ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Узнік на вобразнай аснове прыказкі За двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш як бы насуперак значэнню яе літаральнага плана.

Забіць асінавы кол у магілу каго, чаго. Усходнесл. Канчаткова пазбавіцца каго-н., чаго-н. Пара скончыць з аджытымі формамі гаспадаравання на вузкіх палосках і забіць асінавы кол у магілу індывідуальнай гаспадаркі (Я. Колас. Адшчапенец).

Узнік у выніку фразеалагізацыі свабоднага спалучэння слоў, звязанага з даўнейшым прымхлівым звычаем забіваць асінавы кол у магілу ведзьмака; гэта нібыта гарантавала, што ён не зможа выходзіць з магілы і шкодзіць людзям. Параўн. ужыванне словазлучэння з прамым значэннем яго кампанентаў: «Закапалі, убілі асінавы кол, далі насып тры сажні высокі» (Я. Купала).

Заблудзіць у трох соснах. Гл. блудзіць (заблудзіць) у трох соснах.

Заблудная (блудная, аблудная) авечка. Фразеалагізм з аналагічнай вобразнасцю і значэннем ёсць амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Абазначае ‘чалавек, які збіўся з правільнага жыццёвага шляху’ Колькі надзеі паклаў ён [«брат Міша»] на тое, што прывядзе нарэшце «к госпаду» гэтую «заблудную авечку» (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі).

Выраз склаўся на базе евангельскай прытчы (Лука, 15, 4–6) пра чалавека, які, «маючы сто авец і згубіўшы адну з іх», пакінуў астатніх у пустыні і пайшоў шукаць заблудную, а знайшоўшы яе, радаваўся «больш, чым дзевяноста дзевяці не заблудным». Так, гаворыцца ў канцы прытчы, «бывае радасць у анёлаў божых і аб адным грэшніку, які каецца».

За бортам аказацца, апынуцца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. Без справы, без удзелу ў чым-н. Але ж за бортам Андрэй Захаравіч апынуўся па вашай віне, Алена Міхайлаўна (Настаўн. газ. 29.05.1985).

Утварыўся ў выніку ўнутрыфразеалагічнай дэрывацыі на аснове ўжо існуючага дзеяслоўнага выразу выкідваць за борт каго, што (гл.), набыў уласцівасці прыслоўных фразеалагізмаў.

Забраць за жывое каго. Гл. закрануць за жывое каго.

Заварыць кашу. Агульны для ўсходнесл., серб. — харв. і чэшск. м. (руск. заварить кашу, укр. заварити кашу, серб. — харв. закувати кашу — «заварыць кашу», чэшск. zаvаrіt sі рекпоu каsі; параўн.: балг. бьркам каша — «мяшаць кашу», польск. паwагzу'c ріwа). Яго значэнне—‘распачаць складаную, клопатную, непрыемную справу’. Я першы здагадаўся, што «забастоўка» — непрыкметная работа Івана Свірыдавіча і яго сяброў, што ў батальёне ён, бадай, галоўны. I што ж выходзіць? Заварыў кашу, а сам у кусты? Няхай расплачваюцца іншыя? (І. Шамякін. Першы генерал).

Выраз узнік з адпаведнага свабоднага словазлучэння. Яго пераасэнсаванне адбылося, на думку М. М. Шанскага, тады, калі слова каша сталі ўжываць са значэннямі ‘святочны абед, гасціны з выпадку хрэсьбін ці вяселля’ і ‘беспарадак, сумятня, блытаніна’. Калі прыняць пад увагу, што слова заварыць у свабодным ужыванні можа рэалізаваць пераноснае значэнне ‘распачаць штосьці складанае, клопатнае’, то фразеалагізм заварыць кашу паводле ўзнікнення можна разглядаць як выраз з агульным аналітычным зместам, які суадносіцца з аслабленымі значэннямі кампанентаў заварыць і каша. У бел. м. ужываецца і варыянт наварыць кашы: «Ой, наварылі бацькі сабе кашы, будзе што есці!.. Будзе вазня!» (В. Дунін-Марцінкевіч). Параўн. у зборніку М. Федароўскага: «Наварылі кашы, ды невядома, ці паядуць». Дзеяслоў наварыць ужываўся з пераносным значэннем ‘зрабіць штосьці клопатнае, непрыемнае’ ужо ў XVI ст.; параўн. у «Баркулабаўскай хроніцы»: «Мы вси маем ся тым ображати от тых здрайцов наших, которые то наварили…»

Завесціся з паўабароту. Гл. заводзіцца (завесціся) з паўабароту.

Заводзіцца (завесціся) з паўабароту. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. заводиться с полуобррота, укр. заводитися з півоберту). Вельмі хутка прыходзіць ва ўзбуджанасць, узрушанасць, хваляванне. Пасля гісторыі ў тэрмаабрубным начальнік цэха таксама заводзіцца, як кажуць, з паўабароту (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).

Паводле паходжання гэта выраз каламбурнага характару. Тут на рэалізаванае спачатку значэнне слова заводзіцца ‘прыходзячы ва ўзбуджанасць, распачынаць спрэчку з кім-н.’ накладзена яшчэ адно значэнне гэтага ж слова ‘пачынаць дзейнічаць у выніку пуску ў ход якога-н. механізма’ з адначасовым яго дапаўненнем экспрэсіўным дадаткам з паўабароту. Параўн. прыклад, дзе перадаецца працэс разгортвання слова ў фразеалагізм: «Ён [Ролік] на хвіліну змоўк, але потым зноў завёўся. З паўабароту» (У. Караткевіч). Параўн. таксама: «Бліноў ускіпеў, завёўся з паўабароту. — Ты што падколваеш? — шалёным позіркам апёк ён Косцю… — Ну-у? А ты скажы, — завёўся ўжо і Косця, хоць знаку яшчэ і не падаваў» (Я. Радкевіч).

Заводзіць (завесці) катрынку. Уласна бел. Дакучліва гаварыць пра адно і тое ж. — Ну! Ну! Завяла ўжо катрынку! — глуха загукаў Арцём са студні (Я. Колас. Недаступны).

Утварыўся ў выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, звязанага з ігрой на катрынцы — пераносным механічным аргане ў выглядзе невялікай скрынкі, на якім ігралі вандроўныя музыканты. Калі заводзілі, пускалі ў ход гэты арган, чулася працяглае, нуднае, тужлівае гучанне. Гэта і стала асновай для пераасэнсавання. Лічыцца, што першай мелодыяй, якая выконвалася вандроўнікамі-немцамі, была франц. песенька «Сhаrmаntе Саthеrinе» («Прыгожая Кацярына») ці яе ням. пераклад «Sсhаrmаntе Каthаrinе». Ад другога кампанента гэтай назвы паходзіць слова катрынка. У польск. м. ёсць таксама фразеалагізм з гэтым кампанентам: (gаdа'c, mоwі'c) jаk паkreсопа kаtагупка.

Заводзіць (завесці) <сваю> шарманку. Агульны для бел. і руск. м. Дакучліва гаварыць пра адно і тое ж. [Пранцісь — Быкоўскаму: ] Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе, прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць (Я. Купала. Паўлінка).

Узнік гэтак жа, як і фразеалагізм заводзіць (завесці) катрынку (гл. вышэй), — на аснове назвы франц. песенькі «Сhаrmаntе Саthеrіnе». Толькі слова шарманка паходзіць ад першага кампанента гэтай назвы, а катрынка — ад другога.

Завязваць (завязаць) вузялок. Агульны для ўсходнесл. м. Цвёрда запамінаць, улічваць на будучыню. [Гары: ] Па дарозе ў лясгас да Алешкі зазірні. Скажы, што засеў Гары ў Харытонавым ручаі… Алешка трактар арганізуе. Не забудзеш, кандыдат?.. [Ягор: ] Вузялок завяжу (В. Лукша. Калі вяртаюцца буслы…).

У аснове фразеалагізма — адгалосак даўнейшага звычаю завязваць на нітцы вузялкі для запамінання лікаў ці яшчэ чаго-небудзь.

Загавець душой. Гл. душой загавець.

Загаворваць зубы каму. Гл. зубы загаворваць каму.

Заганяць (загнаць) у тупік каго. Агульны для бел. і руск. м. Даводзіць да разгубленасці, збянтэжанасці. I як заўсёды, нягледзячы на Алесева красамоўства, Кастусь заганяў яго ў тупік (М. Ваданосаў. Пад чужым паролем).

Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння з маўлення чыгуначнікаў, дзе тупік абазначае ‘чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з іншымі пуцямі толькі адным канцом’.

Загнанасць у тупік. Уласна бел. Крайняя разгубленасць. А маглі б ужо і сёння жыць іначай… Не было б адчування няпэўнасці, безвыходнасці, загнанасціў тупік (Н. Гілевіч. У роздумах аб жыцці-быцці нашым).

Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма загнаць у тупік (каго), які абазначае ‘давесці да разгубленасці, збянтэжанасці’ (гл.).

Загнаць у тупік каго. Гл. заганяць (загнаць) у тупік каго.

Поделиться с друзьями: