Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

Таксама «тактыка»! — на вежу касцёла, асветленага пажарам, ды перад самым носам ворага, узняць адзін станкач, узброены дзвюма стужкамі патронаў i цвёрдым загадам — стрымаць ворага з усёй яго наземнай i паветранай тэхнікай…

Што ж, мы павінны былі рабіць i не такія цуды. За тры дні да пачатку вайны наш кулямётпы разлік сядзеў на гарышчы адзінокага дома перад самай гранічнай паласой, што аддзяляла ад нас тэрыторыю «свабоднага горада Гданьска», які ўжо даўно стаў фашысцкім плацдармам. Туды каля нашага дома ішла нешырокая брукаваная дарога. На граніцы над гэтай дарогай угару тырчала пярэстая жэрдка шлагбаума. Іменна ён, гэты шлагбаум, пры дапамозе нашага «максіма» павінен быў стрымаць першы націск фашызму. Побач з «максімам» на стале ляжаў, у выглядзе тонкай брашуркі, загад камандуючага абаронай Узбярэжжа: «Пры з'яўленні ворага — закрыць шлагбаум i агнём стрымліваць першы націск аж да прыходу падмацавання…»

Праўда, плютановы Возняк, які тады быў пасланы з намі,— тоўсценькі, пажылы ды вясёлы качар, выпівоха, які за дзесяць год службы то ўздымаўся да чына сяржанта (старшыны), то асядаў да капрала, а цяпер якраз займаў прамежкавы чын, сваю залатую сярэдзіну, — растлумачыў нам той загад па-свойму:

— Г… айца святога, — сказаў ён, зірнуўшы ў брашуру — Слухай маю каманду. Убачыш ворага — чашы за трэцюю тару, там бахні раз пану богу па вокнах i — далей, ногі ўзяўшы за пояс, да самых казармаў!.. Ну, у каго ёсць грошы? Хто пойдзе ў вёску, у краму?..

Разлік, які змяніў нас там ноччу на трыццаць першага жніўня, дзейнічаў потым згодна загаду. Шлагбаум быў закрыты, аднак замест прадбачанага інструкцыяй ворага ў пешым ці конным страі туды прыйшоў адзін-другі артылерыйскі залп, пасля якога каля руінаў доміка прайшлі аўтаматчыкі.

Такі самы цуд адбудзецца досвіткам i на касцельнай вежы, — няхай толькі Кубата з Любкам пададуць адтуль голас…

Зрэшты, i мы называемся грозна — першы разлік штурмавога кулямётнага ўзвода. Першы нумар разліку, шахцёр Ян Філец, — найлепшы кулямётчык нашага марскога батальёна. Нічога, глупства тое, што ў нас толькі дзве стужкі, пяцьсот патронаў…

Па лісці бручкі, у якой мы заляглі перад узгорачкам, аднастайна бубніць халодны дождж. У акопчыках, выграбеных на скорую руку, збіраецца вада, i пры кожным руху пад каленьмі чмякае гразь. Ад пажару паблісквае мокрае бручкавінне i нечая мокрая каска. Направа, пад абрывам, мора. Усхваляванае, яно ракоча вельмі ж панура. Над абрывам — таксама панура i дзіка — вецер шуміць у бур'яне i хмызняку. Шорсткім языком тугі праводзіць ён па пералозе, бур'яне, бульбянішчы, гне i цярэбіць лісцё нашай бручкі. Час ад часу ўзлятаюць нямецкія ракеты i спакойна асядаюць над берагам i вадою шырокімі парасонамі сіняватага святла. Тады відно, як на ўзгорку, перад якім — таксама тактика! — стаіць наш, накрыты коўдрай, станкач, адчайна змагаецца з ветрам сухі бульбоўнік. Да жудасці верыш, што адтуль замахваюцца варожыя рукі з доўгімі даўбешкамі гранат…

А мора шуміць…

Праз шум ягоны раз-пораз аднастайна лезе ў душу галашэнне сірэны — з далёкага, самотнага ў імглістай цемры маяка. Цягучы, сумны крык!.. Гэта не хоча паміраць наш порт, на які, як толькі стане днець, зноў абрынуцца бомбы. Гэта не хоча паміраць, наш акрываўлены, працярэблены смерцю гарнізон, — з усіх бакоў акружаны, яшчэ ўсё нязломны ў няроўным змаганні.

Яшчэ нядаўна рэкруты, — толькі паўгода таму назад, — цяпер, на трэцім тыдні вайны, мы ўжо салдаты, абстраляныя да той жывёльнай абыякавасці, з якой можна жаваць i спаць побач з трупам таварыша.

Час ад часу толькі ўстае перад вачыма воблік старое ў валенках i незашпіленым кажушку… Яна ўсё ідзе за саньмі, якія даўно… не паўгода, а цэлую вечнасць таму назад везлі цябе да першай чыгуначнай станцыі. Ідзе, спатыкаецца, нахілілася супраць ветру. Ужо не толькі слёз, але i твару яе не відаць. Не, ты бачыш цяпер i гэтыя слёзы, i гэты воблік — адзіны i непаўторны. Ты мацуешся, хочаш узняцца i ўздымаешся туды, дзе думкі пра фашызм, пра нашу справядлівую вайну, ды ён усё ж вяртаецца — гэты воблік… I вось ты без слоў, але з тугой, якая недаступна для гэтай самотнай сірэны ў імгле, ты крычыш, пратэстуеш усімі сіламі маладое душы. Польскі салдат, беларускі юнак, ты паўтараеш перадсмяротны крык твайго далёкага, даўняга сябра, героя гаршынаўскага апавядання, якое i ты калісьці чытаў: «Маці мая, дарагая мая! Вырвеш ты свае сівыя косы, ударышся галавой аб сцяну, праклянеш той дзень, калі нарадзіла мяне, у весь свет праклянеш, што выдумаў на пакуту людзям вайну!..»

На досвітку мы нечакана пайшлі ў наступление.

Ланцуг наш доўгі: направа — да мора, улева — да далягляду. Але ён рэдкі. Агонь лёгкіх гармат, які падтрымлівае нас, таксама рэдкі. Аднак i гэтае цёўканне падбадзёрвае. «Максім» расчлянёны: Філец нясе ствол, я згорбіўся пад станком з палазамі. Абапал — стралкі. Штыхі ix таксама не здаюцца бездапаможнымі. Нас не здзіўляе, здаецца, i тое, што вораг маўчыць. Падбадзёраны гэтым маўчаннем, наш порсткі прыгажун капрал Вайтыга крычыць, што ўвечары, псякрэў, мы будзем у Берліне!..

Ды што капрал!.. Мне ўспамінаецца міжволі каштан, камандзір нашай роты, салідны акулярысты сугней, яго прамова перад строем, напярэдадні баёў:

«Як будзем браць ix гарады — не напівацца!..»

Свае ракеты стрымліваюць наша левае крыло, выраўніваючы ўсю лінію наступлення. Тады відно, як хтосьці, стаўшы на адно калена, спешна хрысціцца, а хто, спусціўшы порткі, на кукішках, не менш нервова вызваляецца ад лішняга цяжару… Зноў ідзём. Гразнем у размоклай раллі, шалахцім бульбянікам, абарочваем мокрыя качаны капусты. Праходзім адну, другую вёску… Пустыя. За гародамі трэцяй кашубcкай вёскі — шырокі, нізкі луг. Рэдкія вербы. Тарфяныя ямы, поўныя вады. Пасвяцца каровы, — ix многа, i ходзяць вольна, без пастухоў.

Тут i канчаецца наш трыумфальны марш.

За лугам — вялікія ўзгоркі, на схіле якіх засеў у акопах вораг. Недзе адтуль на нас вось-вось абрынецца агонь артылерыі. Мы ляжым на мокрай траве. Нават лапаткі ёсць не ва ўсіх… Снарады топчуць нашу лінію некалькі доўгіх, бясконцых… мінут ці гадзін?.. Чуваць увесь ix шлях: ад гарматных ствалоў — па траекторыі — да выбуху. Адзін, другі… дваццаты… соты… Нячутна далятаюць i асабліва страшна разрываюцца «цяляты» марской артылерыі, да якой мы ніяк не прывыкнем. Раз-поразу чуваць, як урывана зараве, нібы ахне, працятая асколкам карова. Калі не ляжа адразу — зноў скубе… з нейкім жудасна мудрым, незразумелым спакоем. Капрал наш, забыўшыся на думку пра Берлін, шыецца тварам у траву i час ад часу наслепа крычыць: «Агонь!» Я ляжу за вярбою, побач з якой — наш стары, узор 1908 года, станкач. Флегматычны Філец i цяпер, здаецца, спакойна выглядвае цэль. Зрэшты, гэта няцяжка, — у акопах немцы стаяць i ходзяць на поўны рост, што нам добра відаць i без бінокля.

На мокрым лузе побач з морам у нас няма нават i той перавагі над ворагам, якую аднойчы, — чытаў пра такое, — мелі над італа-фашыстамі абісінцы. Ветру няма, гэты луг не падпаліш, як афрыканскія джунглі, на ворага не пой дзе полымя. Толькі мы самі амаль такія ж бездапаможныя, як абісінцы…

Станкач наш дудзіць час ад часу, уздрыгвае, аддаючы апошнія патроны. Я ix таксама лічу, прапускаючы ў пальцах стужку. Капрал Вайтыга, не вымаючы носа з травы, зноў пытаецца:

— Адступаюць?!

Філец лаецца зноў, ужо неспакойна кідае сваё сілезскае:

— Пяр-ру-не, дзе ж там!..

I вось нарэшце ўсё — патроны канчаюцца. Мы застаёмся толькі з кінжаламі. Па статуту нам належацца пісталеты. Але дзе ж там, пяр-ру-не, калі i вінтовак усім не хапіла!..

Салдатаў не знаёмяць з таямніцамі ваеннай гаспадаркі. I нам невядома, чаму так атрымалася: прыйшла мабілізацыя, дый сам народ паўстаў, i раптам — няма чым узброіць? Хоць бы вінтоўкамі!.. Ну, а куды падзеўся амаль увесь той флот, апіраючыся на які паны крычалі, дамагаліся калоній у гарачых краінах? Чаму не лятаюць хоць тыя самалёты, што зрэдку ляталі перад вайной?.. Нічога мы не ведаем. Мы можам толькі дзівіцца ды абурацца — шэптам або моўчкі. Мы маем права толькі ведаць, шго нас мала, што пасля кожнай сутычк! нас яшчэ менш, што вораг выпрабоўвае на нас усе віды i калібры свае магутнай тэхнікі, што ён недасяжны для нашых штыхоў ды кінжалаў…

Поделиться с друзьями: