Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
— Не плачце, панначка, — заўважыўшы бляск у яе вачах, ціха сказаў Ян. — Не плачце, вашы слёзы мучаць мяне. Няўжо Бог зблізіў нас, каб мы маркоціліся. Я жадаю прысвяціць вам жыццё. Гэта думка акрыляе мяне. І няхай здарыцца тое, што ўжо прадказана лёсам, — галоўнае — паспець зрабіць вам прыемнае, паспець парадаваць вас. Калі я ў гэтым дасягну поспеху, то што мне маё жыццё, я і на нябёсах буду шчаслівы.
Аднак яго словы не супакоілі панну Марыю, — наадварот, яны адклікнуліся ў ёй нядобрым прадчуваннем.
— Навошта ты гаворыш пра нябёсы і халоднае замагільнае шчасце! — са страхам прамовіла яна. — Не! Не! Мы жывыя! І мы будзем шчаслівымі пры жыцці! Я так хачу! Я прашу гэтага ў Бога кожны дзень!..
— Вы будзеце шчаслівая, панна Марыя, — адказаў Ян. — А пра мяне… пра мяне не думайце.
Панна Марыя са здзіўленнем паглядзела на суразмоўца.
— Што з табой, Ян? — спытала яна. — А як жа наша блаславенне?
— З той самай ночы ніхто з нашых не чуў пра псаломшчыка. Дзе ён і што з ім? Можа, косці яго даўно знаходзяцца ўжо ў зямлі.
— Нас блаславіў не псаломшчык — а неба! Не пазнаю цябе, Ян!
— Каб я мог хоць што-небудзь змяніць, — ціха адазваўся ён. — Я ж — усяго толькі сын млынара, просты садоўнік…
Яны нарэшце рассталіся. Панна Марыя была яўна расхвалявана. Калі б не Люцыя, якая ўзяла яе пад руку, ёй было ўсё роўна куды ісці. «Каб я мог хоць што-небудзь змяніць, — гучаў у яе вушах засмучаны голас Яна. — Я ж — усяго толькі сын млынара, просты садоўнік». У гэтых словах ёй чулася заклінанне. Яны адчынялі ёй новую, дагэтуль невядомую старонку ў яе ўяўленні аб гэтым свеце і сваім прызначэнні ў ім. Раней яна была ўпэўнена, што Ян кахае яе і будзе заўсёды побач з ёй. Цяпер яна пачынала разумець, што нават блаславенне Лагафета не дапаможа ёй ажыццявіць сваю мару! Гэтае адкрыццё ўсяляла ў яе поўную разгубленасць, якая была на мяжы вар'яцтва. Яна адчувала, што Ян гаварыў правільна, і што аднаго блаславення для таго, каб яны былі разам, яўна недастаткова.
У гэту ноч панна Марыя доўга не магла заснуць. Яна ляжала і напружана ўзіралася ў вялікае акно сваёй спальні. Ёй чамусьці здавалася, што ў гэты чорны прамавугольнік можа заляцець адказ на хвалюючае яе пытанне. Але адказ не залятаў. А таму адчай яе не змяншаўся.
Нарэшце яна паднялася і падышла да акна. Возера адгадвалася па шматлікіх белых льдзінках. Моцнае пацяпленне раскідала іх і значна зменшыла. Панна Марыя нечакана падумала: «Калі ён не будзе маім, утаплюся!» І тут жа нечы голас гучна і ўладарна запярэчыў ёй: «Гэта чаму ж ён не будзе тваім! Ён — ужо твой!»
Панна Марыя, спалохаўшыся, адскочыла ад акна, азірнулася, быццам нехта сапраўды мог знаходзіцца ў яе спальні. Амаль не валодаючы сабой, яна расчыніла дзверы ў суседні пакой і паклікала:
— Люцыя, ідзі сюды!..
Босыя ножкі служанкі прашлёпалі па паркетнай падлозе, прашоргалі па дывану спальні. Люцыя ўнесла запаленую свечку. Заспаны твар служанкі не хаваў здзіўлення.
— Што-небудзь здарылася, панначка? — спытала яна.
— Здарылася, Люцыйка, — стрымана адказала панна Марыя і зноў падышла да акна.
Служанка адгадала стан пані. Люцыя адчула, што зараз пачуе нешта вельмі важнае. І ў яе прапаў усялякі сон.
— Заўтра раніцой, — таксама стрымана і ўпэўнена працягвала панна Марыя, — калі Ян выйдзе ад князя, ты сустрэнеш яго і прывядзеш сюды.
— Сюды?..
