БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Забіраючы ўладу ў свае рукі ад беларусаў, якія мелі яе пад час вайсковага кіраўніцтва па акруговых і гарадзкіх цэнтрах, нямецкая цывільная адміністрацыя затрымлівала існуючы беларускі апарат, але зводзіла функцыі беларусаў да сьляпых выканаўцаў нямецкіх загадаў. У гэтым выпадку зусім ясна выступіў стан нямецкага калёніялізму для Беларусь Шэраг беларускіх дзеячоў не пагаджаліся з такім станам і адмаўляліся ад далейшай працы на мейсцы. Некаторыя з іх варочаліся назад у Гэнэральную губэрню, або ў Нямеччыну, як д-р Тумаш, а некаторыя пераяжджалі на ўсход у вайсковую зону Беларусі, як Астроўскі, Вітушка, Касмовіч і іншыя. Там былі значна большыя свабоды дзейнасьці і магчымасьці для дапамогі беларускай нацыянальнай справе, чым у зоне цывільнай адміністрацыі.
Беларускі актыў прыпушчаў, што сучасная нямецкая акупацыйная палітыка на Беларусі можа ў будучыні зьмяніцца. Аб гэтым гаварылі беларускім дзеячам нямецкія ўраднікі гэнэральнага камісара ў Менску, заяўляючы, што па сканчэньні вайны яны паедуць у Нямеччыну, а беларусы самі будуць кіраваць сваім краем. Вынік вайны ў гэтым часе ня быў да прадбачаньня. Аднак пры ўсякай сытуацыі беларусам патрэбная собская нацыянальная сіла. Пры першай магчымасьці яе трэба было тварыць у галіне павялічэньня нацыянальнай сьведамасьці ў народзе, павялічэньня грамадзкай і адміністрацыйнай арганізаванасьці ды тварэньня збройнай сілы. Беларускі нацыянальны актыў імкнуўся здабыць гэтыя пазыцыі, паколькі гэта было магчыма пры наяўнай сытуацыі.
Арганізаваную Р. Астроўскім управу Менскай акругі з ейнымі аддзеламі гэнэральны камісар затрымаў і ператварыў у дапаможнае сабе бюро (Нэбэнбюро). Яно выконвала дарадчыя і дасьледчыя функцыі па тых справах, па якіх да яго зьвярталіся ўраднікі-немцы паасобных аддзелаў гэнэральнага камісара.
Для праўнага рэгуляваньня жыцьця на Беларусі быў выдаваны друкам на нямецкай і беларускай мовах «Урадавы Весьнік гэнэральнага камісара Беларусі». У нумары першым «Весьніка» была зьмешчана адозва дзяржаўнага камісара Остлянду Лёзэ ад 1 верасьня 1941 году, у якой пішацца наступнае: «...цаной сваёй крыві нямецкая армія разьбіла бальшавіцкага сусьветнага ворага і вызваліла Вас [жыхароў Беларусі] ад гэтага бальшавіцкага тэрору. Тым самым нямецкі народ узяў на сябе права і ўважае за абавязак заснаваць такія парадкі ў вашым краі, каб ніколі больш не магла ізноў паўстаць падобная небяспека для народаў Эўропы, якая пагражала-б іхняму быцьцю...»
«Нямецкае кіраўніцтва закліча вашых прадстаўнікоў у валасьцёх і гарадох да супольнае працы, у выпадку патрэбы яно вызначыць з вашага асяродзьдзя давераных людзей, якія будуць даводзіць да ведама дзяржаўнага камісара і акруговых камісараў вашыя жаданьні і патрэбы».
20 чэрвеня 1941 году была выдадзеная пастанова Лёзэ, якая абвесьціла, што распараджэньні датычна цывільнага жыхарства выдаюць урады нямецкага цывільнага кіраўніцтва. Адначасна была выдадзеная пастанова Лёзэ аб канфіскаце ўсёй рухомай і нерухомай маемасьці СССР у Остляндзе праз нямецкае цывільнае кіраўніцтва паводля стану на 20 чэрвеня 1941 году.
Пастанова Лёзэ ад 18 жніўня 1941 году ўводзіла нямецкую мову як дзяржаўную у Остляндзе, з дапушчэньнем мясцовай мовы ў кожным Гэнэральным абшары.
Тады-ж быў пастаноўлены абавязак рэгістрацыі на біржы працы ўсіх жыхароў Остлянду; гэтыя біржы пасьля мелі вызначаць каго, у якім парадку і калі выклікаць на працу. Гэта пастанова так сама легалізавала набор беларусаў для высыланьня іх на працу ў Нямеччыну, што і распачалося ў кароткім часе. Пастанова дзяржаўнага міністра Розэнбэрга ад 19 сьнежня 1941 году абагульняла і прэцызавала ўвядзеньне абавязку працы для жыхароў усяго ўсходу ў веку ад 18 да 45 гадоў адпаведна іх здольнасьці.
Распараджэньне дзяржаўнага камісара Остлянду Лёзэ ад 26 студзеня 1942 году забавязвала ўсіх жыхароў Остлянду да павіннасьцяў даставы фурманак і работнікаў ручной працы. Перадусім гэтая павіннасьць служыла патрэбам немцаў, як: вываз лесу, направа патрэбных для гэтага дарогаў і інш.
«Урадавы Весьнік» зьмяшчаў пастановы, што датычылі Беларусі, выдаваныя дзяржаўным міністрам занятых усходніх абшараў Розэнбэргам, дзяржаўным камісарам Остлянду Лёзэ, гэнэральным камісарам Беларусі Кубэ і па іх даручэньні паасобнымі кіраўнікамі аддзелаў. Гэты «Урадавы Весьнік» выдаваўся да канца дзейнасьці нямецкай цывільнай адміністрацыі на Беларусі.
На пачатку цывільнай адміністрацыі на Беларусь прыбыло некалькі беларускіх дзеячоў, якія занялі кіруючыя беларускія становішчы ў сыстэме нямецкай цывільнай адміністрацыі. Гэта былі: д-р Іван Ермачэнка, кс. Вінцук Гадлеўскі і праф. Вацлаў Іваноўскі.
Д-р I. Ермачэнка быў скіраваны 26 верасьня 1941 году праз дзяржаўнага міністра Розэнбэрга на кіраўніка мяйсцовай Самапомачы, якая прадбачалася пры аддзеле здароўя і народнай апекі пры дзяржаўным камісары Остлянду ў Гэнэральным камісарыяце Беларусь Жонка Ермачэнкі была немкай і таму як належачы да нямецкай нацыянальнасьці ён быў пакліканы з Прагі Чэскай да гэтай працы пад пагрозай кары. Д-р Ермачэнка неадкладна прыбыў" у Менск, згаласіўся да гэнэральнага камісара Кубэ і да кіраўніка аддзелу здароўя і народнай апекі д-ра Вэбэра ды неадкладна прыступіў да выконваньня сваіх абавязкаў.
Паводля плянаў немцаў дзейнасьць Беларускай Народнай Самапомачы (БНС) павінна была быць скіраваная на справы харчаваньня і здароўя беларускага насельніцтва, уключаючы справы шпіталяў. Існуючы Беларускі Чырвоны Крыж як маючы арганізацыйны міжнародны характар было загадана зьліквідаваць.
22 кастрычніка 1941 году была выдадзеная адозва да насельніцтва гарадоў і вёсак Беларусі за подпісам гэнэральнага камісара Кубэ і кіраўніка БНС д-ра Ермачэнкі, зьмешчаная ў № 3 «Урадавага Весьніка». Для ліквідацыі бяды-нядолі, выкліканай камуністычным панаваньнем, адозва заклікала арганізаваць свае нацыянальныя мяйсцовыя арганізацыі Самапомачы. БНС заклікала аб дапамозе галадаючым і вайсковапалонным. Адозвы мелі вялікія наступствы. БНС тварылася згары як беларуская сцэнтралізаваная арганізацыя, ахопліваючая ўвесь абшар цывільнай адміністрацыі. У народзе было агульнае разуменьне вагі і патрэбы ў такой арганізацьіі і яна паўстала ў кароткім часе, гуртуючы ўвесь беларускі актыў. Галоўная ўправа БНС была ў Менску. Ува ўсіх акруговых гарадох былі арганізаваныя акруговыя управы БНС, а ў паветах — паветавыя ўправы БНС.
Галоўным кіраўніком БНС быў д-р I. Ермачэнка, яго заступнікам на пачатку д-р Я. Станкевіч, а пазьней запрошаны з Парыжу д-р Валькевіч. Сябрамі Галоўнай Рады БНС былі: кс. В. Гадлеўскі — галоўны школьны інспэктар, праф. Р. Астроўскі (да ад'езду ў вайсковую зону), арх. Філафей — заступнік Мітрапаліта, праф. В. Іваноўскі — бурмістр Менска, А. Адамовіч і У. Казлоўскі — рэдактары «Беларускай Газэты», інж. I. Касяк — аддзел культуры БНС, агр. Ю. Саковіч — камандант паліцыі Менска, П. Сьвірыд — акруговы судзьдзя, В. Чабатарэвіч — сакратар і зносіны з палітычнай паліцыяй, Аўчыньнікаў — кіраўнік гаспадарчага і транспартнага аддзелу, А. Кіркевіч — кіраўнік аддзелу кнігаводзтва. З бегам часу склад Рады БНС часткова зьмяняўся.
Акруговыя і паветавыя рады БНС складаліся з мяйсцовага вядучага актыву, які вырашаў усе мяйсцовыя беларускія справы і ў патрэбе ўплываў на мяйсцовую нямецкую адміністрацыю.
На заклік БНС сотні фурманак вязьлі жыта і іншыя харчы да БНС, адчыняліся сталоўкі, якія амаль дарам давалі ежу. З Менска ў Віцебск былі высланыя харчы, бо там не змаглі адразу арганізаваць дапамогу галадаючым. БНС атрымала дазвол наведваць лягеры вайсковапалонных і дабілася вызваленьня беларусаў спэцыялістых у розных патрэбных галінах. Пазьней, калі частка вайсковапалонных уцякала да савецкіх партызанаў, доступ БНС да лягероў вайсковапалонных быў забаронены немцамі.
Нямецкая цывільная адміністрацыя адразу перадала БНС поўнасьцю справу аховы здароўя насельніцтва Беларусі. Ужо на пачатку 1942 году быў праведзены зьезд усіх лекароў Беларусь На зьезьдзе было пастаноўлена наступнае: 1) стварыць беларускую лекарскую арганізацыю для дапамогі лекаром пры сьцьверджаньні іх кваліфікацыяў, як і для іншых прафэсыянальных лекарскіх патрэб, 2) адчыніць беларускі унівэрсытэт для адукацыі лекароў; 3) арганізаваць матар'яльную дапамогу лекарам у сучасную цяжкую пару. Зараз па зьезьдзе былі вызначаныя лекары па ўсіх акругах, якія ўрухомілі бальніцы і амбуляторыі пры дапамозе БНС.