Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Склаўся шляхам метафарызацыі адпаведнага свабоднага словазлучэння, звязанага з ігрой на патэфоне, грамафоне, калі даводзіцца замяняць неўпадабаную пласцінку іншай.
Мясціны (месцы) не вельмі аддаленыя. Паўкалька з руск. м. (места не столь отдаленные). Далёкая ссылка. — Кажаш, табе патрэбна толькі сталіца? I што ж — здалёк ты шыбуеш да яе? — Здалёк. Хоць у мастацкай літаратуры тыя мясціны завуцца чамусьці «мясцінамі не вельмі аддаленымі» (Я. Васілёнак. Першы стрэчны).
Выраз з «Улажэння аб пакараннях» царскай Расіі. Першапачаткова мелася на ўвазе ссылка ў еўрапейскую частку краіны.
Мячы скрыжоўваюцца дзе. Агульны для ўсходнесл. м. Пачынаюцца паядынкі, баі і пад. Белая Русь… Колькі разоў на яе зямлі скрыжоўваліся мячы, і беларусы першыя прымалі ўдары ад шматлікіх ворагаў, сквапных чужаземцаў (І.Гурскі. Вецер веку).
Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага выразу скрыжоўваць шпагі (мячы) (з кім) (гл.).
Мяшацца з гразёю. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. смешиваться с грязью, укр. змішуватися з болотом). Усяляк прыніжацца, беспадстаўна абвінавачвацца. Наша роднае ўхілялася ўбок, аддавалася на смех, выскаленне і кпіны, тапталася нагамі і мяшалася з гразёю, a за прыклад выстаўлялася чужое, велікарускае, дзецям не даступнае і малазразумелае (Я. Лёсік. Што рабіць?).
Утвораны ад фразеалагізма мяшаць (змешваць) з граззю (гразёю) (каго, што) — выразу з жывой унутранай формай, звязанай, хутчэй, з нерэальным, гіпербалізаваным, чым рэальным вобразам.
Н
На авось. Запазыч. з руск. м. 3 разлікам на шчаслівую выпадковасць; наўдачу (рабіць што-н.). Пагана адчувае сябе Саўка, a ўсё таму што не дадумвае сваіх думак, робіць на авось, пакладаючыся на шчаслівы выпадак (Я. Колас. Дрыгва).
Лічаць, што слова авось паходзіць ад займеннікавага спалучэння a во ce, якое сустракаецца ў тэкстах XVI–XVII стст. і літаральна абазначала «а вось» (параўн. часціну авось з тым самым значэннем у сучаснай бел. літаратурнай м.). Указальнае слова авось, якое ў гутарковым маўленні страчвае канцавую галосную, паступова замяняецца на іншыя, y тым ліку на часціцу «можа», «а можа».
На авось ды нябось. Уласна бел. (параўн. y руск. м.: авось да небось са значэннем ‘як будзе, як здарыцца’). 3 разлікам на шчаслівую выпадковасць; наўдачу (пакладацца, рабіць што-н.). Кароў аслабленых падвязваць на вужышчы пад жываты бацька не збіраўся, падсмейваўся з гультаяватых «зімагораў», што пакладаліся на авось ды нябось (У. Калеснік. Доўг памяці).
Развіўся ў выніку далучэння да фразеалагізма на авось (гл. вышэй) часціцы нябось, якая як бы падагнана пад «гукавую сіметрыю».
На адзін капыл. Агульны для ўсходнесл. (руск. на одну колодку, укр. на один копил) і польск. (na jedno kopyto) м. Аднолькавыя, падобныя адзін да аднаго. Усе яны [паны] на адзін капыл — стараюцца дастаць з цябе ўвесь дух, пакуль ты ў іх служыш (УДамашэвіч. Дзявочая клятва).
Паходзіць з мовы шаўцоў: капыл—‘кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’. Зыходная форма выразу — зробленыя на адзін капыл (гл.).
Набітасць рукі. Уласна бел. Вялікі вопыт, добры навык, спрактыкаванасць у чым-н. Цяжэй, калі чалавек лічыць за прызванне простую набітасць рукі, якая дазваляе без намаганняў зарыфмаваць пару лозунгаў і такім чынам «адгукнуцца» на сур'ёзную патрэбу грамадства, хоць яна не стала ўнутранай патрэбай аўтара (М. Лужанін. Роздум перад маладымі).
Назоўнікавае ўтварэнне на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма набіць руку (на чым, y чым), які абазначае ‘ выпрацоўваючы навык, зрабіцца спрактыкаваным’.
На благі канец. Паўкалька з руск. м. (на худой конец). Пры найгоршых абставінах. Мы дарослыя… На благі канец будзем жыць y інтэрнаце або ў нас (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).
Два кампаненты ў скалькаваным выразе — сэнсаўтваральныя: благі—суадносіцца з адпаведным словам у значэнні ‘дрэнны, кепскі’, a канец — y значэнні ‘завяршэнне, заканчэнне’. Аднак сума гэтых значэнняў усё роўна не тоесная з агульным сэнсам фразеалагізма.
На блізкую нагу быць, сысціся і пад. Уласна бел. Вельмі блізка, y блізкіх, сяброўскіх адносінах (быць з кім-н.). Праз пару мінут з хлопчыкам мы былі на блізкую нагу, а ў кірпатай жанчыны насцярожанасць рассеялася (А. Карпюк. Куды едзеш, хлопчык?).
Утварыўся на аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма на кароткую нагу з кім (гл.): прыметнікавы кампанент заменены словам блізкі, якое тут выступае сэнсаўтваральным элементам фразеалагізма.
Піць на брудэршафт. Паўкалька з ням. м. (Br"uderschaft trinken, літаральна «братэрства піць»). 3 правам дружыць і звяртацца адзін да аднаго на «ты». — Ой, што вы! — слаба запярэчыла Клава. — На брудэршафт звычайна п’юць мужчына з мужчынам (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў).
Ужыванне назоўнікавага кампанента, запазычанага з ням. м., з прыназоўнікам на замацавалася, відаць, пад уплывам фразеалагізма на ты (з кім) (гл.).
На вагу золата. Калька з франц. м. (au poids de l’оr). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі высока, дорага (цаніць, каштаваць і пад.)’ і ‘вельмі значны, каштоўны, цэнны’. Вы ж апрача ўсяго вогнетрывалую цэглу зможаце эканоміць. A яна, пэўна, на вагу золата каштуе? (У. Карпаў. Вясеннія ліўні). Цэмент у гады індустрыялізацыі быў на вагу золата (В. Макарэвіч. Цэмент і барозны).
Унутраная форма фразеалагізма ўсведамляецца выразна.