Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

Аднак дарма, што з Польшчы на Беларусь ішоў разлад, беларуская культура ў XV і XVI стагодзьдзях разьвівалася нязвычайна шпарка і дасягнула свайго найбольшага росквіту. Безьліч друкарняў, кніжак, школаў, мудрыя законы зьяўляюцца найлепшым прыкладам гэтага. Беларуская мова панавала ня толькі ў народзе, але ў урадах, сьвятынях, літаратуры, у княжых замках і ў пакоях дыплёматаў. Таму і ня дзіва, што нават і ў тым часе, калі шляхта і частка магнатаў за розныя асабістыя прывілеі пайшлі на службу Польшчы і, зрадзіўшы свой народ» урэшце злучылі Беларусь з Польшчай, Ідэя незалежнасьці Беларускага гаспадарства яшчэ доўга жыла ў народзе і выяўлялася ў розных формах. Так, прыкладам, калі Польшча ў XVII стагодзьдзі занялася вайной з Швэдыяй, беларускі князь Януш Радзівіл паспрабаваў зноў стварыць незалежнае Беларускае гаспадарства ў форме Вялікага Княства. Пасьля гэтага спробу адбудовы Беларускага гаспадарства рабіў гэтман Павал Сапега ў часе панаваньня ў Польшчы Яна Сабескага. Нажаль, аднак, і Сапегу спроба ратаваць Беларускае гаспадарства не ўдалася.

Па нейкім часе змаганьні за незалежнасьць заціхлі. А час ішоў. Шляхта і бальшыня польскіх і беларускіх магнатаў самаволіла і эксплёатавала народ ды давяла Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу да таго, што іх падзялілі між трыма суседнімі дзяржавамі, прычым Беларусь апынулася пад уладай Расеі.

Але вось на пачатку XIX стагодзьдзя надыходзілі вялікія падзеі. 3 захаду Эўропы на ўсход ішоў Напалеон, пагражаючы Расеі..Тагачаснаму расейскаму цару Аляксандру ў 1811 г. прыйшла думка ўзнавіць Вялікае Княства, магутнае Беларускае гаспадарства — з тым каб адгарадзіцца ім ад Напалеона і ягонага наступу. Аднак ідэя гэтая зьявілася запозна, бо ўжо ў 1812 г. Напалеон ударыў на Расею і хутка забраў пад сваю ўладу ўсю Беларусь і Летуву.

Палякі, якія шмат спадзяваліся ад Напалеона, думалі, што ён адбудуе Польшчу і далучыць да яе Беларусь. Аднак Напалеон дазволіў паляком арганізаваць толькі Варшаўскае княства, а Беларусь і Летуву 1 ліпеня 1812 г. абвесьціў асобным гаспадарствам у форме Вялікага Княства, з асобным урадам, зусім незалежным ад Варшавы.

Крах Напалеона спыніў рэалізацыю думкі ўзнаўленьня Беларускага гаспадарства, але не надоўга. Бо ўжо праз 50 гадоў у сярэдзіне XIX стагодзьдзя (1862—1864) за ўзнаўленьне беларускае дзяржаўнасьці супроць расейскае няволі і эксплёатацыі змагаюцца лепшыя сыны беларускага народу пад правадырствам Кастуся Каліноўскага. А калі гэты выдатны правадыр загінуў на царскай шыбеніцы, ягонымі шляхамі змаганьня за незалежнасьць і адраджэньне беларускае культуры і гаспадаркі пайшлі іншыя лепшыя сыны Беларусі, ствараючы масавы беларускі адраджэнскі pyx.

За апошнія 50 гадоў адраджэнскі pyx нагэтулькі ўздужэў, што калі ў 1914 г. выбухнула сусьветная вайна, а пасьля пачалася рэвалюцыя ў Расеі, беларускі народ узяўся за будову свае новае адроджанае беларускае дзяржаўнасьці. Адбываліся нарады, зьезды, арганізавалася беларуская армія, беларуская прэса, выдавецтвы,школы. У канцы 1917 г. у Менску быў скліканы Усебеларускі Кангрэс, які пацьвердзіў імкненьні лепшых сыноў беларускага народу да адбудовы Беларускага гаспадарства.

У змаганьні за незалежнасьць беларускі народ напатыкаў мноства перашкодаў. На ўсходзе, на месцы расейскай царскай сілы нарастала другая, варожая бальшавіцкая сіла, а на захадзе нарастала ізноў пагроза з Варшавы. Бальшавікі, якія не маглі сьцерпець беларускага нацыянальнага адраджэнскага руху, з дапамогай зброі і войска разагналі Усебеларускі Кангрэс.

Беларускі народ, прагнучы волі, не адступаў і 25 сакавіка 1918 году, калі бальшавікі пад напорам нямецкае арміі выйшлі з Менску, Беларусь была абвешчаная вольным і незалежным гаспадарствам.

Абвесьціўшы незалежнасьць, беларускі народ стараўся ўсімі сіламі ўтрымаць яе. I зноў, як і за часоў Каліноўскага, народ казаў, што ён жыў і жыць хоча. Ён адбіваў чужы наступ. Нажаль, варожая сіла перамагала. Не памагло і збройнае паўстаньне ў Случчыне ў вабароне незалежнасьці Беларусі. У 1921 годзе расейцы і палякі падзялілі нашую Бацькаўшчыну. Адна частка Беларусі апынулася пад уладай бальшавікоў, а другая пад уладай Польшчы.

Бальшавікі, каб прыцягнуць да сябе беларускія масы, не запярэчвалі патрэбы арганізацыі Беларускага гаспадарства і нават самі абвесьцілі 1 студзеня 1919 г. арганізацыю Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі. Спачатку рэспубліцы гэтай былі нават вызначаныя шырокія межы, з Смаленшчынай улучна, пасьля, аднак, зусім звужаныя да шасьцёх паветаў Меншчыны і, урэшце, зноў крыху пашыраныя. Бальшавікі кідалі народу розныя абяцанкі: дакляравалі даць зямлю, працу і лепшую долю. А на самой рэчы ня толькі нічога не далі, але адабралі і тое, што гэты народ меў. Заміж лепшае долі завялі калгасную паншчыну, робячы селяніна нявольнікам. Падобна зрабілі і з работнікам. Усіх-жа тых беларускіх інтэлігентаў, што паверылі гэтай хлусьні і пайшлі на супрацоўніцтва, выкарыстаўшы, жорстка зьнішчылі.

Трэба зацеміць, што і ў больш далёкабачных польскіх колах, якія бачылі і баяліся нарастаньня бальшавіцка-расейскае сілы, выказваліся думкі што да аднаўленьня калішняга Вялікага Княства. Паводля гэтых думак, такое княства, як і калісь у мінуўшчыне, мусіла-б стрымваць Маскву ў ейных намерах паходу на Захад. Пасьля выявілася, што гісторыя палякоў нічога не навучыла. Яны і гэтым разам аказаліся няздольнымі ўжыцьцяўляць вялікія ідэі.

Бальшавіцкая і польская палітыка на Беларусі бяз жалю нішчыла ўсіх тых, што адважваліся працаваць і нават думаць аб рэалізацыі акту 25 сакавіка 1918 г. і аб запраўдным палепшаньні долі беларускага народу.

Частка другая ДРУГАЯ СУСЬВЕТНАЯ ВАЙНА I ПАВАЕННЫ ЧАС

XXX

Экспансыя Нямеччыны ў Эўропе.— Падзел Польшчы і заваяваньне Заходняй Беларусі арміямі СССР.— Супрацоўніцтва і напружаньне адносін паміж СССР і Нямеччынай.— Заходняя Беларусь пад уладай СССР.

У 1933 годзе ў Нямеччыне дайшла да ўлады ваяўнічая нацыяналістычная і тоталітарная партыя нацыянал-сацыялістых пад кіраўніцтвам Адольфа Гітлера. Гітлер уважаў, што неабходны жыцьцёвы прастор для нямецкага народу знаходзіцца на ўсходзе Эўропы, які трэба здабыць. Увесь час свайго панаваньня ў Нямеччыне Гітлер імкнуўся зрэалізаваць гэтае меркаваньне.

На пачатку свайго панаваньня Гітлер збройнай сілай далучыў да Нямеччыны тэрыторыі з нямецкім насельніцтвам. У сакавіку 1936 году былі далучаныя землі над Рэйнам (Саара). У 1938 годзе была акупаваная Аўстрыя і край Судэты, забраны ад Чэхаславакіі. Узмоцніўшы нямецкі ваенны патэнцыял, Гітлер распачаў заваяваньне сярэдняй і ўсходняй Эўропы. Ён заняў Чзхаславакію 15 сакавіка 1939 году, а Мэмэль (Клайпэду) забраў ад Летувы 23 сакавіка 1939 году.

23 жніўня 1939 году ўрады Нямеччыны і СССР падпісалі акт узаемнага ненападаньня і сакрэтную ўмову аб распадзеле іх сфэраў уплываў (Акт Ріббэнтроп — Молатаў). Гэтая ўмова дала магчымасьць Нямеччыне бесперашкодна напасьці на Польшчу 1 верасьня 1939 году і на працягу трох тыдняў заваяваць яе. 17 верасьня 1939 году арміі СССР напалі на Польшчу з ўсходу і занялі Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Польская дзяржава перастала існаваць. Акупаваную Польшчу немцы назвалі Гэнэральнай губэрняй. Мяжа паміж уладаньнямі Нямеччыны і СССР праходзіла цяпер па этнаграфічнай «лініі Курзона», аддзяляючай абшары палякоў ад земляў беларусаў і ўкраінцаў. Горад Беласток з акругай быў далучаны да Заходняй Беларусі.

У Вільні зараз-жа пачала выходзіць газэта «Беларуская Праўда", выдаваная журналістамі, прыехаўшымі з Менска. Хутка быў скліканы савецкімі ўладамі вялікі грамадзкі сход, на якім савецкія прамоўцы і мяйсцовыя беларусы, як А. Луцкевіч, жадалі далучэньня Вільні да БССР. Аднак хутка з Масквы прыйшла іншая дырэктыва і гэта акцыя была спыненая, а газэта «Беларуская Праўда» перастала выходзіць.

На аснове ўмовы паміж урадамі СССР і Летувы ўрад СССР перадаў Вільню з беларускай акругай Летувіскай дзяржаве. Гэта быў абшар 2750 кв. міль з насельніцтвам 457 500 чалавекаў. На аснове ўмовы аб гэтай перадачы ўрад СССР атрымаў права на вайсковыя базы ў Летуве для арміі і флёты марской і паветранай. Камісар замежных спраў СССР В. Молатаў высьвятліў гэтую справу ў прамове на 5-й надзвычайнай сэсыі Вярхоўнага Савету СССР наступна: «Віленская тэрыторыя належыцца Летуве не дзеля яе насельніцтва. Не, мы ведаем, што бальшыня насельніцтва на гэтым абшары не летувіская. Але гістарычнае мінулае ды імкненьні летувіскага народу цесна зьвязаныя з горадам Вільня і ўрад СССР уважаў за неабходнае шанаваць гэтыя маральныя фактары». Цынізм гэтага выясьненьня вочавідны, бо, аддаючы Вільню Летуве, урад СССР падрыхтаваўся да заняцьця ўсяе Летувы.

Яшчэ перад перадачай Вільні Летуве савецкія ўлады НКВД правялі масавыя арышты беларускіх дзеячоў у Вільні і вывезьлі іх у СССР. Арыштаванымі былі і наступныя выдатныя беларускія дзеячы: Аляксандра Уласаў, Антон Луцкевіч, Вячаслаў Багдановіч, Антон Нэканда-Трэпка, жонка Радаслава Астроўскага Антаніна і яго сын Віктар, У. Суліма-Самойла, Макар Косьцевіч, С. Бусел, В. Грышкевіч, К. Глінскі, Шнаркевіч і іншыя.

Пасьля выхаду савецкіх войскаў з Вільні туды 28 кастрычніка 1939 г. прыбыло з Ковенскай Летувы летувіскае войска, некалькі родаў паліцыі, уключна з хутка зьненавіджанай паліцыяй бясьпекі (Саўгума), і тысячы літоўскіх урадоўцаў. У гэтым часе ў Вільні было каля 8% мяйсцовага летувіскага насельніцтва. Летувіскі ўрад неадкладна распачаў гвалтоўную летувізацыю насельніцтва брутальнымі мэтадамі. Беларусам летувіскія ўраднікі гаварылі, што яны не беларусы, а загубленыя летувісы; ім трэба толькі зьмяніць прозьвішча, дадаючы летувіскае заканчэньне на -ас, -іс, і г. п. ды навучыцца летувіскае мовы. Прозьвішчы прымусова змяняліся, напр.: Мінкевіч на Мінкявічус, Астроўская на Астраўскайтэ, Врубэль на Жвірбліс і г. п.Беларускае выдавецтва цяпер ня мела магчымасьці разьвівацца, выходзіла толькі адна ўзноўленая беларуская газэта «Крыніца» і тая, хоць займала ў дачыненьні да летувісаў лёяльнае становішча, вельмі часта канфіскавалася. Беларускіх школаў на правінцыі летувісы не далі магчымасьці адчыніць. Там працавалі далей школы польскія, або летувіскія, і ў іх настаўнікі ў гутарцы з дзецьмі, роднай мовай якіх была беларуская, карысталіся расейскай або польскай мовай, падтрымліваючы такім парадкам далей варожыя беларусам і летувісам расейскія і польскія ўплывы. У Вільні, праўда, на месцы беларускае гімназіі летувісы дазволілі стварыць беларускую прагімназію і пры ёй пачаткавую школу, але прагімназія бяз большае колькасьці пачаткавых беларускіх школаў ня мела даплыву вучняў і прызначалася, відаць, на заміраньне. На разьвіццё беларускае каапэрацыі беларусы таксама не атрымалі магчымасьцяў.

Поделиться с друзьями: