Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
На чале з кім. Агульны для многіх слав. м. (напрыклад, укр. на чолі, польск. na czele, балг. — y злітным напісанні — начело; параўн. y руск. м.: во главе). Пад кіраўніцтвам каго-н. Кудысьці спяшыла грамада вучняў на чале з настаўнікам (Ц. Гартны. Сокі цаліны).
Пададзенае ў ТСБМ (т. 5, кн. 2, с. 291) слова чало са значэннямі ‘лоб’ і ‘твар’ і пазначанае паметамі „ўстар. і паэт.“ не мае дачынення да фразеалагізма на чале. Тут іншае чало (чело) — агульнаславянскае слова, утворанае, відаць, суфіксальным спосабам ад дзеяслоўнай асновы і з першапачатковым значэннем ‘верх, узвышша’.
На чатыры вокі. Агульны для бел. і ўкр. (на чотири ока) м. Без сведак, без пабочных асоб (гаварыць, сустракацца, апынуцца і пад.). Цярэшка сеў на канапу, утапіўся ў яе мяккасці, побач сеў чалавек з вачыма сфінкса, і на чатыры вокі Цярэшка здаў кароткую справаздачу (З. Бядуля. Язэп Крушынскі).
Выраз усведамляецца як матываваны, заснаваны на сінекдасе. Склаўся пад уплывам сэнсава тоесных, але з крыху іншай структурай фразеалагізмаў, якія ёсць у многіх мовах; параўн.: польск. w cztery oczy руск. между четырех глаз, чэшск. mezi ctrzrma осіта, ням. unter vier Augen, франц. entre quatre yeux.
Начная зязюля. Уласна бел. Жонка. Спытала пасля ў свайго начная зязюля: „Пра што вы там гаварылі?“ A ён na-чужому неяк адсек: „Спі лепш, a то старою будзеш без пары“ (Я. Брыль. Сцежка-дарожка).
Паходзіць з прыказкі Начная зязюля дзённую перакукуе, што значыць ‘жонка зможа настаяць на сваім, пераканаць мужа зрабіць па яе жаданні’.
На чорны пазногаць. Гл. на сіні (чорны) пазногаць.
На чым свет стаіць. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі моцна, нястрымна (лаяць, лаяцца, клясці, крыць і пад.). Каваль паказвае малойцу, дзе трэба па кавадлу біць, і лае на чым свет стаіць няўмелага малатабойца (Я.Сіпакоў. Кузня).
Узнікненне фразеалагізма, як лічыць В. М. Макіенка, звязана са старажытным вераваннем людзей, паводле якога свет стаіць на чымсьці (напрыклад, на трох вялікіх кітах). Першапачаткова выраз абазначаў ‘да самай асновы свету, грунтоўна’.
Нашага палку прыбыло. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. нашего полку прибыло, укр. нашого полку прибуло). Нас, такіх, як мы, стала больш (гаворыцца пры з’яўленні ў калектыве чалавека аднолькавых поглядаў, перакананняў і інш.). [Клава: ] Гэта друг таварыша Язвы, паэт. [Жлукта: ] Значыць, нашага палку прыбыло (К. Крапіва. Мілы чалавек). Дзеяслоўны кампанент ужыв. і ў форме цяперашняга часу: О! Нашага палку прыбывае. Вельмі прыемна, калі круг інтэлігенцыі павялічваецца (Я. Колас. На ростанях).
Выраз прыйшоў са старадаўняй песні-гульні „А мы проса сеялі“. Хлопцы і дзяўчаты станавіліся ў два рады, ці, іначай, палкі (даўней словам полк называлі не толькі вайсковую адзінку, але і, як засведчана У. Далем, гурт, чараду людзей). Калі з адной чарады ў другую пераходзіў, як таго патрабавалі ўмовы гульні, хлопец ці дзяўчына, полк, які атрымаў папаўненне, спяваў:
Нашага палку прыбыло, прыбыло, Ой, дзідлада, прыбыло, прыбыло!У вершаванай аповесці А. А. Бястужава-Марлінскага „Андрэй, князь Пераяслаўскі“ апошні з прыведзеных радкоў песні падаецца ў такой арфаграфіі: „Ой, дид-ладо, прибыло!“ Гэта пралівае святло на нацыянальна-этымалагічны бок песні. Украінскае дід — гэта „дзед“, ладо — „лада“ (у руск. і бел. мовах), ці „мілы“. Адсюль становіцца зразумелым, чаму ў назоўнікавым кампаненце фразеалагізма нашага палку прыбыло такі незвычайны канчатак — y: і ў сучаснай укр. м. слова полк мае ў род. скл. адз. л. формы полку і полка a літаратурная норма фразеалагізма — нашого полку прибуло. Відаць, і ў памянёнай песні націск прыпадаў не на другі, a на першы склад назоўнікавай формы полку.
На шапачны разбор. Паўкалька з руск. м. (к шапочному разбору). Ужыв. пры дзеясловах прыйсці, паспець і абазначае ‘позна, пад самы канец чагосьці’. — Але доўга нешта вы там, — плюснуў Чубар прыжмуранымі ад бяссонніцы вачамі. — На шапачны разбор, лічы, прыйшоў!.. (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).
Зыходная вобразнасць фразеалагізма адлюстроўвае пэўную сітуацыю: хто-небудзь завітаў y госці тады, як ужо ўсе іншыя пачалі разбіраць шапкі і апранацца, каб ісці дамоў. Параўн. y „Абеліску“ В. Быкава, дзе агаляецца вобраз фразеалагізма, выкарыстанага са змяненнем формы: „Было відаць, што вячэра ідзе не першую гадзіну, і я зразумеў, што паспеў на разбор шапак — не болей. Знаў бы — не ехаў… Ну, але не брацца ж за шапку, калі ўжо прыехаў“.
На шчыце. Агульны для ўсходнесл. і польск. (na tarczy) м. Пераможаны, з паражэннем. Праўда, яшчэ невядома, ці не спяшаецца ён, Корзун, спраўляць перамогу, толькі будучыня пакажа, хто з іх са шчытом, а хто на шчыцг (У. Шыцік. Па жураўля ў небе).
Склаўся на аснове легенды пра выключную мужнасць спартанцаў. Як апісвае старажытнагрэчаскі пісьменнік Плутарх (каля 46-126), адна са спартанскіх жанчын, выпраўляючы сына на вайну, падала яму шчыт і сказала: „3 ім ці на ім“, г. зн. вярніся пераможцам ці мёртвым. Забітага выносілі з поля бою на шчыце.
На шырокую нагу. Запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі: 1) багата, раскошна, без абмежаванняў y сродках (жыць, пажыць і пад.), 2) з вялікім размахам (гуляць, ставіць і інш.), 3) багаты, раскошны, без абмежаванняў. Амерыка жыла, што называецца, на шырокую нагу (М. Лынькоў. Гісторыя ідзе наперад). Назіраючы, мабыць, за песнямі народа, за скамарохамі, яны [паны] спрабавалі такія відовішчы ставіць на шырокую нагу (А. Карпюк. След на зямлі). „Нясун“ — той жа злодзей, як бы ён ні маскіраваўся. Адсюль і жыццё не па працоўных даходах, бесклапотнае, на шырокую нагу (Звязда. 31.03.1987).
У XII ст. y Заходняй Еўропе была мода насіць доўгі і вялікі абутак. Мяркуюць, што першы заказаў сабе такія чаравікі з загнутымі ўгору наскамі кароль Англіі Генрых II, які зрабіў гэта, каб неяк прыхаваць нарасць на вялікім пальцы правай нагі. Абутак з доўгім наском стаў модай. Яна перакінулася ў іншыя краіны. Найболып знатныя і багатыя асобы насілі чаравікі з асабліва вялікімі наскамі. Пра такіх людзей у Германіі сталі гаварыць, што яны жывуць „на вялікую нагу“ (auf grossen Fusse). Як дакладная калька з ням. фразеалагізм перайшоў y рускую мову. Але цяпер ужо ў слоўніках ён падаецца з паметай „устарэлы“. Яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. замест незразумелага на сваёй вобразнасці на вялікую нагу сталі ўжываць на шырокую нагу, дзе прыметнікавы кампанент асацыяваўся з такім значэннем слова шырокі, як ‘нічым не абмежаваны’. У такой форме фразеалагізм ужываецца і ў бел. м.