Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
Варта вежы адрозьнiвалася ад усёй залогi Замку сваёй зброяй, вопраткай i нязломнай рашучасьцю. "Палякi Януша" - здагадаўся Францiшак, i разважлiва вырашыў пакiнуць свае спробы. Вярнуўся ў свой пакой i паспрабаваў спакойна абдумаць стварыўшаеся становiшча. Больш за ўсё непакоiла яго гармата...
Час няўмольна рухаўся. I чым глушэй рабiлася ноч, тым болей непакоiўся Францiшак, на свае ўласныя вочы пераканаўшыся ў сiле Камянецкае абароны. Каб ведаў Сыч... Страшна было й падумаць, што мелася неўзабаве стацца. Колькi крывi пральлецца ў гэтую цёмную непрыветную ноч, i цi хоць удасца вызвалiць Ваяводу?
Францiшак прысеў на край ложка, у ног безтурботна спаўшага "паслушнiка", i, абхапiўшы рукамi галаву, цяжка задумаўся. Думкi яго круцiлiся наўкола гарматы й вялiкага лiку ўзброенае залогi... Як абязьсiлiць iх?...
* * *
У вялiкай пахмурай залi, асьвечанай некалькiмi патрэскваючымi й моргаючымi сьвечкамi, за сталом сядзелi тры чалавекi. Нягледзячы на пост, на стале ляжыць вялiкае ўсмажанае парася, i стаяць напоўненыя вiном кубкi. На сьценах цьмяна паблiскваюць паразьвешаныя шчыты, шоламы, мячы, сякеры й розныя паляўнiчыя трафэi - скуры, рогi, iклы. Некалькi вялiкiх, апраўленых у пазалочаныя рамы малюнкаў, асьвяжаюць прыгожымi краявiдамi змрочную залю. З-за вокан даносяцца прыглушаныя перагукi варты. Чырвонымi ўздыхамi вогнiшчаў, час ад часу, успыхваюць вузкiя вокны-байнiцы.
Аддзiраючы рукамi кавалак парасяцiны й запiваючы яе вiном, субяседнiкi панура маўчаць. Чуваць толькi хруст касьцей на зубах ды гучнае чмяканьне. Дзесь пад падлогай папiсквае мыш...
Пан Прышынскi страшэнна незадаволены з усёй гэтай гiсторыi з Ваяводай: "Нашто было патрэбна яго выкрадаць? Гэта-ж простая дарожка на шыбенiцу... I якая нячыстая панесла пана Станiслава выбраць якраз Камянец? Мусiць, у Крэва не захацеў, баiцца..."
Гарднiчы Лазiнскi хмурыцца зь iншае прычыны. Яго непакоiць маўчаньне Нiкульскага з Турна. Абяцаў яшчэ ўчора прыехаць... Цi мо' здарылася што?
Пан Януш выцiрае жменяй тлушч на вуснах i доўгiм поглядам углядаецца ў задумлiвыя твары сваiх субяседнiкаў. Нэрвова выпiвае свой кубак. Яму не падабаецца iхны прыгнечаны настрой, толькi баязьлiвасьцю яго можна вытлумачыць. А баязьлiўцамi пан Януш пагарджае...
З надворку даносiцца ажыўлены людзкi гоман i крыкi...
У гэты момант у залю ўрываецца перастрашаны гайдук. Перавёўшы дух, ён крычыць:
– Апрышкi! Яснавельможны Пане, апрышкi!... Каля брамы!...
Пан Януш пасьпешна выпiвае яшчэ адзiн кубак вiна й, не зважаючы на сваiх субяседнiкаў, выбягае з-за стала, на хаду зашпiльваючы пас.
– Ва ймя Айца й Сына й Сьвятога Духа...
– хрысьцiцца Прышынскi, пасьпяшаючы за iм усьлед.
– Што-ж цяпер будзе? Цi адаб'ём? Госпадзе зьлiтуйся над намi... Заступi нас, Уладарка наша Беззаганная...
Лазiнскi не сьпяшаецца. Ён ведае, што пан Януш стане на чале залогi й абаронiць замак - гэта стары й дасьвечаны ваяка. Тут непакоiцца няма чаго. Але бывае рознае, i таму, у выпадку чаго, трэба будзе тое-сёе схаваць. Каб i сьледу не засталося... Злосна ўсьмiхнуўшыся, Лазiнскi памацаў свой кiнжал, i выйшаў празь iншыя дзьверы.
Хутка ён быў ужо каля прысадзiстае вежы. Польская варта не чынiла яму перашкодаў, i ён, амаль бязгучна, зьнiк у панурым скляпеньнi маўклiвай вязьнiцы...
Пан Януш узьбег па сходах на мур. Тут ужо тоўпiлiся гайдукi з заладаванымi самастрэламi й лукамi.
У нiзу, пад муром, на колькi было бачна празь цемру, варушылася людзкое мора, ашчацiненае дзiдамi, галябардамi й вiламi... Вiднелiся доўгiя драбiны й жордкi з гакамi. Там i сям палалi паходнi...
На чале ўсёй гэтай масы ўзброеных людзей, стаяў чалавек у рыцарскiм панцыры i зь сякерай у руках. Твару яго не было бачна, але Янушу здалося, што гэты чалавек усьмiхаецца - выклiкаюча й насьмешлiва.
Кроў ударыла ў твар старому ваяру, i ён гукнуў:
– Гэй, быдле, пся маць! Правальвайце прэч адсюль, пакуль не залiў вам пад скуру!
Пачуўся агульны рогат, а чалавек у панцыры прамовiў:
– Слухай, Януш зь Езёрска! I ты, Прышынскi! I ты, Лазiнскi! Зараз-жа адчыняйце браму й складайце зброю! Вас занадта мала, каб маглi супрацiвiцца мне! Падмогi не чакайце нi адкуль, бо ўсё сьпiць, а Турна спалена. Абяцаю захаваць вашае жыцьцё ўзамен на неадкладную здачу Замку, выдачу ўсiх палонных i ўплату лупу!
На мурох запанавала напружаная цiшыня, зь якой пачуўся голас Януша, насьмешлiвы й кплiвы:
– Зь кiм-жа гэта маю гонар гутарыць, пся маць? Хто гэты Яснавяльможны Пан, што загадвае мне скласьцi зброю, i абяцае падараваць мне жыцьцё, ня ўзяўшы мяне яшчэ ў палон?
– Я Сыч!
– прагучэў кароткi адказ.
– Дык слухай, Сыч! Ты, правадыр рабаўнiкоў i забойцаў! Ты начны валацуга! Пятля ўжо даўно плача па тваёй паганай шыi... I нядоўга ўжо ёй засталося чакаць. Пачынай штурм, пся маць, калi чуесься ў сiлах, але ня думай, што ён табе ўдасца! Камянец не па тваiх зубах... Калi кажаш праўду пра Турна, то запамятай сабе, сабачая скура, што дорага за гэта заплацiш! Можаш сказаць мне, дзе зараз пан Нiкульскi?
– Тваю сабачую душу ў пекле чакае!
– пачуўся выкрык з натоўпу апрышак. Пасьпяшацца загадваў!
Януш нiчога не адказаў i моўчкi махнуў рукой сваiм людзям. Стрэлы градам сыпанулi з абодвух бакоў. Пачулiся енкi й праклёны.
Сычаняты рынулiся на штурм. Замiльгалi даўжэзныя жордкi, зрываючы абаронцаў з муроў. Драбiны вырастаюць як з-пад зямлi й упiраюцца ў муры Замку. Хмары стрэлаў заганяюць абаронцаў пад абарону забарола. Гайдукi страляюць усё радзей i радзей, у скважнi немагчыма высунуцца...
Прабуджаны голасам ад сваiх думкаў, Францiшак пабудзiў Мiколку, i пацягнуў яго прэч з пакою, ня даўшы хлапчуку нават прачухацца.
На асьветленым вогнiшчамi падворку, ужо вiднелiся першыя забiтыя й параненыя. Стрэлы сычанятаў, пералятаючы цераз замкавыя муры, з гучным лопатам адляталi ад мураваных будынкаў.
Францiшак у першы момант разгубiўся. Ён, хоць i быў гатовы да штурму, аднак уяўляў яго сабе йначай. Падабраўшы крысы сваёй манашай расы, ён кiнуўся бегма да брамы, сам яшчэ ня ведаючы навошта. Па дарозе ён убачыў, што гайдукi засыпаюць порах у гармату. Тут-жа на посьцiлцы, ляжыць купа насечанага волава й пыжоў. Некалькi бачуркаў з порахам стаяць паводдаль. Ад папярэдняе разгубленасьцi не засталося й сьледу. Убачыўшы пана Януша, падбег да яго й, састроiўшы перастрашаны твар, залапатаў:
– Госпадзi Божа мой! Госпадзi Божа мой! Цi мо' канец сьвету настаў? Прэсьвятая Багародзiца, сыне мой, што-ж будзе? Не пускай iх, не пускай, харобры Рыцар!...
Януш усьмiхнуўся, i, каб супакоiць манаха, прамовiў:
– Ня бойся, сьвентаблiвы ойча. Нiчога страшнога няма! Апрышкi, гэта ня войска, яны й штурмуюць як апрышкi - з фронту, у лоб. А няма таго, каб з бакоў навалiцца. Зараз яны браму крышыць будуць, бервяно прывалаклi, а мы iх з гарматы й пачастуем. Ня бойся, ойча, а тады ў мячы возьмем.