Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

П. — Божа!

Т. — Нагадваю абвінавачанаму, што заклік імя божага не ёсць паказанне, якога цярпліва чакае Святы трыбунал.

П. — Ваша Мосць, вялебныя айцы, я ніколі не ўступаў ні ў якую змову.

Т. — Няхай абвінавачаны звернецца да сваёй памяці.

П. — Клянуся, ніколі не быў змоўшчыкам, я просты чалавек. Чаго вы хочаце ад мяне?

Т. — Праўды.

П. — Сатана — носьбіт зла.

Т. — Хто разам з абвінавачаным удзельнічаў у змове супраць Іх Каралеўскіх Вялікасцяў і царквы?

П. — Я не ўдзельнічаў ні ў якай змове, Ваша Мосць. Малю вас, паверце мне. Памыляўся я, нячысты ўблытаў, гэта ён уцягнуў мяне ва ўсё гэта.

Т. — Святы трыбунал, заклапочаны адзіна турботай пра душу абвінавачанага, ахвотна верыць абвінавачанаму.

П. — Дзякую, Ваша Мосць.

Т. — Аднак раней абвінавачаны мусіць даказаць сваю заяву.

П. — Не разумею, Ваша Мосць.

Т. — Абвінавачаны сцвярджае, што не меў ніякіх бунтоўных намыслаў, а таксама не ўваходзіў ні ў якую змову супраць свецкай і духоўнай улады. Якія доказы на карысць слушнасці гэтых слоў абвінавачаны можа прывесці?

П. — Я невінаваты, Ваша Мосць!

Т. — Дык няхай абвінавачаны дасць доказы сваёй невінаватасці.

П. — Ваша Мосць, прысягаю, за ўсё жыццё, ніколі-ніколі, не ўзнікала ўва мне аніводнай бунтоўнай думкі.

Т. — Хвіліну назад абвінавачаны па сваёй волі прызнаў, што вярхоўныя ўлады дзяржавы і царквы вінаватыя за зло, якое так шырока разышлося па зямлі.

П. — Сатана звёў мяне, Ваша Мосць.

Т. — Яшчэ раз паўтараю абвінавачанаму, што Святы трыбунал нічога так не прагне, як паверыць абвінавачанаму. Хай жа абвінавачаны, заклапочаны выратаваннем сваёй душы, дакажа Святому трыбуналу, што сапраўды ніколі не меў мяцежных намыслаў і не ўваходзіў ні ў якую змову.

П. — Клянуся крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста — невінаваты.

Т. — Ці адзіны гэта доказ невінаватасці, які абвінавачаны жадае прывесці?

П. — Чым жа яшчэ я магу даказаць, Ваша Мосць?

Т. — На гэта пытанне няхай адкажа сам абвінавачаны.

П. — (Маўчыць.).

Т. — Ці азначае маўчанне абвінавачанага адмову прывесці Святому трыбуналу пераканаўчыя доказы невінаватасці?

П. — Я не адмаўляюся, Ваша Мосць, але, бадай што, адзін Бог можа засведчыць маю невінаватасць.

Т. — Святы трыбунал з жалем зазначае, што абвінавачаны, насуперак шматлікім заклікам да разумнасці, упарта адмаўляецца прывесці доказы таго, што ён не меў ніякіх мяцежных намыслаў супраць свецкай і духоўнай улады і не ўваходзіў ні ў якую змову, якая мае на мэце пагвалчанне парадку, што пануе ў каралеўстве. Так абвінавачаны сама відавочным чынам засведчыў свае злачынствы. Усім вядома, што любы закон, устаноўлены Каралеўскай Вялікасцю, мае на мэце дбанне пра дабрабыт усіх падданных, Святой жа царкве давераны Госпадам нашым Ісусам Хрыстом клопат пра непагрэшнасць чалавечых душ. Абвінавачаны ж з незвычайна мярзотнай зацятасцю імкнецца аспрэчыць гэты натуральны і спрадвечны парадак, абгаворваючы абедзве ўлады ў нібыта іхняй прыхільнасці да насаджэння зла на зямлі. Нягледзячы на гэта, Святы трыбунал не адмаўляецца ад клопату пра душу абвінавачанага і яшчэ раз узнаўляе сваю спробу, заклікаючы: хай абвінавачаны прызнае ўсю праўду. Абвінавачаны, як гэта ён сам паказаў на першым следстве, не шкадаваў энергіі і намогаў, калі заходзіла пра шашні з сатаной. Ці пацвярджае гэта абвінавачаны?

П. — Так, Ваша Мосць, я хадзіў да той кабеты, вядзьмаркі, бо сапраўды хацеў прадаць сваю душу.

Т. — А пазней, калі абвінавачаны пераканаўся, што сатана нібыта не існуе, з кім абвінавачаны дзяліўся сваімі сумненнямі?

П. — Не памятаю ўжо, Ваша Мосць.

Т. — Аж з такой вялікай колькасцю людзей, значыцца, гутарыў абвінавачаны на гэтую тэму?

П. — (Маўчыць.)

Т. — Святы трыбунал верыць абвінавачанаму, што цяпер ён не пры памяці. Каб памагчы абвінавачанаму і даючы яму час на роздум, Святы трыбунал адкладвае далейшае следства на другі дзень.

На раніцу дня дзевятага верасня ў прысутнасці таго ж, што і напярэдадні, Святога трыбунала Ларэнца Перэз паказаў наступнае:

Т. — Святы трыбунал вядзе далей следства па справе Ларэнца Перэза, абвінавачанага ў пашырэнні зламысных поглядаў, супярэчных вучэнню царквы, а таксама ў саўдзеле ў шырокай змове, якая мела на мэце пагвалчанне існуючых у Каталіцкім Каралеўстве духоўных і свецкіх уладаў і правапарадкаў. Ці жадае абвінавачаны дапоўніць свае паказанні?

П. — Так, Ваша Мосць.

Т. — Святы трыбунал слухае абвінавачанага.

П. — Ваша Мосць, шаноўныя айцы, дзякую за дадзеную мне адзіную і апошнюю магчымасць не так зацьміць мае цяжкія грахі, як, праліўшы на іх святло, паказаць іх поўную мярзотнасць. Калі б малітвы чалавека, такога злачыннага, як я, маглі што-небудзь значыць для Бога, я б маліўся за вас, вялебныя айцы, бо, хоць і нізка я ўпаў, хоць і занурыўся ў прорву ілжы, вы падалі руку дапамогі, пасобіўшы мне ўсвядоміць мае гнюсныя злачынствы. Не жадаючы, аднак, апаганіць сваім подлым голасам трон божы, я мушу на асцеражэнне тым, што, як я, захацелі б калі-небудзь апусціцца ў морак пекла, упакорана і ўмілажалена прызнаць свае грахі. Сапраўды, многа цяжкасцяў зведаў я ў сваім жыцці, і, ахоплены безразважнасцю і пыхай замест бязмежнай веры ў літасць божую, замест пакоры перад доляй і клопату пра збавенне душы, я нягодна адмёў вучэнне царквы, паставіўшы сябе над адзінай ісцінай, і, атручаны такімі мяцежнымі думкамі, пачаў шукаць хаўрусу з сатаной, не разумеючы, што, адрываючыся ад суполкі дабраверных і ідучы следам за толькі сваімі блюзнерчымі думкамі, я ўжо тым самым у вечнай уладзе нячыстага. Разумею цяпер, вялебныя айцы, што на мае заклікі д'ябал зусім не абавязаны быў з'яўляцца, бо і без таго я самахоць прадаў сябе яго ўладзе. Але гэтым не вычэрпваюцца мае беззаконні. Я спрабаваў здабыць збавенне ілжывымі выкруткамі, зацінаючыся ў ерасі, цяпер, аднак, вамі, вялебныя айцы, прасветлены, бачу, што толькі безмежна шчырае прызнанне праўды можа прынесці сапраўднае выратаванне, яшчэ магчымае для мяне, — то бок пакорліва, павінаваціўшыся перад людзьмі і Богам, панесці заслужаную мною кару.

Прадаўшыся сатане, толькі яго д'ябальскімі сцежкамі мог я ісці далей адно ўчыніўшы злачынства, я ўжо быў асуджаны рабіць яшчэ больш страшныя і жахлівыя. Сам у руках сатаны, я пашыраў нячыстыя погляды, што нібыта ён, сатана, не існуе і душам людскім не пагражае, сеяў я смуту і заразу ў душах і сэрцах, падточваў асновы веры, праўду хлуснёй падтыкаючы. Усвядоміўшы цяпер ненасытную, неспатольную пражэрлівасць зла, бачу, што і гэтым я не задаволіўся, таму што ад хаўрусу з д'ябальскімі сіламі прага чыніць зло авалодала мною цалкам, і з гэтых прычын, апантаны нянавісцю да дабра і не помнячы, што сам я — нікчэмны чарвяк, які павінен быць удзячны Каралеўскаму маестату і царкве, я ступіў на шлях адкрытага бунту супраць найвышэйшых улад каралеўства, прыпадобніўшыся такім чынам распраненаму з усякай павагі і веры злачынцу, які занёс богазневажальную руку на айца свайго і на маці сваю. І вось, абцяжараны такімі страшнымі злачынствамі, я не заслугоўваю, вялебныя айцы, ніякай літасці, і калі смею пра што-небудзь прасіць у вас, дык адзіна пра кару найбольш суровую, каб яна і мне самому дапамагла ачысціцца ад грахоў, а ўсім жывым стала справядлівым адшкадаваннем за зло, учыненае мною.

Т. — Ці абвінавачаны можа назваць прозвішчы асоб, якіх уцягнуў у змову?

П. — Так, Ваша Мосць, я гатовы назваць прозвішчы людзей, якіх я падбухторыў да ўдзелу ў гэтай злачыннай дзеі, бо толькі такім чынам магу я ацаліць іх душы ад вечных пакут.

Т. — Святы трыбунал слухае абвінавачанага.

Рэестр злачынцаў, названых Ларэнцам Перэзам, ахоплівае некалькі дзесяткаў людзей: мужчын, дзяцей і кабет, якія жылі ў самім Бургіласе або ў ваколіцах, але нам не здаецца абавязковым пералічваць іх усіх, бо за размах самой змовы яны сведчаць больш сваёй колькасцю, чым пайменным пералічэннем, якое і раней казала не надта многа, а тым меней сёння.

Адно, праўда, прозвішча з дэмаскаваных бунтаўнікоў варта дзеля навучання назваць, а менавіта паганьбаванае імя святара Мігеля Варгаса, пробашча з Бургіласа, які, будучы спавядальнікам Ларэнца Перэза, выявіў пры выкананні сваіх абавязкаў вартую пакарання слепату і, заслужыўшы не меншую асуду, забыўся пра пільнасць супраць зла.

Справа Ларэнца Перэза, так глыбока даследаваная і да самага карэння раскрытая вялебным айцом Вялікім інквізітарам, хоць і мела яна дачыненне да простага люду, дае, аднак, асабліва красамоўнае сведчанне таго, да якога цяжкага злачынства прыводзіць адступства ад асноў веры. З усіх бакоў атачаюць нас зламысныя разбуральныя д'ябальскія сілы, нецярпліва чакаючы, каб з кожнай людской слабасці, а больш за ўсё з непасаромленай пыхі і фанабэрыі выдабыць сабе карысць. Вялікае поле бітвы — гэтая зямля, а праўда адкрытая чалавечаму роду толькі адна — згуртаваўшыся вакол яе і служачы ёй, мы можам быць непахісныя ў веры, мы можам быць пэўныя, што ўсе варожыя спакусы і вышпігі разаб'юцца аб муры нябеснай фартэцыі і непрыяцель у сваёй бяссільнай злосці пацерпіць канчатковае паражэнне.

Поделиться с друзьями: