Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ад сяўбы да жніва

Брыль Янка

Шрифт:

Любы сон неўзаметку залазіў у іхні з Ірачкай «схованы домік».

«А лапка яго, відаць, ужо не баліць», — думае Юрка, адзін у далёкім-далёкім пакоі. Там, каля мора, куды трэба высока, высока ляцець самалётам.

Але нарэшце ён засынае.

3

І сон прыходзіць з вясёлымі, поўнымі сонца і шчасця карцінамі.

Вось яны едуць у цёці Верыну вёску. Тата сядзіць за рулём, побач мама, а на каленях у мамы — Юрка. І ён глядзіць ды глядзіць у акно. Але ўжо змяркаецца, і тата ўключыў фары. Як гэта добра! Спачатку мігціць калоссе абапал вузкай дарогі, а тады пачынаецца грэбля і паша, дзе ўжо нікога няма: ні дзяцей, ні свіней, ні гусей…

А потым з мосціка нешта белае — як шыбане! — і пабегла, пабегла да гумнаў…

— Ага, твой Базыль, — кажа тата.

І Юрка крычыць:

— Гэта ён сустракаў мяне! Ён сустракаў!..

І вось яны павярнулі нарэшце ў вуліцу, вось ужо цёціна хата, і брамка, і яблыні. Вось ужо Юрка бяжыць туды, — сам, адзін, без машыны, і таты, і мамы! — бяжыць і бачыць, што цёця Вера ідзе і смяецца, што Ірачка бяжыць і таксама смяецца. Гэта ён, гэта Базыль наказаў!..

— Я прыехаў!! Я зноў прыехаў да вас! — крычыць Юрка. І ён смяецца і плача ад радасці…

Тата і мама яшчэ ўсё не прыйшлі з кіно. Ніхто не бачыў, як Юрка прачнуўся, шчасліва заплаканы. Але і сам ён яшчэ не вярнуўся ў свой белы, пусты пакой, з цыкадамі за адкрытым акном, — ён толькі паплямкаў губамі, падкурчыў ножкі і зноў паляцеў у краіну духмяных рамонкаў, сасновых сцен ды бясконцай і цёплай, басанож абтупанай зеляніны…

У цёці Верыным хляве жывуць сабе карова Кветка, старая Шутка са сваёй сям'ёй і свіння Каруля з падсвінкамі.

Думаеце, што гэта і ўсё?

А другая палавіна хлява называецца адрынай. Там ляжыць сена і салома. Там, уверсе, пад лацінамі, гнёзды ластавак. І ластавяняткі ўсё пішчаць, а іхнія мамы і таты носяць ім мошак.

А часамі там, недзе ў куточку, знясецца курыца, і тады ўжо на ўвесь свет кудахкае.

І ўсё?

Ого!.. Юрка таксама думаў спачатку, што ўсё.

А тут з-пад цёці Верынай адрынкі на траву выйшла — глядзіце! — вожыкава мама, а з ёю тры маленькія важаняткі. Па вялікім для іх, па сапраўдным рамонкавым лесе яны — адно за адным, а мама спераду — прабіраюцца да жоўценькага збаночнага чарапка, у якім — малако. І малако такое смачнае, такое сырадоістае, што ў Юркі ажно язык засвярбеў. Зараз во, зараз будзеце хлябтаць!..

А Юрка — паглядзіць.

— Ну, ну, хутчэй! Хутчэй! — нагінаецца ён над імі, падышоўшы зусім блізенька.

І вожычыха скручваецца клубком. А за ёю скручваюцца клубочкамі і малыя.

«Ну што ж, я пачакаю», — думае Юрка і лажыцца ў цёплым ад сонца, духмяным рамонку.

Падпёр шчокі загарэлымі кулачкамі і маўчыць, чакае.

Ах, як добра, што Шарык дрэмле ў будцы і нічога не бачыць! А то пачаў бы брахаць і напалохаў бы вожыкаў. Добра, што і Базыля тут няма, а то ён выхлебтаў бы малако. Добра, што і нікога пакуль што няма, што так ціхенька, светла. Яны вось-вось раскрыюцца. Важаняткава мама расшчэпіць трохі свой вельмі калючы клубок, цікне праз шчыліну і ўбачыць, што гэта толькі хлопчык Юрка ляжыць. А ён жа хоча толькі паглядзець…

«Ідзіце, ідзіце, — думае Юрка, — не бойцеся, тут жа нікога няма…»

Ды раптам чуецца Іраччын голас:

— Юрка-а! Ідзі свіней пагонім! Юрачка-а!..

Ён хоча адмахнуцца ад яе, але нешта дужае-дужае, цёплае-цёплае абнімае яго і — ніяк не махнеш. Ён хоча крыкнуць: «Ну цябе, гані адна!», ён намагаецца, і крык ягоны вылятае з вуснаў ужо не там…

Гэта мама яго абнімае, гаворачы:

— Юра, Юрачка, уставай! Што ж гэта сёння ты так заспаўся?

А ён крычыць:

— Сама гані сваіх свіней! Сама!..

— Сама пагоніць! — смяецца мама. — Глядзі — разышоўся…

І Юрка прачынаецца канчаткова.

— Трэба снедаць ісці, сынок. Усе ўжо даўно пайшлі. А мы з табой спазняемся.

Памытага, адзетага, але яшчэ ўсё надзьмутага Юрку за ручку вядуць у сталовую. Там з яго бесцырымонна здымаюць цюбецейку, садзяць за стол і пачынаюць карміць.

Цёця Паліна Іванаўна, якая называецца сястра-гаспадыня, спачатку то ідзе, то спыняецца каля другіх сталоў, а потым падыходзіць і да іх.

— Добрай ранічкі, — кажа яна. — Ну, і чаго ж мы такія сумненькія? Як жа мы спалі? У гэтым заездзе, разумееце, амаль зусім няма дзяцей. Вось толькі ваш ды прафесара Маркава, Аляксандра Паўлавіча, Вова. Ды Вовачка, разумееце, прыхварэў ангінкай і пакуль што на пасцельным рэжыме. А так бы яны гулялі разам. Вовачка таксама, як і Юра, вельмі прыстойны хлопчык…

Цёця сястра-гаспадыня і сама вельмі прыстойная. У чысценькім, хрумсткім халаце, поўная, ходзіць салідна, нібы плыве, і гаворыць ласкава, роўненька.

І ўсё тут вельмі прыстойна — пальмы ў кадках, сталы пад беласнежнымі накрухмаленымі абрусамі, дзядзі і цёці, што вітаюцца па пяць разоў на дзень. І мама не крычыць на Юрку, як дома, а толькі ўсё шэпча ціхенька, прыстойна:

— Еш! Божа мой, еш ты!..

І ў тую раніцу ўсе тут, вядома, вельмі здзівіліся, калі такі мілы ды ціхі хлопчык, седзячы з мамай і татам, раптам крыкнуў на ўсю сталовую:

— Я тут ждохну ў вас! Я хачу да цёці Веры!

1961

СІМВАЛ

У Находцы, аглядаючы порт, суднарамонтны завод i горад, я адчуваў яшчэ раз — да захаплення выразна, маштабна — магутнасць роднай краіны.

Была пасля багатая прыгажосць нашых двухсот кіламетраў — паміж зелянінаю сопак, на арліных перавалах, у далінах, прастрэленых вячэрнім сонцам.

Быў шум у паўцемры — шумела Японскае мора.

Была цішыня — у тайзе, калі мы спыняліся i ўражана глядзелі на бясконцыя побліскі ў цемры казачных светлячкоў…

А я вось, прачнуўшыся ў нумары ўладзівастоцкай гасцініцы, успомніў — як найлепшае з усяго, перажытага ўчора, — смяшлівага, замурзанага, босага хлопчыка-карэйца, што ў вёсцы, дзе мы спыняліся, разам з рускімі сябрукамі гуляў у «хавачкі». I рагатаў сардэчна, i сарамліва маўчаў, i вельмі ж смешна яму было, ну проста не стрываць, калі адказваў на мае пытанні…

Чаму — падумалася цяпер — за сімвал міру ўзяты голуб, а не дзіця? Замурзанае, рассмяянае дзіця!..

УСТУПЛЕННЕ Ў РЭКВІЕМ

Верасень шасцідзесятага года.

…Колькі можа перацярпець чалавек?..

Пяць год панскай турмы, уцёкі ў СССР, дзе яму, чыстаму сэрцам хлопцу, даюць дваццаць пяць без права перапіскі, як… польскаму шпіёну!..

А цяпер, калі чалавек вярнуўся, пасля дзевятнаццаці год зняволення, зрубіў хату, ажаніўся, сына нажыў, цяпер ён на хаду памірае ад рака…

I ўвесь акіян яго незаслужанай крыўды, i ўся яго, нягледзячы на гэтую крыўду, светлая вера ў родную савецкую справу, увесь свет яго перажыванняў, дум — «не тыповая з'ява», пра гэта мы будзем маўчаць, — «дзеля агульнага дабра». I непрыемнае для нас само яго жыццё, як напамінак, прыкры напамінак пра вялікую крыўду, вялікі боль, незаслужана прычынены добраму, нявіннаму чалавеку, як напамінак пра вялікую «памылку» — не сотую, i не тысячную долю той жахлівай з'явы, што зашыфроўваецца лічбай «1937» або словамі «культ асобы».

Поделиться с друзьями: