Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
Ногі дрыжэлі і падкошваліся, вельмі балела спіна, кружылася галава, перад вачыма ўсё плыло і раздвойвалася... правая, пашкоджаная рука амаль не слухалася О’Ніла. Затым яго рэзка павяло ўбок, ды й так, што, каб не ўпасці, фермер вымушаны быў абаперціся аб сцяну здаровай левай рукой. Гэтая дрэнь асмелілася падняць руку на свайго гаспадара... яна кінула яго праз увесь пакой... як яна магла зрабіць такое?! Гэта немагчыма... ніхто з мужчын не здольны на такое, нават асілак Том Каркозі, ягоны сусед-фермер, нават Каратышка Джон, знаёмы пілот ФІРМЫ! Дык што, выходзіць ягоная рабочая жонка мацнейшаяі за Каркозі, і за самога Каратышку Джона?!
Туман у вачах фермера паступова рассейваўся, ногі перасталі дрыжаць і падкошвацца, і О’Ніл, узняўшы галаву, паглядзеў у бок жонкі.
Жанчына стаяла, здаецца, на тым жа самым месцы, што і раней... яна не варушылася, і ўсё глядзела і глядзела на мужа дзіўным, незнаёмым сваім позіркам. Позірк гэты нічога не выражаў, зусім нічога: ні страху, ні гневу, ні, нават, цікаўнасці. Можа толькі было ў ім крыху гідлівасці – так глядзяць людзі на раструшчанага чарвяка пад сваімі нагамі...
Ад зневажальнага гэтага позірку сваёй рабочай жонкі О’Ніла на імгненне зноў ахапіў люты гнеў... але ахапіў на адно толькі кароткае імгненне, адразу ж саступіўшы месца нейкаму падсвядомаму, амаль жывёльнаму страху, тым больш, што ногі фермера ўсё яшчэ былі нібыта з ваты, запясце правай рукі, хутчэй за ўсё, было моцна пашкоджаным, так што О’Ніл, у выпадку чаго, мог бараніцца адной толькі левай рукой.
Гэта было штосьці неверагоднае:фермер думаў зараз не аб тым, як пакараць непаслухмяную сваю жонку – ён шукаў спосаб абараніцца ад новага яе нападу! Без усялякіх нават намаганняў шпульнула яна яго праз увесь пакой... шпульнула адной толькі рукой...
Але як жа яна магла такое зрабіць?!
“Яна ўспомніла сваё мінулае! – пранеслася ў галаве О’Ніла раптоўная здагадка, і ён нават пахаладзеў увесь ад ахапіўшага яго жаху. – Кім жа яна была ў мінулым сваім жыцці, гэтая жанчына?!”
О’Ніл зноў кінуў у бок жонкі хуткі позірк, і амаль адразу ж таропка адвёў вочы. Не трэба правакаваць яе на далейшыя дзеянні, пакуль сама яна не праяўляе ніякай агрэсіўнасці, застаючыся поўнасцю нерухомай. Магчыма, калі яе не чапаць першаму...
Гэтая думка крыху падбадзёрыла фермера. Зноў непрыкметна зірнуўшы на жонку, ён перавёў погляд на дзверы збоку ад яе.
Там быў уваход ва ўнутранныя пакоі. Туды неабходна было трапіць, жыццёва неабходна... бо менавіта там захоўваецца ягоная зброя. Божа, з якім задавальненнем узніме ён цяжкі своё пісталет і выпусціць у гэтую пачвару ўсю абойму! Гэта неабходна зрабіць, бо рабочая жонка стала небяспечнай і яе трэба спыніць! ФІРМА... яна ўсё зразумее, яна кампенсуе О’Нілу страты, а, можа, нават узнагародзіць яго за праяўленыя мужнасць і рашучасць, бо сітуацыя яўна выйшла з-пад кантролю...
Засталося толькі вырашыць, як лепш дабрацца да гэтых самых дзвярэй.
Першым памкненнем О’Ніла было зрабіць нечаканы моцны рывок наперад і, апярэдзіўшы жанчыну, зачыніць зверы знутры. Няхай нават яна выламае потым гэтыя дзверы... нічога страшнага, у ягонай руцэ ўжо будзе пісталет, і тады...
А што, калі ён не паспее дабрацца да дзвярэй першым?!
Такое было магчыма, і тады О’Ніл вырашыў пайсці на хітрасць. Фізічная моц ягонай рабочай жонкі несумненная, але, магчыма, розум яе ўсё яшчэ не абудзіўся цалком? Нездарма ж яна застыла зараз у нейкім здранцвенні, нездарма ж яна ўвесь час маўчыць...
– Схадзі, пакармі кароў! – нібыта ні ў чым ні бывала прагаварыў О’Ніл, стараючыся, каб голас ягоны гучаў цвёрда і пераканаўча. – І малако трэба пераліць з цыстэрны... яно там ужо праз край перацякае...
Ён не асабліва разлічваў, што гэта спрацуе, і таму не асабліва засмуціўся, калі яно і сапраўды не спрацавала. Рабочая жонка нават не зрушылася з месца... больш таго, невядома было - пачула яна загад мужа ці не...
Што ж, можа яно і да лепшага?
– Не хочаш – не трэба! – як мага больш лагодна прагаварыў О’Ніл і нават усміхнуўся, што каштавала яму нямалых намаганняў. – Ідзі, адпачні. Або ідзі, пагуляй на свежым паветры, калі хочаш...
І зноў аніякай рэакцыі. Жанчына стаяла нерухома, нібыта статуя, яна нават не мігала, здаецца, што яшчэ больш збліжала яе са статуяй.
– Ну... тады рабі, што пажадаеш! – прагаварыў О’Ніл, зноў, як мага больш лагодным і абыякавым голасам. – А я пайду да сябе, адпачну крыху. Нешта галава разбалелася…
І ён зрабіў крок у напрамку да жаданых дзвярэй. Сэрца моцна грукала ў грудзях... падсвядома фермер чакаў з боку жонкі нейкіх варожых дзеянняў у адказ, але яна нават не паварушылася. Падбадзёраны гэтай яе нерухомасцю, ён зрабіў другі крок... затым трэці, чацвёрты... Здаецца, О’Ніл усё ж меў рацыю наконт затарможанасці разумовых здольнасцяў жанчыны. Ужо спакойна, не спяшаючыся, фермерішоў да дзвярэй, а рабочая жонка ўсё яшчэ заставалася ў затарможаным сваім стане. Вось да дзвярэй засталося ўсяго нейкіх тры крокі... вось засталося толькі два...
І тут здарылася неверагоднае. Толькі што рабочая жонка фермера стаяла нерухома на ранейшым сваім месцы... і раптам яна апынулася якраз перадО’Нілам, перагароджваючы яму далейшы шлях.
Ашаломлены О’Ніл спыніўся, не верачы ўласным вачам. Ён не мог зразумець, якім чынам змагла жанчына перамясціцца з месца на месца так хутка, амаль імгненна. Такога быць не магло, ніяк не магло... і, тым не менш, зараз небяспечная гэтая жанчына стаяла паміж ім і такімі жаданымі дзвярыма. Яна зноў застыла ў поўнай нерухомасці, але шлях да зброі для фермера быў надзейнаперакрыты.
Ці ўсё ж паспрабаваць?
– Адыйдзі ўбок! – прагаварыў О’Ніл, зноў стараючыся гаварыць як мага больш цвёрда і пераканаўча. – Я загадваю табе зараз жа адыйсці ўбок! Адыйдзі і дай мне прайсці!
Моцны штуршок у грудзі прымусіў О’Ніла зноў праляцець праз усё памяшканне і балюча трэснуцца спіной аб процілеглую сцяну. І зноў ён нават не заўважыў, калі ж яна паспела нанесці ўдар, гэтая жанчына!
“Кепская справа!” – змагаючыся з нарастаючай панікай, О’Ніл ускочыў на ногі і, хістаючыся, кінуўся да ўваходных дзвярэй. Ён зашчэпіць іх знадворку, паспее ўскочыць у электракар... а там суседзі... яны абароняць яго... не дадуць у крыўду...
І зноў жанчына гэтая нейкім чынам паспела аказацца каля дзвярэй значна раней за яго. Яна нібыта гуляла з былым сваім мужам у кошкі-мышкі...
Пакуль што толькі гуляла…
– Што табе трэба?! – спалохана прахрыпеў О’Ніл, павольна адыходзячы да стала. – Пакінь мяне ў спакоі, чуеш! Рабі што хочаш, ідзі куды хочаш - але толькі пакінь мяне ў спакоі!
Блукаючы погляд фермера ўпаў раптам на стол. Там ляжаў нож, доўгі і даволі востры хлебны нож...
Ухапіўшы левай, працаздольнай яшчэ рукой, гэты нож і ўскінуўшы яго высока над галавой, О’Ніл зноў з адчаем асуджанага кінуўся да жанчыны.
– Прэч з дарогі! – што ёсць моцы закрычаў ён, размахваючы нажом ва усе бакі. – Прэч, а не тое – заб’ю!
І зноў О’Ніл не заўважыў самога моманту ўдару, ён не зразумеў нават, рукой ці нагой нанесла жанчына свой удар (здаецца, усё ж нагой). Адчуванне было такое, нібыта па левай руцэ ягонай ніжэй локця ўдарылі з усяго размаху вялізнай жалезнай кувалдай. Пачуўся кароткі сухі трэск зломаных касцей, па ўсёй руцэ, пачынаючы з пляча і закончваючы самымі кончыкамі пальцаў, палыхнуў раптам востры, несцярпіма-пякучы боль. Нож, адляцеўшы ўбок, жаласна дзінькнуўшы аб падлогу...