Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:

– ...А мяне з Камянецкага падзямельля выратаваў!

– Так!
– дадаў Кандрат.
– Каб ня Сыч, мы з Кiрымам нiчога не парадзiлi-б!... А Прышынскi - варты шыбенiцы...

Васiль разгублена перавёў позiрк з усьмехненага Ваяводы на Кандрата, на Кiрыма, i далей на сваiх зьбянтэжаных вояў. Ён нiчога не разумеў.

– Як-жаж так?

– А сам Сыч табе нiчога не разказваў?

– Не...

– Сыч думай, што ты кунак[36] з Прышынскi...
– зарагатаў Кiрым.

– Можа й так. Але вось слухай...
– i Ваявода коратка разказаў усё, што здарылася за гэтую ноч.

– Што-ж ты мне адразу не сказаў, стары дурань?!
– накiнуўся Васiль на Кандрата.
А я ледзь-ледзь утрымаўся, каб не паравешаць апрышак на мурох Замку. А той, Сыч, таксама цаца - маўчыць як вады ў рот набраў... Там нейкi манах яшчэ, прыглушаны й абапалены...

– Цi жывы ён?
– не ўтрымалася Даша, хапаючы Васiля за руку.
– Што зь iм?

– Здаецца, жывы яшчэ, але Прышынскi надта ўжо прасiў, каб яго першым павесiць. Кажа, што толькi празь яго Камянец i паў, - адказаў Васiль. I раптам павярнуўся да аднаго са сваiх вояў.
– Ганi, што ёсьць духу, у Замак! Ды дапiльнуй, каб там безь мяне чаго ня здарылася!... Прышынскага - пад варту!

* * *

Вестка аб тым, што Сыч злоўлены, з Камянца хутка разьнеслася па ваколiцы, i каля брамы Замку сабраўся вялiкi натоўп сялян. Людзi пахмура заглядалi на падворак, дзе маўклiва тоўпiлiся зьвязаныя апрышкi, абкружаныя суровай вартай. Учарашнiя вязьнi, вызваленыя Кандратам i Кiрымам з падзямельля, былi тут-жа. Нiхто не даваў iм веры, што яны не апрышкi...

Пагарэлыя стайнi й грыднiца дымiлi. Груганьнё хмарай кружылася над галавой, прыглядаючыся павешаным i забiтым.

Узброеныя коньнiкi й пешыя, шчыльна ахоўвалi подступы й муры Замку.

Ваявода Фёдар ехаў у санях, ня маючы яшчэ сiлы сесьцi ў сядло. Васiль i яго людзi конна ахоўвалi санi, ахапiўшы iх паўколам. Даша й Мiколка трымалiся блiжэй да Кандрата й Кiрыма. Рэшта апрышак i палонны чэляднiк засталiся ў лесе пры абозе.

Ад натоўпу сялянаў аддзялiлася невялiкая група старыкоў i, паважнай нясьпешнай хадой, накiравалася насустрач наблiжаючамуся Ваяводзе.

Коньнiкi Васiля, з пахiленымi дзiдамi, адразу шчыльнай лавай засланiлi дарогу.

– З дарогi!
– закрычаў Васiль, выцягваючы меч.
– Не затрымлiвай!

Дзядзькi паскiдалi шапкi, але засталiся на дарозе. Упарта глядзелi на Васiля, не зьвяртаючы ўвагi на вострыя наканечнiкi дзiдаў.

– Чаго хочаце, людзi?!
– гукнуў Ваявода, знакам стрымлiваючы разгневанага сотнiка, гатовага зьмесьцi з дарогi гэтую неспадзяваную перашкоду.

– Да шляхетнага пана Рыцара мы, - указаў на Васiля пярэднi высокi дзед. Паведамляюць людзi, што злавiў ён Сыча. Дык мы ўсёй грамадой прыйшлi...

– Так! Праўду кажа...
– загула рэшта барадачоў.

– Ну й чаго хочаце?
– злосна ўскрыкнуў Васiль.

– Госпадам Богам просiм, - упаў на каленi дзед, - аддай нам яго, Сыча гэнага. Павесiць чалавека ня штука, то й пан Прышынскi ўмеў, колам яму зямля, без суду й праўды. А ты, ад Гаспадара нашага, Вялiкага Князя Вiтаўта, закону й праўды абаронцам пастаўлены... Аддай нам яго - Сыча, знацца - а мы капой i суд учынiм... Як Бог сьвят, разсудзiм... Нiкому крыўды дарэмнай ня зробiм. Пэўна, ты сiлу й моц маеш, але роду ты Лiтоўскага, i звычаю Лiтоўскага ламаць ня можаш! Ад дзядоў i ад прадзедаў ён!... Каб не ў Каменцы ты на яго натрапiў, дык i мовы не было-бы, а так, не дай граху на душу прыняць. Унукi й праўнукi каб не саромелiся за нас...

Ваявода Фёдар заўсьмiхаўся, але Васiль раззлаваўся яшчэ болей, i гукнуў:

– Дай дарогу! Сам Гаспадар судзiць яго будзе! Ня вашага розуму справа!

– Дык, сам ня будзеш яго вешаць?...

– Кажу, што не! Дай дарогу!
– i Васiль крануў каня.

Дзядзькi нерашуча разступiлiся. Запярэчваць аўтарытэту Вялiкага Князя не адважвалiся.

– Слухай, стары!
– раптам гукнуў Ваявода.
– Цi вашых Камянецкiх тут у падзямельлi не было часам?

– Як не было... Чалавек зь пяток. Мая Аглая таксама...

– Хадзi-ка сюды, на санi, ды разкажы!

Дзед баязьлiва зiрнуў на грознага Васiля, ня ведаючы, хто гэты худы й бледны чалавек у санях.

– Iдзi, калi кажуць!
– стрымлiваючы ўсьмешку, сурова падбадзёрыў Васiль.

Дзед асьцярожна прайшоў праз ланцуг капейшчыкаў i нясьмела прысеў на крайчык саней.

Рушылi.

– Ну а зараз, - уздыхнуў Фёдар - раскажы, чым твая Аглая ўгнявiла Прышынскага?

– А ты хто будзеш, добры чалавек?

– Кажы, кажы, ня бойся.

Адчуваючы сябе як-бы палонным, дзед не знаўшоў нiчога лепшага, як разпавесьцi:

– Угнявiла, кажаш, добры чалавек? А ты вось паслухай, тады й мяркуй, угнявiла, цi не. Яно, вядома, кожны сваё правiць... кожны сваю праўду шукае, але Гасподзь Бог усiм людзям аднолькавы закон даў... Мая Аглая - кабета жвавая, i на язык вострая. А нi супраць мяне, а нi супраць каго iншага не змаўчыць. Але, дзякаваць Богу, пражылi мы зь ёй свой век, не наракаючы... Унукаў дачакалiся, ды й праўнукi хутка пойдуць... Ад людзей злога слова ня чулi, толькi дзякуюць. Яна, бачыш, добры чалавек, суседзяў лекавала - каму пуп забалiць, у каго скула якая, цi часам у плячох ламота, рознае... Зёлкi ды карэньчыкi зьбiрала, а яно й дапамагае. Усё чыстае зельле, бяз чараў, ты ня думай... Люд з цэлае ваколiцы да нас iшоў... Казаў ёй, што не давядзе гэта да дабра, але-ж дзе ты кабету пераломiш - правiць сваё, i ўсё тут. Прачуў пра тое Прышынскi - пра лекаваньне, знацца - а ў яго на тое лiха сабака занядужаў. Ну прывёз ён яго, сабаку свайго, - вялiзарны такi, аж страх зiрнуць... Шум з мысы пускае, ды еньчыць, лапамi тузае. Думаю - за дзень-другi здохне. А яна ўзялася каля яго, i ўдзень, i ўноч, поiць розным зельлем... аж праз тыдзень ачуняў сабака. За Аглаяй ходзiць, хвастом матляе як памялом - палюбiў, знацца... Забраў Прышынскi сабаку, надзякавацца ня мог, тры чырвонцы заплацiў... Аж праз тыдзень скача, злосны як чорт, i гайдукi зь iм. Кажа: зачаравала майго Ваграя, чараўнiца, затое й загрызьлi яго ваўкi... Ды бiзуном Аглаю, бiзуном... А яна ў крык - вядома, кабета - ды й абзавi яго душагубам. Яно вядома, пасьля хваробы сабака слабы, не парадзiў ваўкам, ну й заелi... Якая-ж тут чараўнiца? Наскочылi гайдукi, скруцiлi, i ў Замак пацягнулi... Адтуль i ня бачыў яе... Зь леташняе зiмы...

Стары замоўк. Нязьмерны жаль выклiкала ягоная згорбленая, насьцярожаная постаць. Ваявода нават не знайшоў для яго словаў пацехi, i сумна адвярнуўся. Было страшэнна сорамна, што ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм могуць рабiцца падобныя рэчы. На адзiн момант пашкадаваў, што адвёў Вялiкага Князя ад вайны з Польшчай, бо з Польшчы йшло гэтае свавольле й разкiлзанасьць шляхты...

– Ваш Сьветласьць!
– пачуўся голас Васiля.
– Прыехалi!

Фёдар страпянуўся, агледзеўся. Санi стаялi ў падворку Замку.

– Сыча!

Капейшчыкi мiгам выканалi яго загад, i Ваявода ўбачыў перад сабою маладога, рослага мужчыну, са сьмелым i дзёрзкiм позiркам.

– Ты Сыч?

– Я, Ваша Сьветласьць!

Ваявода вылез з саней, i пераразаючы матузы на руках атамана апрышак, прамовiў:

– Дзякую! Шкада, што не ў маёй волi адпусьцiць цябе, аднак зраблю ўсё магчымае, каб палекчыць твой лёс!

– Дзякую, Ваша Сьветласьць, але я не адзiн...

– Ведаю! I што змагу, тое зраблю!
– i, указаўшы на сычанятаў, загадаў: Зьняць матузы й павялiчыць варту! Дзе Прышынскi?

Поделиться с друзьями: