Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

Каб закончыць, аднак, аб працэсе Ларэнца Перэза, мы павінны з абавязку краністаў дадаць, што ўжо ў месяцы сакавіку, на дзень святога Іосіфа, усе набожныя жыхары горада Таледа мелі магчымасць удзельнічаць у вялікай урачыстасці, пад час якой ератык і бунтаўнік Ларэнца Перэз, а таксама шматлікія супольнікі яго злачынства былі аддадзены ачышчальнаму полымю. Тыя, каго абцяжарвалі меншыя правіны, таксама і кару панеслі менш суровую і былі засуджаны на шматгадовыя галеры або на царкоўныя цярпенні і грашовыя рэстрыкцыі, але ў кожным выпадку на страту годнасці і забарону займаць пасады аж да трэцяга калена.

Радуючыся такой поўнай перамозе справядлівасці, не лічыць нам, аднак, не выказаць жалю, што той, які рашуча пасабляў высветліць чыстую праўду, не пабачыў яе апошняга трыумфу.

Праз дзень пасля таго, як Ларэнца Перэз скарыўся перад Святым трыбуналам, вялебны айцец Тарквемада цяжка занядужаў, і, хоць лекар і блізкае атачэнне не сказалі яму пра сур'ёзнасць стану, — ён сам, ведзены беспамылковым адчуваннем незабаўнай смерці, пажадаў аддаць Богу душу і пайсці ў небажаты ў роднай Авіле. Ніхто не адважыўся супрацівіцца яго волі.

І вось раніцай трынаццатага верасня года ад нараджэння Госпада Бога нашага Ісуса Хрыста адна тысяча чатырыста дзевяноста восьмага, папярэдне стварыўшы хвораму сама лепшыя ўмовы падарожжа, почат дамоўнікаў Вялікага інквізітара вырушыў з Таледа, каб суправаджаць вялебнага айца ў яго апошняй зямной вандроўцы.»

Раздзел шосты

Вечар быў не позні, але вельмі цёмны, ветраны і дажджлівы, калі почат дамоўнікаў Вялікага інквізітара, цэлы дзень кіруючы трактам ля падножжа Сіера дэ Грэдас, дабраўся, нарэшце, да перавала Санта Ана і цяжкай горнай дарогай пачаў сыходзіць на ўзгор'і Старой Кастыліі. Наваколле было бязлюднае і дзікае, ды і слава ў яго была вельмі благая за рабункі і гвалты, якія чынілі навакольныя бароны, а таму ў гэтыя мясціны, асабліва начною парою, нават салдаты Святой эрмандады завітвалі вельмі неахвотна.

Воз, на якім спачываў вялебны айцец, быў шчыльна акрыты парусінай. Рухаўся павольна, але ўсё роўна яго трэсла на здрадлівых выбоінах, бо дарога была няроўная, камяністая і коўзкая. Адразу за перавалам Санта Ана імжа перастала, затое імгла, якая падымалася з далін, гусцела ўсё больш. Запалілі яшчэ паходні, але гэта мала дапамагала, свяцілі яны слаба. У глыбіні цемры грымеў паток.

Дон Ларэнца дэ Мантэса ехаў паблізу воза, ведучы свайго андалузца так упэўнена і свабодна, нібы днём па роўнай дарозе. Падрэ Дыега, закрываючы ад ветру твар плашчом, пад'ехаў на сваім кані да яго.

— Дон Ларэнца, — сказаў ён, — баюся я, што вялебны айцец не вынесе цяжкасцяў гэтай дарогі. Слабее з гадзіны на гадзіну.

Пан дэ Мантэса, статны і лёгкі, нягледзячы на тое, што быў абвешаны зброяй, здавалася, пранікаў яснымі вачыма і ў мглу, і ў цемру. Ён спытаўся:

— Што загадаеш, вялебны ойча?

— Ведаеш гэтыя мясціны?

— Я нарадзіўся пад Авілай.

— Ці ёсць тут дзе спыніцца нанач?

Пан дэ Мантэса паказаў рукою наперад.

— За чвэрць гадзіны адсюль ёсць замак.

— Чый?

— Паноў дэ Лара.

З правага боку па крутым адхоне з грукатам асыпалася каменне.

— Галава гэтага вялікага роду, — сказаў задуменна падрэ Дыега, — калі я не памыляюся, дон Мігуэль дэ Лара?

— Так, ойча.

— Гэта праўда, што яго бацька ўзяў за жонку кабету з паганскага роду Абенцарагаў?

— Так, вялебны ойча, гэта праўда. Аднак яна прыняла нашу веру.

— Ці добрае імя ў гэтага дона Мігуэля?

На гэта пан дэ Мантэса адказаў:

— Я не ведаю дона Мігуэля, але чуў, ён высока цэніць свабоду.

Конь вялебнага айца пакаўзнуўся, але падрэ Дыега моцнай рукой у пару яго стрымаў, і той не ўпаў.

— Знаю такіх людзей, — сказаў з пагардай. — Цэняць сваю свабоду, не ведаючы, а што яшчэ горш, не хочучы ведаць, што такое сапраўдная свабода.

— Якраз гэта і я хацеў сказаць, вялебны ойча. Што загадаеш?

Падрэ Дыега адказаў:

— Вялебнаму айцу больш за ўсё патрэбен адпачынак.

Замак паноў дэ Лара сапраўды быў недалёка. Цёмны і зачынены, узносіўся мурамі і вежамі высока па-над дарогай, як каменнае гняздо над ускраем стромай скалы, а ля яе падножжа, недзе глыбока ўнізе, шумела бурная рака.

Дарога, якая вяла да замка, была крутая і вузкая, коні слізгаліся на ёй, мгла, праўда, трошкі ўжо разышлася, затое пранізлівы вецер дзьмуў проста ў твар. Некалькі лучнікаў спешыліся, каб плячыма падтрымаць цяжкі воз.

Апынуўшыся перад мурамі замка, падрэ Дыега, прыгнечаны іх змрочнасцю, пашкадаваў аб сваім рашэнні. Але вяртацца назад было позна. Якраз ужо адзін з дамоўнікаў затрубіў у рог, і, перш чым заціхлі яго гукі, з вышыні пачуўся зычны голас:

— Хто вы такія і што вам трэба?

Пан дэ Мантэса выехаў наперад. Крыкнуў:

— У імя караля і каралевы — адчыніце!

Праз нейкую хвіліну ўжо другі голас, малады і гучны, запытаўся:

— Хто гаворыць ад імя караля і каралевы?

Пан дэ Мантэса адказаў:

— Яго дастойнасць, вялебны айцец Вялікі інквізітар.

— Падрэ Тарквемада? — здзівіўся ў цемры юначы голас. — Які ж інтэрас, ды яшчэ так позна, мае да мяне дастойны пан Вялікі інквізітар?

Пан дэ Мантэса, нецярпліва гарцуючы на сваім андалузцы, ужо хацеў востра адказаць, але падрэ Дыега паклаў яму далонь на плячо.

— Не варта нам, дон Ларэнца, гаварыць ганарыста і пыхліва, — сказаў напаўголаса.

І са спакойнай годнасцю, трохі павысіўшы голас, сказаў у цемру:

— Хай будзе пахвалёны Ісус Хрыстос.

Было ціха. Спытаўся:

— Ці з панам дэ Лара гаворым?

— Так, я пан дэ Лара, — адказалі з муроў.

Падрэ Дыега павінен быў зрабіць вялікае намаганне, каб не выказаць сваю антыпатыю, якую абуджаў у ім гэты дзёрзкі голас. Сказаў:

— Цяжкая і смутная неабходнасць прымушае нас шукаць гасціны ў вашым доме, пане. Вялебны айцец, пакутуючы ад цяжкай хваробы, едзе ў Авілу, але мы баімся, што можа не вытрымаць цяжкай дарогі, калі не адпачне гэтай ноччу.

— Няўжо пан Вялікі інквізітар сапраўды так цяжка хворы? — спытаўся пан дэ Лара, не вельмі ўдаючыся ў смутак.

Падрэ Дыега памаўчаў хвіліну. Нарэшце сказаў:

— Усё так, як я сказаў.

— Тады заходзьце, — адказаў пан дэ Лара. — Ці пану Вялікаму інквізітару будзе дастаткова, калі яго будуць суправаджаць дзесяць вашых рыцараў?

На гэты раз падрэ Дыега не стрымаў абурэння і ўсклікнуў:

— Божа мой! Не з мечам прыйшлі мы да гэтага дома, а з жальбай і з мірам.

— Тады добра, — адказаў той, — будзьце маімі гасцямі ўсе.

Поделиться с друзьями: