Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
На другім паверсе О’Ніл выканаў усе неабходныя фармальнасці і ў суправаджэнні ветлівага маладога чалавека у форме супрацоўніка ФІРМЫ, узняўся на трэці паверх, дзе і размяшчалася дэманстрацыйная зала. Служачы, па ўсяму бачна – з ніжэйшага абслугоўваючага персаналу, толькі праводзіў фермера да дзвярэй залы і адчыніў перад ім гэтыя дзверы. Пасля гэтага, пажадаўшы О’Нілу ўдалай куплі і, наогул, усяго найлепшага, малады чалавек пакінуў яго аднаго.
Звычайна, у аддзяленні ФІРМЫ адначасова знаходзілася дзве-тры, часам, да дзесяці свабодных рабочых жонак і дэманстравалі іх пакупнікам на першым паверсе, у спецыяльным пакоі. Таму О’Ніл ніколі яшчэ не быў у дэманстрацыйнай зале... а вось цяпер, увайшоўшы у вялізнае, ярка асветленнае гэтае памяшканне, ён адразу ж застыў, нібы аслупянелы. Ды і было ад чаго!
Не менш чатырох дзесяткаў маладых прывабных жанчын было размешчана на спецыяльных падстаўках па ўсёй тэрыторыі вялізнай дэманстрацыйнай залы. Жанчыны стаялі зусім нерухома, нібыта і не жанчыны гэта былі, а майстэрскі вырабленыя кімсьці пластыкавыя статуэткі. Аголеныя жаночыя целы, белыя, залаціста-смуглыя альбо нават карычневыя, былі прыгожа і з прафесійным густам асветлены з самых розных ракусаў у самыя разнастайныя светавыя гамы і адценні.
Жанчын на продаж ФІРМА заўсёды выстаўляла вось так, без адзення, і зусім не з мэтай нейкай там эканоміі, бо фермеру, які афармляў пакупку, адразу ж выдаваўся поўны і разнастайны камплект жаночага адзення, прытым, без усялякай дадатковай платы. Проста ФІРМА лічыла, і не без пастаў, што менавіта так пакупнікі ацэняць тавар найлепшым чынам і выберуць сабе рабочую жонку якраз па свайму густу.
Першым жа памкненнем О’Ніла, які больш за тры месяцы правёў, наогул, без усялякай жонкі, было выбраць адразу ж бліжэйшую да яго жанчыну, тым больш, што яна аказалася вельмі прывабнай і, да таго ж, бландынкай, а О’Нілу заўсёды больш за ўсё падабаліся менавіта бландынкі. Ён ужо зрабіў нават крок у бок служачага ФІРМЫ, які стаяў непадалёку з абыякавым выразам на шырокім твары, але, стрымаўшы сябе, вырашыў занадта не спяшацца. Ці не лепш, спачатку абыйсці ўсю выставу, тым больш, што і астатнія пакупнікі ( а іх у зале было дзесьці каля дзесятка) таксама не вельмі спяшаліся з набыццём сабе жонак.
Знаёмых фермераў сярод пакупнікоў О’Ніл, як не прыглядаўся, так не заўважыў... і тады ён проста рушыў, не спяшаючыся, наперад. Павольна праходзячы па зале, О’Ніл уважліва разглядваў жанчын. Вочы літаральна разбягаліся ад такой вялікай іх колькасці, фермер ужо амаль шкадаваў, што не выбраў адразу ж тую, першую... а раптам яе хтосьці перахопіць! О’Ніл ужо вырашыў павярнуць назад, як раптам позірк ягоны выпадкова наткнуўся на невялікую групу з пяці жанчын, чамусьці выстаўленых разам, на адной шырокай падстаўцы. Яшчэ ён заўважыў, што гэтыя жанчыны былі, не тое, каб зусім ужо аднолькавыя, але вельмі падобныя адна на адну. І ў той жа час яны чымсьці адрозніваліся ад усіх іншых жанчын, выстаўленых у гэтай зале, няўлоўным чымсьці, але, тым не менш, гэтае адрозненне выразна адчувалася. Зацікаўлены гэтым, О’Ніл вырашыў падыйсці крыху бліжэй…
Высветлілася, што не толькі О’Ніла правабіла незвычайная гэтая група з пяці жанчын. Каля іх ужо тапталася некалькі фермераў, патэнцыяльных пакупнікоў... праўда, ніводны з іх пакуль так і не рашыўся на завяршаючы крок. Фермеры толькі моўчкі разглядвалі жанчын, час ад часу ляніва перакідваючыся кароткімі фразамі. Час ішоў... на твары прадстаўніка ФІРМЫ, які знаходзіўся непадалёку, гатоўнасць услужыць і дапамагчы з выбарам паступова змянялася ветлівай абыякавасцю і нават расчараваннем.
Але фермеры, і О’Ніл у тым ліку, не звярталі аніякай увагі на прадстаўніка ФІРМЫ. Іх прагныя позіркі ўсё ніяк не маглі адарвацца ад гэтых пяці жанчын, якія нерухома, нібыта статуэткі, застылі на сваім пастаменце. Нягледзячы на тое, што пераважная большасць жанчын у зале былі прыгожымі і нават вельмі прыгожымі – а непрыгожых жанчын тут, здаецца, і, наогул, не было – гэтая пяцёрка адразу ж вылучалася незвычайнай сваёй прыгажосцю нават на агульным прывабным іх фоне. Высокія, але не занадта, з бездакорна складзенымі фігурамі і асляпляльна-прыгожымі тварамі, прыгажосць якіх яшчэ больш падкрэслівалі бліскучыя, ярка-меднага альбо залацістага колеру валасы, у прыгожым беспарадку рассыпаныя па плячах – яны здаваліся сёстрамі-блізнятамі, хоць і не былі імі...
Магчыма, менавіта гэтая асляпляльная прыгажосць жанчын і з’яўлялася асноўнай прычынай таго, што ахвотнікаў набыць іх ва ўласнасць пакуль што так і не знаходзілася. Больш таго, чухаючы патыліцы, фермеры, адзін за другім, паступова адыходзілі ад прыгажунь і пачыналі прыцэньвацца да іншых жанчын расстаўленых у зале, можа і не такіх прыгожых, як гэтая пяцёрка, але куды больш звыклых з фермерскага пункту гледжання. Некалькі разявак яшчэ працягвалі таптацца каля прыгажунь, нібыта вагаючыся, але бачна было, што ваганне іх часовае. Яшчэ крыху і яны таксама павернуць у зваротным напрамку, тым больш, што выбар у зале існаваў вялікі і разнастайны...
Хутчэй за ўсё, сам О’Ніл таксама выбраў бы кагосьці з іншых жанчын... ну, хоць тую, першую, якая адразу ж прыцягнула ягоную ўвагу яшчэ ля ўваходу. Але тут да групы разявакаў наблізіўся яшчэ адзін пакупнік, таксама зусім не знаёмы О’Нілу. Гэта быў малады хлопец, нават вельмі малады, няскладны, хударлявы, да таго ж яшчэ і ў акулярах, што сярод фермераў было, наогул, вялікай рэдкасцю. Юнаку, напэўна, толькі нядаўна стукнула дваццаць гадоў і зараз ён прыйшоў сюды выбіраць сабе першую ў сваім жыцці жонку, таму усе разявакі (О’Ніл таксама) з цікаўнасцю за ім назіралі.
Не марудзячы і хвіліны нават не раздумваючы, юнак хутка падыйшоў да прадстаўніка ФІРМЫ, падаў яму сваё пасведчанне разам з крэдыткай і паказаў рукой на самую крайнюю з пяцёркі. Адразу ж пасля гэтага ён кінуўся да дзяўчыны (жанчынай яе ніяк нельга было назваць, бо нават сярод маладых сваіх суседак яна выдзялялася занадта ўжо юным узростам), схапіў яе за руку, нібыта баючыся, што хтосьці іншы паквапіцца на будучую ягоную ўласнасць. Пасля гэтага ён сам застыў нерухома ў чаканні...
Чакаць юнаку прыйшлося нядоўга. Прадстаўнік ФІРМЫ вярнуў маладому фермеру ягонае пасведчанне, кіўнуў у знак згоды і, выцягнуўшы з кішэні пульт, навёў яго на нерухомую жаночую постаць.
Дзяўчына, да гэтага не падаваўшая нават прыметаў жыцця, адразу ж ажыла, заварушылася і хуценька саскочыла са сваёй падстаўкі. Малады фермер, так і не адпусціўшы ні на імгненне яе рукі, павёў дзяўчыну да выхаду. Але, убачыўшы вакол цікаўныя позіркі іншых пакупнікоў, ён зноў спыніўся і, сарваўшы плашч, таропка накінуў яго на аголеныя дзявочыя плечы. Дзівак нейкі, ды й годзе!
Выбар юнака нібыта паслужыў штуршком для астатніх пакупнікоў. Вось ўжо нейкі пажылы фермер забраў сабе другую жанчыну з пяцёркі... вось жанчын засталося усяго толькі дзве... і тады, не жадаючы заставацца ў дурнях, О’Ніл таропка схапіў за руку бліжэйшую да сябе жанчыну... і якраз своечасова...
Вось такім чынам і з’явілася ў гаспадарцы фермера гэтая, пятая ўжо па ліку, рабочая жонка, і аж да сённяшняга дня О’Ніл аніводнага разу не пашкадаваў аб сваім выбару. Гэтая жонка задавальняла яго ва ўсіх адносінах... больш таго, цяпер ужо амаль усе суседзі адчайна зайздросцілі О’Нілу. Тыдня не праходзіла без таго, каб, то адзін, то другі з іх не звярталіся да яго з прапановай прадаць альбо абмяняць прыгажуню з вялікай нават даплатай. І ўсякі раз О’Ніл пасылаў іх усіх куды падалей.
Ён настолькі ганарыўся пятай сваёй жонкай, што нават пачаў адчуваць да яе нейкую сімпатыю, ці штосьці, вельмі падобнае на сімпатыю. Зразумела, гэтыя пачуцці О’Ніла не йшлі ні ў якое параўнанне з тым, што адчуваў ён калісьці да другой сваёй жонкі, хоць тая і не была такой прыгожай... але тут справа была не ў жанчыне – справа была ў самім О’Ніле… у, змяніўшымся да горшага, ягоным характары. Ды і гады давалі сваё, што ні кажы...
Але, нягледзячы ні на гады, ні на характар, гэтую, апошнюю сваю жонку ён таксама амаль не чапаў. Так, зрэдку... і больш для прафілактыкі. Ды і што гэта было за біццё: пара-другая аплявух... не ідзе ні ў якое параўнанне з тым смяротным боем, які давялося калісьці вынесці чацвёртай ягонай жонцы.
І вось цяпер гэтая дрэнь заявіла, што калісьці жыла ў палацы!
О’Ніл задуменна паглядзеў у бок дома. Там, на кухні, у лужыне ўласнай крыві ляжала зараз ягоная рабочая жонка. Жывая… ён шчыра спадзяваўся на гэта...