Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

Вясной 1944 году з акругаў Беларусі было сабрана і прывезена ў Менск звыш 400 чалавек моладзі. Гэты набор праводзілі па акругах нямецкія афіцэры авіяцыі пры дапамозе СБМ. Урачыстае разьвітаньне было зроблена на гарадзкой плошчы нямецкімІ ўраднікамі і моладзь паехала ў Нямеччыну для абслугі супроцьлятунскай артылерыі.

Ад пачатку гістарычных часоў нямецкая экспансыя на ўсход (Drang nach Osten) прыкрывалася цывілізацыйнай місыяй. Гітлер даў ёй новае абгрунтаваньне. Нямецкая раса паноў патрабуе жыцьцёвага прастору для сябе і славянскіх работнікаў, якія народжаныя, каб быць нявольнікамі. Нямецкія пляны Новай Эўропы і будучыні для Беларусі і ўсёй усходняй Эўропы, акрэсленыя А. Розэнбэргам, трымаліся ў тайніцы, але яны былі ўстаноўленыя і рыхтавалася іх рэалізацыя. Славянскае насельніцтва мела быць у масе перакіненае на ўсход за Уральскія горы ў Азыю. Эўропа прадбачалася на жыцьцёвы прастор для нямецкага насельніцтва з Райху. Толькі неабходная славянская працоўная сіла мела быць пакіненая на гэтых абшарах. Інтэлігэнцыя і нацыянальна вядучая частка народу мелі быць зьнішчаныя.

У большых гарадох Беларусі, якія былі пераважна зруйнаваныя вайной, ужо цяпер рыхтавалася перабудова. У Менску, Смаленску, Магілеве, Віцебску, Гомелі, Клінцах і Бранску працавалі групы нямецкіх архітэктароў, якія плянавалі адбудову іх для патрэб нямецкага насельніцтва і нямецкай адміністрацыі згодна з іх вымаганьнямі і стандартамі.

Кіраўнікі нямецкай цывільнай адміністрацыі для ўсходу Эўропы былі загадзя вызначаныя і са сваімі штабамі высыланыя ў кірунку сваіх мейсцаў прызначэньня. У цывільнай зоне Беларусі чакалі на перадачу ім улады вайсковым камандаваньнем галоўны камісар Смаленску, гэнэральны камісар Каўказу і іншыя. Пад час паляваньня на лісіцаў гэнэральны камісар Каўказу і некалькі высокіх нямецкіх ураднікаў былі забітыя савецкімі партызанамі ў лясох паміж Слуцкам і Баранавічамі.

Плянуючы выдаленьне беларускага народу з Беларусі, немцы праўдападобна хацелі захаваць для нейкіх мэтаў бібліятэчную спадчыну аб беларускім народзе. Па загадзе Розэнбэрга быў створаны адмысловы аддзел (Эйнзацкоммандо) з нямецкіх спэцыялістых пад кіраўніцтвам Лянгкопфа і д-ра Рыхэля. Яны пераглядалі захаваныя бібліятэкі і архівы Беларусі ды выбіралі з іх адпаведную літаратуру аб Беларусі і беларускім народзе ад найдаўнейшых часоў аж да сучаснасьці. Яны перавозілі выбраныя кнігі і іншыя матар'ялы ў адмысловы будынак у Менску, падрыхтаваны для часовага перахоўваньня да часу вывазу ў Нямеччыну.

Наагул немцы безкантрольна забіралі ўсё, што хацелі. Менскі гарадзкі музэй яны адразу абрабавалі з каштоўных абразоў, скульптураў і іншых экспанатаў. унівэрсытэцкі гарадок у Менску быў абрабаваны таксама на пачатку акупацыі з оптыкі, выкручанай з мікраскопаў і іншых навукова-дасьледчых прыладаў.

Нямецкая цывільная адміністрацыя адразу перабрала,. пад сваё кіраўніцтва і кантроль беларускую прэсу. «Менская Газэта» была пераназваная ў «Беларускую Газэту», падпарадкаваная аддзелу прапаганды гэнэральнага камісара і, побач беларускіх матар'ялаў, зьмяшчала прысыланыя нямецкія. У рэдакцыі згуртаваліся публіцыстыя: Антон Адамовіч — рэдактар, Уладыслаў Казлоўскі, Алесь Матусэвіч, Караленка, паэтэса Натальля Арсеньнева, Некрашэвіч і іншыя. Пазней гэтая рэдакцыя стала выпускаць газэту «Голас Вёскі», зьмест якой быў дастасаваны для сялян. Кальпартаж газэты па акругах і паветах быў узложаны на БНС, якая з Менска вязла газэту, а назад прывозіла харчы.

Некаторыя аддзелы прапаганды акруговых камісараў выдавалі свае мяйсцовыя газэты, як «Баранавіцкая Газэта» ў Баранавічах, перанятыя імі ад папярэдняга вайсковага кіраўніцтва, Беларускі Камітэт у Беластоку выдаваў газэту «Новая Дарога».

Прапагандовы аддзел нямецкіх Паўночных Арміяў у Рызе, Лацьвіі выдаваў ад канца 1941 году на расейскай мове часапіс «Новый Путь», прызначаны для насельніцтва паўночнай Беларусі. Па інтэрвэнцыі Езавітава, пабачыўшы, што расейская мова не надаецца для чытачоў Беларусі, нямецкае кіраўніцтва пастанавіла выдавать гэты часапіс на беларускай мове. Улетку 1942 году на галоўнага рэдактара быў запрошаны з Менска У. Сядура, які і кіраваў далей часапісам «Новы Шлях». Ён мусіў выжыць папярэдняга рэдактара латыша, які стараўся ўтрымаць расейска-нямецкі характар часапісу. Наступна Сядура ператварыў гэты часапіс у нацыянальна беларускі з шырокім культурна -інфармацыйным абсягам. Беларускія творы, якія не дазваляла друкаваць у Менску нямецкая цэнзура Гэнэральнага камісарыяту Беларусі, у «Новым Шляху» былі друкаваныя. Артыкулы рэдактара Сядуры былі прысьвечаныя слаўным гістарычным і культурным падзеям Беларусі і служылі нацыянальным узгадаваўча адукацыйным мэтам.

На самым пачатку дзейнасьці нямецкай цывільнай адміністрацыі д-р Ян Станкевіч змог собскімі сродкамі і ашукваючы немцаў выдаць друкам у Менску сваю невялічкую гістарычную кніжку «Беларусь-Крывія ў мінуласьці». Выказаныя ў ёй погляды аб балтыцкіх уплывах на народ Беларусі выклікалі надзвычайную варожасьць у Гэнэральным камісарыяце Беларусі. Д-р Станкевіч мусіў уцякаць з Менска, каб ухаваць жыцьцё.

Аддзел культуры БНС у Менску падрыхтаваў да друку каляндар-кніжку на 1943 год. Аднак аддзел прапаганды гэнэральнага камісара не дазволіў яго друкаваць. Пазьней гэты матар'ял календара быў забраны аддзелам прапаганды, скантраляваны і выдрукаваны ім.

Працуючы ў навуковым аддзеле Нэбэнбюро, Язэп Найдзюк апрацаваў папулярную гістарычную кнігу «Беларусь учора і сяньня». Гэтая праца была кантраляваная і папраўляная Сівіцам, нямецкім працаўніком аддзелу культуры і палітыкі гэнэральнага камісара. У палове 1943 году гэтая кніга выйшла з друку.

У Слуцку быў выдрукаваны зборнік паэзыі мяйсцовых паэтаў пад назовам «Песьняры Случчыны».

Неўзабаве распачаў працу Менскі гарадзкі тэатр, даючы спэктаклі беларускіх і міжнародных драматургаў. Часта даваліся опэры з сусьветнага рэпэртуару. У гэтым часе беларускія кампазытары стварылі шэраг опэраў высокай мастацкай каштоўнасьці. Кампазытар Мікалай Шчаглоў напісаў шэраг выдатных опэраў на тэмы з беларускага фольклёру і гістарычнай гэроікі як «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей». Кампазытары Туранкоў, Самохін, Равенскі і Іваноў працавалі ў галіне беларускага фольклёру, узбагачаючы беларускі музычны рэпэртуар. Тэатры працавалі ў Смаленску, Віцебску і іншых гарадох.

Малады драматург, Тодар Лебяда, напісаў драму «Загубленае жыцьцё», даючы праўдзівы і прыгожы абраз традыцыйнага жыцьця беларускай. вёскі. Далей ён паказаў, як гэта жыцьцё было зруйнаванае чужацкай маскоўска-бальшавіцкай палітыкай гвалтоўнага заганяньня ў калгасны прыгон і масавымі арыштамі і дэпартацыямі ў Сібір на загубу. На паказе гэтай драмы ў Менскім гарадзкім тэатры ўся заля глядачоў голасна плакала. А гэтая-ж драма паказвала толькі дробную частку жахлівых маскоўскіх гвалтаў на Беларусі.

Паэтэса Натальля Арсеньнева шмат пісала ў галіне паэзіі і нацыянальнай паэтычнай творчасьці. Яна напісала лібрэто да опэраў кампазытара Шчаглова, як і да опэры «З выраю», музыка для якой не была напісаная. Для вайсковых патрэб яна напісала вайсковыя маршы: «Беларусь наша маці-краіна» і «У гушчарах». Асаблівае значаньне мае рэлігійна-нацыянальны гімн «Магутны Божа», напісаны Арсеньневай і паложаны на музыку кампазытарам Равенскім.

XXXIII

Арганізацыя маскоўскім урадам партызанскай дывэрсыі на Беларусі.— Польская, беларуская і жыдоўская партызанка.— Установа Мужоў Даверу.— Арганізацыя Беларускай Самааховы.— Арганізацыя чыгуначных і іншых батальёнаў для аховы і барацьбы супроць партызанаў.— Абаронныя вёскі.— Беларуская Незалежніцкая Партыя.— Польская акцыя сярод каталікоў.— Выдаленьне д-ра Ермачэнкі з Беларусі.— Забойствы беларускіх дзеячоў маскоўскімі агэнтамі.

Савецкая партызанская дывэрсыя на Беларусі, акупаванай немцамі, была арганізаваная, узброеная, кіраваная і кантраляваная ўрадам СССР з Масквы. Мэтай яе была не абарона беларускага народу ад гвалтаў нямецкай акупацыі, але дапамога савецкім арміям аднавіць уладу маскоўскага ўраду на Беларусі

Дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 29 чэрвеня 1941 году жадала: «У занятых ворагам раёнах ствараць партызанскія аддзелы і дывэрсыйныя групы для барацьбы з аддзеламі варожай арміі... У захопленых раёнах ствараць невыносныя ўмовы для ворага і ўсіх яго пасобнікаў, прасьледаваць і зьнішчаць іх на кожным кроку, зрываць усе іх мерапрыемствы». Да такіх пасобнікаў залічалася і беларускае насельніцтва, якое не ўцякала з бальшавікамі на ўсход, бо мела досыць жахлівай бальшавіцкай улады Масквы над Беларусяй.

3 ліпеня 1941 году Старшыня Дзяржаўнага Камітэту Абароны Сталін у прамове па радыё, між іншага, жадаў, каб пры адступленьні савецкія войскі не пакідалі нічога ворагу, а ўсё зьнішчалі; каб на захопленых немцамі абшарах арганізоўваліся партызанскія аддзелы.

18 ліпеня 1941 году Цэнтральны Камітэт Усесаюзнай Камуністычнай Партыі прыняў пастанову па справе арганізацыі барацьбы ў тыле нямецкіх войскаў. Там былі канкрэтныя ўказаньні аб стварэньні і дзейнасьці бальшавіцкага падпольля і разгортваньні партызанскай дзейнасьці на занятых немцамі абшарах. У ліпені 1941 году быў прызначаны шэфам гэнэральнага беларускага партызанскага руху з галоўнай кватэрай у Маскве ІІанцялейман Панамарэнка, першы сакратар Беларускай Камуністычнай Партыі, а яго заступнікам — гэнэрал Мачульскі. Па савецкім баку фронту пасьпешна было арганізавана некалькі школаў для падрыхтоўкі групаў сабатажнікаў і шпіёнаў. З унівэрсытэтаў былі змабілізаваныя і выдзеленыя з арміі камсамольцы, хлопцы і дзяўчаты, паходзячыя з Беларусі, якіх па двух месяцах узмоцненай падрыхтоўкі перакідалі групамі па 3, 5 ці 7 чалавекаў на занятую немцамі Беларусь. Трэці сакратар Кампартыі Беларусі даваў курсантам палітычную падрыхтоўку, а інструкцыі аб выбуховых сродках і выконваньні імі разбурэньняў, аб сувязі, справаздачах і шпіянажы былі даваныя вайскоўцамі і працаўнікамі НКВД. Побач сабатажу і шпіянажу да функцыяў дывэрсантаў належала справа параліжаваньня нямецкага тылу за ўсякі кошт, стасуючы ўсякі магчымы тэрор. Яны мелі ўваходзіць у супрацоўніцтва з немцамі, быць іх найбольш зацятымі памоцнікамі, правакаваць усякімі спосабамі нямецкі тэрор супроць насельніцтва, каб выклікаць нянавісьць народу да немцаў і ўцяканьне ў лясы да партызанаў.

Поделиться с друзьями: