Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Заснаваны на асацыяцыі па падабенстве з чалавекам, які крочыць. Параўн.: «Памалу, мерна, крок за крокам у сваім раздум’і адзінокім дадыбаў бацька скора к дому» (Я. Колас).
Крок наперад. Калька з франц. м. (un раs еn аvаnt). Дасягненне, прагрэс у якой-н. справе. Гэта аповесць [ «Біяграфія майго героя»] для Сяргея Знаёмага ёсць немалы крок наперад (К. Чорны. Заўвагі да стылявых тэндэнцый у творчасці Сяргея Знаёмага).
Фразеалагізм усведамляецца як матываваны, з жывой унутранай формай.
Кропка пастаўлена. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. точка поставлена, укр. крапка поставлена). Завершана, скончана што-н. Я заўтра ж паеду да мамы… Я прымушу яе апамятацца. Яна, мабыць, думае, што напісала пісьмо і на гэтым пастаўлена кропка (Т. Хадкевіч. Песня Дзвіны).
Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага выразу ставіць (паставіць) кропку на чым, над чым, у чым ‘завяршаць што-н., даводзіць выкананне чаго-н. да канца’.
Кропкі над «і» пастаўлены дзе. Агульны дляўсходнесл. м. (руск. точки над «і» поставлены, укр. крапки над «і» поставлени). Няма нічога нявысветленага, усё даведзена да лагічнага канца. У пастанове і ўказе, на якія вы спасылаецеся, пастаўлены, як кажуць, кропкі над «і» (ЛіМ. 27.06.1986).
Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма ставіць (паставіць) кропкі над «і» (гл.), які абазначае ‘канчаткова высвятляць усё, не пакідаючы нічога недагаворанага, даводзячы ўсё да лагічнага канца’.
Кропля (капля) у моры <чаго>. Агульны для ўсходнесл. (руск. капля в море, укр. крапля в морі), польск. (kгорlа w mоrzu) і некаторых іншых м. Вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым-н. Зноў патрэбны сродкі. Тыя, што маем, — кропля ў моры (Полымя. 1976. № 1).
Мяркуюць, што выраз у сваім развіцці прайшоў стадыю параўнання (як кропляў моры), а пасля стаў ужывацца без параўнальнага злучніка.
Кроў ад крыві каго, чыёй. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв., калі гаворка ідзе пра кроўную або ідэйную роднасць, са значэннем ‘роднае дзіця’ ці ‘плён каго-, чаго-н’. Язэпу ўпершыню да ламаты ў скронях стала шкада гэтага дзіцяці, ягонага, кроў ад крыві… (А. Асіпенка. Жыта). Не можа быць! Бабейка, кроў ад крыві, косць ад косці мужыцкай, як ён сам любіў гаварыць пра сябе, — каб ён падпаліў хлеб? (Т. Хадкевіч. Даль палявая).
Выраз узнік па мадэлі фразеалагізмаў косць ад косці (гл.), плоць ад плоці (гл.) як іх сінонім (выкарыстана іх граматычная структура і прыназоўнікавы кампанент ад). Звычайна ўжываецца побач з адным ці другім фразеалагізмам-сінонімам: «5 С [клас] — сяло. Плоць ад плоці і кроў ад крыві — сяло» (А. Васілевіч).
Кроў з малаком. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. (krеw zmlekіеm). Ужыв. са значэннямі ‘здаровы, моцны, у стане росквіту’, ‘вельмі прыгожы’ і ‘свежы, румяны (пра твар, шчокі)’. Антось — мужчына высокі і плячысты, пад дзевяноста кілаграмаў. Як кажуць, кроў з малаком (В. Супрунчук. Вегетарыянец). А, чорт… якая прыгожая, кроў з малаком. Не ведаю, як ты, ая зразу б укахаўся ў яе (П. Галавач. Загубленае жыццё). Бог даў ёй дочку Тадорку, вясёленькую, маўляў зорку, проста матчын ненагляд! Кроў з малаком яе шчочкі!.. (В. Дунін-Марцінкевіч. Шчароўскія дажынкі).
Відаць, пранік ва ўсходнесл. і польск. м. як недакладная калька з ням. м. (wie Мilch und Вlut, літаральна «як малако і кроў»); у форме злучальнай канструкцыі фразеалагізм ужываецца ў чэшск. (krеv а тl'ekо, літаральна «кроў і малако»), балг. (мляко и кръв) і некаторых іншых мовах. Вобразнасць фразеалагізма першапачаткова ўсведамлялася так: на белым, як малако, твары іграе яркі, як кроў, румянец.
Кроў з носа. Агульны дляўсходнесл. м. Абавязкова, нягледзячы ні на што, пры любых умовах. Слоў на вецер не кідайце, а калі ўжо што намечана, то кроў з носа, а каб было зроблена (В. Палтаран. Ключы ад сезама).
Паходзіць з канструкцыі больш поўнай формы хоць кроў з носа, а зраблю. Маюцца на ўвазе нярэдкія выпадкі, калі ў чалавека пры доўгай і напружанай працы можа пайсці з носа кроў.
Круціць баранку. Агульны для ўсходнесл. м. Працаваць шафёрам. Трэці дзесятак круціць баранку Васіль, а не захварэў на распаўсюджаную шафёрскую хваробу — ліхацтва (М.Гіль. Дзень пачаўся).
Паходзіць з маўлення шафёраў, дзе баранкай называюць рулявое кола ў аўтамабілі.
Круціць катрынку. Уласна бел. Надакучліва гаварыць адно і тое ж. Кінь сваю круціць катрынку, будзь прасцейшы, не… нудзі (А. Александровіч. Напор).
Выток фразеалагізма аналагічны з вытокам іншых: заводзіць (завесці) катрынку, заводзіць (завесці) <сваю> шарманку (гл.). Катрынка прыводзілася ў рух кручэннем ручкі.
Круціць носам. Калька з франц. м. (hосhеr du nеz). Ужыв. са значэннямі ‘адмаўляцца, натурыцца’ і ‘важнічаць, выказваючы незадавальненне’. Трапляецца гэтакі чалавек, дык яна яшчэ носам круціць (А. Васілевіч. Доля знойдзе цябе). Брат, сват, дзядзька, чорт лысы хай робяць, а ён прыйдзе на гатовае, ён, бачыце, запанеў:.. І носам будзе круціць: «Ах, не такусё! Ах, не гэтак!» (П.Місько. Ціхае лета).
Фразеалагізм жэставага паходжання. Тут унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд.
Круціць шарманку. Агульны для бел. і руск. м. Надакучліва гаварыць адно і тое ж. Гебельс круціць шарманку, значыць — у Гітлера туз (К. Крапіва. Апошняя стаўка Гітлера).
Гэты фразеалагізм, як і тры іншыя, паходзіць з адной крыніцы. Гл. заводзіць (завесці) катрынку, заводзіць (завесці) <сваю> шарманку, круціць катрынку.
Крывіць губы. Уласна бел. Крывіцца, выражаючы незадаволенасць, злосць. Хто ахвотнік неба мераць, дык выходзь сюды наперад. Ну, а ты што крывіш губы? Ці табе лятаць не люба? (К. Крапіва. Хто за намі?).
Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд, выкліканы гэтым станам.
Крывое кола. Уласна бел. Упарты чалавек, які сваімі ўчынкамі пляміць сам сябе. — Васіль, пачакай, во нейкі малахольны, — пачуў ён услед, — нічога яму не скажы, крывое кола, — не крані ты яго! (У. Саламаха. Напрадвесні).