Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
— Ты, — сказаў без здзіўлення.
— Я, — адказаў тут жа побач стомлены голас, нібы рэха ягонага. — Заўсёды я ёсць, таму што вернасць — гэта неадлучны элемент маёй натуры. Прызнай, вялебны ойча, калі я столькі гадоў вымушаны быў маўчаць, то не мая гэта віна. Цяпер, аднак, як мне здаецца, можна гаварыць?
— Кажы, — сказаў Тарквемада.
— Дзякую табе, ойча. Павер, я магу ацаніць тваю велікадушнасць. І цаню яе тым больш, успомніўшы, што да гэтага часу ты не быў да мяне ўважлівы.
— Чаго ты хочаш?
— Разумею, загадваеш мне адразу ўзяцца за справу. Слушна, так і павінна быць, у нас не вельмі шмат часу, асабліва ў цябе яго мала. Пастарайся, аднак, зразумець мяне, ойча. Калі я цяпер выказваюся так шматслоўна і ты можаш нават папракнуць мяне за балбатлівасць, дык прычына гэтага не так у маіх схільнасцях, як у вымушаным бясконцым маўчанні.
— Я гаварыў і дзейнічаў за цябе. Ты мог маўчаць.
— Так, гэта праўда. Я даўно заўважыў, што за тых, якія прагнуць ашчаслівіць чалавецтва, мне няма чаго гаварыць. Нязвыклае, сапраўды, вяду існаванне. Людзям, якія глядзяць на рэчы павярхоўна, можа нават здацца, што я ў такім разе наогул не патрэбны. Не так яно гэта на самай справе, і такога роду ўплывы ў сваёй аснове — фальшывыя. Варта часам і цэлы век маўчаць, каб пад канец яго ўзяць слова. Ніколі не вядома, калі гэта настане, а таму трэба заўсёды быць гатовым, так сказаць, быць у перманенцыі. Не хочацца, мой ойча, паўтараць, але я яшчэ адзін раз, і гэта з поўным правам, хацеў бы падкрэсліць, што найвышэй за ўсё я цаню вернасць. Ты, зрэшты, павінен зразумець і ацаніць гэта. Ці ж ты не быў усё жыццё верны? Калі і дазволіў мне гаварыць, то ці не з той прычыны, што ў асноўным здагадаўся, што менавіта я ў гэтую хвіліну больш верны табе, чым ты сам сабе? Сапраўды, ты зрабіў вельмі правільна, паклікаўшы мяне.
— Я цябе не клікаў, — ціха сказаў падрэ Тарквемада.
— Маеш рацыю, сапраўды не клікаў. Але нягледзячы на гэта, я не толькі ёсць, але і гавару, выказваюся, а гэта ўжо нешта зусім новае ў нашых узаемінах. Што спавадавала гэта nоvum, задумаемся. І перш за ўсё: з'явіўся я, ці, правільней кажучы, уяўніўся? Маю надзею, што цябе не здзіўляе гэта пытанне. Бо ўсё, зрэшты, залежыць ад правільнага наймення фактаў. Дык значыцца: з'явіўся ці ўяўніўся? Глыбока падумаўшы, я стаю за вызначэнне «ўяўнення», бо не можа з'явіцца той, хто заўсёды прысутны, праўда? Але навошта я ўяўніўся? Досыць істотнае пытанне. Мяркую, што траплю ў самы раз, калі скажу, што ў выніку пэўнага аслаблення ў табе, мой ойча, чуйнасці ўзніклі аб'ектыўныя ўмовы, каб я са стану патэнцыяльнай вернасці, ці, так сказаць, статычнай, перайшоў у стан дзейснай. Менавіта гэта я меў на ўвазе, кажучы, што часам варта маўчаць і чакаць цэлы век. Цяжка, бо жыццё ж ёсць жыццё. Сама моцны чалавек можа завагацца, і ў яго веру могуць запаўзці сумненні. Павінен табе нават прызнацца, мой ойча, што людская паняверка невыказна мяне ўзрушае. Непатрэбнае, калі чалавек поўны веры, яно ў цяжкія хвіліны, калі святло праўды перастае свяціць чалавеку, аказваецца асабліва патрэбным і карысным. У такі толькі момант я ў поўнай меры ўсведамляю, якое гэта бязмежна вялікае шчасце — валодаць непахіснай верай. Твае, ойча, сумненні…
Тарквемада расплюшчыў вочы і сказаў у цемру:
— Няпраўда, няма ў мяне сумненняў.
— Разумею. Усё гэта ўжо было. Людзям так патрэбна вера, што яны нават свае сумненні любяць называць пэўнасцю. Добра, хай будзе так. Значыцца, мы абодва, не маючы сумненняў, маем пэўнасць: і ты, і я. Баюся я толькі, што мы, заўсёды да гэтага часу такія адзіныя ў разуменні рацыі гэтай праўды, цяпер адрозніваемся ў яе разуменні і ацэнцы. Дзе слушнасць? Ці могуць быць дзве слушныя рацыі, праўды?
— Не.
— Вядома! Хоць і не без унутранага хвалявання, але бачу, што нават саму праўду ты пачаў інтэпрэтаваць трохі адвольна, хоць і астаўся верны яе кампанентам, якія нязменныя і не падлягаюць ніякай рэвізіі. Гэта вельмі істотна. Мяркую, што галоўную ўвагу трэба звярнуць не на падкрэсліванне розніцы ў нашым бачанні, а на тое, што збліжае і лучыць. Праўда ж адна.
— І ты ненавідзіш яе, адну.
Голас уздыхнуў са смутным разуменнем.
— Гэта таксама было. Рэнегаты і адступнікі заўсёды сурова мяне асуджалі. Хто ж бо больш з'едліва можа ненавідзець вернасць, як не той, хто сваёй здрадзіў? Ці ж не так гэта?
— Гавары далей.
— Ахвотна, але я думаў, што калі ты развязаў мне язык, даруй гэты перыфраз прынятай ветлівасці, то толькі з мэтай прынцыповага абмену думкамі і кіруючыся найлепшым жаданнем іх узгаднення. Што ж мы, зрэшты, такое, калі не пэўная сума поглядаў? Асабіста сабою ніхто звычайна не цікавіцца. Я быў і ёсць празрысты, як праўда, якой я служу.
— Ах, якія квяцістыя словы! Прыкра мне, вялебны ойча, павінен, аднак, заўважыць, што і на табе пацвярджаецца адвечны прынцып. На жаль, няўхільнай і вартай шкадавання дэградацыі падлягае кожны чалавек, які сумняваецца. Заўсёды дагэтуль ты ўмеў гаварыць як гаспадар становішча. А цяпер ты як той сентыментальны летуценнік. Дзе ж падзелася сцісласць твайго мыслення, яго цэльнасць і вострасць? Няўжо таму толькі ты ўсё жыццё знішчаў усякую няяснасць, каб пад канец самохаць аддацца ёй у няволю? Прашу цябе, ойча, заклінаю ўсім чыста, што святое, — давай будзем гаварыць як людзі сталыя і свядомыя, унікаючы спасылак на нескардынаваныя пачуцці, захоўваючы толькі вернасць прынцыпам розуму.
Тарквемада маўчаў.
— Ты заснуў, ойча?
— Не.
— Тады чаму маўчыш? Разумею, хочаш такім чынам схіліць мяне да маўчання. А што ж табе з таго? Ты ж ведаеш, што я не магу адысці.
— Ведаю.
— Ну і?.. Скажам, калі ты хочаш, я перастану. Добра, я ўжо маўчу.
Стала ціха. Тарквемада думаў: «Я стварыў сістэму, але дзякуючы ёй і праз яе стварыў таксама людзей сістэмы. Што рабіць з імі, калі сістэма аказалася згубным шаленствам? Як адкінуць тэрор, калі ён ужо здолеў нарадзіць людзей, якія ў ім толькі знаходзяць рацыю і сэнс свайго існавання? Знішчыць іх пры дапамозе таго ж тэрору?»
Праз хвіліну блізкі голас азваўся:
— Я маўчаў. Але ты чуў мяне?
Тарквемада ўзвёў вочы.
— Так, — шапнуў, — я чуў цябе.
— І што?
— Маніш. Людзі не хочуць тэрору.
— Бедакі! Нявінныя ягняты!
— Не кпі.
— Значыцца, чалавек для цябе, ойча, ужо не слабая, гаротная, вартая пагарды істота?
— Мы зрабілі людзей яшчэ горшымі. Я памыляўся.
— У чым, калі можна даведацца?
— Ва ўсім.
— Гэта гучыць горда. Ты заўсёды быў максімалістам. Усё! Ці не хочаш ты сказаць гэтым, што і змяніць трэба ўсё? Але ж не, не думай, мой ойча, што мяне гэта нібыта занепакоіла. Змены ўваходзяць у прыроду гэтага свету. Іх толькі трэба правільна інтэрпрэтаваць. На мой, напрыклад, погляд памылак як памылак наогул не існуе. Што такое памылка? Гэта паняцце няправільнае, якому я супрацьпастаўляю паняцце правільнае. А што ж тады ёсць рэчаіснасць? Відавочна, паняцце, правільнае цяпер, у гэтую хвіліну. А чаму? Таму што правільнае паняцце, правільна фарміруючы рэчаіснасць, само — рэчаіснасць. А таму толькі актуальная правільнасць можа быць рэчаіснасцю, затое тая ж самая правільнасць з часам, калі будзе акрэслена як няправільная, страціць субстанцыю ўласцівасці быцця і з гэтага пункту погляду, што па-свойму вельмі проста, наогул перастае ёю быць. Не ведаю, мой ойча, ці ўваходзіла гэта ў твае намеры, калі ты закрануў пытанні, якія даўно мяне хвалююць. У гэтым правільным адміранні рэшткавых або наогул мёртвых зместаў і ў нараджэнні новых бачу я, павінен табе прызнацца, прынцыповую аснову дзеяння і падзей. Усё залежыць, як я ўжо сказаў, ад правільнага наймення фактаў. Я б у гэтым сэнсе пайшоў, можа, на крок далей і сказаў бы, што ўсё залежыць ад правільнага дэкрэтавання. Разумееш, што я хачу гэтым сказаць. Трансфігурацыя існага ў няісным павінна, і нават мусіць, мець адметы ўсеагульнасці, і яна, згодзішся з гэтым, не можа быць аднесена на жывёл, наадварот, яе трэба планаваць і кіраваць ёю. Апрача таго, я хацеў бы хоць пабочна выказаць адно дробнае засцеражэнне. Мы пагадзіліся, што правільная рацыя, прызнаная правільнай, траціць тым самым аб'ектыўную экзістэнцыю. Але гісторыя, мой ойча, не выносіць пустаты. Толькі новая правільнасць можа знішчыць старую. Каб усмерціць ідэю, патрэбна ідэя. Здагадваюся, што неўзабаве ты абвесціш свету новую ідэю.
— Не муч мяне, — шапнуў Тарквемада, — я і так змучаны.
— Так, гэта праўда, прашу мне прабачыць, ойча. Зрэшты, стан людской змучанасці таксама мяне вельмі цікавіць. Сапраўднае дазіраванне пакуты належыць да найбольш складаных прэрагатываў майстэрства кіравання. Нельга дапускаць, каб людзі былі спакутаваныя недастаткова, і адначасова нельга ствараць такіх умоў, каб спакутаванне было занадта вялікае. У абодвух выпадках чалавек можа стаць небяспечным. Ты напэўна заўважыў, ойча, што паміж уяўнасцю роспачы людскога розуму і сапраўднай роспаччу можна правесці пэўныя паралелі, я маю на ўвазе, вядома, паралелі вынікаў гэтых зменных дыспазіцый. І што ж? Нас павінны перш за ўсё цікавіць вынікі, бо наогул мы сустракаемся з куды большымі цяжкасцямі пры перайначванні вынікаў, а не прычын, змена гэтых апошніх зазвычай не дае нам асаблівых клопатаў. Калі ж, аднак, ідзе пра тваю стомленасць, вялебны ойча, дык я мяркую, што яна не мае характару, за які варта было б непакоіцца, наадварот, яна бадай што ў самы раз. Зрэшты, я, ойча, дзіўлюся з цябе. Сустракаюцца час ад часу неўраўнаважаныя людзі, якія раптам пачынаюць бунтаваць пасярэдзіне жыцця. Наколькі ты, ойча, больш дальнабачны і больш празорлівы за гэтых шаленцаў! Ты хацеў бы палепшыць свет, сам бадай што толькі адной нагой у ім стоячы. Гэта мудра. Здаецца мне, што, у сутнасці, ты больш цэніш справу свайго жыцця, чым гэта цяпер, аслабеўшы целам, дапускаеш.
Тарквемада хацеў павярнуць галаву, але не хапіла сілы.
— Перастань, — сказаў ён.
— Дурніца! — спакойна адказаў на гэта голас з цемры. — Каго ты, стары пень, хочаш ашукаць, мяне? Што табе з жыцця? Нічога. Дык чаго ж ты тузаешся? Можаш зрабіць адно: памерці. І то як мага хутчэй. Бо ты ўжо непатрэбны, ты зрабіў сваё. Пасля цябе прыйдуць твае выхаванцы.
Тарквемада ляжаў нерухома, халодны пот выступіў на скронях. Голас гаварыў далей:
— Нічога, на шчасце, ты не зможаш змяніць. Усё пойдзе вызначанай табою і адзіна правільнай дарогай. Будзе ўмацоўвацца будова царства божага на зямлі, вялікая справа ўсеагульнай няволі дзеля будучай свабоды і дзеля перамогі тэрору, каб магла зацараваць справядлівасць. Несумненна, час ад часу то тут то там будуць з'яўляцца нейкія маленькія людзі, якія будуць талдычыць пра нейкую там туманную і не з гэтай зямлі свабоду. Але што яны супраць сістэмы, якую ты збудаваў? Ты, мой ойча, лепш за каго б там ні было павінен разумець, што перад родам чалавечым дзве толькі дарогі, дарога ідэі і дарога бяссэнсіцы. Якую трэцюю можаш ты супрацьпаставіць? Аніякую, бо такой дарогі няма. Можна ісці да парадку альбо да хаосу. Тегtium nоn dаtur. Усякія іншыя імкненні, незалежна ад таго, у якія б эфектныя адзежыны яны ні ўбіраліся, — гэта толькі блазенскае перайманне парадку і хаосу. А таму трэба рашыць і выбраць. Я быў і ёсць за парадак. Вядома, у залежнасці ад акалічнасцяў служыў я розным ідэям, але мой розум і маё сэрца заўсёды былі на баку тых, якія бачылі парадак свету ў адзінай і агульнаабавязковай праўдзе. Людзі такога крою заўсёды былі, ёсць і будуць маімі, так сказаць, духоўнымі сынамі. Праўда, я кажу гэта не дзеля таго, каб пахваліцца. Магчыма, што нечая занадта вытанчаная ўражлівасць угледзіць у маіх словах адценне мегаламаніі ці нават пыхі. Я ўжо сустракаў такія ацэнкі. Тым часам гэта зусім не так, і калі я дазволіў сабе назваць людзей ідэі сваімі духоўнымі сынамі, дык толькі з павагі да гістарычнай праўды. На жаль, чалавечыя веды пра мінулыя часы ўсё яшчэ недастаткова пануюць над фактамі. Ведаеш, мой ойча, напрыклад, я задумваюся над нэдарэчнасцю, з дапамогай якой сама розныя вучоныя спрабуюць на пісьме высветліць пэўны выпадак, прабач, выпадак — гэта не зусім дакладнае азначэнне, бо тут ідзе не так пра факт у будзённым яго разуменні, як пра непаўторную сітуацыю, якая вызначае гістарычны прэцэдэнт. Думаю, мы разумеем адзін аднаго. Але ж так, думаю пра яблык, які Ева ахвяравала Адаму ў раі. Яблык! Праўда, гэта даволі разумная і нават не пазбаўленая прыгажосці паэтычная метафара. Але што яна азначае, што за ёю хаваецца? Вучоныя кажуць, што пад яблыкам трэба разумець свядомасць дабра і зла. Якая наіўная прастадушнасць! Каб ведаць, што такое зло і дабро, патрэбна нешта, што акрэслівае дабро як дабро і зло як зло. А што такое гэтае нешта? Дык вось, перш чым высветліць гэта, хацелася б, вялебны ойча, апісаць рай. На жаль, мае словы занадта недасканалыя, каб імі можна было перадаць гэтую візію ва ўсіх яе прапорцыях. Калі б ты спытаўся ў мяне, ці гэта мясціна горная і лясістая ці, наадварот, гэта шырокая раўніна са спакойнымі рэкамі — далібог, я не патрапіў бы вырашыць гэту дылему. А таму, не хочучы ствараць непатрэбных легенд, скажу табе столькі, колькі я ведаю: быў рай, а ў ім людзі. Ойча вялебны, легенда зрабіла з іх істот, ва ўсякім разе, дасканалых, бязгрэшных, прыгожых і невыказна шчаслівых. Але якія яны былі бедныя і пры сваім знешне бестурботным багацці, якія пахібныя і нябогія! Несумненна, нават з маімі сціплымі здольнасцямі я мог бы пры невялікім намаганні намаляваць табе райскую краіну з музыкай сфераў, а зямлю ў такіх прыгожых формах і колерах, што нават цяпер, сярод гэтай негасціннай начы, ты пачуў бы на твары лагодны павеў цёплага зефіру, а вакол сябе пахі сама цудоўных кветак. Да і людзей здолеў бы ўпрыгожыць. Фантазія? Наогул, не маю нічога супраць фантазіі. Ва ўсякім разе, я думаю, што гэта наша агульная, так сказаць, рацыя абыдзецца і без фантазіі. Будзем рэалістамі! Божа вялікі, яшчэ цяпер, калі я спрабую выклікаць гэтыя змрочныя часы, мяне ахопліваюць узнёслыя дрыжыкі літасці і спачування, ахопліваюць яны мяне не менш, чым у тыя часы, калі я сузіраў бязмежна смутны лёс першых людзей. Яны мелі, здавалася, усё, а ў сутнасці нічога. Былі голыя не толькі ў сэнсе даслоўным. А што яны мелі перад сабою, якія перспектывы на заўтра? На жаль, вельмі мала. Нямую прыроду. Усходы і заходы. Веліч глыбокай начы, асветленай толькі таямнічымі зоркамі. Дзіцячы енк. Буры і дажджы. Заўсёды далёкія гарызонты. Любоўныя пяшчоты. Засухі. Пахаванне мёртвых. Сваю смерць. Што ж яшчэ? Га! Яшчэ можа мужчынскае жаданне схапіць за горла другога чалавека. Можа, багатырскае пачуццё трыумфу, якое распірае грудзі, калі паставіць голую нагу на голы карак ворага? Можа… зрэшты, чаго нам далей гуляць у адгадкі? Будучы людзьмі, яны павінны былі мець перад сабою ўсё, што звязана з чалавечай натурай. І тут пачынаецца дылема. Сэнс, сэнс усяго гэтага! Што гэта ўсё азначае? Што такое жыццё? Што такое смерць? А нянавісць? А ўсе цяжкія думкі, якія прыходзяць ноччу? У той час, кіруючыся хутчэй за ўсё пачуццём, якое вынікала з разумення нэндзы існавання, я даў людзям, прабач, калі гэта зноў прагучыць нясціпла, даў я ў той час людзям ідэю, бо толькі яна можа ўліць патрэбны сэнс у чалавечае існаванне. Чаго ж варты гэты свет, калі ён не мае сэнсу? Права на гвалт і кроў чалавек прагнуў. Марыў, каб асвяцілі злачынства і жорсткасць. Сублімацыя аказалася неабходнасцю. Сапраўды, даючы людзям ідэю, я збавіў іх ад страшнай ялавасці і нуды.
Тарквемада неспакойна заварушыў пальцамі, нібы хацеў скінуць цяжар з грудзей.
— Божа! — сказаў уголас.
— О, менавіта! — адказала цемра. — Папаў у самы акурат.
— Божа! — сказаў уголас.
— Ну але ж! Бо было напісана: «Спачатку стварыў Бог неба і зямлю». Ідэя павінна быць вялікая і ўніверсальная, гэта ясна, ці ж не? Толькі вялікія і ўніверсальныя ідэі могуць рухаць людскую маласць. Пякельна цяжкая гэта маласць.
— Ты быў там?
— Дзе?
— Тады, напачатку?