Ад сяўбы да жніва
Шрифт:
…Сустрэчы, уражанні, роздум… Цудоўна ўсё гэта, непараўнана.
Аднак нядрэнна таксама, калі яна, рыба, не толькі «бяроцца»… Сядзіш ты, скажам, каля вогнішча ды грэешся ўжо не адным агнём, але і думкай, што вось і ў цябе тым часам, які ты там ні рыбак, а ўсё ж у беразе, у той вунь, зусім звычайнай дагэтуль завоінцы пад лазовым кусцікам стаіць на прывязі, як жарабец, во такі во шчупак!..
БЫСТРЫ НЁМАН
Калі ўжо чалавек узяўся за таптуху, дык надзене, вядома, і вопратку адпаведную: самую ні на што не патрэбную старызну — порткі, ватоўку, шапку, якія потым і сохнуць на плоце, і зімуюць недзе разам з сеткай.
А мы з Андрэем, як выпадковыя сёння таптушнікі, лазім па-гарадскому — у трусах ды ў майках, з непакрытай галавою. I вада на нас цурчыць з паднятай сеткі не надта прыемна, і ногі мы даволі грунтоўна паабдзіралі ў асацэ ды карчэўі, і камары ўжо намі пачалі цікавіцца бліжэй…
На беразе, за аерам стаіць трэці наш кампаньён — трыццацігадовы, здаравенны Валодзя, прыгажун з амаль дзіцячай усмешкай дабраты і нібы вінаватасці. У адной руцэ ў яго неразлучная папяроса, у другой — звычайная авоська з неспакойнай драбнарыбіцай.
— А ўсё-такі,— гаворыць ён, — хараство тут якое, хлопцы, у вас і рака, і луг, і лес…
Мы не спяшаемся з адказам, мы занятыя. Якраз Андрэй заходзіць, падводзіць свой бок таптухі да аеру, мы топчам ад зелля ў сетку, а тады — самы цудоўны момант! — паднімаем. I зноў хоць сціпла, але ўсё ж пацвярджаецца ўпартая народная праўда: «Рыба, браток, у Нёмане ёсць!» Гэтым разам у нас — не шалпатушкі-плоткі, не акунькі ці яршы, а сам ягомасць Шчупаковіч! Адцэджаны ў кулі, ён — зялёнай маланкай — замітусіўся па багавінні, па ніцяных клетачках, пакуль не квэкнуў у мокрай і прагнай руцэ. Толькі шпурнуўшы яго на бераг ды спусціўшы сетку ў ваду, Андрэй адказаў:
— Хараство, браце Валодзя. Зрэшты, так мы яго і рабілі, каб хораша… Сюды, сюды… Лявей. Пад гэты вось падазроны аерчык…
Нам ані крышку не холадна. I трэба было б гэтаму здзіўляцца, — позні вечар, палавіна жніўня, — але мы не здзіўляемся. Мы тут прымаем і цяпло і рыбу, як ад бацькі… Лезем па самыя ноздры ў ваду, здымаючы, між іншым, назол-камароў, падводзім, топчам, вымаем, кідаем на бераг — прагныя і шчаслівыя хоць цяпер, пасля няўдачлівага дня са спінінгам.
Не заўважаем, што і цямнее сёння не ў час, што і пагруквае з усіх бакоў… Ідзём мы ўздоўж другога ад прывалу берага, супраць вады, думаючы вось-вось вярнуцца на шырокі плёс, дзе ў водарасці нашаломім, вядома ж, нямала і плотак і шчупакоў… Гэта не толькі надзея, а нават упэўненасць.
Ды тут пачынаецца дажджавая прыстрэлка.
— Канец, відаць, ці яшчэ мо паходзім? — без ценю панікі ў голасе пытаецца з-за аеру наш суха ііутпы энтузіяст.
— Не, брат, усё ж такі канец!
I мы, тры Ермакі, плывём — адзін з узнятай авоськай, а двух, цягнучы сетку, — наўскасяк, на свой бераг, смеючыся пад буйнымі кроплямі, што ўжо малоцяць па вадзе і па нашых галовах зусім па-дажджа-вому густа, спорна.
«А ён і праўда — быстры Нёман», — думаю весела і з міжвольнай трывогай…
Пад густым, напорыстым ліўнем далятаем да нашай палянкі.
Сядзім у «Пабедзе», закрыўшы вокны і ветракі, і гэты наш, з усіх бакоў ашклёны, домік грыбам пры-горбіўся пад несусветным патопам. Маланкі ўжо не проста бліскаюць, а бесперапынку зыбаюцца ды зыбаюцца — у вокнах, у лесе, над лесам — бясконцым, таямнічым, ледзь не жудасным агнём. Бязлітасная, ураганная артпадрыхтоўка грому!..
Ну, пра гэтую ночку гаворка будзе, бясспрэчна, асобая! Як пра люты мароз і завею ў маім маленстве, калі суседскі конь прыйшоў ноччу з дровамі адзін, а самога дзядзьку Васіля толькі ўранні знайшлі на лузе ўдубянелага. Як пра тое жахлівае лета, калі збажына пасля граду была нібы пацягнута, з зямлёй змяшана вялізнай прулсыноўкай. Як пра тую, другую, грымотную ноч, калі пярун ударыў на лузе ў будан, забіўшы адной стралою дванаццаць касцоў…
Ды наш «будан» — мы ўспамінаем пра гэта ўголас — ізаляваны ад зямлі гумавымі скатамі, да таго ж ён не працякае, і мы яшчэ — хоць і не вельмі — маладыя. Мы, вядома, не толькі маўчым ды курым: і смеш-нае ўспамінаецца, і песня просіцца з душы… Хоць гром лютуе, ірвучы на кавалкі неба, хоць не гаснуць маланкі, а лівень лажыцца на нас непрадзьмутай сцяною імклівай і шумнай вады, якой не будзе ні канца ні краю…
Так, ні канца ні краю. Пра гэта бесстаронна цікае нам, направа ад руля, гадзіннік з асветленым цыферблатам. Гадзіну адлічыў, другую… Хутка поўнач.
Тады толькі лівень пачаў аціхаць.
— Нехта ходзіць…
— Ды што ты?
— Ну, браце Валодзя, слых у цябе — ідэальны.
— А вы прыслухайцеся самі… Во!
Адчыняю пярэднія дзверцы і, высунуўшы галаву пад дождж, гляджу назад, дзе паляна і, пад абрывам, рака.
У зіхаценні апошніх маланак на фоне неба чорным, мокрым рыцарам з'яўляецца закапюшонены коннік, а збоку, каля пярэдніх конскіх ног, купінаю чарнее куды больш празаічны і варты жалю «друг чалавека».
Гэта — Арцём, ляснік, і ягоны памочнік, калматы, маўклівы Званок.
— Э-гей! — крычу я, але «рыцар» ужо і сам пачынае злазіць з каня. Падыходзіць.
— Ну, як вас тут, не заліло? Лінуў дык лінуў, халерыя на яго! Дзірка прарвалася ў небе…
— Давай, Арцём, сюды ў церамок.
— Ды мне тут у маім балахоне сушэй, чым вам. А ўжо ж і дажджу во няма. Вылазьце.
I праўда — дажджу больш няма і, здаецца, не будзе.
Пацвярджаючы гэта, калматы Званок моўчкі прасунуўся ў наш кружок каля машыны і з асалодай, рыўком страсянуўся, сьшануўшы навокал процьмай халодных кропель.
— Пайшоў, халерыя!
— Вогнішча, хлопцы!
Паліва мы нарыхтавалі яшчэ ўдзень, ды вунь якую горбу. Але куды ты ткнешся да яго цяпер з запалкаю… Што ж, абліваем ламачча бензінам, і, насуперак усякай макрэчы, полымя выбухае радасцю перамогі.
Калі Андрэй адкаркоўваў бутэльку «сучка», Арцём, таксама прысеўшы каля раскладзенай на газеце закускі, сказаў:
— Ледва дастаў. Каб не Петрык, так і прыехаў бы я з пустымі рукамі. Усё падчысцілі — і соль, і мыла, і гарэлку. «Вайна!..» Ды што ты, браце, хочаш — людзі напалоханыя. Яно ўжо, скалсам, гадоў колькі? Семнаццаць ад партызанкі прайшло, а многія — хто і дзіцем быў тады — памятаюць.
— Ну, Арцёме, бяры, брат, ды цюкнемся.
— Будзьце, хлопцы, здаровыя! Як там яно ні было, а во сядзім ды выпіваем…
Ён тыцнуў белую пластмасавую чарачку пад свой шырокі нос і аддаў яе мне пустую.
— Каму гэта, вядома, хочацца, — зноў пачаў тое самае, жуючы. — Ды яшчэ каб праз каго, а то ж ізноў праз таго самага шалудзьку. Аданавар гэты — ён жа тая самая халерыя, што і Гітлер…
— Нічога, Арцёме, — усміхнуўся Андрэй. — Трэба будзе, дык пойдзем.
— Яно, вядома, пойдзем, куды ж дзенемся.