Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Паходзіць з прыказкі У чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць. Даўней кожны манастыр меў свой статут — звод правіл, якімі і кіраваліся члены пэўнай абшчыны манахаў.
Лезці сляпіцай у вочы <каму>. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘назойліва прыставаць, невыносна дакучаць’ і ‘раздражняць, злаваць каго-н. непрыемным уздзеяннем’. I сур’ёзны ты чалавек, здаецца, а паводзіны твае камарыныя, так і лезеш сляпіцаю ў вочы (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Праз запыленыя вокны хат сямтам пазіралі агні. I снег усё ішоў лез у вочы сляпіцай (Я. Брыль. У Забалоцці днее).
Узнік на аснове фразеалагізма лезці ў вочы (каму) шляхам пашырэння яго кампанентнага складу. Да выразу з цьмянай унутранай формай дададзены для яе ажыўлення кампанент у форме творнага параўнальнага склону; сляпіцай абазначае ‘як сляпіца’ ці ‘як сляпень’.
Лезці смалой у вочы каму, да каго. Уласна бел. Назойліва прыставаць, невыносна дакучаць. Смалайціс моцна пакрыўдзіўся, затое не лез ужо да кожнага смалою ў вочы (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).
Утвораны на аснове фразеалагізма лезці ў вочы (каму) шляхам пашырэння яго кампанентнага складу назоўнікам у форме творнага параўнальнага склону. Смалой абазначае ‘як смала’.
Лёгкая рука ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. прыносіць шчасце, поспех, удачу ў чым-н. — Цяпер загоіцца, — упэўнена кажа дзед і складвае свае прычандалы ў капшук. — У мяне лёгкая рука (В. Гардзей. Дом з блакітнымі аканіцамі).
Выток фразеалагізма — былое павер’е, што ў некаторых людзей лёгкая рука, якая прыносіць удачу. Першапачаткова ўжываўся, калі гаварылася пра што-небудзь набытае ў чалавека з лёгкай рукой; гэтым выказвалася ўпэўненасць, што ўсё пойдзе рукой, будзе ручыць, г. зн. удавацца, добра весціся.
Лёд крануўся. Фразеалагізм з той жа вобразнасцю і значэннем ёсць таксама ў руск. м. (лед тронулся), укр. (лід пішов), польск. (lоdу ruszуlу). Яго сэнс — ‘штосьці пачалося’. Лёд крануўся, таварыш камандуючы!.. 26-я і 84-я гвардзейскія дывізіі ўзялі Шалашына і ў добрым тэмпе ўсцяж магістралі выходзяць на рубеж Юрцава — Бардзюкі! (І.Мележ. Мінскі напрамак).
Выраз мае празрыстую ўнутраную форму, ён склаўся на аснове фразеалагізма лёд разбіты (гл.).
Лёд разбіты (паламаны). Калька з франц. м. (lа glасе еst готрuе). Ліквідаваны перашкоды (у адносінах паміж кім-н.). Лёд у чалавечых адносінах паламаны, недавер 'е зломана. Вылучэнства нікога ўжо не здзіўляла, не абурала (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).
Выраз успрымаецца як матываваны, пераносны.
Лёд чаго растае (растаў). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. лед тает (растаял), укр. лід тане (розтанув). Знікае пачуццё чаго-н. (недаверу, непаразумення, адчужанасці і пад.). Радасць [Мікіты] усё ўзрастала, у меру таго як раставаў лёд недавер 'я ў сялянскіх сэрцах (Я. Колас. Адшчапенец).
Склаўся ўнутрыфразеалагічным спосабам на аснове выразу лёд разбіты (паламаны) — калькі з франц. м. (гл.).
Ліслівае (ласкавае) цяля. Уласна бел. Спрытны, дагодлівы чалавек, які ўмее пакарыстацца абставінамі. Ты не глядзі, што ён цяпер такім ласкавым цяляткам выглядае, ён яшчэ паспрабуе і кіпцюры выпусціць… (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі).
Узнік з прыказкі Ліслівае (ласкавае) цяля дзвюх матак ссе.
Літара ў літару. Калька з руск. м. (буква в букву). Абсалютна дакладна, без адхіленняў (пісаць, паўтараць, выконваць і пад.). Ад яго патрабуецца толькі адно — выконваць літара ў літару тое, што яму загадалі, гэта значыць рабіць «вывераныя ўзгодненыя дзеянні» (А. Вярбіцкі. Інтэрв’ю).
Мяркуюць, што выраз узнік яшчэ да кнігадрукавання (XVI ст.) і напачатку дастасоўваўся толькі да перакладу з грэч. м. і да перапісвання богаслужэбных кніг. Гэты працэс патрабаваў ад перапісчыкаў выключнай дакладнасці і дбайнасці, пісьмовай перадачы тэксту літара ў літару.
Ліць (праліваць) кракадзілавы слёзы. Калька з ням. м., дзе складаны назоўнік Кгоkоdіlstr"aпеп абазначае ‘кракадзілавы слёзы’, а дзеяслоў vergіеbеп — ‘праліваць’. Сэнс фразеалагізма — ‘прытворна шкадаваць, няшчыра скардзіцца’. Самі паклалі міну; самі ўзарвалі, самі сфатаграфавалі… — Ой хітрыя, яшчэ кракадзілавы слёзы льюць… (Г. Васілеўская. Бывай, Грушаўка).
У аснове фразеалагізма — старажытнае павер’е, нібыта ў кракадзіла, калі ён есць сваю ахвяру, цякуць слёзы.
Лунаць у паднябессі (у надхмар'і). Недакладная калька з руск. м. (витать в облаках). Бясплённа марыць, не заўважаючы навакольнага. [Жлукта: ] Вось калі сатырык — ён зразу глядзіць у корань, а не лунае ў паднябессі, як некаторыя праменныя паэты (К. Крапіва. Мілы чалавек).
У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз. У руск. мову фразеалагізм трапіў як запазычанне з царк. — слав. м.
Лынды біць. Уласна бел. Гультаяваць, займацца нявартымі справамі; пасіўнічаць. Тут сем патоў з цябе выганяюць, а яны лынды біць будуць… (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Назоўнікавы кампанент гэтага фразеалагізма як асобнае слова ў літаратурнай мове не ўжываецца. Але яно ёсць у паўднёва-заходніх гаворках рэспублікі і выступае як стылістычны сінонім да слова ногі (напрыклад, у «Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй часткі Беларусі і яе пагранічча»: схавай свае лынды, чуць цягне свае лынды). Зрэдку трапляецца і ў мастацкіх тэкстах — з тым самым значэннем і зніжанай афарбоўкай: «Ажно ляціць колькі падросткаў, адзін і сталы лынды распусціў» (Ядвігін Ш.); «…грэюць трыбухі і лынды» (А. Карпюк). Відаць, у паўднёва-заходніх гаворках і ўзнік фразеалагізм лынды біць. Тут ён абазначае амаль тое, што і ногі біць, толькі з больш зніжанай, асуджальнай экспрэсіяй і ўспрымаецца як матываваная моўная адзінка (напрыклад, у названым слоўніку: Дарма лынды збіў— ‘дарма схадзіў’) — У літаратурнай мове фразеалагізм стаў абазначаць не толькі ‘хадзіць без карысці, бадзяцца’, але і ‘гультаяваць, марна траціць час, пасіўнічаць’.
Людзьмі звацца. Уласна бел. Быць свабоднымі, незалежнымі, шчаслівымі. I на гэты раз В. Адамчык расказвае пра жыццё жыхароў Заходняй Беларусі, пра тых, хто імкнуўся «людзьмі звацца» і за гэта змагаўся (Г. Пашкоў. Абсягі літаратурнага года).
Крылаты выраз з верша Я. Купалы «А хто там ідзе?»:
А чаго ж, чаго захацелась ім, Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім? — Людзьмі звацца.