Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

— Ойча мой, — шапнуў Дыега.

— Успамінаеш ноч, калі я першы раз спаткаў цябе? Менавіта тады ты меў рацыю. Слушны быў твой гнеў, твой бунт, слушныя твае пакуты. Цяжка гэта прызнаваць, але я не бачу вакол сябе ніводнага людскога твару, апроч твайго.

— Ойча! — усклікнуў Дыега.

— На жаль, гэта так. Нельга ашукваць сябе і далей. Ілюзорная наша магутнасць, уяўныя нашы сілы. Дрыжаць падмуркі і сцены гмаха, які мы будавалі. Страшны гэта гмах. Турмою і карамі ўзвялі мы яго. Але гэта не можа доўжыцца. Калі ўсё не разваліцца заўтра, гэта здарыцца паслязаўтра. Катастрофа непазбежная. Няма ўжо веры, няма надзеі. Паламалі мы людзей, іх розум і сэрцы. Нас ненавідзяць, намі пагарджаюць. І нічога з гэтага змрочнага шаленства нельга ўжо ўратаваць. Трэба шукаць іншых шляхоў выратавання. І вось узнікае раптам неабходнасць, каб мы самі разбурылі тое, што павінна разбурыцца. Ты мусіш неадкладна напісаць адпаведныя пастановы. Я табе ўсё дакладна прадыктую.

Падрэ Дыега стаяў нерухома, уражаны і здзіўлены.

— Ты гатовы, сыне мой? Спяшайся, у нас мала часу. Чаму тут так цёмна? Загадай прынесці свечкі. На жаль, мы ўсю зямлю ахуталі цемрай. Трэба будзе многа святла. Але пакуль што мы павінны ўпарадкаваць справы надзённыя, сама важныя. Усё прыгатаваў?

Дыега адступіў у цень.

— Так, ойча.

— Дык пішы. Мы, Томас Тарквемада… не, без тытулаў, не пішы тытулаў, гэта ўжо непатрэбна. Напішы проста, што з сённяшняга дня… якога сёння ў нас?

— Шаснаццатага верасня, ойча.

— Што з дня шаснаццатага верасня, года…

— Тысяча чатырыста дзевяноста восьмага.

— Года тысяча чатырыста дзевяноста восьмага Святая інквізіцыя распускаецца. Адмяняем Святую інквізіцыю і перакрэсліваем яе і тым самым прызнаём усе нашы несправядлівасці і злачынствы, якія ад імя яе мы ўчынілі, ахвярам нашых учынкаў вяртаючы ўсе правы і годнасці, з загубленых здымаючы віну. Працэсы нашы і выракі трацяць сваю сілу, як фальшывыя, падкрэслі гэта, бо гэта асабліва важна. Турмы будуць адчынены, і людзям, якія няправільна пазбаўлены волі, будзе яна неадкладна вернута.

Дыега ўпаў перад вялебным айцом на калені.

— Ойча мой! — усклікнуў прыгнечаным голасам. — Малю цябе, ты хворы…

Тарквемада, здавалася, не бачыў яго, глядзеў перад сабою.

— Супакойся, сыне мой. Ведаю, што разумееш ты веліч адказнасці, якая з гэтага часу на цябе ўскладзена, але ты не можаш ухіліцца ад яе. Дэкрэт пра ліквідацыю Святой інквізіцыі трэба будзе разаслаць яшчэ сёння. Апроч таго, мы павінны як мага хутчэй апрацаваць тэзісы, якія тэарэтычна абгрунтуюць наша рашэнне. Калі мы хочам, каб хлусня не атручвала больш людскі розум, мы павінны самі перастаць хлусіць. Трэба сказаць усю праўду, хоць бы яна і была цяжкая і балесная. Не можам мы, мой сыне, аддавацца ілюзіям, што толькі і выключна ў метадах справавання ўлады мы зрабілі памылкі, мы перайшлі і растапталі ўсе чалавечыя правы. Не ліквідуем гвалту і прымусу, калі не ліквідуем і асноў, якія спарадзілі гвалт і прымус. А таму мы павінны ісці да людзей і адкрыта ім сказаць, што кепская тая вера, якая магла прынесці такія страшэнныя спусташэнні. Кепская і фальшывая тая вера, і трэба зрабіць усё, каб зло было скасавана не павярхоўна, а вырвана і знішчана з усім карэннем. Не будзе царства божага на зямлі.

Дыега кленчыў, схіліўшы галаву, смяротна бледны, не могучы сказаць ні слова. Тарквемада гаварыў далей, усё тым самым далёкім манатонным голасам, гледзячы ў змрок у глыбіні цэлі.

— Так, каб уратаваць людзей ад поўнай пагібелі, убараніць ад апускання навекі ў няволю і страх, хлусню і нянавісць, павінны мы збурыць усё тое, што з пагардай да чалавечнасці з ілюзорнымі марамі збудавалі сваімі рукамі коштам найбольшых людскіх няшчасцяў і пакут. Вядома, смута з гэтага вынікне немалая і цяжкія дні настануць, тым не меней, каб уратавацца ад яшчэ большага ліха, мы павінны шаленства нашай веры назваць шаленствам, а яе фальш фальшам. Трэба будзе, сыне мой, навучыцца жыць без Бога і без сатаны.

— Ойча! — крыкнуў Дыега.

— Так, сыне мой. Іх няма.

Дыега прыпаў да каленяў Тарквемады і дрыготкімі рукамі схапіў яго далоні.

— Ойча, прашу цябе, апамятайся… гэта я, Дыега… ці чуеш мяне?

— Чую цябе, з табою ж я і гавару. Не перабівай, аднак, хутка ўжо ноч. Памятай, ты павінен яшчэ напісаць дэкрэт аб скасаванні страху. З сённяшняга дня не будзе страху на зямлі. Мы пачнём усё нанава, і менавіта ты, сыне мой, пачнеш. Ты малады, палкі і чысты…

Падрэ Дыега, ужо не валодаючы сабою, устаў, ухапіўшыся аберуч за футраны плашч вялебнага айца, страсянуў яго.

— Перастань, ойча, чуеш? Перастань, я табе загадваю, чуеш, змоўкні!

Тарквемада паглядзеў на яго і ўбачыў твар чужога чалавека, бледны, перакрыўлены страхам і злосцю. На вуснах пачуў гарачае дыханне.

Разумеючы, што ён апынуўся ў руках невядомага яму ворага, хацеў паклікаць на дапамогу, але здолеў толькі шапнуць:

— Дыега!

Той трос старца.

— Маўчы, маўчы, маўчы…

І раптам знерухомеў.

Хвіліну Дыега глядзеў на пашарэлы твар Тарквемады, у яго шырока расплюшчаныя вочы, ужо шклістыя і мёртвыя.

Ён баяўся паварухнуцца, нарэшце адпусціў плашч, які трымаў сціснутымі пальцамі.

Цела вялебнага айца асунулася трохі, але засталося ў крэсле.

— Божа! — шапнуў Дыега.

Слёзы цяклі па яго шчоках. Ён яшчэ не мог зразумець таго, што здарылася. Губляўся сярод супярэчлівых пачуццяў і думак. Нарэшце ўстаў, адышоў трохі ад нябожчыка, аслабелы і здранцвелы, не могучы адарваць ад яго вачэй, поўных слёз. Потым, не вельмі ўсведамляючы тое, што хоча зрабіць, падняў цяжкую, як камень, руку і з усёй сілы ўдарыў вялебнага айца ў твар.

Снежань 1955 — красавік 1957

Поделиться с друзьями: