Гісторыя і міфы
Шрифт:
Карыснаю зброяй у пераадоленні гістарычнай міфалогіі можа быць крытычны аналіз выбраных міфаў, стэрэатыпаў, легендаў. Зразумела, болей магчымасцяў для гэтага ў сярэдняй школе. Але і ў пачатковай можна ўводзіць пэўныя элементы падобнага аналізу.
Напрыклад, «чорным» стэрэатыпам немцаў і Нямеччыны, што ўкараніліся ў нас з часоў Другой сусветнай вайны, можна было б супрацьставіць станоўчыя моманты збліжэння беларусаў і немцаў пад час знаходжання апошніх у Беларусі як меншыні на працягу стагоддзяў, паказу таго, колькі словаў пазычана нашай мовай з нямецкай (вандраваць, ратаваць, крама, гандаль, дах, фарба, кушнер, слесар, гарбар, лёс, крышталь, брук, пляшка, куфаль, помпа ды інш.), таго, як лекары нямецкага паходжання лячылі мясцовае насельніцтва, настаўнікі з немцаў навучалі дзяцей, а майстры працавалі ў рамястве і прамысловасці і г. д.
У сярэдняй школе можна было б аналізаваць «чорныя» і «белыя» легенды пра такіх асобаў, як К. Каліноўскі, В. Ластоўскі, браты Луцкевічы, Булак-Балаховіч, Чарвякоў, «наш Пётр Міронавіч» Машэраў, В. Казлоў, Грамыка, маршал Якубоўскі і г. д. Гэтакі аналіз дазволіў бы моладзі зразумець складаны і адначасова дынамічны характар гістарычных ведаў і яе ўсялякія пазанавуковыя і навуковыя абумоўленасці. Гэта дапамагло б прышчапіць ёй крытыцызм у стаўленні да гістарычных пастулатаў, што знаходзяцца ва ўжытку, імкненне да выпрацоўкі ўласнага погляду на некаторыя гістарычныя і сучасныя з'явы і падзеі.
Патрэбна таксама змяніць спосаб падачы гістарычных персанажаў, як, дарэчы, гэта паспрабавалі зрабіць нацыянальна сведамыя беларускія даследнікі мінулага А. Бяляцкі і В. Ермалёнак у дачыненні да асобы С. Булак-Балаховіча [76].
Дасюль яшчэ гістарычныя персанажы маюць надта спрошчаны выгляд, яны схематычныя, аднамерныя. Варта паказаць асобаў, што дзейнічалі ў мінулым, як людзей жывых, якія мелі пэўныя вартасці, але таксама і недахопы, якія паддаваліся пэўным слабасцям, рабілі памылкі, недарэчныя ўчынкі і г. д.
Магчыма, варта ўзбагаціць школьную шкалу ацэнак. Яна мусіць быць больш адкрытай, чым цяпер. Пры гэтым аддаваць перавагу не столькі першасным ацэнкам («прагрэсіўны-рэакцыйны»), колькі параўнаўчым («у параўнанні з…», «гэта было выйсце больш…»).
СПРОБЫ ПЕРААДОЛЕННЯ МІФАЎ
Пераадольваць міфы цяжка і складана. Больш за тое, гэта вельмі няўдзячная справа. С. Гжыбоўскі прыводзіць наступны прыклад. Ён даведаўся ад аднаго гісторыка, што той, вывучаючы біяграфію Яна Кіліньскага, паплечніка Касцюшкі ў збройным чыне 1794 года, а потым удзельніка змовы братоў Цяцерскіх у Вільні супраць расейскіх акупантаў (1797) [77], знайшоў у архіве справаздачу прадпрыемства, якое той трымаў. У прадпрыемстве былі занятыя толькі жанчыны маладога ўзросту. Гісторык зразумеў, што гэта быў «вясёлы дом», які трымаў герой паўстання, і ўстрымаўся ад апісання гэтага факта біяграфіі Кіліньскага. Нават калі гэта анекдот, то ён варты таго, каб мець яго на ўвазе. На нашу думку, і пра такое трэба пісаць, не баючыся дэміфалагізацыі герояў.
Дэміфалагізацыя Жанны д'Арк [17] , Рычарда III Ангельскага [18] , Рышэлье [19] , Пятра I, Леніна, Троцкага, Сталіна вельмі складаная, а іншым разам практычна немагчымая (як у прыкладах Марыі Ст'юарт [20] або дона Карласа Габсбурга [21] , якіх занадта ідэалізавалі).
Пераадоленне міфаў вымагае пераказу грамадству як мага больш поўных ведаў пра мінулае. Мы мусім бачыць гістарычную рэчаіснасць такой, якой яна была, а не такой, якой «павінна» быць. Нельга засяроджваць увагу толькі на адным — станоўчым або адмоўным — баку гістарычных з'яваў. Трэба асвятляць іх усебакова, спосабам, што адпавядае патрабаванням прафесійнай навукі, а не прыстасаванню да сучасных палітычных мэтаў той ці іншай палітычнай партыі ці грамадскага руху.
17
Жанна д'Арк (1412–1431), народная гераіня Францыі. Стала на чале вызваленчай вайны французаў супраць ангельцаў пад час Стогадовай вайны 1337–1453 гг. Спаленая на вогнішчы ворагамі як герэтычка. Шэраг яе дзеянняў быў некрытычна інтэрпрэтаваны праз літаратараў (Ф. Шылер) і гісторыкаў.
18
Рычард ІІІ Ёрк (1452–1485), кароль Англіі з 1483 г. Захапіў пасад, адхіліўшы ад улады свайго малога пляменніка Эдуарда V, які разам з малодшым братам неўзабаве пасля таго памёр. Ворагі Рычарда ІІІ, якія яго перамаглі, абвінавачвалі ў смерці пляменнікаў іхнага дзядзьку. Гэтая традыцыя была замацаваная гісторыкамі (Т. Мор) і пісьменнікамі (У. Шэкспір), але не пацверджаная верагоднымі доказамі.
19
Арман Рышэлье (1585–1642), кардынал, фактычны валадар Францыі (з 1624 г.), спрыяў умацаванню абсалютызму і пашырэнню палітычнага ўплыву Францыі. Праводзіў адміністрацыйныя, фінансавыя, вайсковыя, культурныя рэформы. Афіцыйная французская гістарыяграфія апраўдала ягоныя рэпрэсіі супраць гугенотаў, задушэнне феадальных бунтаў, народных паўстанняў, уцягванне краіны ў трыццацігадовую вайну 1618–1648 гг., што каштавала Францыі значных стратаў.
20
Марыя Ст'юарт (1542–1587), шатляндская каралева (1542–1567), уцякла ад паўстання ў краіне ў Англію, дзе была зняволеная сваёй сваячкаю каралеваю Лізаветаю І і брала актыўны ўдзел у змовах супраць Лізаветы І, бо прэтэндавала на пасад Англіі, была за тое пакарана смерцю. З лёгкай рукі Ф. Шылера і С. Цыэйга ідэалізаваная як нявінная ахвяра Лізаветы І.
21
Дон Карлас Габсбург (1545–1568), нашчадак гішпанскага пасаду, сын Філіпа ІІ, з якім знаходзіўся ў варожых дачыненнях. Памёр у зняволенні. Вобраз дона Карласа як нібыта прыхільніка рэформаў, ідэалізаваны ў прысвечаных яму п'есе Ф. Шылера і оперы Дж. Вэрдзі.
Існуюць гіпотэзы пра тое, што схільнасць паддавацца гатовым узорам грамадскіх паводзін адваротна прапарцыйная роўню ведаў і грамадскага досведу чалавека. Аднак жа міфы і стэрэатыпы грамадства перадае чалавеку стыхійна або ў выглядзе гатовай свядомай перадачы, якая натхняецца адпаведнымі цэнтрамі, напрыклад цэнтрамі ідэйна-выхаваўчага ўздзеяння, што звязваюць пэўныя падзеі з трываласцю гэтых міфаў і стэрэатыпаў.
На падставе даследванняў фармавання грамадскімі рухамі таталітарнага і аўтарытарнага характару асобнага чалавека (якія пачалі ў свой час Г. Олпарт і Т. Адорна) можна сцвярджаць, што існуюць людзі, асабліва здольныя да пераймання і пераказу міфаў. Звязана гэта з існаваннем у іх пачуцця пагрозы, адчужэння, адасаблення, патрэбы бяспекі і аўтарытэту. Людзі з такім характарам «аўтарытарнай», замкнёнай асобы больш падрыхтаваныя да прыняцця гатовых узораў мыслення, паводзін, захавання, чым асобы з адкрытай, дэмакратычнай пазіцыяй. Яны праяўляюць большую схільнасць да абвостраных супрацьстаўленняў і схематычнага стылю мыслення, а таксама да нецярпімага стаўлення да іншых вартасцяў і іх прыхільнікаў.
Аднак недахоп шырокіх эмпірычных даследванняў перашкаджае акрэсліць псіхічныя якасці асобы і грамадскай групы, якія спрыяюць працэсу міфалагізацыі гістарычнай сведамасці. Зрэшты, іх па-рознаму тлумачаць асобныя школы і псіхалагічна-сацыялагічныя тэорыі. У самых гістарычных і паліталагічных даследваннях сведамасці адзінкі і грамадскай групы слаба ўлічваецца праблема ірацыянальных матывацыяў палітычных паводзін і захавання.
З'яве міфалагізацыі гістарычнай сведамасці напэўна спрыяюць адзінкі і грамадскія групы, слаба інфармаваныя пра становішча мінулай і сучаснай рэчаіснасці і з недастатковым грамадскім досведам. Гэта цесна звязана з псіхічнымі працэсамі забывання, фантазій, дэфармацыі памяці. Міфалагізацыі спрыяюць пэўныя асабістыя якасці чалавека, якія праяўляюцца ў схематычным стаўленні да грамадскай рэчаіснасці, варожасці ў дачыненні да іншых вартасцяў і перакананняў, у моцна ідэйна матываваных пазіцыях і захаванні і г. д.
Таму вызваленне гістарычнай і палітычнай сведамасці жыхароў Беларусі — надта цяжкая задача, развязанне якой залежыць не толькі ад гісторыкаў і папулярызатараў гістарычных ведаў, але, не ў апошнюю чаргу, ад самога грамадства.
Менавіта грамадству патрабуецца перабудова псіхікі і змена найбольш закасцянелых формаў мыслення і дзеяння. Найперш трэба звярнуць увагу на тое, што ў розумы беларусаў на працягу дзесяцігоддзяў мэтанакіравана ўкараняліся русіфікатарскія міфы гісторыі. Не менш намаганняў зроблена з мэтай падпарадкавання камуністычнай дактрыне і яе трывалым міфам. У далейшай дэміфалагізацыі гісторыі ўсё гэта варта ўлічваць.
У нашыя часы стаўленне да міфа мяняецца. Гэтаму спрыялі працы М. Эліядэ. Ён пісаў: «Трэба разумець, што ХIХ стагоддзе не магло ўспрыняць сімвал-міф і вобраз як факты духоўнага жыцця, якія можна хаваць, скажаць, змяняць, але якія немагчыма знішчыць». Міфы выраджаюцца, сімвалы становяцца свецкімі, але яны ніколі не сыходзяць на нішто нават у такім рацыяналістычным часе, якім было мінулае стагоддзе. Сімвалы і міфы ўваходзяць карэннем у глыбокую старажытнасць. Яны складаюць частку людскога існавання. Няма такой сферы жыцця, дзе б яны не сустракаліся.
Пераканаць у няслушнасці міфаў, стэрэатыпаў, легендаў можна толькі таго, хто падрыхтаваны быць перакананым. Калі ён не гатовы, калі нешта ў ім супраціўляецца, то з ім нічога не зробіш. Ён заўсёды знойдзе прынцып, каб апраўдаць свае жарсці.
Калі настойліва паказваць усю агіднасць, усю брыдоту, да якіх вядзе, напрыклад, фашызм — карычневы, чырвоны, чорны (тыпу клерыкальнага фундаменталізму), пэўная частка тых, хто вагаецца, адыдзе ад яго. Але немагчыма пераадолець псіхалагічны закон: вобраз ворага, які прапануюць чалавеку прыхільнікі фашызму, зняншае страх безасабовага, туманнага ліха, пачуцця бездані, у якую ўсё ляціць. Я згодны з Рыгорам Памяранцам, які піша, што да той пары, пакуль чалавек адчувае боязь пераменаў, боязь невядомага, боязь бяздоння, пакуль чалавек не знайшоў апірышча ў самім сябе, — масавая істэрыка, давер да міфаў, стэрэатыпаў, легендаў непазбежны [78].
І ўсё ж чалавек не можа існаваць нідзе больш, як толькі ў свеце, у якім існуе гісторыя. Ён па натуры гістарычная істота. Мы ўсе «асуджаныя» на гісторыю. Таму павінны дбаць пра тое, каб свет нашых гістарычных уяўленняў быў складзены з як мага найлепшага матэрыялу, а не з міфаў сумнеўнага характару.
СТАРАЯ, СТАРАЯ КАЗКА
Прошедши порядочное расстояние, увидели точно границу, состоявшую из деревянного столбика и узенького рва.
«Вот граница! — сказал Ноздрев, — все, что ни видишь по эту сторону, все это мое, и даже по ту сторону, весь этот лес, который вон синеет, все, что за лесом, все это мое».
Н. Гоголь. Мертвые души. Т. I. Гл. IV.