Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
Прайшло шмат часу, перш чым апусцілі развадны мост і адчынілі браму. Калі ўсё гэта нарэшце зрабілі, падрэ Дыега разам з панам дэ Мантэса, апярэдзіўшы воз, першыя ўехалі пад нізкае скляпенне вежы. І як толькі ўехалі, вочы іх, прызвычаеныя да цермы, асляпіў бляск паходняў і смалістых лучын. Толькі праз хвіліну яны змаглі зарыентавацца, як многа нерухомых рыцараў і ўзброеных пахолкаў атачала з усіх бакоў шырокі надворак. І хоць людзей было вельмі многа, цішыня стаяла на дзядзінцы, ціха было і на змрочных мурах і замкавых вежах, чуўся толькі трэск агнёў.
Малады дон Мігуэль, акружаны гайнёй паляўнічых сабак, усміхаўся і чакаў гасцей каля анфілады, якая вяла ў замкавыя пакоі. Ён быў без зброі, меў на сабе прасторны, глыбока выразаны на шыі чырвоны каптан і светла-блакітныя, скроеныя па арабскай модзе штаны. Як гэтым уборам, так і смуглявасцю скуры і разрэзам цёмных, гарачых вачэй ён больш нагадваў нявернага маўра, чым кастыльскага рыцара.
Падрэ Дыега, сыходзячы з каня, зноў мусіў стрымацца, каб не выдаць варожых пачуццяў, якія абуджаў у ім гэты малады галава роду дэ Лара. Ён думаў, што па заведзеным парадку яго прывітаюць адпаведна яго сану і годнасці. Але дон Мігуэль, усё яшчэ ўсміхаючыся, маўчаў і, здавалася, зусім не збянтэжаны зацягнутай цішынёй, бестурботна лашчыў рукою сабак. Тады падрэ Дыега наважыўся загаварыць першы.
— Мір з табою, сыне мой, — сказаў ён.
Той моўчкі пакланіўся, не адпускаючы сабак. Воз вялебнага айца спыніўся непадалёк, і пусты двор пачаў запаўняцца тлумам фамільянтаў. «Дурніца, — падумаў падрэ Дыега, — і так рана ці позна дастане цябе рука справядлівасці». А ўголас сказаў:
— Думаю, сыне мой, ты разумееш, які табе і твайму дому гонар прымаць госцем асобу айца Вялікага інквізітара.
Дон Мігуэль адпіхнуў вялізнага харта, які лапамі ўспяўся яму на грудзі.
— Пайшоў! — сказаў мякка і лагодна.
Пасля павярнуўся да айца Дыега:
— Я не ганюся, дастойны пане, за гонарам. Навошта мне той гонар? Маю, як бачыце, усё.
І з гасцінным жэстам дадаў:
— Заходьце, аднак, дастойны пане. Мае людзі пакажуць вам дарогу. А можа, вы хочаце быць з панам Вялікім інквізітарам?
— Так, — сказаў падрэ Дыега, — стан вялебнага айца патрабуе гэтага.
Дон Мігуэль павярнуўся да капітана, які стаяў побач, пануры і маўклівы:
— Вы пан дэ Мантэса?
Дон Ларэнца ўздрыгнуў.
— Адкуль вы мяне ведаеце?
— А хто ж вас не ведае? — адказаў той. — Заходзьце, калі ласка.
І, адагнаўшы сабак, сышоў з вузкіх сходаў, каб даць дарогу людзям, якія здымалі з воза цела Вялікага інквізітара.
Цень смерці спачываў на твары айца Тарквемады. Ужо ў дарозе, у першую ноч, яго хапіў частковы паляруш, і падрэ страціў мову і прытомнасць. Цяпер, калі яго на плячах неслі дамоўнікі, ён таксама здаваўся непрытомным. Ад святла паходняў, што калыхаліся на ветры, на яго схуднелы твар падалі водбліскі і цені, а сам твар быў нерухомы і немы. Адно толькі вока падрэ Тарквемады было адкрытае, але і яно, пакутліва гледзячы ў бяздоннае неба, здавалася, нічога не бачыла ў гэтым свеце.
Пан дэ Мантэса зняў з дапамогай чалядніка зброю і адправіў таго. Ён хацеў пабыць адзін. Сеўшы перад камінам сагрэцца, ён зразумеў, што застанецца сам-насам аж да світання, неабходнасць адзіноты занепакоіла яго. І хоць быў стомлены, спаць не хацелася.
Адведзены пакой быў не шырокі, але, як і ўсе астатнія, праз якія ён праходзіў, абсталяваны з пышнасцю, якое ён не сустракаў нават у сама багатых і магутных паноў каралеўства. Усё тут ішло насуперак рыцарскай суровасці і аскетызму. Дарагія дываны на падлозе, старажытныя муры расквечаны каляровымі мазаікамі, нізкі і шырокі ложак займаў, як на злосць добрым звычаям, занадта шмат месца, а насупраць каміна сафа, засланая ўзорыстым палатном, уся ў мяккіх падушках, паўколам акружала інкруставаны стол. Усход адчуваўся нават у паветры, насычаным пахам ружовага алею.
На стале стаяў прыгатаваны госцю посілак: трохі халоднага мяса, хлеб і садавіна. Дон Ларэнца адсунуў ежу, пацягнуўся па віно. Яно было салодкае, пахучае і вельмі моцнае. Але не дало таго, чаго ён хацеў. Пасля некалькіх кубкаў яму стала яшчэ цяжэй на сэрцы, і думкі, ад якіх ён хацеў уцячы, пачалі няўмольна даймаць яго.
Навокал панавала цішыня, бляск агню, які мігацеў на пастаўленай каля каміна зброі, здаваўся адзінай адзнакай жыцця. Замак, хоць было яшчэ не надта позна, здавалася, увесь забыўся ў глыбокім сне.
Пан дэ Лара ўвайшоў так ціха, што дон Ларэнца толькі тады павярнуў ад агню твар, калі ў бляску перад сабой разгледзеў цень чалавечай постаці. Убачыўшы пана дэ Лару, які стаяў непадалёк, падхапіўся надта паспешна і раптоўна. Але дон Мігуэль трымаўся так, нібы не заўважыў гэтага. Ён сказаў:
— Я прыйшоў спытацца ў вас, ці не бракуе вам чаго?
На ім была адзежына з цёмна-пунсовага шоўку, багата патканая золатам, і ў гэтай хатняй вопратцы ён здаваўся дону Ларэнцу яшчэ больш чужы. Праз хвіліну ён адчуваў сябе побач з гэтым маладым чалавекам амаль варварам. Але горда адразу адагнаў гэтае пачуццё.
— Цудоўнае віно, дон Мігуэль, — сказаў лёгка. — Сядай і выпі са мной. Жывеш на гэтым адлюддзі, бы ў казцы.
— Вы так думаеце, пане? Цяжка мне, праўда, вызначыць, што ёсць, а што не ёсць казка. А пакуль што жыву, як мне падабаецца.
Дон Ларэнца ўголас засмяяўся.
— На лішак сціпласці не можаш паскардзіцца. Гаворыш такім тонам, нібы хочаш даць зразумець, што толькі ты адзін умееш жыць паводле свайго жадання. Няўжо ты так думаеш?
— Не, — адказаў дон Мігуэль, — я не лічу сябе чалавекам, якому дадзена шмат прывілеяў. Проста адны жывуць згодна са сваімі жаданнямі, другія насуперак ім.
— І напэўна, як я здагадваюся, прыпісваеш гэтым першым розныя цноты і дабрачыннасці і, перш за ўсё, асабліва вялікую адвагу?
— Правільна, пане, здагадваецеся. Сапраўды, у наш час, каб думаць, трэба мець адвагу.
— Бачу, не вельмі табе даспадобы наш час?
— Наадварот, захапляюся яго дасканалай справядлівасцю.
— Няўжо? Няўжо?
— Да гэтага часу, як вядома, людзей падзяляла страшэнная няроўнасць. Адны выйгравалі сваё жыццё, другія яго прайгравалі. Цяпер паражэнне церпяць усе аднолькава.
Дон Ларэнца паморшчыўся.
— Гаворыш, як ератык.
— Гавару, як думаю.
— Тым горш, калі так думаеш.
— А вам не здаецца, пане, што ад паражэння найменш пацерпіць той, хто яго прадбачыць?
— Не ведаю. Я прывык думаць, што той перамагае, хто наогул не бярэ паражэння ў рахубу.
— Не сумняваюся, пане, што менавіта так вы і думаеце. Але надзея заўсёды каштуе даражэй.
Дон Ларэнца наліў у кубак і, перш чым паднесці яго да вуснаў, сказаў цвёрда:
— Надзея не церпіць паражэння.