Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага ламаць коп`i з-за каго, за што (гл.).
Костачкі (косці, косткі) перамываць каму, чые, каго. Усходнесл. Абазначае: 1) абгаворваць, бэсціць каго-н., 2) асуджаць чые-н. недахопы, крытыкаваць каго-н. Ніна пацягвала з кубка чай, а Яроціха, усеўшыся з нагамі на табурэтцы і ўспёршыся локцямі на столік, не пераставала гаварыць. І ўсё тое самае: пра школьных сарок, якяны Нініны костачкі перамываюць (М. Лобан. Гарадок Устронь). Навошта перамываць косткі завочна, траціць зарад крытыкі, ці не лепш пакінуць яго на лепшы час? (І.Шамякін. Крыніцы).
Узнікненне фразеалагізма звязана са старажытнаславянскім абрадам паўторнага пахавання. Звычайна праз тры гады пасля першага пахавання магіла раскопвалася: трэба было праверыць, ці не быў нябожчык пры жыцці звязаны з ведзьмакамі, пярэваратнямі, і, калі гэта так, зняць з яго закляцце і ачысціць ад грахоў. Перад тым як зноў закапаць нябожчыка, яго родзічы і сваякі перабіралі косці, перамывалі іх вадой або віном. Пры перамыванні костачак не абыходзіліся без ацэнкі нябожчыка, яго характару, паводзін, г. зн. без абгаворвання.
Костка ў горле каму, для каго, для чаго. Уласна бел. Вялікая перашкода, непрыемнасць для каго-, чаго-н. Ён жа [Ціток ]можа стаць другім багачом у воласці. Каб толькі гэта костка ў горле, Кандрат, за ім не ўплянтаўся (М. Лобан. На парозе будучыні).
Утварыўся на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма стаць косткай у горле ў выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента, набыў катэгарыяльнае значэнне прадметнасці і адпаведныя граматычныя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.
Косць ад косці каго, чыёй. Запазыч. з царк. — слав. м. У Бібліі (Быццё, 2,21–23) пра стварэнне першых людзей на зямлі гаворыцца, як Адам, прачнуўшыся і ўбачыўшы Еву, зробленую з яго рабрыны Богам, сказаў: «Вось гэта косць ад касцей маіх і плоць ад плоці маёй». Выраз, які ў словах біблейскага Адама меў і канкрэтны сэнс, стаў вобразным абазначэннем роднасці ці ідэйнай блізкасці: Я косць ад косці, крывінка ад крывінкі мужыка… (Т. Хадкевіч. Даль палявая). Цярэшка — косць ад косці свайго народа, ён беларускі ўсім… (С. Ляўшук. Гэта яго лёс).
Косы сажань у плячах. Гл. касы (косы) сажань у плячах.
Кот марцовы. Уласна бел. Распуснік, блуднік. — Дык ты, кот марцовы, да суханоўскіх дзяўчат унадзіўся, — жартаваў Андрэй (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).
Цяпер ужо слова марцовы — у разрадзе архаічнай лексікі. Яно абазначае ‘сакавіцкі’ і ўтворана ад устарэлага марац ‘сакавік’; абодва падаюцца ў «Слоўніку беларускай мовы» І.І.Насовіча. Слова марац захавалася ў некаторых прыказках: Марац адкусіць палец; Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю. У фразеалагізме — намёк на перыяд кацінага «вяселля», які прыпадае на «марац», калі каты з працяглым роспачным мяўканнем бегаюць пад вокнамі.
Кот наплакаў каго, чаго. Агульны дляўсходнесл. і польск. (tуlе со коt парlакаl) м. Вельмі мала (пра невялікую колькасць каго-, чаго-н.). —Патроны ёсць?.. — Штук дзесяць. — Не багата… У нас іх таксама кот наплакаў (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).
Іншы раз узнікненне гэтага фразеалагізма звязваюць з адной малавядомай фальклорнай песенькай. Выраз, аднак, з’яўляецца плёнам народнай фантазіі. Параўн. аналагічнае індывідуальна-аўтарскае ўтварэнне жук начхаў: «Комплексаў у нас, як вы самі ведаеце, жук начхаў…» (К. Крапіва). Выраз у сваім развіцці прайшоў, хутчэй за ўсё, стадыю параўнальнага звароту. У форме як кот наплакаў ён выкарыстаны ў творах Ц. Гартнага, М. Лынькова, М. Машары, У. Паўлава, В. Праскурава. У такой самай форме зафіксаваны М. Федароўскім. Параўн. таксама ва ўкр. м.: як кіт наплакав.
Кот у мяшку. Агульны для бел. і руск. м. Невядомае, няпэўнае. Гы ў мяне возьмеш самых надзейных [падпольшчыкаў], а мне будуць прысылаць катоў у мяшку (І.Новікаў. Тварам да небяспекі). Ужываецца і з заменай апошняга кампанента: Атрымалі мы не старшыню, а катаў торбе (У. Корбан. Хворы).
Паходзіць з дзеяслоўнага фразеалагізма ката у мяшку купляць (гл.).
Коўзанне (слізганне) па паверхні. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. скольжение по поверхности, укр. ковзання по поверхні). Дзеянні знешняга характару, павярхоўныя, без заглыблення ў сутнасць чаго-н. У большасці на старонках раённых газет — слізганне па паверхні, прывычны парадны тон (Звязда. 31.01.1987).
Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага коўзацца (слізгаць) па паверхні ‘не ўнікаючы ў сутнасць, закранаць толькі знешні бок чаго-н.’.
Краевугольны камень чаго. Запазыч. з царк. — слав. м. Аснова, найважнейшая частка чаго-н. Тут, па сутнасці, сфармуляваны эстэтычныя погляды, краевугольным каменем якіх з’яўляецца крытычны рэалізм (С. Майхровіч. Максім Багдановіч).
Выраз неаднаразова сустракаецца ў біблейскіх тэкстах (Ісаія, 26, 16). Яго першапачатковае значэнне — ‘камень, пакладзены ў фундамент будынка’: «…кладу ў падмурак на Сіёне камень… краевугольны». У Бібліі выраз ужываецца і з абстрактным значэннем, калі гаворка ідзе пра Зямлю як планету: «На чым стаіць аснова яе, хто паклаў камень краевугольны на ёй?» Са значэннем ‘аснова’ фразеалагізм выкарыстоўваецца ў старажытных беларускіх тэкстах; напрыклад, у «Гістарычна-палемічным даследаванні пра пачатак і распаўсюджанне Уніі ў Літве і Заходняй Русі…» (1600–1605): «Павел святый проповедалъ быти Христа головою церкви и каменемъ краеугольнымъ».
Кракадзілавы слёзы. Паўкалька з ням. (Кгоkоdіlstr"anеn) ці франц. (lаrmеs dе сгосоdіlе) м. Крывадушнае спачуванне, прытворнае шкадаванне. [Касперскі:] Кірыла Рыгоравіч! Няўжо вы сумняваецеся?.. Прысягнуць магу… [Анішчук: ] Кракадзілавы слёзы (І.Гурскі. Хлеб).
У аснове фразеалагізма — старажытнае павер’е, быццам кракадзіл, з’ядаючы сваю ахвяру, плача. Адна з ранніх фіксацый выразу сустракаецца ў помніку палемічнай літаратуры «Антиризись или Апологія противъ Христофора Филалета» (1599): «А што поведаете, жесте зъ жалостью серьдечьною учынили, — крокодиловы то слезы!»
Кранаць за жывое каго. Гл. закрануць за жывое каго.
Крапіўнае семя. Запазыч. з руск. м. Чыноўнікі, якія займаюцца кручкатворствам і хабарніцтвам. Паліцыя… сабак на варотах вешае. Чыноўнікі — крапіўнае семя, чарнільныя пацукі, п ’яўкі антыхрыставы (У. Караткевіч. Зброя).
Першапачаткова гэта была пагардлівая мянушка прыказных і пад’ячых у Маскоўскай Русі. Магчыма, мянушка нейкім чынам была звязаная з выразам крапіўнае семя, які ў абласных рускіх гаворках абазначае ‘пазашлюбнае дзіця’. Параўн., аднак, ва ўкр. м.: засипати кропив’яним сем’ям — ‘рэзка вылаяць каго-н.’.
Кроіць сэрца каму, чыё. Уласна бел. Выклікаць вялікі душэўны боль, пакуты. — Не крой ты майго сэрца, Анежка! — крычаў Петрас, грукаючы па стале (П. Броўка. Калі зліваюцца рэкі).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.
Крок за крокам. Калька з англ. м. (stер bу stер). Ужыв. са значэннямі ‘паступова, няўхільна’ і ‘паслядоўна, адно за другім’. Мы спасцігаем космас спакваля. За крокам крок — узорныя абшары (Г. Пашкоў. Мы спасцігаем космас спаквалля…). Крок за крокам удалося аднавіць падзеі, якія папярэднічалі таму трывожнаму ранку (І.Ракіцкі. Ллібі).