Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
Гэтая рабочая жонка была ў яго ўжо пятай па ліку. Ці, можа, усяго толькі пятай… гэта, як паглядзець. Бо сярод знаёмых О’Ніла былі і тыя, хто дзесяткі гадоў задавальняўся адной і той жа рабочай жонкай, і тыя, што змянялі сваіх жонак па некалькі разоў на год. Сустракаліся сярод фермераў і такія арыгіналы, якія трымалі адначасова не адну, а дзве, або нават тры рабочыя жонкі , але іх было нешмат. Фермеры – людзі ў асноўным ашчадныя і кансерватыўныя, трымаць больш за адну рабочую жонку, з іх пункту гледжання – недазволеная раскоша і нічога больш. Былі, праўда, на Аграполісе людзі, якія мелі дзесяткі, і нават сотні жанчын, але не сярод фермераў. Гэта былі ўладальнікі бараў, рэстаранаў і гатэляў, і жылі яны ў адміністрацыйнай сталіцы планеты, горадзе Агра, а таксама ў гарадах і мястэчках паўночнага курортнага ўзбярэжжа. Ну а такую вялікую колькасць рабочых жонак гэтыя прадпрымальнікі трымалі, вядома ж, не толькі для сябе, а, у першую чаргу, для сваіх гасцей і наведвальнікаў. Гэта быў бізнес і нічога больш…
Першую сваю жонку О’Ніл атрымаў у падарунак ад бацькі на сваё дваццацігоддзе. Дваццаць гадоў – гэта якраз той узрост, калі юнак становіцца ўрэшце самастойным сталым мужчынам і, адначасова з гэтым, атрымлівае ўсе правы свабоднага грамадзяніна планеты Аграполіс. З гэтага ж узросту ён мае права завесці ўласную сваю фермерскую гаспадарку, што О’Ніл зрабіў амаль адразу ж...
Мясцовы фермерскі камітэт выдзеліў яму пэўную грашовую субсідыю, а таксама беспрацэнтную пазыку, бацька таксама дапамог… і ўжо праз якісьці год-паўтара О’Ніл цвёрда ўстаў на ногі, неяк непрыкметна прымусіўшы, нягледзячы на малады свой узрост, лічыцца з сабой усіх бліжэйшых суседзяў. Вось толькі з першай рабочай жонкай яму крыху не пашанцавала.
Не тое, каб яна была непрыгожай – непрыгожых жанчын ФІРМА, наогул, ніколі не прапаноўвала – але штосьці ў ёй было такое... штосьці, зусім не ў гусце О’Ніла. Ды і ўзрост! Хоць дакладны ўзрост сваіх рабочых жонак наўрад ці ведае хоць хто з жыхароў Аграполіса... хіба толькі прыблізны – але з самага першага погляду бачна было, што рабочая жонка маладога фермера значна старэйшая за свайго гаспадара і ўладальніка.
О’Ніл і зараз яшчэ памятае, як адчайна камплексаваў ён з гэтай нагоды, як зайздросціў самай чорнай зайздрасцю сваім больш сталым суседзям, рабочыя жонкі якіх, нібыта знарок, былі ўсе, як на выбор, вельмі маладымі і здаваліся тады маладому фермеру проста казачна прыгожымі. Дзіўна, але, амаль што ўзненавідзіўшы гэтую першую сваю жонку, ён нават пальцам яе не крануў ані разу. Магчыма, яна чымсьці напамінала О’Нілу яго ўласную маці, якой ён зусім не памятаў, але пра якую ён часта думаў маленькім хлопчыкам, нават плачучы, ўпотай ад сяброў і выхавацеляў, і наіўна марачы, што прыйдзе дзень і маці зноў вернецца. А, можа, мяккасць О’Ніла са сваёй першай жонкай тлумачылася проста ўласнай ягонай маладосцю?
А потым хтосьці з суседзяў падказаў маладому фермеру, што звычайна робяць у такіх выпадках. Аказваецца, ФІРМА ахвотна абменьвае такіх вось надакучыўшых альбо пастарэўшых жонак на іншых, больш маладых, з невялікай, праўда, даплатай. О’Ніл назаўтра ж адвёз сваю рабочую жонку ў мясцовае аддзяленне ФІРМЫ і вярнуўся на ферму ўжо з іншай жанчынай, маладой і вельмі прыгожай. Ён выбраў яе больш чым з дзесяці прэтэндэнтак і ніколі аб гэтым потым не шкадаваў.
З гэтай, другой па ліку рабочай сваёй жонкай, О’Ніл пражыў амаль дзесяць гадоў... і гэта былі, без усялякага перабольшвання, самыя лепшыя гады ягонага жыцця. О’Ніл і гэтую сваю жонку не крануў нават пальцам за ўсе дзесяць гадоў іх сумеснага жыцця, але прычына была ўжо зусім іншая – напэўна, ён і сапраўды кахаў яе, калі толькі само гэтае слова, “каханне”, можна аднесці да ўзаемаадносін рабочай жонкі з яе гаспадаром. Магчыма О’Ніл і далей жыў бы з гэтай сваёй жонкай, але так здарылася, што яна зацяжарыла і, згодна з законамі Аграполіса, прыйшлося паведаміць пра гэта ў аддзяленне ФІРМЫ. Жонку адразу ж ізалявалі, а калі нарадзіўся сын, О’Нілу выплацілі кампенсацыю і паведамілі адрас дзіцячага дома, у якім да дваццаці гадоў будзе выхоўвацца хлопчык. Адначасова яму паведамілі ў якія дні магчымы сустрэчы з сынам.
Аб далейшым лёсе другой сваёй рабочай жонкі, якая адначасова з’яўлялася і маці адзінага ягонага сына, О’Нілу не паведамілі, а сам ён, зразумела ж, не стаў аб гэтым распытваць. Кампенсацыя дазволіла фермеру адразу ж абзавесціся новай жонкай, праўда, замена гэтая выйшла не зусім раўнацэнная... і доўга яшчэ О’Ніл з сумам і нават пяшчотай успамінаў другую сваю жонку, асабліва ў час паездак да сына, які, чым старэйшым станавіўся, тым усё больш і больш нагадваў маці. Звычайна, вярнуўшыся з чарговай такой паездкі, О’Ніл усю сваю злосць і раздражненне спаганяў на трэцяй сваёй жонцы. Праўда, да асабліва жорсткіх экзекуцый справа ніколі не даходзіла.
Што, наогул, адбываецца з рабочымі жонкамі, якія з-за ўзросту ці па якой іншай прычыне аказваюцца незапатрабаванымі і зноў трапляюць ва ўласнасць ФІРМЫ, пра гэта О’Ніл нічога не ведаў, ды, прызнацца, асабліва гэтым і не цікавіўся ніколі. Аднойчы, праўда, ягоны сусед-фермер, знаходзячыся ў добрым падпіцці, пачаў раптам рассказваць О’Нілу аб нейкіх жудасных падземных уранавых рудніках на адной з суседніх планет і аб тым, што менавіта там і закончваецца жыццёвы лёс усіх без выключэння рабочых жонак. Яшчэ ён шэптам паведаміў пра нейкія тайныя медыцынскія цэнтры, у якіх былыя рабочыя жонкі, быццам бы, знаходзяцца ў якасці доследных жывёлін да таго, як іх перашлюць, і ўжо канчаткова, на руднікі... але ці мала якія плёткі ходзяць часам сярод фермераў! О’Ніл адразу ж перавёў размову на нешта іншае... на гэтым справа і скончылася. Калі хоць частка з усёй гэтай пьянай балбатні – праўда, ды й тады навошта яму, скажыце, ведаць тое, аб чым ведаць неабавязкова, ды і небяспечна для простага фермера!
Трэцяя жонка О’Ніла была самай звычайнай рабочай жонкай і нічога больш з сябе не ўяўляла, таму і сам фермер адпаведна да яе адносіўся. Біў ён жонку даволі рэгулярна, але заўсёды ведаў меру і ўмеў своечасова спыніцца. Гуманнасць тут была ні пры чым – проста паступова разрасталася гаспадарка фермера і любая, нават самая кароткая, часовая непрацаздольнасць рабочай жонкі балюча ўдарыла б па інтарэсам самога О’Ніла. Ды і сама жонка неяк не давала ніколі яму асаблівых падстаў для раздражнення і гневу... выключэннем, праўда, былі рэдкія паездкі да сына, дакладней, само вяртанне з гэтых паездак. Жонка спраўна вяла гаспадарку, ніколі не спазнялася са сняданкам альбо вячэрай, ды і ва ўсіх іншых адносінах яна яго задавальняла, дакладней, амаль задавальняла. Магчыма, яна б і дагэтуль вяла фермерскую гаспадарку, калі б не трагічны выпадак. У пазамінулым годзе трэцяя рабочая жонка О’Ніла загінула, неасцярожна дакрануўшыся рукой да аголенага электрычнага кантакту на пульце кіравання падачай кармоў. Смерць у выніку няшчаснага выпадку была відавочнай, страхавыя ўзносы О’Ніл выплочваў рэгулярна, таму ён адразу ж змог набыць сабе новую, чацвёртую ўжо па ліку, рабочую жонку.
Лёс яе з самага пачатку быў незайздросным.
Па-першае, якраз у гэты самы час характар самога О’Ніла сапсаваўся канчаткова, яго нават бліжэйшыя суседзі-фермеры пачалі пабойвацца.
Па-другое, гэтая новая жонка аказалася нейкай занадта ўжо няўдалай. Увесь час яна альбо спазнялася са сняданкамі і вячэрамі, альбо, наадварот, рыхтавала ежу занадта рана, і О’Нілу прыходілася есці яе падагрэтай, чаго ён вельмі не любіў. Да таго ж жанчына вечна блытала загады і распараджэнні мужа... а аднойчы па яе віне скісла ўсё малако ў цыстэрнах. Ні дня, пэўна, не праходзіла, каб О’Ніл не “вучыў” няўдалую сваю жонку ці то з дапамогай бізуна, ці проста пускаючы ў ход кулакі альбо чаравікі.
Напэўна, трэба было проста абмяняць гэтую разяваку на іншую жонку – у ФІРМЕ абавязкова б пайшлі яму насустрач і абмянялі жанчыну без усялякай нават даплаты – але О’Ніл чамусьці не спяшаўся гэта зрабіць. Хутчэй за ўсё, яму проста падабалася здзеквацца з жонкі, і прытым, менавіта з гэтай жонкі, бо яна баялася свайго гаспадара, як агня. Перад кожнай экзекуцыяй жонка цалавала О’Нілу ногі і са слязьмі маліла аб літасці. Няшчасная жанчына проста не магла ўцяміць затарможаным сваім мозгам, што ўсе яе спробы хоць неяк улагодзіць мужа, не толькі не дасягаюць мэты, але і, наадварот, прыводзяць да прама процілеглага выніку. О’Ніл нібыта пьянеў ад гэтых яе адчайных крыкаў і мольбаў, у час экзекуцыі ён паступова ўваходзіў у нездаровы нейкі экстаз, прычым з кожным разам усё мацнейшы і мацнейшы...
А потым здарылася тое, што і павінна было, рана ці позна, здарыцца. Бедная жанчына памерла ў час чарговага катавання – гэта здарылася якраз пасля таго, калі скісла малако ў цыстэрнах – і хоць О’Ніл па-ранейшаму спраўна аплочваў усе страхавыя полісы, смерць гэтай ягонай жонкі пад катэгорыю няшчасных выпадкаў ніяк не падпадала...
Прыйшлося, улазячы ў даўгі, купляць чарговую, пятую ўжо па ліку, рабочую жонку за поўны яе кошт, прычым усё гэта нечакана расцягнулася на даволі-такі працяглы тэрмін. Спачатку ў яго не было дастатковай сумы грошаў – О’Ніл ніяк не разумеў, чаму ФІРМА пастаўляе ў крэдыт амаль усё, пачынаючы з самай разнастайнай тэхнікі (і не толькі сельскагаспадарчай) і закончваючы насеннем любых раслін і разнастайнымі кармавымі дабаўкамі для жывёлы, але ніколі не афармляе крэдыты на рабочых жонак, іх можна было набыць толькі за наяўныя грошы – дык вось, спачатку былі праблемы з грашыма, а потым, калі грошы з’явіліся, аказалася, што ў мясцовым аддзяленні ФІРМЫ амаль не засталося рабочых жонак, а тыя, якія засталіся О’Нілу неяк не прыйшліся да спадобы. Прыйшлося чакаць, калі ж даставяць новую партыю, і чакаць прыйшлося не тыдзень, не два, а цэлых тры месяцы!
Увесь гэты час О’Нілу прыйшлося абыходзіцца без жонкі, і гэтага тэрміну аказалася дастаткова, каб ён зарокся біць будучую сваю жонку, ва ўсялякім разе, біць яе моцна.
Нарэшце прыйшла адразу вялікая партыя рабочых жонак і, атрымаўшы паведамленне, О’Ніл не стаў марудзіць ні хвіліны. Больш таго, ён, які заўсёды аддаваў перавагу электракару, на гэты раз упершыню за доўгі час вырашыў, для эканоміі, выкарыстаць кацер, хоць заўсёды адчуваў сябе ў паветры даволі няўтульна. Затое ўсяго праз дзесяць хвілін палёту, кацер ягоны ужо плаўна апускаўся на вялікую пасадачную пляцоўку, якая размешчалася якраз перад шасціпавярховым чырвоным будынкам з блакітнай эмблемай ФІРМЫ над уваходам.