Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
Паслушнiк заўсьмiхаўся яшчэ шырэй, а Сыч дык аж ухапiўся за чэрава ад рогату:
– Ну й Францiшак! Сам сябе перавяршыў! А Даша - дык, напэўна, i не пазнала-бы, якраз як Кiрым. Ха-ха-ха...
– Францiшка...
– працягнуў нерашуча Кiрым.
– Айца Францыск...
Даўно ўжо так не рагаталi гэтыя суровыя людзi, якiх бязьлiтасны лёс павыганяў з родных хатаў, паадрываў ад родных i блiзкiх, ды кiнуў у жыцьцёвую завiруху, паставiўшы паза законам. Гучны рогат добрае сотнi людзей доўга яшчэ разносiўся па пушчы, разганяючы перапалоханую дзiчыну. А Францiшак стараўся. Стараўся з усiх сiлаў павесялiць сваiх добрых i адважных сяброў. У абед аж давiлiся ежай ад яго выбрыкаў. I па абедзе, цэлай зграяй бадзялiся за iм, выслухваючы яго казаньнi й павучэньнi...
Нарэшце дзень наблiзiўся к вечару. Сонца чырвонай куляй зблiжалася да небасхiлу. Сьнег пакрапчэў i пакрыўся тонкай ледзяной карой.
Каля брамы Камянецкага Замку спынiлiся два падарожнiкi - айцец Францыск i паслушнiк Мiкалай. Абодва, згодна з тагачасным звычаем, узброеныя лёккiмi мячамi й паляўнiчымi нажамi. У паслушнiка закiнуты за плечы лук i калчан са стрэламi. Манах упэўнена загрукаў у дубовую браму сваiм доўгiм завостраным кiем (якi ў выпадку патрэбы мог сысьцi й за дзiду).
Нiхто не адгукнуўся.
Манах загрукаў настойлiвей.
Тады, зьверху, з муру, пачуўся грубы й злосны вокрык:
– Чаго там грукаеш? Прэч адсюль! Нiкога не дазволена ўпускаць!
– "Пастукайце, i адчыняць вам", кажа Сьвятое Пiсьмо, - запярэчыў сурова манах.
– А яко-жэ й вы ёсьць верныя Хрысьцiяне, то ня можаце працiвiцца законам Гасподнiм!
Гайдук аж разгубiўся ад такога моцнага доваду, i некаторы час моўчкi прыглядаўся прышэльцам. Потым, схамянуўшыся, прамовiў, але ўжо ня так груба й злосна:
– Слухай, ойча. Кажу табе, што нiкога не дазволена ўпускаць, ды яшчэ пад вечар...
– А ты йдзi й спытайся дазволу, а за тое памяну цябе ў модлах сваiх. Iдзi-ж, не марудзь!
Гайдук нерашуча патаптаўся на мейсцы, але, падбадзёраны ўпартасьцю манаха, усё-ж адправiўся шукаць Гараднiчага, цi каго-небудзь са шляхты.
Уплыло нямала часу. Манах i паслушнiк пачалi мерзнуць. Мароз пашчыпваў шчокi й нос. Аж нарэшце на муры зьявiўся пан Прышынскi - уласьнiк Замку, i пан Януш зь Езёрска. Абодва дапытлiва аглядзелi падарожнiкаў, не парпусьцiўшы нi адной драбнiцы ў iхнай вопратцы.
– Што хочаш, сьвентаблiвы ойча?
– неўзабаве пачцiва гукнуў пан Януш, не жадаючы наклiкаць на сябе няласку бэнэдыктынца.
– Нiчога ня хочу й нiчога не прашу. Адчынiце толькi браму й пусьцiце пераначаваць.
Прышынскi й Януш, прыцiшыўшы галасы, доўга радзiлiся мiж сабой - што рабiць? Потым Януш запытаў:
– А цi не пайшоў-бы ты, ойча, у вёску? Тут недалёка... А?
– Як у вёску?
– абурыўся манах.
– Як я бачу, сыне мой, ты не далёка ад загубы, i вуснамi тваiмi прамаўляюць сiлы апякельныя. Iбо, як кажа Сьвятое Пiсьмо: "Нечэсьцiе тваё настроiла гэтак вусны твае, i ты выбраў мову Нячыстага".
– Чаму-ж так, ойча?
– спалохаўся пан Януш.
– Я-ж нiчога злога не сказаў, i ня скрыўдзiў цябе. Нашто вiнавацiш мяне так моцна?
– Ня я кажу, Сьвятое Пiсьмо кажа: "Цябе вiнавацяць вусны твае, а ня я, i твой язык гаворыць супраць цябе". Ты-ж пасылаеш мяне ў вёску начаваць, а не падумаў аб тым, што ў той самай вёсцы няверныя пагане жывуць. Беражыся, слабаверны! Бо ад гневу Божага нiдзе не схаваесься, нi ў полi, нi ў лесе, нi ў хаце, нi ў Замку мураваным. Як прарок Iсая кажа: "Iбо ад гласу Гасподня скалатнецца Ассур, жэзлам паражаны".
Пан Януш сапраўды перастрашыўся, але ўпускаць манаха ўсё-ж не хацелася. На падтрымку прыйшоў пан Прышынскi, якi, хоць i сам дрыжэў ад страхотных слоў манаха, аднак прамовiў, прабуючы апошнi сродак:
– З радасьцю мы прынялi-б цябе, сьвентаблiвы ойча, i далi-б належны прытулак такому дарагому госьцю, але мы ня можам рызыкаваць тваiм жыцьцём i жыцьцём таго шляхетнага юнака, што стаiць побач цябе. Вось-вось спадзяёмся нападу апрышак, якiя швэндаюцца па ваколiцы. Iдзi сабе лепей, сьвентаблiвы ойча, i ня гневайся. Неспакойныя зараз часы...
– Каго мае трапiць правiца Гасподня, той ня ўхiлiцца ад яе, - пасьпешна запярэчыў манах, - а хто мае памiлаваным быць, той i будзе памiлаваны!
Януш i Прышынскi моўчкi перазiрнулiся, зьбiтыя з панталыку ўпартасьцю манаха. Зьнiзу йзноў даляцеў голас, але быў ён нецярплiвы й пагрозьлiвы:
– Што-ж, калi ня хочаце даць прытулак пакорнаму манаху й шляхотнаму паслушнiку, то мы пойдзем сабе. Але памятайце, панове, што, вярнуўшыся ў Кракаў, перадам падрабязна ўсё айцу Прыёру, а ён не прамiне далажыць апякуну нашаму, Яго Мосьцi Каралю!
Напамiн аб Ягайлу зрабiў сваю справу. Пан Януш яшчэ добра памятаў сваё апошняе спатканьне з Каралём, i таму, безнадзейна зiрнуўшы на Прышынскага, махнуў рукой вартавым.
Загрымелi ланцугi, зарыпела цяжкая брама, i манах з пакорлiвым выглядам, але ўпэўненым крокам уступiў у Камянецкiя муры. Яго вачам адчынiўся грозны малюнак: адразу супраць брамы, сажнях у дваццацi, разявiла хiжацкую пашчу вялiзарная гармата. Абапал яе высiўся высокi вал з сухога ламачча ў пярэмежку з кулямi саломы. Вал меў выгляд вялiзарнае падковы, сутыкаючайся сваiмi канцамi з мураванымi сьценамi замку. Наколькi было бачна за будынкамi, усюды маячылi шоламы й шчыты вояў.
– Госпадзi памiлуй!
– ускрыкнуў устрывожаны, але не разгубiўшыся Францiшак.
– Цi мо' й сапраўды чакаеце нападу апрышак? Уратуй нас, Божа, i памiлуй...
– Розна бывае, сьвентаблiвы ойча, - адказаў пан Януш.
– Можа й прыйдзецца, пся маць, баранiцца, а можа й не...
Манаха й паслушнiка завялi ў вызначаны для iх пакой i недвухсэнсова далi зразумець, каб да ранiцы яны адтуль не вылазiлi. Але не такi быў "айцец Францыск", i не для таго сюды прыйшоў, каб сядзець склаўшы рукi ў задушным пакоi. Хуценька паклаўшы "паслушнiка" адпачываць, ён выйшаў на двор. Ужо сьцямнела. Там i сям палалi вогнiшчы, каля якiх папераменна грэлiся вартавыя.
Павольнай хадой, штось мармычучы сабе пад нос, Францiшак бадзяўся па цэламу Замку. Агледзеў усе будынкi, зазiрнуў у стайнi, некалькi разоў падняўся на муры. Углядаючыся ўпотай у глухую цемру прадзамкавых абшараў, прабаваў загутарыць з вартавымi гайдукамi. Стараўся даведацца ад iх, цi не пранюхалi ў Замку аб намерах Сыча. Але, як было вiдаць, яго ў гэтым выперадзiлi, i нi адзiн з гайдукоў не адказаў на ягоныя прывiтаньнi. Маўчалi.
Так i блукаў ён самотна й маўклiва ад сьцяны да сьцяны, ад будынка да будынка. Нiхто не рабiў яму перашкодаў. Толькi два мейсцы былi забароненыя, нават блiзка не падпусьцiлi: гармата й нiзкая шырокая вежа з вузкiмi й чорнымi шчылiнамi байнiц, - "Ваяводава вежа", як ахрысьцiў яе Францiшак. Некалькi разоў, i з розных бакоў, прабаваў ён як-бы выпадкова, наблiзiцца да яе, але кожны раз за дзясятак крокаў да страшнае вязьнiцы, упiраўся грудзьмi ў востры наканечнiк галябарды маўклiвага вартавога.