Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гісторыя і міфы

Грыцкевіч Валянцін

Шрифт:

Згодна з Эліядэ, самую гістарыяграфію можна лічыць працягам міфічнай думкі, паколькі яна выконвае функцыю, падобную да той, што і міф у традыцыйных грамадствах [60]. Гэта ўласціва не толькі даўнім храністам і летапісцам, але, як лічыць даследнік, і шматлікім найноўшым гісторыкам.

Гістарычнасць міфа ў пэўнай ступені ўмоўная. Яна датычыць толькі ягонай вонкавай абалонкі, а не сутнасці, што мае безгістарычны характар. Меркаванне, згодна з якім гістарычны міф ёсць гістарычным фальшам, выклікае сур'ёзныя сумневы. Не кожнае памылковае ўяўленне пра гістарычны факт ёсць міф. Вытокі «фальшу» гістарычнага міфа вынікаюць з няведання або памылковага прачытання гістарычных крыніц.

З другога боку, гістарычны міф часта звяртаецца да фактаў сапраўдных, пацверджаных гістарычнымі крыніцамі, але ўціскае іх у межы вызначаных архетыпных схемаў.

Традыцыя ў суб'ектыўным сэнсе — гэта асноўнае ўяўленне пра мінулае, якое ўплывае на механізм людскіх дзеянняў і перажыванняў, а таксама вызначае погляды на сучасную рэчаіснасць. Таму незалежна ад таго, ці тая традыцыя сапраўдная ў аб'ектыўным сэнсе (гэта значыць у дачыненні да фактаў, якіх тыя ўяўленні датычаць), ці цалкам выдуманая, у суб'ектыўным сэнсе яна мае містычны характар. Традыцыя ёсць міфам, улічваючы механізм яе ўздзеяння і рэакцыі, якія яна выклікае ў чалавеку[61].

Гістарычны міф, як правіла, аб'ектыўна фальшывы, але суб'ектыўна ён заўсёды праўдзівы. Міф — гэта тое, у што шчыра і свята вераць, што прымаецца без доказу, як абсалютная праўда. Міфічнае стаўленне да мінулага характарызуе эмацыйнасць і спрашчэнне складаных гістарычных з'яваў.

Гістарычныя факты выконваюць на глебе міфічнага мыслення ролю сімвалаў, якім аддаюць перавагу ў дадзеным грамадстве, ці, наадварот, сімвалізуюць сілы ліха, якія заслугоўваюць выключна асуджэння. Міф з'яўляецца словам, якое акрэслівае ягоныя намеры больш за ягоную «літару».

Гістарычны міф з'яўляецца перадачай пэўных вартасцяў, пажаданняў і падзеяў, апавядаючы не столькі пра тое, што было, колькі пра тое, як павінна быць. Такім чынам, ён апранае ў гістарычную вопратку «надчасавыя» ўзоры паводзін, прынятыя і асвечаныя іхнымі носьбітамі.

Як ужо адзначалася, адна з важных якасцяў міфічных уяўленняў — іхная нарматыўнасць. Міфы навязваюць пэўныя ўзоры паводзін і складаюць істотную частку матывацыйных структур людскіх дзеянняў, усё роўна, ідзе гаворка пра паводзіны адзінак ці пра паводзіны асобных грамадскіх групаў.

Міфічная свядомасць можа суіснаваць з навуковым светапоглядам. Гэта датычыць гістарычнага мыслення, якое мае нібыта два пласты — навуковы і міфічны. Другі з іх можна знайсці не толькі ў гістарычнай свядомасці шырокіх колаў грамадства, але і ў людзей са спецыяльнай адукацыяй, у гісторыкаў і іхных працах. Аб пэўных абсягах мінулага мы можам мысліць навуковым спосабам, у выпадку іншых падпарадкоўваемся міфам. Гэты працэс стыхійны. Ён з цяжкасцю паддаецца кантролю.

ГІСТАРЫЧНЫ МІФ ЯК ЧАСТКА ГІСТАРЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ

Гістарычны міф складае істотную частку гістарычнай культуры. Кожная нацыя і кожная гістарыяграфія маюць свае міфы. Гэта факт, і адпрэчыць яго нельга. Свой асобны погляд на Суворава, Касцюшку, Пілсудскага маюць расейцы, беларусы, палякі, летувісы.

Гістарычны міф у грамадскім жыцці можа выконваць шмат станоўчых функцый. Ён можа быць (і гэта бывае найчасцей) разбуральным элементам.

Вышэй згадвалася пра задзіночвальную (аб'яднальную) функцыю міфаў. Важная таксама іх дыдактычная, адукацыйная роля. Яна разлічвае між іншага на прапаганду грамадска каштоўных вартасцяў, напрыклад патрыятычных і грамадзянскіх поглядаў. Гэтаму цяжка запярэчыць.

Але ў канчатковым выніку міфы прыносяць больш шкоды, чым карысці, бо скажаюць вобраз мінулага, робяць немагчымым правільнае разуменне гістарычнага працэсу і механізмаў грамадскага жыцця, неаднойчы спрычыняюцца да значных памылак у сферы практычных дзеянняў.

Возьмем, напрыклад, «ягелонскі» міф. Ён абцяжарваў разуменне адмоўных вынікаў вуніяў паміж Польскім Каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім, якія (вуніі) вялі пачатак ад вялікага князя, а потым караля Ягайлы. Напачатку (пад час вызваленчых войнаў 1794 і 1812 гадоў, паўстанняў 1830–1831 і 1863 гадоў) гэты міф іграў інтэграцыйную ролю, гуртуючы актыўныя колы грамадстваў розных этнасаў былой Рэчы Паспалітай супраць іншаземнай агрэсіі і дэспатыі. Аднак калі польскія ўлады пачалі рэанімаваць яго на пачатку ХХ стагоддзя, яны не ўлічылі нацыянальнага абуджэння ўсходніх суседніх з Польшчай этнасаў. Гэты міф адцягваў увагу палякаў ад іхных заходніх земляў, што знаходзіліся пад нямецкім панаваннем. Ён прыводзіў да ідэалізацыі ўзаемнага суіснавання Літвы з Каронаю і падтрымліваў у асяроддзі польскага грамадства ілюзіі магчымай Рэчы Паспалітай у яе даўніх тэрытарыяльных межах, зразумела, пад польскім кіраўніцтвам. Адмоўныя вынікі гэтага выявіліся ў 1918–1920 гадах. Тады адбывалася барацьба за межы паміж адноўленымі Польшчай, Летувой, Украінай, Беларуссю. Зразумела, гэта было выкарыстана ў сваіх мэтах спадкаемкай Расейскай імперыі — Савецкай Расеяй.

У польскім грамадстве не здолелі зразумець, што летувісы, украінцы, беларусы не жадаюць больш звязу з Польшчай. А без іхнае згоды нельга было марыць пра ўзнаўленне вуніі. Паддаючыся міфам, польскія грамадскія дзеячы не здолелі рэальна ацаніць актуальную палітычную сітуацыю на ўсходзе і асудзілі Польшчу на паразу ў 1939 годзе.

Утапічнасць гісторыі, яе гераізацыя служаць петрыфікацыі (скамяненню) міфаў, створаных у грамадстве або самастойна, або дзякуючы мастацтву і літаратуры як выраз аўтэнтычных грамадскіх патрэбаў.

Калі мы вышэй разглядалі міф, згодна з Эліядэ, як рытуалізаваны ўзор паводзін, мы не краналіся наступнага: на этапе ўтварэння міфа існуе супярэчнасць паміж ягоным зместам і праўдаю, а на этапе петрыфікацыі — супярэчнасць паміж даўнімі ўзорамі і новымі грамадскімі патрэбамі.

ПАЛІТЫЧНЫЯ МІФЫ

Традыцыя і гістарычныя веды маюць асаблівае значэнне ў фармаванні палітычных міфаў, якія цесна звязаныя з гістарычнымі міфамі. Е. Мялецінскі ў «Паэтыцы міфа» пісаў, што палітычныя міфы не ёсць «відавочнай хлуснёю ці пацверджаннем праўды… Міф з інструмента першаснага вобразнага мыслення… інтэлектуальна ператвараецца ў інструмент палітычнай дэмагогіі, якая надае ідэалогіі натуральны выгляд».

Паводле культуралісцкіх поглядаў, палітычны міф — складаная псіхічная структура, што ўзнікае ў выніку калектыўнай несвядомасці, агульнай для ўсіх людзей. Згодна з такімі поглядамі, усё змяшчаецца ў свядомасці і, калі ўсё тое, што несвядома, але выражаецца праз гэтую свядомасць, мы ўключаем у свядомасць, то знікае праблема таго, што пераходзіць межы свядомасці. Таму Е. Тапольскі падкрэслівае, што міфы паўстаюць увесь час, бо адной з якасцяў чалавечага мыслення ёсць міфалагізацыя, спыненне ведаў, змена іх кваліфікацыі ў пэўны момант, на дадзеным этапе. З таго часу, калі пазнанне пашыраецца, даследніцкія метады мяняюцца, развіваюцца, веды, якія калісьці былі навуковымі, нязменнымі, пераўтвараюцца ў міф. Першасныя людскія веды таксама адлюстроўваюць свет ненавуковым спосабам, хоць, можа, і слушным. Калі праверка пакажа, што веды сапраўдныя, тады іх можна разглядаць не як міф, а як толькі ўспамін пра міф, які пацвердзіўся [62].

З'яўленне палітычных міфаў суправаджаецца псіхічнымі працэсамі: скажэннем памяці, забываннем, фантазіяй. Кожнае людское дзеянне абапіраецца на якую-небудзь матывацыю, часта ірацыянальную, якая грунтуецца на ведах, атрыманых падсвядома. Пацверджаннем гэтага могуць служыць назіранні за масавымі паводзінамі грамадскіх рухаў і псіхалогіяй натоўпу. Так тлумачыць з'яву міфалагізацыі і дагматызацыі навуковых ведаў псіхолаг Л. Фэстынджэр. Ён заўважыў, што ў момант нарастання супярэчнасцяў між поглядамі і пазіцыяй людзей, з аднаго боку, і грамадскай рэчаіснасцю, з другога, або ў сітуацыі, калі гэтую рэчаіснасць немагчыма дастасаваць да людскога ўспрымання, калі нельга змяніць погляды, не парушаючы іхных ідэалагічных падставаў, тады прыходзіць у рух неўспрымальная псіхалагічная сістэма. Яна палягае ў тым, што чалавек не ўспрымае нявыгаднай і некарыснай інфармацыі. Неўспрымальны механізм людской псіхікі прыводзіць да таго, што засвоеныя калісьці навуковыя веды застаюцца эмацыйна «нейтралізаванымі» і «вышараванымі» з свядомасці. Чалавечая асоба становіцца абыякавай да ўсялякіх вонкавых стымулаў і аргументаў. Дагматызацыі навуковых ведаў спрыяе яшчэ міфалагізавальны стыль мыслення і дзеяння, а таксама наяўныя стэрэатыпы.

Поделиться с друзьями: