потым яно пачалося — высока над намі і ў нас…

Толькі на першым перапынку мы разгаварыліся.

Пасля трох год разлукі і нячастай перапіскі. Дзіўна, а збоку гледзячы, можа, і недарэчна яно выглядала, — як я пачаў нашу гутарку. З усіх назваў тых узбярэжных гарадкоў, у адным з якіх я часова жыву, з усіх тых частых прыпынкаў электрычкі, за месяц пералічаных мною то з аднаго, то з другога канца, толькі адна назва была незразумелая і нібы надта ж, іменна цяпер спатрэбілася мне даведацца, што яна азначае.

— Слухай, што гэта — Слока? Юрмала, Дзінтара — ведаю: Узбярэжжа, Янтарнае. А што, па-вашаму, Слока?

Ён усміхаецца, нібы і сам чакаў, што я задам яму іменна гэтае, такое важнае пытанне, а ён, на радасць нам, адкажа — лёгка, проста і шматзначна.

— Слока — па-расейску вальдшнэп.

І мы як быццам здзіўляемся гэтаму цуду слова, які прыйшоў да нас так дарэчы іменна сёння і тут. Я раскашуюся ў гэтым цудзе, узмацняю яго яшчэ адным адкрыццём.

— Па-вашаму sloka, па-нашаму слонка. І па-польску таксама slonka або ў Міцкевіча — slomka. Паслухай, ты зразумееш мяне.

Мне ўспамінаецца наймілейшая ў свеце краса маіх родных мясцін і той, хто апісаў тую красу найлепш.

Поделиться с друзьями: