Гісторыя і міфы
Шрифт:
Что такое белорусы? Это русские. Кто это придумал, когда? Белые русские, красные русские, синие русские. Это все сделано искусственно. Искусственно, понимаете? Никто не хочет изучать другой язык — нормальный, хороший — русский язык. Весь мир изучает! Тут вдруг выдумали вводить пятьдесят языков. Это все от сумасбродства. Это национальный психоз.
Из выступления В. В. Жириновского в С.-Петербурге 8 июля 1991 г.
Можна нагадаць асноўныя сюжэты, што вандруюць на працягу жыцця некалькіх пакаленняў з адных русіфікатарскіх — дасягальных усім — падручнікаў гісторыі «Северо-Западного края» Расеі мінулага стагоддзя ў гэтакія ж русіфікатарскія падручнікі гісторыі БССР. Толькі ў тых кніжках канца ХIХ стагоддзя былі аўтары М. Каяловіч, П. Бранцаў, П. Бацюшкаў, А. Турчыновіч, К. Харламповіч, П. Жуковіч, а ў пазнейшых — рэдактары і аўтары Л. Абэцэдарскі, Э. Загарульскі з аднымі і тымі жа суаўтарамі. Нешматлікія ж, хай сабе і не заўсёды роўныя па якасці падручнікі, напісаныя з беларускага гледзішча агульныя курсы нацыянальнай гісторыі В. Ластоўскага, У. Ігнатоўскага, Я. Найдзюка, Я. Станкевіча, і некаторых іншых аўтараў заставаліся недасягальнымі для чытачоў.
Паспрабуйма прасачыць, як у Беларусі варожымі ёй сіламі навязваліся міфы і легенды, каб утрымаць і царскі, і бальшавіцкі парадак. Звернем увагу на тое, што шматлікія міфы нараджаліся ў гістарычных даследваннях і даведніках, абыймаючы ўсю гісторыю Беларусі, пачынаючы ад першабытных часоў.
Адзін з такіх міфаў датычыць асвятлення славяна-балцкіх узаемадачыненняў на сучаснай тэрыторыі Беларусі пад час яе засялення аднымі з продкаў сучасных беларусаў — славянамі. Калі азнаёміцца з доследамі беларускіх і расейскіх археолагаў, антраполагаў, мовазнаўцаў апошніх дзесяцігоддзяў, можна будзе зразумець, што на сучаснай беларускай зямлі яшчэ да таго, як склаўся беларускі этнас, жылі балцкія плямёны, блізкія па мове да сучасных летувісаў і латышоў. Потым зямля гэтая была паступова заселеная славянскімі продкамі беларусаў, якія змяшаліся з тубыльцамі.
У падручніках, складзеных па старых рэцэптах, удзел балцкага субстрату (гэта значыць этнасу, што жыў папярэдне) у стварэнні беларускага народа адмаўляецца. Нібыта славяне прыйшлі на пустэчу між Дняпром, Дзвіною і Нёманам. Гэта значыць, што яны і толькі яны павінны быць яе валадарамі па праве першазасялення.
Вы памыліцеся, калі падумаеце, што гэта сцвярджаецца на карысць беларускай ідэі. Не, гэта робіцца на карысць ідэі імперскай, расейскацэнтрычнай. Згодна з ёю беларусы — гэта тыя ж расейцы, хай сабе «маленькія», але ўсё ж «нашы». А балты — нібыта «чужыя».
Абаронцам такой ідэі трэба расцягнуць абшар расейскага ўладарання як мага шырэй, ды яшчэ даказаць ягоную правамоцнасць.
Такая ж імперская думка праводзіцца праз сцверджанне, нібыта існаваў адзіны старажытны ўсходнеславянскі этнас, адзіная мова і адзіная дзяржава ад Балтыйскага да Чорнага мора — Кіеўская Русь. Аднак жа дзяржава гэтая была недаўгавечная, існавала яна з перапынкамі семдзесят гадоў (у 980-1015 і 1019–1054 гг.). А да таго і пасля таго на ўсёй гэтай тэрыторыі існавалі самастойныя ўдзельныя княствы і ў тым ліку Полацкае — аснова Беларусі.
Што да адзінай мовы, дык яшчэ прафесар Чарнавіцкага, а потым Украінскага Вольнага інстытута ў Празе, акадэмік Усеўкраінскай Акадэміі навук Сцяпан Смаль-Стоцкі (1859–1939) даволі доказна зняпраўджваў правамоцнасць ідэі праўсходнеславянскай мовы. Ён даводзіў, што тры ўсходнеславянскія мовы — расейская, украінская і беларуская — узніклі непасрэдна з праваславянскай, а не з праўсходнеславянскай мовы ўсяе Кіеўскай Русі.
Менскі прафесар В. Мартынаў лічыць, што старая вядомая канцэпцыя агульнай старажытнарускай мовы як калыскі трох моваў не вытрымлівае ніякай крытыкі. Гэтая канцэпцыя была больш палітычная, чым навуковая, усім нам добра вядома, чаму яна была папулярная. Паводле меркавання навукоўца, так званая старажытнаруская мова — гэта не прамова трох усходнеславянскіх моваў, а проста стараславянская літаратурная мова ва ўсходнеславянскім варыянце. Няма беспасярэдніх крыніцаў, з якіх можна было б даведацца пра ўсходнеславянскія дыялекты прыкладна IХ-Х стагоддзяў.
Калі зазірнуць у старажытнейшыя часы, мы сутыкаемся з праблемай славянскай прарадзімы ў басейне Віслы і Одры. Адтуль пачалася міграцыя славян на ўсход (раней) і поўдзень (пазней). Першая міграцыя праходзіла ўздоўж Прыпяці да Дняпра, далей на поўнач і на поўдзень. Тая частка славянаў, якая пайшла на поўдзень, сталася носьбітам украінскага дыялекту, на поўнач — беларускага. Расейскай тэрыторыі яшчэ не было ўвогуле. Але ўсе памянёныя землі не былі пустэчаю. Там жылі розныя этнасы. Напрыклад, тэрыторыя сённяшняй Беларусі была заселена ўсходнімі балтамі. На тэрыторыі Ўкраіны жылі іранамоўныя скіфы. Таму беларуская і украінская мовы бліжэйшыя паміж сабой, бо яны нібы выйшлі з адной плыні, хоць субстраты былі розныя. Што да расейскай мовы, то В. Мартынаў лічыць, што перасяленне прарасейцаў адбылося пазней, прычым на той час мелася на ўвазе не мова, а таксама дыялект. Яны прайшлі праз тую ж тэрыторыю, але далей на поўнач ад Ноўгарада да Ладагі.
Такім чынам, былі не тры, а два арэалы: беларуска-ўкраінскі і расейскі. Дыялект, на якім пабудавана сучасная беларуская мова, узнік вельмі рана, не ў XIV стагоддзі, як сцвярджалася ў савецкія часы, а на пачатку нашай эры. Што да пісьмовай старабеларускай мовы, то яна не была пабудаваная на дыялектнай аснове, а беспасярэдне звязана з кніжнымі ўплывамі. Новая ж беларуская літаратурная мова грунтуецца на найбольш старажытным народным дыялекце [79].
Яшчэ ў 1960-х гадах ленінградскі гісторык В. Б. Вілінбахаў выказаў гіпотэзу, згодна з якой розныя плямёны Старажытнай Русі мелі мала агульнага, бо іх, як пісаў М. Багдановіч, «душылі абшары лясоў» і шляхі між тэрыторыямі рассялення розных плямёнаў былі дрэнныя. У гэтых плямёнаў было мала геапалітычных сувязяў гэтаксама, напрыклад, як сёння ў жыхароў Новай Гвінеі. На гэтай вялізнай выспе жыве прыблізна семсот асобных этнасаў. Мовы, якімі гавораць гэтыя народы, размяркоўваюцца між некалькімі няроднаснымі між сабою надсем'ямі — трансновагвінейскай, сепік-раму, тарычэлі, заходнепапуаскай ды іншымі.
Калі ж не было адзінай старажытнарускай мовы, дык што тады было адзіным на раўнінах Усходняй Эўропы ад Балтыі да Прычарнамор'я? Вялікакняская ўлада? Але ж яна існавала ўсяго некалькі дзесяткаў гадоў. Этнас? Аднак там жылі розныя плямёны, пералічаныя ў асноўнай крыніцы таго часу — «Аповесці пра мінулыя часы». Хрысціянскае веравызнанне? Яно ўводзілася ў розных частках Усходняй Славяншчыны і прыйшло з Візантыі. Сёння ў асобных артыкулах можна прачытаць нават, што там уводзілася грэцка-праваслаўная рэлігія, якая паступова выцясняла паганства. Але ўводзілася яна з 980 года, гэта значыць да расколу Сусветнае хрысціянскае царквы на грэцка-праваслаўную і рымска-каталіцкую. Раскол адбыўся ў 1054 годзе. У часы хрышчэння Русі хрысціянская царква была адзінай, Сусветнай і абыймала пяць патрыярхій: Александрыйскую, Антыяхійскую, Канстантынопальскую, Ерусалімскую і першапрастольную Рымскую. Яшчэ да расколу ў Тураве жыў лацінскі епіскап калабжэгскі Райнбэрн, які прыехаў туды з польскай князёўнай, што выйшла за старэйшага сына князя Ўладзіміра Хрысціцеля Святаполка.
Яшчэ наконт сцверджання таго, што насельніцтва тагачаснай Русі было адналітным этнасам, з якога вылучыліся тры — расейскі, украінскі і беларускі. Дастасуем параўнальны метад вывучэння гісторыі. Кіеўскае княства Ўладзіміра і ягонага сына Яраслава — не адзіная дзяржава Сярэднявечча такога тыпу. У Эўропе былі і іншыя эфемерныя вялікія дзяржавы, якія аб'ядноўвалі і блізкія па мове і не падобныя адзін да аднаго этнасы. Напрыклад, раней за Кіеўскае княства ў VIII–IX стагоддзях стварылася імперыя Карла Вялікага. Пры ягоных сынах яна распалася на Францыю, Германію і між імі дзяржаву Лотара. Часткі дзяржавы Лотара трапілі да памянёных краін, а таксама далі пачатак сучасным Нідэрляндам, Бэльгіі, Люксэмбургу, Швайцарыі, Аўстрыі.
Але супольнікі сучаснага Эўрапейскага звязу не ставяцца адзін да аднаго як старэйшыя і малодшыя браты. Мала таго, у іншых дзяржавах, як у той жа Францыі, не адна мова распадалася на тры, наадварот, дзве мовы злучаліся ў адну. А вось Кіеўскую Русь, якая была часовым кангламератам разнаплямёнавых і рознамоўных земляў, трактуюць як калыску старэйшага і малодшых, мацнейшага і слабейшых, вялікага і меншых этнасаў, мадэрнізуючы мінулае, праецыруючы яго на пазнейшае Вялікае княства Маскоўскае, Расейскае царства, Расейскую імперыю і Савецкі Саюз.
Яшчэ адзін міф — заваёва літоўскімі князямі беларускіх земляў. Дарэчы, дзіўным здаецца, калі асобныя гісторыкі прапануюць азначаць гэтае гаспадарства як «Літоўска-Рускае» [80]. Што гэта, як не імперскае жаданне выдаліць слова «Беларускае» з назову дзяржавы, абапіраючыся на літару, а не на сутнасць з'явы, мадэрнізуючы сэнс слова «рускі», якое ў тагачасным кантэксце азначала менавіта «беларускі»?
Што з таго, што ў назове «Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае» не было слова «Беларускае»? Калі стваралася гэтая дзяржава, яго ўвогуле не было ва ўжытку. Як не было і слова «Расейскае» ў найменні «Вялікае Княства Маскоўскае». Зыходзячы з такой пазіцыі, трэба было б называць некаторыя дзяржавы толькі так, як яны называліся іхнымі жыхарамі і валадарамі ў свой час. Напрыклад, найменне «Візантыйская імперыя» ніколі ў гэтым гаспадарстве не ўжывалася, бо яно пры сваім існаванні звалася Ўсходне-Рымскай ці проста Рымскай імперыяй. Назоў «Кітайская імперыя» ў гэтай краіне таксама не ўжываўся, бо яна звалася «Паднябеснай імперыяй». Туркі называюць сваю былую дзяржаву не Асманскай, як яна звалася даўней, а Турэцкай. Дык што перашкаджае называць Вялікае Княства Літоўскае згодна з ягонай сутнасцю?