Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Лягчэй на паваротах. Агульны для ўсходнесл. м. Будзь асцярожны ў выказваннях ці ўчынках. — Таты з папругай няма на цябе. Каб узяў галаву паміж ног ды ўсыпаў добры перабор… — Ну, ну; лягчэй на паваротах (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды).
Склаўся, напэўна, на аснове свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні шафёраў ужываецца з прамым значэннем.
Ляжаць пад сукном. Агульны для ўсходнесл. м. Заставацца без увагі, без разгляду, рэалізацыі. Затым я напісаў заяву… Але заява ляжыць пад сукном. Калі ласка, дапамажыце разабрацца (Звязда. 7.06.1987).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з даўнейшай судовай практыкай, калі тыя ці іншыя заявы, прашэнні знарок адкладваліся на доўгі час і ляжалі пад сукном, якім засцілаўся стол чыноўніка.
Ляжачага не б’юць. Агульны для ўсходнесл., а таксама польск. (lezacego sie nіе bijе), балг. (легнал човек не се бие) м.: параўн. у чэшск.: k zеmі згаzепеhо nеbij. Ужыв. са значэннем ‘таго, хто трапіў у бяду, не караюць’. З кучы трупаў каля машын выцягнулі аднаго жывога… Ён, бачыце, не толькі не фашыст, а нават і не немец… Прыгадаў нават тое, што бацькаўшчына яго, Італія, ужо не ваюе супроць Расіі і што яму вельмі б хацелася жыць… Ну, чорт з табой, ляжачага не б'юць (Я. Брыль. Нёманскія казакі).
Першапачаткова гэта было правіла кулачнай бойкі, якое ведалі яшчэ ў старажытныя часы. Правіла часам парушалі, таму пра яго даводзілася нагадваць. Напрыклад, ва «Указе» (1726) Пятра II гаворыцца, што калі хто ўпадзе, то каб ляжачых не білі.
Ляйчына пад хвост папала каму. Агульны дляўсходнесл. м. (руск. вожжа (шлея) под хвост попала, укр. вожжина (віжка) під хвіст попала (потрапіла). Хто-н. вядзе сябе неўраўнаважана, праяўляе ўпартасць, самадурства. Ну, то што там у цябе з жонкай? Расказвай. Што там ёй ляйчына зноў пад хвост папала? (В. Макоўскі. Бацькава слова).
Фразеалагізм «конскага паходжання». Пад канцом кораня конскага хваста ёсць вельмі адчувальнае, не пакрытае шэрсцю месца. Калі да яго дакрануцца ляйчынай, конь не знаходзіць сабе месца, імчыць што ёсць духу. Параўн. у байцы К. Крапівы «Стары і Малады», дзе адзін конь ушчувае другога: «Разумны ты ды малайчына да той пары, пакуль ляйчына не пападзе табе пад хвост, ну, а тады — панёс, ці з плугам будзеш ты, ці з возам, — і дзе твой дзенецца ўвесь розум!»
Лямант у пустыні. Гл. <марны> лямант (голас) у пустыні.
Ля разбітага карыта. Няпоўная калька з руск. м. (у разбитого корыта). Ужываецца са значэннем ‘ні з чым, страціўшы ўвесь ранейшы набытак’: — То колькі маўчаць?! — азвалася ўжо трэцяя бабка, што таксама засталася ля разбітага карыта (А. Карпюк. Вершалінскі рай).
Крылаты выраз з «Казкі пра рыбака і рыбку» (1835) А. С. Пушкіна. Словазлучэнне выкарыстоўваецца ў казцы спачатку з прамым значэннем, калі расказваецца, як залатая рыбка выканала першае жаданне прагнай старой: замяніла ёй разбітае карыта на новае. У канцы казкі словазлучэнне адначасова набывае і вобразны, пераносны сэнс: багацце знікла, старая засталася з разбітым карытам.
Ляцець (паляцець) у тартарары. Агульны для ўсходнесл. м. Змяняцца карэнным чынам, развальвацца, гінуць. Можа б, [паручнік] жыў так і далей, калі б не вайна, не гэтая рэвалюцыя, калі ўсё ранейшае паляцелаў тартарары (В. Быкаў. Перад канцом).
Назоўнікавы кампанент, неўжывальны па-за фразеалагізмам, з’яўляецца формай він. скл. мн. л. ад тартар — назоўніка, запазычанага з грэч. м., якім, паводле міфалогіі, называлася тая частка падземнага царства, дзе знаходзіцца пекла і куды пасля смерці перасяляліся грэшнікі. У Тартар скінуў Зеўс тытанаў, якія пачалі былі барацьбу з ім за авалоданне небам. Лічыцца, што на аснове гэтых уяўленняў і склаўся фразеалагізм.
М
Маг і чарадзей. Паўкалька зруск. м. (маг и волшебник). Чалавек, які ўсё робіць лёгка і хутка. — Ты, Фелікс, проста маг і чарадзей! Як гэта табеўдалося [знайсці друкара]? — Я ж казаў: дзядзька Максі мне сваяк, хоць і не блізкі (А. Якімовіч. Кастусь Каліноўскі).
Выраз з камедыі А. В. Сухаво-Кабыліна «Вяселле Крачынскага» (1855), у якой адзін з персанажаў называе махляра і авантурыста Крачынскага магам і чарадзеем.
Мазаць (абмазаць, вымазаць) дзёгцем каго, што. Агульны для ўсходнесл. м. Незаслужана зневажаць, бэсціць, чарніць. За вочы бэсціць, дзёгцем мажа і несусвеціцу нясе, а стрэне — кампліменты кажа і доўга дзве рукі трасе (С. Грахоўскі. «Сумленны»).
Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшым звычаем мазаць дзёгцем у начны час вароты гаспадару, намякаючы гэтым на якую-небудзь правіннасць гаспадара ці членаў яго сям’і і тым самым ганьбячы іх.
Мазгі набакір у каго. Паўкалька з руск. м. (мозги набекрень). Хто-н. прыдуркаваты, з дзівацтвам. Спачатку і мне думалася: яны людзі. Аслеплі ад самаўлюбёнасці, дый мазгі набакір. Цяпер жа ведаю: маразм; і, каб абараніць жывое, патрэбны не адны словы! (У. Карпаў. Жывое сячэнне).
Склаўся, відаць, па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам мазгі не на месцы ў каго. Набакір (у дачыненні да мазгоў) першапачаткова абазначала ‘зрушаныя набок, скрыўленыя, як шапка, ссунутая набакір’.
Малако на губах не абсохла ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. малады і зусім нявопытны. Пасаромеўся б! Вучань!.. Малако на губах не абсохла (І.Шамякін. Крыніцы).
У сучасных слоўніках фразеалагізм звычайна фіксуецца ў форме малако на губах не абсохла і выступае як нематываваная адзінка. У зборніку І.І.Насовіча ён падаецца ў больш поўнай форме — з семантычна апорным кампанентам: матчына малако на губах не абсохла. 3 сэнсаўтваральным кампанентам выкарыстаў гэты выраз і Я. Купала ў п’есе «Прымакі»: «Занадта рана пачалі ўжо нюхацца з сабою. Янгчэ малако матчына на губах ці абсохла». Параўн. таксама індывідуальна-аўтарскае ўжыванне выразу ў рамане С. Баранавых «Калі ўзыходзіла сонца»: «Абы абцёр матчына малако — ужо кавалер». У вобразнай аснове фразеалагізма — гіпербала як мастацкі сродак. Унутраная форма фразеалагізма лёгка расшыфроўвалася, пакуль ён не страціў кампанента матчына. Гісторыя гэтага выразу адлюстроўвае жывы моўны працэс — вызваленне фразеалагізмаў ад семантычна апорных слоў.
Малая сошка. Паўкалька з руск. м. Нязначны, малаважны, неўплывовы чалавек. І ўсе ведалі, што гэта не проста словы, што, крый божа, трапіць Арцёму Захаравічу цяпер на вочы: літасці не будзе нікому, нават другому і трэцяму сакратарам, нават Валатовічу, не кажучы ўжо аб загадчыках аддзелаў, інструктарах, інспектарах і іншых «малых сошках» (І.Шамякін. Крыніцы).
Словам саха раней называлі не толькі прыладу земляроба, але і пэўны кавалак зямлі, які лічыўся адзінкай падатковага абкладання, а таксама абшчыну, што аб’ядноўвала ў сваім складзе «сошных людзей» для выплаты подацей. Былі вялікія сохі і малыя, або «сошкі», сельскія і гарадскія. Сохі падзяляліся на долі. Удзельная вага, уплывовасць чалавека вызначаліся велічынёй яго долі ў сасе. Таму бедных сялян, а таксама дробных чыноўнікаў і збяднелых дваран пагардліва або насмешліва называлі «мелкой сошкой».