Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

Тое, што я пачаў пісаць пад уражаннем учарашняга канцэрта, ужо цяпер пачынае здавацца не тым, што трэба…

Што ж, і я ўжо тым часам даволі абстраляны верабей, ведаю, што і нездавальненне — таксама паўнапраўны кампанент творчага працэсу (Божа, якая вучонасць!..), бачу, што з ходу, пад адзін настрой, не заўсёды і не ўсё можна схапіць. Тым больш калі адчуеш нейкі перакос.

Уранні я, яшчэ ўсё растрывожаны музыкай, здаецца, трохі перачуліў… А ці так гэта?

Давай праверым на іншых. Возьмем з запасу ўспамінаў яшчэ два выпадкі, якія мне ўчора, на канцэрце, таксама былі — відаць, дарэчы — прыгадаліся.

Адзін з маіх знаёмых, паляўнічы не проста заядлы, а нават прыкра азартны, проста драпежны, расказваў, як ён прынёс калісьці свайму малому першага ўпаляванага зайца. І хлопчык расплакаўся, раскрычаўся, доўга не мог супакоіцца ад таго падарунка. Удар быў балючы, — забіты, акрываўлены, ашчэраны быў той, каго ён палюбіў даўно, каго так многа крыўдзілі ў свеце дзіцячых казак. І гэтым найбольшым, найстрашнейшым крыўдзіцелем, забойцам аказаўся той, каму малы так верыў дагэтуль, у кім бачыў найбольшы розум і найцяплейшую, пасля мамінай, дабрату.

Знаёмы расказваў мне пра гэта нібы нават весела. Але праз смех праглядвала і штосьці іншае — няёмкасць нейкая, ці што. А як яму было адразу?

Што ж, паляўнічы таксама можа быць сентыментальным? Можна, аказваецца, і забіваючы — шкадаваць?

Зноў жа я не зусім пра тое… Другі мой знаёмы, ужо не інтэлігент, а рабочы, калгасны шафёр, мужчына даволі-такі цвярозы, зусім, здаецца, не здольны на лішнюю чуласць, расказваў мне такую вось баладу пра тугу па волі.

У хаце ў шафёра вырас заяц, прынесены з восені — дзецям на радасць. Ноччу, калі ўсе спалі, ён сабе ціхенька кіцаў па хаце. «Сказаў бы, ведаеце, для трэніроўкі, для гімнастыкі». А потым неяк, зімовай ноччу, у хату заглянуў маладзічок. Гаспадару не спалася, і ён убачыў, як заяц іхні пабегаў, пакіцаў па хаце, а потым ускочыў на лаву. З лавы — на падаконне. Заціх, заглядзеўся. «А потым, ведаеце, лапкамі па шыбе як замалоціць! Зноў пасядзіць — і зноў!.. Паб'еш яшчэ, ліха тваёй галаве!»

Ён мне расказваў гэта не ў кабіне, а цераз стол.

— Заяц. Скаціна. Дзіч. Няўжо ж і той пра свабоду так разумее? Хоць ты бяры ды выпусці яго…

Відаць, не выпусціў. Я не спытаўся пра гэта. Можа, малых сваіх пашкадаваў, што плачу наробяць. А можа, і плачу таго не збаяўся ды ўпотай або калі дзяцей у хаце не было прыдушыў шарака, зрабіўшы смачнае мяса і добрае футра на аблавушку.

Але чаму расказваў? Чаму памятае? Чаму і мяне заразіў белым сумам начной прасторы, ціхай тугой маладзенькага месяца над палямі? Чаму і мне амаль па-дзіцячы бясхітрасна, шчасліва захацелася казачна-песеннай дабраты, некаторыя кажуць, што лішняй у наш час, абстрактнай? Чаму ж і мне ў гэтым бачыцца найбольшая паэзія і найчысцейшая краса, усім патрэбныя, як паветра і хлеб?

Няўжо настрой гэты ад музыкі? Няўжо ад снегу, што недзе сыпаўся тады, праз музыку, за сценамі, у святле ліхтароў. Не першы сёлета, не першы і ў маім жыцці…

Няўжо ад сустрэчы з другам? Успамінаецца яшчэ адно, што ўспаміналася і на канцэрце, з'явіўшыся тады разам з іншымі абрыўкамі ўспамінаў, нібы разрозненых, а нечым звязаных у невыразнае яшчэ, ды ўжо, здаецца, неабходнае адно, злучанае, як магнітам, адзіным, радасным, пявучым пачуццём.

Успамінаецца асенні вечар у Маскве, светлы, застаўлены кнігамі пакой у кватэры майго другога сябра, расейца. Мы гаварылі пра штосьці неабавязкова значнае, — скажам, як з другам-латышом пра Слоку. Мы і маўчалі тым асаблівым сяброўскім маўчаннем, калі, як гаворыцца, ёсць пра што памаўчаць. І музыкі высокай не было, не светлы снег быў за акном, а нудная кастрычніцкая шэрасць, ажурна заслоненая ад нашай утульнасці гардзінай. Тым нечым вельмі важным, што хораша дапаўняла мой паэтычны настрой, рабіла яго ўзвышаным, ясным і цёплым на самай мяжы непатрэбнан расчуленасці, была — вісела на сцяне — звычайная рэпрадукцыя з даўным-даўно знаёмай мне карціны Рэпіна «Л. М. Талстой на ворыве»'. Даўным-даўно…

Вясковае хлапчаня, я ведаў тады Талстога толькі, здаецца, па замалёўцы пра зайца-русака, прачытанай мне бацькам, — толькі краёчкам душы дакрануўся да таго цудоўнага свету, які ўжо гэтулькі разоў за паўвека шчасліва здаваўся неабдымным і бяздонным. Белую шапку, мужыцкі картуз Талстога, наогул чалавечы выгляд генія я ўпершыню ўбачыў тады ў чужой хаце, у чужой растрапанай кнізе, убачыў і з таго моманту назаўсёды запомніў у непарыўным спалучэнні з вершам Кальцова «Ну, тащися, сивка!». Верш быў надрукаваны побач, я ўжо сам яго прачытаў, а на малюнку, дарэчы, былі ажно дзве такія сіўкі. І яшчэ адно, вельмі істотнае, — і незвычайны малюнак, і верш цудоўна спалучаліся з вобразам майго старога, як мне тады здавалася, бацькі, які месяцаў некалькі перад тым асіраціў нашу хату.

Бацьку я ў першую пару свайго сіроцтва памятаў па-рознаму, мноствам жывых карцін, у розных праявах яго вобраза. Адзін вобраз, калісьці востра ўспомнены над кнігай з малюнкам сівабародага аратага, над радкамі верша, такога блізкага і неразгадана прыгожага ў сваёй прастаце, зноў вось ажыў у сэрцы маім — амаль праз пяцьдзесят гадоў. У той маскоўскі вечар, калі я даволі стомленым вокам даўно-такі сталага чалавека глядзеў на рэпрадукцыю пад шклом, і ўчора, калі я, у чароўным свеце музыкі, па нейкай прычыне, трохі загадкавай і трохі зразумелай, зноў прыгадаў той сум і тую радасць. Сум, вядома, даўно не мой, не сірочы, а радасць, здаецца, амаль зусім тую самую.

Бацька быў не такі ўжо і стары, якім ён здаваўся мне ў той час, аднак і сёння ён бачыцца стомленым вельмі. Высокі, без шапкі, з вялікімі, спацелымі залысінамі і кароткай, з проседдзю, барадой, ён паволі, задыхана зносіў у горбы доўгія жытнія снапы, ад стомы недазволена шастаючы каласамі на пожні. А потым, не пачынаючы ставіць мэндлі, ён лёг на гэтым духмяным навале і, усміхнуўшыся свайму «памочніку», з палёгкай выдыхнуў:

Сладок будет отдых на снопах тяжелых…

Добра, што ты мне з'явіўся яшчэ раз, і ўчора, і тады, у хаце майго расейскага друга, майго частага і сардэчнага субяседніка! І яшчэ раз пляваць я хацеў на ўсё «цвярозае», «разумнае» хіхіканне вакол таго, бачыце, «графскага ворыва». Геній-араты — гэта таксама высокая, задушэўная музыка, глыбокі сэнс, непераможная мудрасць прастаты. І мне, пад гэтую, знешне нячутную, музыку так добра ісці далей па жыцці, глыбей у жыццё, стараючыся паводзіць сябе ў сугучнай адпаведнасці з той чысцінёй, што адкрываецца нам ужо на самым пачатку свядомасці.

…Яшчэ раз першы снег. Арган. Усмешка багіні. Раманс Шастаковіча. Шэрыя зайцы — адзін за адным. Латышская песня «Бярозавік». «Аvе Маrіа» вялікага Вердзі. Вялікі Талстой — за сахою…

Можа, усё гэта — звычайнае спляценне выпадковасцей? Як выпадковасць і тое, што я прыехаў сюды, на Рыжскае ўзбярэжжа, упершыню ў жыцці і іменна цяпер, у лютым? Як выпадковасць і тое, што ў мяне ёсць друг-латыш, харошы чалавек, культурны літаратар, нястомны вандроўнік і паляўнічы, мой перакладчык на мову народа, які я люблю, паважаю за многае? Як выпадковасць, нарэшце, і тое, што ён здагадаўся наладзіць нашу першую пасля доўгай разлукі сустрэчу іменна там, пад арганным хвалюючым небам?..

Ну што ж, — калі і выпадковасці гэта, дык з іх жа і складаецца маё жыццё, маё жаданне, мая магчымасць хоць як-небудзь прыблізна сказаць пра наш прызыўны, неўтаймаваны сум, пра жаданне замалаціць аднойчы лапкамі ў празрыстую сцяну, пра нашу белую тугу па чыстым, велічным, чалавечым. Бо і сёння, і заўтра, і да канца ў душы застанецца куды больш недасказанага, з чым ужо не адзін наш блізкі пайшоў у нябыт, што, відаць, не паўторыцца зусім-зусім таксама ў тым іншым, хто прыйдзе пасля і таксама затужыць — той самай светлай, сардэчнай тугой…

Поделиться с друзьями: