БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
30 лістапада 1941 году мітр. Панцялейман і яп. Філафей прыехалі ў Менск, урачыста спатканыя прадстаўнікамі гарадзкой управы з бурмістрам Іваноўскім на чале і мноствам арганізацыяў і народу. Іераманах Фінькоўскі, падтрымваны СД, інтрыгаваў супроць уладыкаў, жадаючы захаваць сваю ўладу ў царкве на Беларусі. Аднак астаточна ён быў выдалены нямецкімі ўладамі з Менска ў Варшаву да мітрапаліта Дзяніса, да юрысдыкцыі якога ён сябе залічваў.
Праваслаўная царква цяпер пасьпяхова і хутка разьвівалася на Усходняй Беларусь Аднак царква на ўсёй Беларусі захоўвала свой папярэдні расейскі характар і мітрапаліт не рабіў нічога, каб замяніць яго на беларускі. Стараньні беларускага актыву ня мелі посьпехаў у мітрапаліта. Протоіерэй Аляксандра Коўш, ведамы змагар за беларускі характар Праваслаўнай Царквы на Беларусі, наведваў кансісторыю і дамагаўся беларусізацыі царквы. Расейцы зрабілі захады перад СД і прот. Коўш быў пасьпешна расстраляны.
3 сакавіка 1942 году сабор япіскапаў вырашыў важныя арганізацыйныя справы царквы. Нямецкія ўлады забаранілі Гарадзенскай епархіі зносіцца з Менскай мітраполіяй. Таму для Гарадзенскай епархіі была прызнаная аўтаномія і туды быў прызначаны аўтаномным япіскапам Вэнэдыкт.
Дзеля далучэньня немцамі беларускай Берасьцейшчыны да Гэнэральнага камісарыяту Украіны пастаноўлена было перадаць Берасьцейскую епархію Украінскай Праваслаўнай Царкве. Рэшта Беларусі была падзеленая на епархіі: Менскую, Магілеўскую, Смаленскую, Віцебскую і Наваградзкую. На епархіі былі прызначаныя япіскапы: на Менскую — мітр. Панцялейман, на Магілеўскую — яп. Філафей, на Віцебскую — архім. Апанас (па хіратоніі), на Смаленскую — прот. Сымон Сеўба (па хіратоніі), на Наваградзкую — яп. Веніямін Навіцкі. (Хіратонія яп. Апанаса адбылася хутка, а праз месяц і яп. Сьцяпана.)
Ня могучы пераканаць мітр. Панцялеймана аб неабходнасьці беларусізацыі царквы, беларускі актыў рабіў захады перад гэнэральным камісарам у гэтай справе. Потым мітр. Панцялейман быў адсунены немцамі ад кіраўніцтва царквой і перавезены ў манастыр у Ляды Смалявіцкага раёну. Кіраўніцтва царквой ён мусіў перадаць арх. Філафею, ад якога беларускі актыў спадзяваўся нацыянальнай беларускай дзейнасьці. Калі-ж арх. Філафей таксама не хацеў праводзіць мерапрыемстваў па беларусізацыі царквы і не хацеў аформіць ейнага стану як самастойнай аўтакефальнай царквы, то ў аддзеле культуры гэнэральнага камісара быў складзены плян правядзеньня аўтакефаліі згодна з канонамі Праваслаўнай Царквы шляхам скліканьня Усебеларускага Праваслаўнага Саборў. Пад гэтым націскам арх. Філафей вызначыў прэдсаборную камісію, але з русафілаў. Толькі па захадах д-ра Ермачэнкі склад камісіі быў зьменены з часткі русафілаў на беларусаў нацыяналістых.
Па заканчэньні працы прэдсаборнай камісіі быў скліканы Усебеларускі Праваслаўны Царкоўны Сабор,
які распачаў свае паседжаньні 5 Менску 30 жніўня 1942 году. Сабор прыняў шэраг пастаНоў, сярод якіх былі наступныя: 1) аб заснаваньні Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы; 2) Статут Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы; 3) тэксты лістоў да Канстантынрпальскага Патрыярха і да іншых аўтакефальных Цэркваў з просьбай прыняць Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву ў склад існуючых самастойных Цэркваў.
Аднак у далейшым япіскапы не давалі патрэбнага ходу саборным пастановам аб завяршэньні аўтакефаліі. Толькі 20 красавіка 1943 году япіскапы падпісалі лісты да Канстантынопальскага Патрыярха і да іншых самастойных цэркваў ды перадалі гэтыя дакуманты гэнэральнаму камісару для палагоджаньня іх дыплёматычным шляхам.
Рыма-каталіцкая Царква .на Заходняй Беларусі захоўвала свой папярэдні арганізаваны стан і польскіх ксяндзоў. Арцыбіскуп Ялбжыкоўскі ў Вільні і ксяндзы ўва ўсім краі не дапушчалі да беларусізацыі парахвіяльнага жыцьця. Нямецкія ўлады часта выкрывалі сувязь гэтых духаўнікоў з польскімі партызанамі, арыштоўвалі і забівалі такіх сьвятароў.
Нямецкая палітыка не дапушчала да адбудовы рыма-каталіцкага рэлігійнага жыцьця на пасавецкай Усходняй Беларусі як у межах Гэнэральнага камісарыяту, так і ў вайсковай зоне. Ужо легам 1941 году арцыбіскуп Ялбжыкоўскі пасылаў для місыйнай дзейнасьці ў быўшую Савецкую Беларусь польскіх рыма-каталіцкіх ксяндзоў. Яны самачынна прыбывалі на былыя рыма-каталіцкія парахвіі, энэргічна рэмантавалі касьцёлы і адбудоўвалі парахвіяльнае жыцьцё з беларусаў каталікоў у польскім нацыянальным духу. Нямецкія ўлады загадвалі гэтым ксяндзам вярнуцца туды, адкуль яны прыехалі Аднак .ксяндзы не падпарадкаваліся гэтым загадам і працавалі надалей. У хуткім часе яны былі арыштоўваныя і мардаваныя немцамі. Але ўвесь час, аж да паловы 1944 году, польскія ксяндзы былі высыланыя на Усходнюю Беларусь. Калі яны зьвярталіся па дапамогу да нямецкіх уладаў, то атрымлівалі адмову.
Летам 1941 году на Усходнюю Беларусь прыбылі ксяндзы беларусы: Малец, Глякоўскі і Татарыновіч. Яны рэмантавалі касьцёлы і адбудоўвалі парахвіі ў беларускім нацыянальным напрамку. У 1942 годзе ксяндзы Малец і Глякоўскі былі арыштаваныя немцамі і, праўдападобна, былі расстраляныя. На Усходняй Беларусі рыма-каталіцкія богаслужэньні адбываліся толькі ў адным чырвоным касьцёле ў Менску, дзе службу правілі кс. Гадлеўскі і летувіскі кс. Ігнатовічас, які абслугоўваў рэлігійныя патрэбы летувіскага карнага батальёну, з якім гэты ксёндз і прыбыў, стацыянаванага недалёка Менска. Гэты летувіскі ксёндз езьдзіў па ваколіцах Менска і па касьцёлах, могільніках і прыдарожных памятніках, шукаў назоваў і імёнаў, якія прыпаміналі-б яму летувіскае гучаньне. Гэтым ён спадзяваўся даводзіць, што Меншчына — гэта Летувіская зямля.
Каталікі ўсходняга абраду разгортвалі сваю дзейнасьць у Альбэртыне, каля Слоніма. Кс. А. Неманцэвіч атрымаў тытул папскага экзарха для каталікоў усходняга абраду на Беларусі. Ён пашыраў думку, што нацыянальнай беларускай рэлігіяй павінна быць вунія, бо так было ў мінулым. Праваслаўе выкарыстоўвалі расейцы, а рыма-каталіцтва — палякі. У Баранавічах падобную дзейнасьць праводзіў кс. Л. Гарошка. Аднак гэтая дзейнасьць не разгарнулася. У жніўні 1942 году кс. Неманцэвіч быў арыштаваны немцамі, вывезены ў Менск і там расстраляны. Пасьля гэтага ўсе вуніяцкія манахі выехалі ў Львоў і вуніяцкая дзейнасьць у Альбэртыне спынілася.
Баптыстыя праводзілі дзейнасьць на Слонімшчыне, Вялейшчыне і іншых акругах, ды распачалі місыю на Усходняй Беларусь Бывалі дні, калі ў Слуцку ў рацэ Случ за адзін раз яны хрысьцілі больш за 500 чалавек. Іх прэсьвіцер, Дзекуць-Малей, арганізаваў выданьне малітаўніка на беларускай мове ў Менску.
13 кастрычніка 1941 году дзяржаўны камісар Лёзэ выдаў загад, паводле якога ўся рухомая і нярухомая маемасьць жыдоўскага насельніцтва Остлянду падлягала канфіскацыі, камісарскаму адміністраваньню і касацыі паводля прадбачаных прадпісаньняў. У тым самым часе, па загадзе з Бэрліну, адмысловыя аддзелы СС праводзілі масавае вымардоўваньне ўсяго жыдоўскага насельніцтва ў мейсцах іхнага пражываньня. На працягу некалькіх дзён у Менскім гэто было вымардавана больш за палову яго насельніцтва, а па некаторым часе і астаткавая яго рэшта. Агулам тут згінула больш за 100 000 жыдоў. Наступна немцы прывозілі ў Менск вялікія транспарты жыдоў з Заходняй Эўропы ў 1942 годзе і памяшчалі іх у парожнім гэто, а па некаторым часе ўсіх забівалі. Частка жыдоў, што змагла ўцячы ў лясы з гэто або з працы, або схавацца сярод мяйсцовага насельніцтва,засталася пры жыцьці. Такі самы лёс спаткаў усё жыдоўскае насельніцтва Беларусі.
Немцы плянавалі сваё панаваньне на Беларусі як усеахопліваючае. Для фармаваньня і кіраваньня ўмысламі насельніцтва і супроцьдзеяньня савецкай агітацыі і пачынаючай партызанскай акцыі ў Бэрліне была арганізаваная служба прапагандыстых. Была створаная камісія для набору кандыдатаў на прапагандыстых у складзе: Ф. Акінчыц, Камароўскі і іншыя. Гэтая камісія аб'яжджала лягеры вайсковапалонных савецкай і польскай арміяў і рыхтавала сьпіскі кандыдатаў. Увосені 1941 году гэтая камісія выклікала кандыдатаў і апытвала іх аб кваліфікацыях. Пад канец 1941 году выбраных кандыдатаў у ліку каля 60 чалавек выклікалі з лягероў і скіравалі ў школу прапагандыстых у местачку Вусстраў каля Бэрліна. У гэтай школе чыталі лекцыі: Акінчыц — былы савецкі пракурор (а цяпер нацыянал-сацыялісты), Барановіч, Зімёнак, Федотаў — былы палітрук дывізіі і іншыя. Курсанты пісалі даклады на зададзеныя тэмы, як і вучыліся прамаўляць. Першая група перашколеных прапагандыстых была прывезеная ў Менск у сьнежні 1941 году, а другая група — у красавіку 1942 году. Наступна былі прысыланыя далейшыя групы. Прапагандыстыя былі прыдзеленыя да аддзелу прапаганды гэнэральнага камісара ў Менску, які пасылаў іх у акругі. Нямецкія аддзелы прапаганды пры акруговых камісарах скарыстоўвалі іх паводля сваіх мяркаваньняў і патрэб. Прапагандыстым было сурова забаронена немцамі зносіцца непасрэдна з беларускімі арганізацыямі і ўстановамі ды з насельніцтвам, за выняткам прапагандовых выступленьняў. Нічога дзіўнага, што ў хуткім часе некаторыя прапагандыстыя забівалі сваіх сяброў, якія былі адменных поглядаў, ды ўцякалі да савецкіх партызанаў. Некаторыя прапагандыстыя зносіліся патаемна з партызанамі і супрацоўнічалі з імі, застаючыся пры немцах.
Для выкарыстаньня беларускай моладзі для сваіх патрэб немцы стварылі арганізацыю пад назовам «Саюз Беларускай Моладзі» (СБМ). Ад пачатку заснаваньня гэтай арганізацыі было забаронена зносіцца з мяйсцовымі беларускімі дзейнікамі — адміністрацыяй, установамі і арганізацыямі. Вышэйшы нагляд над СБМ меў Мэнцэль, обэрфюрэр нямецкай гітлераўскай арганізацыі моладзі. Непасрэднае кіраўніцтва СБМ выконваў Нікель, нямецкі ўраднік у Бэрліне, а мяйсцовае кіраўніцтва меў Шульц. нямецкі ўраднік у Гэнэральным камісарыяце Беларусі ў Менску.На шэфа-правадніка СБМ быў вызначаны Міхаіл Ганько, якога выбралі з польскіх вайсковапалонных беларусаў у Нямеччыне і прыслалі ў Менск. Кіраўнічкай аддзелу дзяўчат СБМ была прызначаная д-р Надзея Абрамава з Менска, якую рэкамандаваў д р Ермачэнка. Аддзел дзяўчат быў падпарадкаваны шэфу-правадніку ўсяго СБМ. Галоўная ўправа СБМ складалася з аддзелаў: арганізацыйнага, культуры, прапаганды і гаспадарчага. У акругах былі заснаваныя акруговыя аддзелы СБМ, а ў паветах — паветавыя аддзелы СБМ. У Альбэртынскім манастыры ў 1943 годзе была арганізаваная школа падрыхтоўкі кіраўнікоў СБМ. Сябры гэтай арганізацыі, паходзячы з Усходняй Беларусі, час ад часу ўцякалі да савецкіх партызанаў, забіваючы сваіх сяброў, якія не хацелі Ісьці разам з імі.