Гандлярка і паэт
Шрифт:
Яніна Восіпаўна сказала:
— А я помню вас.
— I я помню вас.
I яны абедзве засмяяліся. Гэта неяк адразу зблізіла іх, спрасціла адносіны. Пры наступным звароце Яніна сказала ёй «ты»:
— Я пачастую цябе чаем. Андрэй ведае, што я люблю чай, і купіў у немцаў пачку натуральнага, з маркай французскай фірмы. Цэйлонскі.
Вольга не адмовілася, ёй хацелася надаўжэй застацца з гэтай жанчынай, можа, сапраўды спадзявалася адкрыць нешта асаблівае ў людзях той жа пароды, што і Саша.
Пакуль Яніна Восіпаўна падавала чай — ён быў гатовы, у нямецкім тэрмасе, — Вольга яшчэ раз агледзела пакой. Як усё проста, небагата — нічога дарагога, нічога лішняга, але прыгожа! Упершыню яна па-жаночаму пазайздросціла такому ўменню ствараць вакол сябе прыгажосць. I кубачкі для чаю асаблівыя, быццам зробленыя па заказу, бо пасавалі і да шпалераў на сценах, і да пледа, якім засланы ложак, і да льнянога абруса з васільковым беражком.
Наліўшы чаю, Яніна сказала трохі збянтэжана, быццам сала было не яе:
— Я з’ем трошкі сала. Мне так захацелася сала. Гавораць, што гэта рэдка бывае, каб хацелася мяснога, — так ускосна прызналася, што цяжарная. — Але гэта, відаць, тады, калі яно ёсць. У мяне сёння — што свята. Ты прынесла мне радасць. Я баялася за Андрэя, хоць у яго і надзейны дакумент. Але ён неасцярожны, — і раптам шэптам папрасіла: — Асцерагай іх, Оля.
Вольга ажно ўздрыгнула. Іх! Каго іх? Безумоўна, яна ведае пра Сашу, Андрэй расказаў усё. Захацелася расказаць пра свае пачуцці да Сашы, так, як расказваюць толькі самай блізкай сяброўцы. Але пасаромелася ці, можа, нават пабаялася: а калі Яніна спытае пра мужа? Вольгу даўно бянтэжыла і здзіўляла, што яна не адчувае сваёй віны перад Адасём. Але і найлепшай сяброўцы сказаць пра гэта сорамна, а тым больш чалавеку, з якім упершыню сустрэлася. Таму і пра Алеся змаўчала. Пачала расказваць пра дачку. Расказвала замілавана, з такімі падрабязнасцямі, якія ўмее ўбачыць у дзіцяці толькі маці і якія могуць зацікавіць толькі маці ці жанчыну, што рыхтуецца да мацярынства.
Яніна Восіпаўна слухала моўчкі, вельмі ўважліва, але, здавалася Вользе на нейкі міг, як бы насцярожана ці нават баязліва: так слухаюць тое, што не жадаюць пачуць, чаго не хочуць ведаць.
Вользе карцела сказаць, што толькі за яе, за Светку сваю, яна баіцца. Але, злавіўшы гаспадыніну насцярожанасць, зразумела, які страх яна перажывае за будучае дзіця, таму сказала тую не зусім шчырую праўду, якую ва ўсе часы паўтараюць усе маці:
— Цяпер адзіная радасць мая — дачка. Дзеля яе жыву.
Яніна Восіпаўна па-свойму прыняла гэтую размову і насцярожылася з іншай прычыны — баялася, што Вольга падвядзе: які гэта жах, страх, якія пакуты — жыць такім жыццём, маючы дзіця. Высока ацаніла Вользіну душэўную далікатнасць і ад удзячнасці прызналася ў самым запаветным, сапраўды, як вельмі блізкаму чалавеку:
— Мы з Андрэем свядома пайшлі на гэта, хочам, каб наша жыццё прадоўжылася ў ім. Можа, гэта жорстка ў адносінах да яго, але мы верым, што добрыя людзі не пакінуць дзіця, калі мы загінем. Толькі б цяпер захаваць яго.
Кранулі гэтыя словы Вольгу ледзь не да слёз сваёй трагічнасцю, але ў той жа час як бы адкрылі перад ёй трохі больш заслоны над таямніцамі чужых душ. I яна зноў, як некалі ў Камандзіра, спытала… не, бадай, не спытала — выгукнула:
— Дзіўлюся я… Што вы за людзі?!
Але жанчына адказала інакш, чым яе муж, не такімі высокімі словамі:
— Мы такія ж людзі, як і ты, Оля. Не думай, што мы нейкія асаблівыя, з іншага цеста… Не. Мы такія ж…
Чай сапраўды быў вельмі смачны, хоць гэта быў нямецкі чай і наліваўся з нямецкага тэрмаса. Хоць чорта лысага тыя немцы маюць, чужога нахапалі. Яніна сказала, што чай французскі. Тэрмас, відаць, таксама не нямецкі, бо размаляваны дзіўна: з аднаго боку пальма, пад ёй леў, а з другога — ільдзіна, а на ёй — белы мядзведзь; ніякіх нямецкіх знакаў ці надпісаў. Ва ўсялякім разе, Вользе здалося, што ніколі яна не піла такога чаю, нават тады, калі на стале шумеў самавар і падавалася найлепшае варэнне. А тут і драбка цукру не было, а такая смаката.
Пасядзелі яны не доўга, з паўгадзіны, а так паразумеліся. Яніна нагадала, што Вользе трэба ісці — сказала адрас і пароль, па якім незнаёмы Віцёк павінен прызнаць яе за свайго чалавека.
Калі Вольга апраналася ў калідоры, Яніна Восіпаўна ўспомніла пра хустку і вельмі збянтэжылася, што, пераклаўшы хустку са стала на крэсла, забылася пра яе.
— А хустку? Прабачце, калі ласка.
Вольга ўзяла прынесеную Янінай з пакоя хустку, разгарнула, як бы любуючыся, і раптам, абняўшы гаспадыню, накінула хустку ёй на плечы, захутала шчыльна грудзі, пацалавала ў шчаку.
— Якая яна цёпленькая, а вам гэта трэба цяпер, каб цёпла было, — і, не даўшы запярэчыць разгубленай жанчыне, хутка выйшла.
На другую явачную кватэру (дарэчы, словы такія яна пачула ад Яніны Восіпаўны), з другім сваім заданнем у адзін дзень Вольга ішла з яшчэ большай цікавасцю, па-новаму ўзбуджаная, і ўзбуджанасць гэтая была радасная.
Жанчына, з якой яна амаль параднілася за кароткі час, зрабіла незвычайнае ўражанне, яна неяк па-свойму, па-жаночаму дапоўніла тыя асаблівыя пачуцці, якія, магчыма, упершыню з’явіліся перад калючым дротам лагера ці на кастрычніцкія святы, калі Саша кінуў ёй першы папрок і ёй захацелася адзначыць са-вецкае свята. Прарасталі яны, гэтыя пачуцці, нялёгка, пакутліва, па меры таго як яна ўсё больш пазнавала Сашу, збліжалася з ім душэўна. А сустрэчы з Камандзірам, з яго жонкай — што вясновы дождж і пасля яго — сонца.
У той дзень яна як бы нарэшце зразумела, што ж гэта за людзі, з якімі звязаў яе лёс.
Самае першае пачуццё, калі выйшла ад Яніны Восіпаўны, было нечаканае сваёй практычнасцю. Вучоным людзям яна і раней часам зайздросціла, але настаўнікаў ставіла не вельмі высока: нерваў псуюць многа, а атрымліваюць капейкі. А тут упершыню ёй вельмі захацелася стаць настаўніцай, вучыць дзяцей. Успомніла, ж угаворваў Саша, што ў яе выдатная памяць, незвычайныя здольнасці і ёй абавязкова трэба вучыцца. Прасіў, каб яна паабяцала, што будзе вучыцца. Яна абяцала, але сама не верыла сабе, ды і яму неяк выказала: якая там вучоба! А цяпер ішла па пустых заснежаных вуліцах і давала зарок, клятву самой сабе, Сашу, Камандзіру, Яніне, небу, з якога церушыўся ласкавы сняжок, на якім, верыла, ёсць Бог, што абавязкова пойдзе вучыцца адразу ж, як толькі прыйдуць нашы, не зважаючы ні на якія цяжкасці. Былі ж да вайны вячэрнія школы, будуць і пасля вайны, бо патрэба ў іх вырасце: падлеткі, якім трэба цяпер быць у школе, не вучацца, перарастуць.
Ад нечаканага і проста-такі прагнага жадання вучыцца неяк адразу пабольшала яе ўпэўненасць, што нашы скора вернуцца і жыццё адновіцца. I яшчэ адно здарылася ў той момант: вельмі ж яно дарагім здалося, тое даваеннае жыццё, якое яна як бы і не заўважала ці заўважала тады, калі з’яўлялася прычына палаяць парадачак на рынку, у магазіне, у пашпартным стале, у чарзе ля кінатэатра, у трамваі. Цяпер ёй здавалася недарэчным, проста злачынным, што за такія дробязі некаторыя камароўцы часам залішне лаялі сваё начальства — сваіх людзей, з рабочых і сялян. Так лаяла старая Ляновічыха, з-за гэтага бацька неаднойчы сварыўся з ёй, стары гарбар тлумачыў усе цяжкасці па-рабочаму. Дарэчы, нават у адносінах да бацькоў у той дзень як бы адбылася нейкая змена. Да таго Вольга часцей успамінала маці, асабліва ў цяжкія хвіліны, і як бы раілася з ёй, верачы ў яе жыццёвую мудрасць, з бацькам ніколі не раілася, а тут раптам бадай з удзячнасцю ўспомніла бацьку, пагаварыла з ім і як бы адчула, што ён блаславіў яе.
Другі пароль ёй гаварыць не прыйшлося, хоць дом яна знайшла не адразу, ён стаяў у адным з безыменных завулкаў пад самым лесам — Красным Урочышчам. Дом быў новы, але недабудаваны, нават без брамы — заходзь хто хочаш. А двор бязладна завалены бярвеннем і дошкамі, усё гэта, аднак, не ляжала нерухома, бо амаль усюды быў парушаны снег, жаўцелі свежае пілавінне і трэскі, пад адкрытай, таксама недабудаванай паветкай ляжалі нядаўна габляваныя дошкі, стружкі. Прыемна пахла свежай сасной. Ужо тое, што тут у такі час будуюцца, неяк хораша настроіла Вольгу, яна адчула сімпатыю да гаспадароў, людзей, безумоўна, працавітых і ўпэўненых, што ім доўга жыць. Не, відаць, упэўненыя яны ў нечым большым, чым уласнае даўгалецце, калі зрабілі свой недабудаваны дом явачнай кватэрай. Вокны былі забітыя шалёўкамі, толькі дзве новыя рамы, злева ад ганка, зашклёныя, два акны тыя дагледжаны па-зімоваму — заканапачаныя пакуллем шчыліны паміж луткамі і рамамі, закітаваныя шыбы.