Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Сюды, Ваша Сьветласьць, - указаў вартавы на панскi будынак.
Стары сялянiн, бачачы, зь якой пашанай i паслухмянасьцю ўсе выконваюць загады й жаданьнi "добрага чалавека", якi раптам стаў "Вашай Сьветласьцю", спалохаўся, а пры iменi Прышынскага перастрашыўся зусiм. Дасюль ён быў пэўны, што Камянецкi пан ужо не жыве. А тут на табе... I першым яго рухам было падацца ўбок, падалей ад лiха. Аднак ахова Ваяводы рашуча засланiла дарогу й даволi недвузначна дала зразумець, што без дазволу адыходзiць нельга.
– Прапаў цяперака й я...
– прашапацеў перастрашаны дашчэнту дзед, iдучы сьледам за Фёдарам.
Папрабавала адлучыцца й Даша, а й у яе нiчога ня выйшла. Аднак яна выявiлася адважнейшай за дзеда й, злавiўшы Ваяводу за плашч, ускрыкнула:
– Ваша Сьветласьць, дазвольце Франьшiшка знайсьцi... Ён у манаха перабраны...
– Iдзi!
– згадзiўся Фёдар.
– Кiрым, дапамажы ёй!
– Ён, здаецца, вунь у той клунi!
– крыкнуў Васiль аддаляючайся пары. Дзед з зайдрасьцю й зьдзiўленьнем пачухаў патылiцу й прамарматаў:
– А мне, бачыш, Аглаю й няможна пашукаць. Знаць, нагаварыў я задужа, лiха матары...
Прышынскi, пад аховай двох капейшчыкаў, нерухома сядзеў у той-жа залi, дзе яшчэ так нядаўна вячэраў у кампанii пана Януша й Лазiнскага. Чакаў Ваяводу, i ў глыбiнi душы спадзяваўся, што, можа, ён не прыедзе, што гэта ўсё проста так... Шкадаваў страшэнна, што не паслухаў Януша й ня ўцёк сваечасова, а цяпер ужо запозна... А можа, не запозна?.. Можа, яшчэ ня ўсё згублена? Што калi раптам схапiцца зь мейсца, сарваць са сьцяны меч цi сякеру й паспрабаваць вырвацца на волю, ды ўцякаць у Кракаў, пад апеку Караля? Але дзе там... Як прарвесься праз поўны падворак войска?! Iх там поўна й на мурох, i каля брамы, i за мурамi... Усюды...
Разчынiлiся дзьверы. Прышынскi ўздрыгануўся й безуладна сасьлiзнуў з крэсла на каленi... Заенчыў:
– Прабач... Ваявода!... Прабач, нехаця я... Пад прымусам... Ох, моцы маёй няма... Прабач... Вiнен я, вiнен... Халопам тваiм буду, конюхам... Прабач... Зьлiтуйся...
На парозе стаяў Ваявода Фёдар, грозны й няўмольны. Вочы яго гарэлi, шчокi - упершыню пасьля вызваленьня - пакрылiся бледным румянцам. Побач зь iм Васiль са злоснай i пагрозьлiвай усьмешкай, чырвоны рубец на шчацэ пабарвавеў i разьдзьмуўся. Далей бачныя - Сыч, Кандрат, i некалькi драпежна вострых дзiдаў.
Ваявода падыйшоў к палоннаму. Ад агiды й ненавiсьцi дрыжэлi рукi - так i хацелася з усяго размаху ўлiць ботам у гэты спатнелы, перастрашаны твар, з абвiслымi дрыжучымi вусамi. I толькi гонар Драба ўтрымаў Фёдара ад гэтага ганебнага ўчынку. Палонны ўжо пакараны тым, што ён палонны. А ўперадзе прадстаiць суд...
– Дзе Каралеўскiя граматы?
– ледзь чутна запытаў Ваявода. Гнеў яму перашкаджаў гаварыць.
– Усё ёсьць, Ваша Сьветласьць... Усё схаронена... Наверсе ў каплiцы, там граматы, там i панцыр Вашай Сьветласьцi, i пас, i шпоры, i шчыт... I ўсё - па шчаках Прышынскага кацiлiся сьлёзы.
– Прабач, Ваявода... Пашкадуй... Не губi...
Ад такога абароту справы, дзед адразу пасьмялеў, i, кашлянуўшы для большай адвагi, папрасiў:
– Ваша Сьветласьць, калi ласка, спытай, дзе мая Аглая. Ён ведае!
– Прабач, Ваявода... Гэта ня я вiнен...
– малiў далей Прышынскi, не зьвяртаючы ўвагi на дзеда.
– Пан Януш настаяў...
– Чуеш, быдлiна, што стары пытае? Адказвай яму!
– зацiскаючы кулакi, загадаў Васiль.
Прышынскi пасьля арышту Сычанятаў, пасьпеў агледзець увесь замак, ды бачыў Аглаю, i таму, не адказваючы на пытаньне, падпоўз да Ваяводы й кiнуўся цалаваць яму боты.
Фёдар з агiдай адступiў i выразна зiрнуў на вартавых. Аднак воi не пасьпелi - Васiль злосна штурхнуў палоннага нагой, i, ня ў сiлах стрымаць накiпелы гнеў, раўнуў:
– Адказвай, падла! Дзе яго кабета?
– Яна... Яна тут недалёка... Каля вежы...
– Якой вежы?
– Там, дзе вязьнiца... Ох... Прабачце мне... Прабачце!...
Дзед паважна пакланiўся Ваяводзе й запытаў:
– Дазволь мне, Ваша Сьветласьць, пайсьцi да Аглаi? Знудзiўся я за ёю, дый да хаты йсьцi пара...
– Пачакай, стары!
– запярэчыў Ваявода.
– Зараз разам пойдзем. Я й сам на вязьнiцу зiрнуць хачу.
– I, павярнуўшыся да Васiля, загадаў: - Каля каплiцы выставiць варту! Прышынскага ў кайданы!... Паедзе да Гаспадара на суд!
– i рушыў к выхаду.
На хаду, яго ўвагу прыцягнуў хлапчук, якi, разкрыўшы рот, прагавiта ўглядаўся ў адзiн з малюнкаў на сьцяне. Хлапчука гэтага Ваявода ўжо ведаў зь лесу, але захапленьне, зь якiм ён прыглядаўся да кожнае рыскi на палатне, яго зацiкавiла. I, клiкнуўшы Кандрата, Фёдар запытаў:
– Чаго гэта ён так? Нават i ня чуе нiчога.
– А ён, Ваша Сьветласьць, хворы на маляваньне. Якi пень, цi кавалак бяросты, нiколi не прапусьцiць, увесь да чарнаты абмалюе. Торбачку з вугалём за сабою носiць... Нават есьцi забываецца, усё малюе.
– Мiколка, - ласкава гукнуў Ваявода.
Хлапец не варухнуўся.
– Мiколка!
– гучней гукнуў Ваявода.
Хлапец уздрыгнуўся, як-бы прабуджаючыся раптоўна ад салодкага сну, i з выразам жалю зiрнуў на Фёдара.
– Мiколка, ты любiш маляваць?
– Так, Ваша Сьветласьць, вельмi...
– А пакажаш мне, як ты малюеш?
– Я ня ўмею, Ваша Сьветласьць... Хацеў дзядзьку Кандрата намаляваць, ды не магу...
– Зможаш, Мiколка, прыйдзе час... А зараз, хадзем!
Мiколка радасна ўсьмiхнуўся, i, рушыўшы сьледам за Ваяводай, паказаў Прышынскаму языка...
На Замкавым пляцы ўсё выглядала йначай, чым перад прыездам Ваяводы. Сычаняты, разьмясьцiўшыся на купах гальля й саломы, з апэтытам перакусвалi салам, каўбасамi й шынкамi, здабытымi ў Замкавых склепах. Адтуль-жа дасталi пiва, мёд i вiно. Варта, хаця й шчыльная, аднак прыязная, абменьвалася з апрышкамi жартамi, i над пляцам лунаў разкацiсты рогат.
Каля бярвеньчатай клунi стаяў зьбянтэжаны Кiрым, ня ведаючы, цi йсьцi шукаць Ваяводу, цi заставацца й надалей пры Дашы й Францiшку.
Чорная гармата панурай пашчай пазiрае на браму - ёй так i не ўдалося вырыгнуць зь сябе агонь i сьмерць.
Накiроўваючыся да вежы, Ваявода паклiкаў Кiрыма. Той з радасьцю падбег.
– Ну? Знайшлi?
– Так, Ваша Сьветласьць, але ён дрэнь, шабаш... Даша плакаць шмат... Францiшка - Ваша Сьветласьць пытае... Перад сьмерць мая, кажа, Ваяводу пабачыць хачу...