— І зробіш гэта так, каб ніводная жывая душа не заўважыла. — Жадаючы апярэдзіць пытанні, на якія ўсё роўна не змагла б адказаць, яна дадала — Так трэба, Люцыя!
Голас яе гучаў цвёрда і рашуча. Панна Марыя давала зразумець Люцыі, якая вытарашчыла на яе свае вочы, што яна выпакутавала сваё жаданне і што ўсялякія спробы адгаварыць яе безнадзейныя.
— Так трэба, — паўтарыла яна.
— Слухаюся, панначка, — Люцыя пакланілася. — Выканаю ўсё так, як вы загадалі.
Праз хвіліну панна Марыя зноў была адна. Але цяпер у яе спальні гарэла свечка. І таму на сэрцы яе было крыху спакайней. Цяпер ёй нават здавалася, што цяжкасці яе не так ужо і не вырашальныя. Яе прыемна хвалявала думка аб надыходзячай сустрэчы. Яна не баялася помсты Бога, бо лічыла сябе застрахаванай блаславеннем псаломшчыка. Успомніўшы Пахомія, яна пажадала ўбачыць гэтую адзіную сведку яе саюза з Янам. Ёй здавалася, што толькі ён можа дапамагчы ёй. Падышоўшы да абраза, яна пачала маліцца за Лагафета. Яна прасіла ў Бога даць старцу Пахомію сілы і здароўе, прасіла, каб той хутчэй вярнуўся…
VII
Нарэшце праект быў закончаны, і Ян пайшоў паказаць яго князю. Знаёмы лакей, як звычайна, правёў Яна праз лабірынты замкавых памяшканняў, пасля чаго ўпусціў у апартаменты гаспадара.
Князь прыняў садоўніка гасцінна. Як заўсёды, пацікавіўся ўмовамі жыцця. Потым папрасіў развярнуць чарцёж. З гэтай хвіліны размова пайшла пра будучае парка.
— Якія доўгія твае дарожкі,— адзначыў князь. — Ці не стомяць яны таго, хто будзе па іх гуляць?.. Вось хоць бы гэта, якая вядзе са Старога парка да Паповай горкі. Яна кружыць, нібы хвост каметы. Ці нельга яе спраміць?
— Наадварот, я зыходзіў з таго, каб працягнуць задавальненне таго, хто будзе тут гуляць, — патлумачыў Ян. — На маю думку, парк — тое месца, дзе адпачываюць. Сюды прыходзяць за натхненнем і яшчэ, можа, за тым, каб набыць добры апетыт, румянец на твары, прыемны сон. Не хвалюйцеся, ваша міласць, дарожкі і іх працягласць не будуць выклікаць сум. Сумаваць проста не будзе часу. Кожная паляна, нават кожнае дрэва будзе прымушаць думаць, выклікаць пэўны настрой.
— Добра, добра, — пагадзіўся князь. — Працягвай.
— Большасць дарожак будуць сыходзіцца вось тут, у вадаспада. Апошні ў сваю чаргу створыць асаблівы шумавы фон, дзякуючы якому парк будзе мець свой твар. Алея, якую вы параўналі з хвастом каметы, абыходзіць па датычнай некалькі палян. На адной, — Ян паказаў на малюнак, — вось у гэтым месцы, будуць высаджаны секвоі. А вось тут, дзе дарожка ўздымаецца да старой каплічкі, прапаную пабудаваць гранітныя прыступкі. Той, хто будзе падымацца па іх, будзе адчуваць урачыстасць, глыбокую пашану, нібы ён узнімаецца да дзвярэй нябеснага храма.
Князь слухаў не перапыняючы. Ён глядзеў на садоўніка і, здавалася, бачыў новы парк яго вачамі… Парк падабаўся яму. Падабаўся тым, што аўтар яго па-майстэрску і натхнёна расказваў пра свае задумкі. Князь уяўляў вадаспад, гранітныя прыступкі, якія вядуць да каплічкі, услухоўваўся ў шум падаючай вады, маўклівасць секвой… Ён з упэўненасцю думаў, што недарэмна аддаў грошы за навучанне падданых. Ад думкі, што паступіў так дальнабачна, яму было прыемна.
— Ну што ж, добра, добра, пан садоўнік, — пахваліў князь Яна, калі той закончыў.— Мне паказаўся сімпатычным твой праект. Дастаткова і фантазіі, і мудрасці. Прадумана кожная паляна, кожнае дрэва. Спадзяюся, новы парк будзе натхняць не толькі мяне, але і маіх нашчадкаў… Пакінь твой праект. Я дам паглядзець яго мастаку. Спадзяюся, ужо з наступнага тыдня можна будзе разварочваць работу.