Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Можна ў плуг запрагаць каго. Уласна бел. Хто-н. вельмі моцны, здаровы. Што за народ! Што за людзі! Пабачылі, што бяру без чаргі, па тваім дакуменце, то адразу накінуліся на мяне, гатовыя былі разарваць: якая я, маўляў, інвалідка, мяне ў плуг запрагаць можна (І.Капыловіч. Калі трэба жыць).
У аснове выразу — гіпербалічнае супастаўленне з канём (паводле сілы, стану здароўя).
Можна язык зламаць. Уласна бел. Цяжка вымавіць што-н. (слова, фразу і пад.). Калі некаторыя з гэтых слоў прамаўляюцца лёгка ці з пэўным намаганнем, то на іншых… можна язык зламаць (А. Каўрус. Служэнне роднаму слову).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, звязаны з языком як органам маўлення.
Мокрая курыца. Відаць, калька з франц. м. (poule mouill'ee). Ужыв. са значэннямі ‘чалавек, які мае ўбогі, прыгнечаны выгляд’ і ‘слабавольны, бесхарактарны чалавек’. Піп адчуваў сябе не героем з неба, а мокрай курыцай (Я. Маўр. Amok). A вы, пан турэмны начальнік, будзьце сапраўдным начальнікам, не мокрай курыцай! Тут вам не берлінская галантарэя! (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Узнік y выніку асацыяцыі па падабенстве з курыцай, якая, калі вымакне на дажджы, мае мізэрны выгляд.
Молада-зелена. Запазыч. з руск. м. Нявопытны, наіўны па маладосці год. Маладосць, што ты хочаш. Молада-зелена. Дурны быў, паміж намі кажучы. Яно, каб на цяперашні розум, асцеражнейшы быў бы (В.Гігевіч. Дом, да якога вяртаешся).
Першапачаткова дастасоўваўся да садавіны і агародніны, зялёны (зелена) абазначала ‘няспелы, недаспелы’. Параўн., як арыгінальна расшыфроўвае вобразнасць фразеалагізма М. Лынькоў y аповесці «Апошні зверыядавец», далучаючы да кожнага кампанента разгорнутае параўнанне: «Ёрзкая ты ў мяне, браце, дзяўчына. Не нажыць бы бяды часам… Молада-зелена. Так, молада-зелена. Молада, як пахучыя вятры вясновыя, поўныя гуду жыццёвага, перазвону палёў і лясоў — перазвону птушынага, срэбнага. Зелена, як тыя лісточкі прыбярыхі-бярозы, як тыя лугі-мурагі са сваімі мядовымі краскамі…»
Мора па калена каму. Агульны для ўсходнесл. м. Паходзіць з прыказкі П’янаму мора па калена, y складзе якой ён меў тое ж значэнне ‘нічога не страшна, усё нічога не варта’. Сінтаксічныя сувязі фразеалагізма (здольнасць кіраваць давальным склонам: мора па калена к a м у) засталіся такімі, якія былі і ў прыказцы. Некаторыя лічылі, што галоўнае — разбурыць усё старое, што напрыдумлялі паны афіцэры, a тады, маўляў, нам мора па калена… (І.Шамякін. Матрос з «Алега»).
Мукі Тантала (танталавы мукі (пакуты). Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія, але склаўся ён як пераасэнсаваны выраз у лац. м. (Tantali supplicia), адкуль як фразеалагічная паўкалька перайшоў амаль ва ўсе еўрапейскія мовы. Сэнс выразу — ‘нясцерпныя пакуты ад блізкасці жаданай мэты і немажлівасці дасягнуць яе’. Мукі Тантала — бачыць жанчыне люстэрка і не паглядзецца ў яго (Б. Сачанка. Манпансье з гарчыцаю). Думаеш, я не бачыла тваіх танталавых пакут? Бачыла. Але, думаю, маўчаць буду (Я. Ермаловіч. Валуны).
Паводле міфа, фрыгійскі цар Тантал доўгі час быў любімцам багоў, яго запрашалі на Алімп, пакуль ён не расказаў людзям пра тайнае рашэнне Зеўса (у другіх варыянтах міфа гаворыцца пра іншую віну Тантала перад багамі). Яго сурова пакаралі: скінулі ў падземнае царства на вечныя мукі прагі і голаду. Ён стаяў па горла ў вадзе, але не мог напіцца, бо вада адразу адступала. Над ім звісалі галіны з яблыкамі, грушамі і іншай садавіной і тут жа адхіналіся, калі ён працягваў да іх рукі.
Мурашкі бегаюць (пабеглі, забегалі) па целе (па спіне, па скуры) y каго, каго, чыім. Агульнаслав. (руск. мурашки бегают по спине, укр. мурашкі по тілу бігають, польск. mrowie mie przechodzi, серб. — харв. пошлі су мравці уз кожу, балг. мравки палазват). Хто-н. адчувае дрыжыкі ад моцнага страху, хвалявання і пад. На дарозе паявілася белая абледзянелая здань. У Міці па целе пабеглі мурашкі (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).
Склаўся на аснове падабенства з’яў, праз супастаўленне адчування дрыжыкаў з бегаючымі па целе мурашкамі.
Мухі не пакрыўдзіць. Агульны для ўсходнесл.(руск. мухи не обидит, укр. мухи не скривдить), польск. (muchu nie skrzywdzi), чэшск. (ani mouse nеublizi) м.; параўн. y некаторых іншых мовах: франц. ne pas faire de mal `a une nouche (літаральна «не прычыніць болю нават мусе», ням. kann keiner Fliege etwas zuleide tun (літаральна «не можа прычыніць крыўду нават мусе»). Вельмі ціхі, лагодны, пакорлівы. — Кастусь добры… — нібы адгадвае нашы думкі дзед. — Мухі не пакрыўдзіць: кавалкам хлеба не папракне, y рот не загляне (К. Каліна. Світанак).
Вобразнасць фразеалагізма засноўваецца на літоце (знарочыстым прымяншэнні).
Муціць ваду. Гл. каламуціць (муціць) ваду.
Мыліць галаву каму. Гл. галаву мыліць (намыліць) каму.
Мышыны жарэбчык. Запазыч. з руск. м. Стары, які любіць заляцацца да маладых жанчын. Аказваецца, «галубятнікі» перамаглі. Ды няхай не носяцца, мышыныя жарэбчыкі (Я. Колас. Пісьмо IL Броўку).
Упершыню ўжыты ў паэме М. В. Гогаля «Мёртвыя душы» (1842) — y разгорнутым параўнанні Чычыкава, які перабіраў ножкамі, са старэнькімі фарсунамі, што даволі спрытна бегаюць каля дам і называюцца мышынымі жарэбчыкамі. Відаць, Гогаль і аўтар гэтага выразу. Мышыны — колеру мышы (пра масць каня), тут у сэнсе ‘які пачынае сівець’.
Мядзведжае вуха. Агульны для ўсходнесл. м. Вечназялёная паўзучая расліна сямейства верасовых з бела-ружовымі кветкамі і чырвонымі ягадамі; талакнянка. Паблізу раслі смолкі, мядзведжае вуха, дзікі кроп (М. Даніленка. Ля Дняпра, y другім эшалоне).
Склаўся на аснове падабенства паміж прадаўгаватым махнатым лісцем расліны і мядзведжым вухам.
Мядзведжы куток (кут). Паўкалька з руск. м. (медвежий угол). Глухая, аддаленая мясціна. Пасмею запытаць, з якой важнай патрэбай дарагія госці адважыліся наведаць наш гэты мядзведжы куток? (М. Лобан. На парозе будучыні).
У фразеалагізме — выразны намёк на мядзведжы бярлог, на глуш, дзе толькі водзяцца мядзведзі.
Мядовы месяц. Калька з франц. м, (la lune de miel), абазначае ‘першы, найбольш шчаслівы час сямейнага жыцця’. У іншых дома сварка, лямант, крык. A тут бясконца месяц цягнецца мядовы. (Э. Валасевіч. Развод). Калі выраз дапаўняецца якім-небудзь абстрактным назоўнікам у форме род. скл., то мае сэнс ‘росквіт, лепшы час’: Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей (Я. Колас. Дрыгва).
Крылаты выраз з рамана Вальтэра «Задзіг, або Лёс» (1747), дзе сустракаецца ў такім кантэксце: «Задзіг пераканаўся, што першы месяд шлюбу… з’яўляецца мядовым месяцам, a другі—палыновым». Вальтэр выкарыстаў думку і вобразы з персідскага афарызма: «Калі першы месяц шлюбнага жыцця бывае толькі мядовым, то другі бывае палыновым».
Мяняць (змяніць, перамяніць) пласцінку. Калька з франц. м. (changer le disque). Пераключацца на новую тэму размовы. Кравец не толькі не падтрымаў яго, a нават падміргнуў, каб той мяняў хутчэй пласцінку. Толік адразу ж перавёу гаворку на іншую тэму (Л. Гаўрылкін. Матчына хата).