Гісторыя і міфы
Шрифт:
Сама ідэя вуніі, або абноўленага аб'яднання хрысціянскіх цэркваў — візантыйска-праваслаўнай і рымска-каталіцкай, узнікла там, дзе адбыўся і царкоўны раскол, у Візантыі. І ордэн езуітаў тут не пры чым. Канстантынопальскі патрыярх Міхаіл Керуларый адмовіўся прызнаваць зверхнасць рымскага першасвятара ва ўсім хрысціянскім свеце, і тады, у 1054 годзе, ён і рымскі легат (пасол) кардынал Гумберт аддалі адзін другога анафеме (царкоўнаму праклёну). Падзелу дзвюх галоўных у Эўропе і Міжземнамор'і цэркваў спрыялі адрозненні між Заходняй і Ўсходняй цэрквамі, акрэсленыя з VII стагоддзя, у дагматыцы, арганізацыі, абрадах.
Але галоўным быў цэзарапапізм — царкоўнае вучэнне, згодна з якім вяршэнства ў дзяржаве і грамадстве аддавалася свецкай уладзе — імператару, а царкоўная ўлада мусіць падпарадкавацца свецкай. Цэзарапапізм развіваўся ў Візантыі з IХ стагоддзя. Пазнавальныя карані гэтага вучэння трэба шукаць у дэспатычным спосабе мыслення, якое глыбока прасякнула дух і грамадска-палітычнае жыццё Канстантынопаля разам з тэрыторыямі, якія Ўсходне-Рымская імперыя захапіла на Ўсходзе.
Зусім супрацьлеглае спавядала і спавядае Заходняя царква. У яе вучэнні царкоўная ўлада пераважае над свецкаю і абсалютна незалежная ад свецкіх валадароў. Вядомы расейскі філосаф другой паловы ХIХ стагоддзя У. Салаўёў тлумачыў гэта так:
«Не царкоўная свабода, а цэзарапапізм прыйшоў да нас з Візантыі, дзе гэты антыхрысціянскі прадукт бясшкодна развіваўся з IХ стагоддзя… Да схізмы (г. зн. царкоўнага падзелу. — В.Г.) кожнага разу, як грэцкія імператары захоплівалі духоўную ўладу і пагражалі свабодзе царквы, прадстаўнікі апошняй… звярталіся да міжнароднага цэнтра хрысціянства [22] , выкарыстоўвалі пасярэдніцтва першасвятара [23] , і калі самі гінулі ахвяраю грубай сілы, то іхная справа, справа праўды, справядлівасці і свабоды, ніколі не заставалася без непахіснай падтрымкі Рыма… Грэцкая царква ў тыя часы была і адчувалася пэўнаю часткаю Сусветнае царквы… Гэтыя дачыненні выратавальнай залежнасці ад нашчадка першаверных апосталаў, дачыненні цалкам духоўныя, законныя і поўныя годнасці, былі заменены падпарадкаваннем жыцейскім, нелегальным і паніжальным — уладзе простых недухоўных і нават няверных» [87].
22
Ім тады быў Рым.
23
Папы рымскага.
Царкоўны раскол 1054 года адбыўся ў значнай ступені з віны кіраўніцтва візантыйскай царквы. І з ініцыятывы кіраўніцтва той жа царквы дайшло да некалькіх спробаў новага аб'яднання цэркваў Усходу і Захаду: у Ліёне ў 1274 годзе (з ініцыятывы візантыйскага імператара Міхаіла VIII Палеалога), у Канстанцы на саборы 1415–1418 гадоў і ў Фларэнцыі ў 1439 годзе (з ініцыятывы візантыйскага імператара Іаана VIII Палеалога і канстантынопальскага патрыярха Іосіфа II).
Вуніі ў Ліёне і Фларэнцыі былі дакончаныя (у Канстанцы не падпісаная) на кароткі тэрмін. Яны не пусцілі глыбокіх каранёў і не былі праведзеныя ў жыццё ні ў Візантыі, ні ў Беларусі і Ўкраіне. Украінскі гісторык Д. Дарашэнка лічыў асноўнаю прычынаю няўдачы тое, што гэтыя вуніі ўзнікалі «не з агульна адчутага рэлігійнага пачуцця», а «як прадукт пэўных палітычных камбінацыяў» [88].
Ідэя царкоўнае вуніі паўстала і знаходзіла свае праявы задоўга да 1540 года, калі ўзнік ордэн езуітаў. Так што, прыпісваючы езуітам тое, што было рэалізавана на Берасцейскім саборы 1596 года, мы робім значную памылку, якая не вытрымлівае крытыкі.
Нацыянальнае адраджэнне беларускага народа ў вялікадзяржаўных друку і гістарыяграфіі заўсёды трактавалася як чыясьці варожая інтрыга, часцей за ўсё польская. Так, чарнасоценная газета «Белорусская жизнь» (з 169-га нумара — «Северо-Западная жизнь»), якую ад 1911 года ў Вільні выдавала рэакцыйнае «Белорусское общество» на чале з Л. Саланевічам, пісала, нібыта «Наша Ніва» супрацьпастаўляе «расейскай культуры культуру польскую», а яе рэдактар — «обласканный поляками, находящийся от них в зависимости г(-н) Власов, служит в данное время лишь удобною ширмою для сокрытия полонизаторских целей газеты и кружка, к ней примыкающего» [89]. У другім месцы аўтар гэтай газеты пытаўся: «Многим ли известно, что эта «Наша нива» готова всемерно содействовать распространению в крае католицизма и только потому, что за католицизмом идет польщизна. Многие ли читатели этой «Нашей нивы» обращают внимание, что в ее иллюстрациях они ни разу не встречали древних русских памятников, древних русских святынь»? [90]
Абсурднасць гэтакіх сцверджанняў занадта відавочная.
А ў 1596 годзе «польская інтрыга» была не прычынаю, а вынікам. Сапраўды, кароль і вялікі князь (ім быў тады Жыгімонт III), магнаты, рымска-каталіцкае духавенства лічылі вунію першым крокам да лацінізавання і апалячання. Таму напачатку вунійныя захады ўкраінскіх і беларускіх уладыкаў знайшлі іхную падтрымку. Але гэтым марам «польскіх інтрыгаў» не давялося здзейсніцца, што давяла далейшая гісторыя вуніяцкай царквы ў Беларусі і Ўкраіне.
Так званыя «ліхадзейства езуітаў» і «польская інтрыга» — не рухальныя сілы Берасцейскай вуніі, а суб'ектыўныя фактары, якія на розных этапах маглі або спрыяць, або перашкаджаць аб'ектыўнаму працэсу задзіночання грэцка-праваслаўнай і рымска-каталіцкай цэркваў.
Для правільнага разумення аб'ектыўных заканамернасцяў узнікнення кожнай гістарычнай з'явы трэба ўлічваць увесь комплекс умоваў сацыяльна-палітычнага і грамадскага-культурнага характару, які спрычыніўся да яе з'яўлення і зацвярджэння. Найбольш характэрнаю рысаю таго часу было культурна-палітычнае і духоўнае абуджэнне беларусаў. Але якое? Сярэднявечнае ці рэнесансна-рэфармацыйнае?
Давайце паглядзім, якія падзеі адбываліся ў гэты час у Беларусі:
1520-я гады — Францішак Скарына арганізаваў друкарню ў Вільні.
1529 г. — Сойм прыняў Першы Статут Вялікага Княства Літоўскага.
1557 г. — Жыгімонт II Аўгуст выдаў «Уставу на валокі», згодна з якой была ажыццёўленая зямельная рэформа.
1561 г. — Магілеў атрымаў права на самакіраванне.
1563 г. — Дароўная грамата Жыгімонта II Аўгуста ўраўноўвала правы праваслаўных і каталіцкіх феадалаў.
1565 г. — Утварэнне павятовых соймікаў.
1566 г. — Прыняцце Соймам Другога Статута Вялікага Княства Літоўскага.
1569 г. — Люблінская вунія. Задзіночанне Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ў Рэч Паспалітую Абодвух Народаў.
1572 г. — Выданне Сымонам Будным Бібліі.
1574 г. — Выданне Сымонам Будным Новага Запавету.
Блізу 1580 г. — Выданне Васілём Цяпінскім Евангелля.
1581 г. — Утварэнне найвышэйшага судовага апеляцыйнага органа дзяржавы — Галоўнага Літоўскага трыбунала.
1588 г. — Прыняцце Соймам Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага.
1591 г. — Заснаванне брацтва і брацкай школы ў Берасці.
1592 г. — Заснаванне брацтва, брацкіх школы і шпіталя ў Менску.
1596 г. — Берасцейская царкоўная вунія.
1597 г. — Атрыманне Віцебскам права на самакіраванне.
1597 г. — Заснаванне брацтва і брацкай школы ў Магілеве.
Усё пералічанае здаецца нам праявамі актыўнага працэсу фармавання самасведамасці беларускага этнасу, асэнсавання сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, сваіх нацыянальных інтарэсаў. Беларуская культура тады была культураю рэнесансна-рэфармацыйнага тыпу.
Узнікненне пры канцы XVI стагоддзя беларускай нацыянальнай царквы адбывалася цалкам ў агульнаэўрапейскім культурна-гістарычным кантэксце таго часу і ёсць заканамерным, аб'ектыўным вынікам усяго папярэдняга развіцця Беларусі — неадлучнай, інтэгральнай часткі эўрапейскай супольнасці. Максім Багдановіч пісаў пра гэта так:
«Трохі падтрымлівала беларускую культуру вуніяцкае духавенства, бо вунія была распаўсюджаная амаль выключна сярод простага народу і з'яўлялася ў краі як быццам нацыянальнай беларускай рэлігіяй. З канца XVIII стагоддзя вуніяцкім духавенствам на беларускай мове казаліся казані, выдаваліся рэлігійныя песняспевы і г. д. Апошняю праяваю гэтай дзейнасці быў выдадзены ў 1837 годзе беларускі катэхізіс, праз два гады адбылося ўз'яднанне вуніятаў, катэхізіс спалены, казані на беларускай мове забароненыя» [91].