БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
За часоў савецкай улады на Беларусі было арганізавана шмат санаторыяў і дзіцячых прытулкаў на прынцыпе самавыстарчальнасьці. Яны мелі прыдзел зямлі, будынкаў, жывёлы і інвэнтару, але самі мусілі працаваць і ўтрымлівацца са сваіх прыбыткаў. Мэдыкамэнты яны атрымлівалі ад кіраўніцтва раёнаў. Немцы хацелі зьліквідаваць гэтую форму .апекі, але гэтым перадалі гэтыя ўстановы для БНС. Акруговыя аддзелы БНС праводзілі рассяленьне дзяцей, колькасьць якіх даходзіла да 10000 асоб, па гэтых прытулках, як і мелі нагляд над імі.
На пачатку 1942 году з Бэрліну прыехаў у Менск камісар з нямецкага міністэрства працы для набору беларусаў на працу ў Нямеччыну, На БНС быў узложаны абавязак, каб ейныя лекары рабілі агляд стану здароўя кандыдатаў. На пачатку гэты набор праводзіўся сярод добраахвотнікаў, але калі такіх зьявілася зусім мала, то людзей сталі забіраць прымусова. Лекары рабілі кваліфікаваны агляд здароўя, ведаючы, што людзі ня хочуць ехаць з Беларусі, і ў выніку знаходзілі «я шмат здольных кандыдатаў да працы. Д-р Ермачэнка і яго супрацоўнікі былі арыштаваныя немцамі за сабатаж набору работнікаў. Аднак яны сьцьвердзілі, што агляд рабіўся на аснове найлепшай лекарскай практыкі, таму нарэшце арыштаваныя былі выпушчаныя на волю. У выніку БНС была адсуненая ад лекарскага агляду, а немцы высылалі работнікаў без лекарскага агляду. Набор работнікаў праводзіўся самымі дзікімі спосабамі. Так, у Сталовічах Баранавіцкай акругі на першы дзень Вялікадня ў 1943 годзе СД акружыла царкву, поўную народу, забрала ўсіх працаздатных людзей і гвалтам выслала іх на работы ў Нямеччыну.
Сетка СД на ўсей Беларусі арыштоўвала, праводзіла сьледства і карала паводля сваіх крытэрыяў. Іх дапаможныя службоўцы латышы не дбалі аб справядлівасьці для беларускага насельніцтва. Польскія і савецкія правакатары пралазілі ў апарат СД і стараліся вымардаваць як найбольш нацыянальна сьведамых беларусаў. Каб паўстрымаць гэты чужацкі тэрор, д-р Ермачзнка дабіўся ад гэнэральнага камісара, каб у СД працавалі і беларускія ўраднікі, якія дапамогуць унікнуць бязсэнсоўнага тэрору. У большыя аддзелы былі прынятыя на працу беларусы.
Кс. В. Гадлеўскі быў скіраваны з Бэрліну ў Менск д-рам Шульцам на становішча галоўнага школьнага інспэктара. Па прыезьдзе ў Менск у верасьні 1941 году ён быў прызначаны гэнэральным камісарам Кубэ на гэтую пасаду. Ад пачатку кс. Гадлеўскі быў вялікім прыхільнікам немцаў. Гэта было вынікам гутарак нямецкіх ураднікаў з ім у Бэрліне да прыезду на Беларусь. На аснове гэтага ён заяўляў, што па сканчэньні вайны немцы аддадуць беларусам усё кіраўніцтва на Беларусі. А ў перамозе немцаў ён быў моцна пераконаны. Кс. Гадлеўскі быў устаноўлены кіраўніком існуючага школьнага аддзелу ў Нэбэнбюро. Там ён атрымаў памяшчэньне для ўрадаваньня і для жыцьця. Кс. Гадлеўскі запрасіў д-ра Я. Станкевіча да дапамогі пры працы і яны распачалі плянаваць культурна -асьветную працу. Гэтая дзейнасьць самастойнага характару была хутка спыненая немцамі.Беларускі школьны аддзел у Нэбэнбюро быў абмяжаваны да ролі дарадніка для немцаў і па іхніх пажаданьнях. Плянаваньне, кіраўніцтва і кантролю школьнай справы выконвалі самі немцы. Гэнэральны камісарыят забараніў кс. Гадлеўскаму зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругаў. Д-р Я. Станкевіч хутка пакінуў працу ў школьным аддзеле, калі пабачыў такія дачыненьні.
13 кастрычніка 1941 году гэнэральны камісар Кубэ апублікаваў ва «Урадавым Весьніку» загад акруговым камісарам галоўных камісарыятаў Менска і Баранавічаў, каб да 1 кастрычніка 1941 году ў іх акругах былі адчыненыя школы. Гэты загад быў высланы камісарам значна раней. Абавязкавае навучаньне ўстанаўлялася для дзяўчат і хлапцоў у веку ад 7 да 14 гадоў. Для дзяцей жыдоўскага паходжаньня не ўстанаўлялася ніякага абавязкавага навучаньня і не дазвалялася арганізаваць жыдоўскіх школаў.
У выдадзеным гэнэральным камісарам Кубэ часовым школьным рэгуляміне пісалася наступнае: «§ 1. Гэнэральная акруга Беларусі ахоплівае жыцьцёвы абшар беларускага народу. Дбаньне аб беларускай культуры, звычаях і асьвеце зьяўляецца аднэй з істотных задач школ Гэнэралънай акругі Беларусі. Іншыя народнасьці: палякі і расейцы, якія жывуць на гэтым жыцьцёвым абшары, павінны засвойваць беларускую культуру... Выкладаньне ў школах будзе ў беларускай мове». 30 студзеня 1942 году гэнэральны камісар Кубэ выдаў забарону карыстаньня ў школах ранейшымі савецкімі і польскімі школьным! падручнікамі. Да часу ўвядзеньня новых школьных падручнікаў настаўнікі павінны былі карыстацца выдадзенай школьным інспэктарам для беларускіх школаў газэтай «Беларуская Школа». Навуковаму аддзелу Нэбэнбюро было даручана распрацаваньне школьных падручнікаў для пачаткавых беларускіх школаў. Шэраг навуковых працаўнікоў рыхтавалі патрэбныя падручнікі.
Пры акруговых камісарах былі школьныя аддзелы з беларускіх працаўнікоў, падпарадкаваных нямецкаму ўрадніку акругі і выконваючых яго загады. Паветавыя школьныя ўраднікі былі беларусамі і яны выконвалі загады акруговых школьных аддзелаў.
Бурмістр Менска, д-р Тумаш, не пагаджаўся з падпарадкаванай выканаўчай роляй, якую яму давала нямецкая цывільная адміністрацыя. Ён выехаў з Беларусі ў Нямеччыну, але перад выездам прадставіў кандыдата на сваё мейсца. Паводля стараньняў д-ра Я. Станкевіча гэтае становішча згадзіўся абняць праф. Вацлаў Іваноўскі, які тады пражываў у Вільні. Немцы згадзіліся на кандыдата і прызначылі яго бурмістрам Менска. Праф. Іваноўскі быў старэйшы векам і грамадзка выраблены праз сваё папярэдняе жыцьцё. Ён дастасоўваўся да нямецкіх вымаганьняў і стараўся павялічваць свае ўплывы. Сярод беларусаў Менска ён меў мала даверу. Яго шматгадовая праца прафэсара польскага ўнівэрсытэту ў Варшаве, трыманьне здалёк ад беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы ды рыма-каталіцкае веравызнаньне выклікалі недаверу многіх. Ён акружыўся рыма-каталіцкімі працаўнікамі, а пры зачыненых дзьвярах у яго габінэце часта гучэла польская мова. Ён часта гаварыў Ю. Сабалеўскаму, што яго наведваюць польскія дзеячы з Гэнэральнай губэрні і тэрорызуюць яго. Дзеці Іваноўскага, якія прыяжджалі з Варшавы, уважалі сябе за палякоў, ня ведалі беларускай мовы і гаварылі па-польску. Дачка Іваноўскага адчынена казала, што яе бацька выдумаў (ураіў сабе), што ён беларус, а не паляк. Сярод невялікай часткі беларусоў, пераважна рыма-каталіцкага веравызнаньня і асабліва з Заходняй Беларусі, Іваноўскі цешыўся даверам і супрацоўніцтвам.
Неўзабаве па абняцьці ўлады нямецкая цывільная адміністрацыя арганізавала ў Менску акруговы суд пад кіраўніцтвам Мікалая Наваградзкага. У кожнай акрузе быў устаноўлены першы міравы судзьдзя якому падлягалі міравыя суды ягонай акругі, над якімі ён меў бліжайшы адміністрацыйны нагляд. Праз год быў створаны другі акруговы суд у Баранавічах. У пастанове гэнэральнага камісара Кубэ ад 12 верасьня 1941 году гаварылася; «гэнэральны камісар паклікае на акруговых і міравых судзьдзяў беларусаў...»
Беларускім судам былі перададзеныя цывільныя справы ўсяго насельніцтва, за выняткам нямецкіх грамадзян, падлягаючых нямецкім судам. Крымінальныя справы беларускім судам пачаткова не падлягалі, але пазьней ім былі перададзеныя драбнейшыя справы. У 1943 годзе кампэтэнцыя судоў у крымінальных справах мела быць яшчэ больш павялічаная.
У цывільных справах існавалі законы, якія абавязвалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў часе панаваньня там Польшчы - гэта значыць з аднаго боку польскія законы, выдадзеныя пасьля адбудовы Польшчы па першай сусьветнай вайне, або расейскія законы, якія не былі адмененыя да канца існаваньня Польскай дзяржавы.
Была створаная спэцыяльная Беларуская Юрыдычная Камісія для папраўкі і выданьня новых тэкстаў законаў. Гэтая камісія пасьпела апрацаваць толькі тэкст Цывільнага працэсуальнага кодэксу.
У другой палове верасьня 1941 году ў Менск прыехаў з Жыровіцкага манастыра япіскап Берасьцейскі Вэнэдыкт Баброўскі. Ён хацеў запазнацца з магчымасьцямі адбудовы Праваслаўнай Царквы на Усходняй Беларусі Іераманах Фінькоўскі не прызнаў яго за свайго духоўнага кіраўніка і стараўся перашкодзіць яп. Вэнэдыкту ў ягоных царкоўных захадах. Р. Астроўскі, кіраўнік Менскай акругі. па нарадзе з беларускімі сьвятарамі, якія яго наведвалі, прыняў яп. Вэнэдыкта. Астроўскі зажадаў, каб арганізаваная Царква была ў беларускім нацыянальным напрамку. Яп. Вэнэдыкт згадзіўся з гэтай патрэбай. Тады Астроўскі зьвярнуўся да гэнэральнага камісара Кубэ з пісьмовай просьбай аб прызнаньні мітрапаліта Панцялеймана Ражноўскага Галавой Праваслаўнай Царквы на ўсёй Беларусі. Гэнэральны камісар выклікаў яп. Вэнэдыкта і даў яму ўмовы для арганізацыі Праваслаўнай Царквы на Беларусі. Там сьцьвярджалася, што мітр. Панцялейман, як Галава, будзе самастойным і не будзе падпарадкавацца праваслаўным мітрапалітам маскоўскаму, польскаму ні нямецкаму. Да мітр. Панцялеймана быў скіраваны адмысловы ліст гэнэральнага камісара, у якім пісалася: 1) Праваслаўная Царква на Беларусі мае кіравацца сваімі канонамі і.нямецкая ўлада ня будзе мяшацца ў яе нутраное жыцьцё; 2) Царква мае называцца: «Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Нацыянальная Царква»; 3) пропаведзь, навучаньне рэлігіі л адміністрацыйнае справаводзтва царквы маюць быць на беларускай мове; 4) назначэньне япіскапаў, благачынных і сьвятароў ня можа адбывацца бяз ведама нямецкіх уладаў; 5) Статут Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Нацыянальнай Царквы мае быць прадстаўлены гэнэральнаму камісару; 6) богаслужэньні маюць адбывацца на царкоўна-славянскай мове.
Мітрапаліт Панцялейман згадзіўся з пададзенымі ўмовамі і распачаў арганізацыйную працу царквы. Была вызначаная часовая Мітрапалітальная Управа Царквы для Беларусі ў складзе: старшыня — мітрапаліт, сябры — прот. Язэп Балай, сьв. Мікалай Лапіцкі і сьв. Іван Кушнер. У чатырох цэрквах Менска былі ўзноўленыя богаслужэньні. Прэабражэнская царква была кафэдрай мітрапаліта, а сьвятары служылі: а. Балай у саборы Сьв. Кацярыны, а. Лапіцкі ў Чыгуначнай царкве, куды папярэдня быў прызначаны а. Н. Пыск, а. Кушнер у царкве на вайсковых могілках.
Мітрапаліт Панцялейман і яп. Вэнэдыкт мелі свой сукрыты намер захоўваць расейскі характар царквы на Беларусі. Яны спадзяваліся пасьпяхова абыходзіць дамаганьні нямецкіх уладаў аб беларусізацыі царкоўнага жыцьця. Яны цьвёрда не паддаваліся пажаданьням наведваючых іх у Жыровіцах беларускіх грамадзкіх дзеячоў, як д-р М. Шчорс, Б. Стрэльчык і іншыя, якія выражалі пажаданьні аб неабходнасьці адбудовы царквы на нацыянальна-беларускіх асновах.
Справай Праваслаўнай Царквы на Беларусі цікавіліся Варшаўскі мітрапаліт Дзяніс і Беларускі Нацыянальны Камітэт у Варшаве. Мітрапаліт Дзяніс надалей уважаў Заходнюю Беларусь у складзе сваёй мітраполіі. Ён паклікаў пад сваім старшынством Беларускую Царкоўную Раду з беларускіх дзеячоў. Гэтая Рада апрацавала і выслала да нямецкіх уладаў у Бэрліне мэморандум, у якім былі пададзеныя царкоўныя пажаданьні для Беларусі, як і запрапанаваныя кандыдаты на беларускіх япіскапаў: архімандрыты — Феафан, Філафей і Апанас. Дзеля запазнаньня з царкоўнымі справамі на мейсцы архім. Філафей неадкладна паехаў на Беларусь і ў Жыровіцкім манастыры быў хіратанізаваны мітр. Панцялейманам і яп. Вэнэдыктам у сан япіскапа Слуцкага. Неадкладна ў Жыровіцах адбыўся першы сабор япіскапаў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Сабор даручыў яп. Вэнэдыкту Гарадзенскую епархію, аддзеленую ад Гэнэральнага камісарыяту Беларусі і далучаную да нямецкага Райху. Такім чынам Сабрр хацеў захаваць царкоўнае адзінства Беларусі праз падпарадкаваньне Гарадзенскай епархіі Беларускай Мітраполіі ў Менску.