Гісторыя і міфы
Шрифт:
Сацыяльная псіхалогія даставіла ўжо шмат довадаў залежнасці між працэсам забывання і людскім стаўленнем. Хутчэй забываецца тое, што не згодна з гэтым стаўленнем, чым тое, што супадае з імі. Яна спрабуе таксама знайсці адказ на пытанні, якія датычаць залежнасці між якасцямі чалавечай асобы і схільнасцю да стэрэатыпнага і міфалагізацыйнага стылю мыслення і дзейнасці.
Да тыповых палітычных міфаў належаць тыя, якія ўводзіла камуністычная партыя і яе цяперашнія паслядоўнікі ў розумы грамадзян нашай краіны і замежжа. А. Ролік пералічвае некаторыя з іх. Гэта міфы:
— аб уяўнай агульнанароднай уласнасці (хоць іхным фактычна неабмежаваным гаспадаром была партыйная вершаліна),
— аб адсутнасці класа эксплуататараў у сацыялістычным грамадстве (хоць у дэмакратычных краінах з рынкавай эканомікай, ці «капіталістычнай сістэмай», ад вырабленага прадукту на заробак працоўным ішло 30–60 працэнтаў, а ў СССР усяго 5-15 працэнтаў і яшчэ блізу пяці працэнтаў ад вырабленага прадукту вярталася дзяржаве на так званае «бясплатнае» медычнае абслугоўванне і адукацыю),
— аб правільнасці марксісцка-ленінскай тэорыі (хоць «у імя сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі» былі знішчаныя дзесяткі мільёнаў людзей, а народы тых краінаў, дзе карысталіся гэтай тэорыяй, прыйшлі да агульнага заняпаду, да адсталасці ў эканоміцы, да вынішчэння навакольнага асяроддзя),
— аб тым, нібыта эканамічны крызіс на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ёсць вынікам распаду адзінай эканамічнай прасторы і былых эканамічных сувязяў (хоць у савецкай прэсе 60-70-х гадоў увесь час пісалі пра заўсёдны зрыў паставак прадпрыемствамі розных частак краіны),
— аб тым, што пры камуністах у СССР быў устойлівы дабрабыт, а тагачасны рубель быў стабільны (хоць адносны дабрабыт 60-х гадоў быў вынікам ранейшага рабавання вёскі, прымусовай працы мільёнаў грамадзян, вынікам драпежніцкага выкарыстання прыродных рэсурсаў; з пачатку ж 70-х гадоў лёгка дасягальныя радовішчы карысных выкапняў былі вычарпаныя, стала цяжка набыць тавары, выраслі чэргі, грашовая маса не забяспечвалася таварамі, масавае спойванне насельніцтва нізкаякасным віном — «чарнілам» — дасягнула небывалага роўню),
— аб высокай прадукцыйнасці калгасаў і саўгасаў (што зняпраўдзіў у сваім інтэрв'ю старшыня «Рассвета» двойчы Герой Сацыялістычнай Працы В. Старавойтаў, тым больш што ў Беларусі на душу насельніцтва ворнай зямлі прыпадае больш, чым у заходнеэўрапейскіх краінах, але чвэрць неабходнага збожжа ў рэспубліку імпартуецца) [63].
У 1978 годзе Віктар Някрасаў разгледзеў міфы, звязаныя з камуністычнай партыяй. Адзін з гэтых міфаў — пра сілу партыі. Яна сапраўды была моцнай, але таму, што ў яе быў КГБ, таму, што яна вырашала ўсё за ўсіх. Узапраўды ж яна была слабой — ад боязі свайго народа, каб той не даведаўся пра тое, чаго яму нельга было ведаць, ад боязі дысідэнтаў, але больш за ўсё ад таго, што кіраўнікі партыі баяліся адзін аднаго.
Міф аб праўдзівасці партыі зняпраўджваўся яе беспрынцыповасцю. У СССР, напрыклад, то ганілі Гітлера, то сябравалі з ім. Газеты, радыё, тэлебачанне, мастацкая літаратура, сходы, мітынгі, школа — усё было прасякнутае хлуснёю і падманам.
Міф пра дысцыплінаванасць партыі грунтаваўся на боязі яе членаў страціць сваё месца. Міф пра любоў народа да партыі выкрываецца агульнай нянавісцю народа да яе, недаверам рабочых і сялян да кожнага інтэлігента, бо ў ім (часцей за ўсё слушна) падазравалі партыйца [64].
Палітычныя міфы могуць мабілізоўваць мільёны людзей на барацьбу за дасягненне правільных мэтаў, напрыклад вольнасці, сацыяльнай справядлівасці. Але часцей яны каламуцяць яснасць поглядаў, настаўляюць палітычныя думкі на заганны шлях.
Варта адзначыць найбольш значныя рысы міфічнага мыслення, а менавіта перавагу ў ім дагматызацыі гістарычных ведаў, высноўванне з яго практычных рэкамендацый, пазбаўленне гісторыі руху. Чалавек, які мысліць міфалагічна, не бачыць дынамікі гістарычнага працэсу, глядзіць на сучаснасць праз прызму нерухомых гістарычных уяўленняў.
СТЭРЭАТЫПЫ
Прыкладам міфічнага мыслення служаць стэрэатыпы. Упершыню гэты тэрмін у сацыялогію ўвёў амэрыканскі публіцыст Ўолтэр Ліпман (1922). Стэрэатыпам завуцца схематычныя, стандартызаваныя вобразы сацыяльных з'яваў ці аб'ектаў, спрошчаныя ўяўленні аб пэўных постацях, грамадскіх, этнічных, рэлігійных групах, інстытуцыях, краінах. Як правіла, яны эмацыйна афарбаваныя і маюць вялікую ўстойлівасць. Стэрэатыпы — гэта звычайна перадузятыя ўяўленні, фальшывыя вобразы, «хадзячыя меркаванні», звязаныя з групавымі (класавымі, расавымі, этнічнымі, рэлігійнымі і г. д.) прымхамі. Яны ёсць вынікам дагматызацыі гістарычнага міфа.
Этнічныя, расавыя, рэлігійныя ды іншыя групавыя стэрэатыпы не варта ацэньваць з гледзішча сучасных настрояў, нельга іх разглядаць выключна праз прызму этнасу, расы, рэлігіі, якіх яны датычаць. Нельга сёння патрабаваць ад нашых продкаў бязжарсных ацэнак. Яны ў свой час актыўна не ўспрымалі ерэтыкоў ці «вядзьмарак» (як мы — «агентаў замежнага імперыялізму», «ворагаў народа», прадстаўнікоў «варожых класаў», «рэакцыйных нацый»).
Як быць з памяццю аб крыўдах, што існуюць паміж сацыяльнымі групамі — этнасамі, класамі, расамі або вернікамі? Аб групавой нянавісці трэба напамінаць. Вонкава гэта можа здацца задачай накшталт квадратуры кола, але выйсце з гэтага ёсць: трэба сумленна прызнаць існаванне праблемы і выклікаць дыскусіі.
Гэта значыць, выйсце можа быць толькі адным — шчырым папярэджаннем. Прыкладам такога шчырага папярэджання можа служыць разгляд «змоўніцкай тэорыі гісторыі».
Упершыню паняцце аб «змоўніцкай тэорыі гісторыі» выклаў сацыёлаг К. Р. Попер у сваёй працы «Адкрытае грамадства і ягоныя ворагі». Палітолаг Дэніэл Пайпс называе гэтую тэорыю таксама «канспірацыянізмам», «паранаідальным стылем» або «ментальнасцю нябачнай рукі» [65]. Ён характарызуе яе як боязь змовы, якой сапраўды няма, бо змова належыць да дзеяння, а «змоўніцкая тэорыя» — да пачуццяў.
ЗМОЎНІЦКАЯ ТЭОРЫЯ ГІСТОРЫІ
Прыхільнікі гэтай тэорыі вырашальнае значэнне ў гісторыі, у гістарычным развіцці аддаюць змовам і адмаўляюць усе іншыя рухальныя фактары гісторыі[66].
Папраўдзе, змовы існавалі ўсюды і заўсёды. Успомнім змову Юлія Цэзара, змову асасінаў пад час крыжовых паходаў і мангольскай навалы, тугаў-душыльнікаў у Індыі, камору ў Неапалі, мафію, дзекабрыстаў. Але ўсе гэтыя змовы былі звязаныя з пэўнай мясцовасцю і абмежаваныя часам.
Апрача сапраўдных змоваў існавалі і існуюць змовы ўяўныя. Надта доўгае жыццё прыпісвалі зноў-такі абмежаваным у прасторы і часе рыцарам-тампліерам, сябрам таемных таварыстваў розэнкрэйцэраў, ілюмінатаў, масонаў. У сучаснай гісторыі змова з імкненнем пакарыць свет па чарзе прыпісвалася: езуітам, масонам, «сіёнскім мудрацам», а сённяшнія прыхільнікі памянёнай тэорыі лічаць, што ўсімі імі (і нават іезуітамі!) нібыта кіравалі габраі. Для прыхільніка змоўніцкай тэорыі гісторыі ідэальным супраціўнікам быў бы езуіт з семіцкімі рысамі твару, які насіў бы фартух масона.