Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
На гэта дон Мігуэль адказаў:
— Тым горш.
— Надзеі?
— Тым, хто ёю цешыцца.
Дон Ларэнца нецярпліва паварушыўся.
— Верыць мне не хочацца, дон Мігуэль, каб ты, такі малады, свайму толькі вопыту ўдзячны быў за такое дасканалае веданне жыцця. Незвычайныя павінны былі быць у цябе настаўнікі, прызнайся.
— Не ведаю, ці такія ўжо незвычайныя. Бадай што, звычайныя. Затое ўвагі і памяці напэўна вартыя. Можа, вас гэта і здзівіць, але калі з адным з іх звёў мяне лёс, дык гэтым я ў пэўнай меры абавязаны вам.
Дон Ларэнца павярнуў да яго пацямнелы твар.
— Дон Мігуэль, калі ты не хочаш, каб я забыўся, што я ў тваім доме госць, пакінь гаварыць загадкамі.
— Не меў ніякага намеру зачапіць вас, пане, — спакойна адказаў дон Мігуэль. — Вы спыталіся пра маіх настаўнікаў, і я хацеў расказаць пра аднаго з іх.
— Не я ім, як думаю, быў.
— Праўда, не вы.
— Чаго ж тады ўмешваеш мяне?
— Гэта, бадай што, мяне ўмяшалі. Паслухайце. Некалькі гадоў назад, у такі самы, як і сёння, дождж мае людзі знайшлі ніжэй перавалу Санта Ана чалавека, які быў дарэшты змучаны і знясілены. Прывялі яго сюды. Ён хварэў некалькі тыдняў, але нам не ўдалося яго ўратаваць. Праз некалькі месяцаў ён памёр.
Настала цішыня.
— Хто быў гэты чалавек? — спытаўся дон Ларэнца.
— Імя яго напэўна вам добра знаёмае. Гэта быў пан Радрыга дэ Кастра.
Дон Ларэнца не змяніўся ў твары, ён павольна дапіў кубак.
— Цікавыя рэчы ты мне кажаш, дон Мігуэль, — сказаў нарэшце абыякава. — Не думаў я, што пан дэ Кастра асмеліцца вярнуцца. І што ж ён табе паведаміў? Пэўна, строіў з сябе ахвяру нікчэмнай падступнай несправядлівасці?
— Наадварот, — адказаў дон Мігуэль, — даводзіў, што Святыя трыбуналы ніколі не памыляюцца. Сапраўды, толькі збег акалічнасцяў змусіў яго быць у гэтым доме, але ён не ўтойваў, якая непрыемная яму была неабходнасць карыстацца гасціннасцю чалавека, які думаў інакш за яго. Думаю нават, ён шчыра пагарджаў мною.
— Значыцца, не выракся сваёй д'ябальскай пыхі?
— Перш за ўсё ён збярог веру, як мне здаецца.
— Ён веру? У што?
— Вы ў мяне, пане, пра гэта пытаецеся?
Дон Ларэнца паціснуў плячыма.
— Да гэтага часу я лічыў пана дэ Кастра нягоднікам. Калі сапраўды ўсё было так, як ты расказваеш, то ён проста ашуканы дурань, і не больш. На што ён спадзяваўся? Навошта вярнуўся? Ужо ці не такі быў наіўны, каб спадзявацца на дараванне?
— Не. Ён прагнуў служыць. Быў упэўнены, што неўзабаве вернуцца сілы. Хацеў пад чужым імем паступіць на карабель пана Калумба. Таму і вярнуўся з выгнання. Гэта ўсё.
Дон Ларэнца хацеў устаць, але пачуў сябе занадта ацяжэлым, каб зрабіць гэта. «Замнога выпіў», — падумаў. Аднак спытаўся трохі ахрыплым голасам:
— І чаму ж, нарэшце, навучыў пан дэ Кастра?
— Я ўжо сказаў, вы яшчэ запярэчылі мне, надзея заўсёды каштуе даражэй. Ніхто, я думаю, не мог бы лепш і мацней уцвердзіць мяне ў гэтым перакананні, чым гэта зрабіў пан дэ Кастра. Разумееце цяпер, чаму я сказаў, што непасрэдна і вы дачыніліся да маёй адукацыі.
Дон Ларэнца не зусім упэўненай рукой пацягнуўся да віна.
— Мала, значыцца, навучыўся, дон Мігуэль. Ведаю, што ты думаеш. Думаеш, я вінаваты ў пагібелі гэтага чалавека. Можаш не пярэчыць. Мяне, зрэшты, мала цікавіць, што думаеш ты або іншы хто. Усе дурні. Кожны хоча не ведаць, што праўда ляжыць звычайна на паверхні. Калі б я ў свой час не выкарыстаў добрай нагоды і не паслаў пана дэ Кастра к чортавай матары, то ён зрабіў бы гэта са мной. Нават нагоды не шукаў бы, прыдумаў бы яе. Але што ж бо ты, пане дэ Лара, можаш ведаць пра гэта? Трэба самому прайсці праз усё, каб зразумець. Апусціцца трэба ў гэтую багну, разумееш? Зробіш у сама найлепшай веры некалькі неасцярожных крокаў, і ўжо адступаць няма куды. Можаш сабе толькі тузацца і грузнуць глыбей. Далібог, смешны ты, дон Мігуэль, са сваімі ведамі. Жменя сухой саломы важыць больш, чым яны. Выйдзі з імі на рынак, пераканаешся. Вялебны падрэ Дыега альбо каторы са ста іншых, яму падобных, за адну ноч перамеле на пясок усе твае фразы. Ты нешта там трызніў пра адвагу. Усё гэта глупства. Што такое адвага? Яе няма. Ёсць толькі страх. Ну, вось і стараешся ўбараніцца ад яго. Хлусіш альбо маўчыш. Але і ад хлусні, і ад маўчання страх толькі большае. Потым зжырае ў табе ўсе думкі і пачуцці. Усё табе нерашкаджае, і нарэшце ты ўпэўнены толькі ў ім. Ён адзін табе верны. У ім толькі і можаш быць пэўны, ён ніколі цябе не пакіне, ніколі табе не здрадзіць. А ўзамен можаш жыць і мець дачыненне да будаўніцтва царства божага. Гэта, зрэшты, калі на тое, усё. А што ты, дон Мігуэль, зрабіў для будовы царства божага? Нічога. Дык што ж ты ведаеш? Таксама нічога.
Дон Мігуэль стаяў ля каміна нерухома, склаўшы на грудзях рукі. Праз хвіліну сказаў:
— З таго, што вы гаворыце, лёгка вывесці, як нялёгка вам жывецца. Але за шчырасць трэба плаціць шчырасцю: на жаль, не магу вам паспагадаць.
Дон Ларэнца паглядзеў на яго з пагардай.
— Нягледзячы на ўсё, не думаў я, што ты такі наіўны. Няўжо і праўда ты думаеш, што мне патрэбна твая спагада? І нашто ж мне яна здалася? З нас двух ты толькі яшчэ на нешта спадзяешся. Уяўляеш сабе, што, калі зойдзе патрэба і неабходнасць, табе ўдасца перамагчы страх. А таму ты са сваёй уяўнай адвагай маеш больш чаго траціць, чым я.
Лёгкі румянец укрыў твар дона Мігуэля.
— Павінен разумець вашыя словы як асцеражэнне? Калі такія былі вашы намеры, тады дарма сабе давалі клопат. Я ведаю, што мяне чакае.
Дон Ларэнца адчуў сябе раптам страшна стомленым.
— Нічога ты не ведаеш, — ціха сказаў ён.
І яшчэ раз хацеў паўтарыць: нічога ты не ведаеш, — калі раптам у адчыненых дзвярах паказаўся падрэ Дыега ў дарожным плашчы, накінутым на плечы.
— Дон Ларэнца! — усклікнуў ён ад парога. — Вялікая радасная навіна. Вялебны айцец апрытомнеў і загадаў выпраўляцца ў дарогу. Паехалі!
Дон Ларэнца лёгка падняўся, на яго прыгожым, усё яшчэ юначым твары не было і следу стомленасці.
— Сапраўды, радасная навіна, вялебны ойча, — шчыра сказаў ён.
Пасля крыкнуў чалядніку, каб той дапамог яму надзець зброю.
Падрэ Дыега, агледзеўшыся ў пакоі, толькі цяпер, здаецца, заўважыў пана дэ Лару. Падышоў да яго з радасным тварам.
— Прабач нам, сыне мой, за турботы, якія мы ўнеслі ў твой дом. Нядоўга былі мы тваімі гасцямі, але ўжо хоць бы за тое, што выязджаем адгэтуль з большай надзеяй, чым мелі яе, парог пераступаючы, табе наша ўдзячнасць.
Дон Мігуэль моўчкі пакланіўся.
— Ты сказаў, вітаючы нас, — гаварыў далей падрэ Дыега, — што не гонішся за гонарам. Гэта цудоўна сведчыць пра тваю сціпласць, сыне мой. Але, святы Божа, ці ж варта, каб нашчадак такога славутага роду жыў на ўзбоччы, далёка ад найважнейшых дзяржаўных спраў? Мяркую, не падумаеш кепска пра нас, калі пры першым выпадку напомнім пра тваю асобу Іх Каралеўскім Мосцям. Упэўнены, радасна прывітаюць цябе ў сталіцы.
Пан дэ Лара згодна ўсміхнуўся.
— Пан дэ Мантэса якраз даваў мне ўрокі жыцця ў вялікім свеце.
— Нічога лепшага пан дон Ларэнца і не мог зрабіць, — сказаў з бацькоўскай дабратлівасцю падрэ Дыега. — Да пабачэння, сыне мой. Хай Бог цябе апекаю акрые.
З замкавага дзядзінца чуліся ржанне коней і галасы разбуджаных фамільянтаў.
Апрытомнеўшы, падрэ Тарквемада забыўся нядоўгім, нямоцным сном. Калі прачнуўся, адразу, нягледзячы на вялікую стомленасць, адчуў, што яго разбудзіла нейкая настойлівая патрэба не спаць. Толькі праз якую хвіліну па калыханні воза зразумеў, што ён у дарозе. Рыпелі колы, фыркалі коні, і чуўся манатонны тупат іх падкаваных капытоў па камяністай дарозе. Моцны вецер ірваў напятую над возам парусіну, пад ёю было спакойна і ціха. Ён ведаў, што трэба заснуць, але вастрыня першага адчування, з якім ён прачнуўся, ніяк не адступалася. Ён ляжаў нерухома, услухоўваючыся ў гэта ўнутранае напружанне, усё яшчэ ніяк не разумеючы, адкуль яно ўзялося. І раптам зразумеў: паблізу не было нікога, і тым не меней ён не быў адзін. Адкрыў вочы. Цемра, суцэльная цемра навокал.