Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Вольга правяла застылымі рукамі па кішэнях паліто. Нічога не было. Як яна забылася, што забярэ з лагера згаладалага, знясіленага чалавека? Што ён можа падумаць пра яе? Чамусьці раптам стала вельмі важна, каб ён не падумаў пра яе кепска. Яна растлумачыла:

— Усё забралі фашысты праклятыя. Як ваўкі. Прадукты дык з кошыкам забралі, усё да крупінкі. I золата…

Ад слова «золата» вочы ў хлопца зрабіліся яшчэ больш шырокія. А Вольга не магла ўжо стрымацца, у яе была свая логіка, свая мера каштоўнасцей і — галоўнае — свая, рыначная мова:

— Я за цябе золата заплаціла. Думаеш, так аддалі б? Ого! Такія жывадзёры!.. На ўсім зарабіць умеюць.

Хлопец збянтэжыўся страшэнна, ажно вочы патухлі. Ці, можа, няёмка яму было глядзець на гэтую жанчыну. што заплаціла за яго, такога мізэрнага, знясіленага, золата?

— Навошта? — прашаптаў ён.

— Што навошта? — не зразумела Вольга.

— Навошта я вам? Я нічога не ўмею рабіць.

— Навучышся! — упэўнена заключыла Вольга. — Былі б рукі ды галава. Калі есці захочаш, то ўсяму навучышся.

Вольга плюнула б таму ў вочы, каб хто сказаў, што словамі сваімі яна прымушае юнака пакутаваць не менш, чым ад холаду і голаду. А між тым гэта было так. Да фізічных пакут ён прывык, разумеў іх непазбежнасць — сам пісаў пра зверствы фашыстаў — і гатовы быў да смерці, іншага выйсця не бачыў. Але каб яго прадалі за золата маладой прыгожай жанчыне — пра такое не сніў і прыдумаць не мог. Ды там, на фронце, і сказаць было б нельга, што гітлераўцы прадаюць палонных жанчынам. Праўда, тут, у лагеры, ён даведаўся: здараецца зрэдку, што палоннага аддаюць жонцы, маці, але ў яго жонкі не было, а маці далёка. Пра тое ж, што могуць прадаць чужой жанчыне, ніхто не гаварыў.

Безумоўна, хто іншы з палонных палічыў бы за шчасце такі ратунак. Ён таксама спачатку вельмі ўзрадаваўся. Але ад таго, што пачуў, радасць патухла, бо з’явіліся новыя, душэўныя пакуты: яго, хто яшчэ зусім нядаўна ведаў хіба адзін палон, палон сваіх узнёслых мараў, цяпер прадаюць, як нявольніка, старажытнага раба. Чаго добрага, патрыцыя гэтая можа і перапрадаць яго з выгадай для сябе.

Невядома, як пайшла б размова далей, каб іх не знайшла Лена. Прыбегла задыханая і адразу ўзлавана накінулася на Вольгу.

— Пасадзіла чалавека на мерзлую зямлю! Сама нябось не села. Няхай бы нагрэла месца сваёй тоўстай… — Лена, якая заўсёды вызначалася далікатнасцю, культурнасцю, не пасаромелася пры незнаёмым хлопцу сказаць самыя грубыя словы. Яна падняла палоннага з зямлі, ад чаго Алесь зноў-такі вельмі збянтэжыўся.

Вольга разумела, з-за чаго Лена злуецца, і не пакрыўдзілася на яе папрокі, нават засмяялася, лагодна папрасіла:

— Не злуйся, Леначка. Не было ж таго. А гэты так спадабаўся мне! Ты паглядзі, які ён — чырванее ад кожнага слова, як дзяўчынка!

Лена, не слухаючы Вольгу, не адказваючы ёй, узяла палоннага пад руку і павяла ў бок горада, на знаёмую ёй сцежку. Вользе не спадабалася, што Лена так бесцырымонна захапіла вызваленага, быццам яна выкупіла яго, ці проста з’явілася знаёмае пачуццё прыватніцы: майго не чапай! Але яна разумела, што недарэчна пасварыцца з Ленай пры ім, пры гэтым хлопцу, чамусьці захацелася перад ім быць добрай, прыгожай.

— Ты хоць накарміла чалавека? — усё яшчэ сурова спытала Лена.

— Дык усё ж забралі, гады. З кошыкам. З ручніком.

Тады Лена спынілася і дастала з-за пазухі цёплы акраец хлеба і цыбуліну.

Хлопец, забыўшыся на душэўныя пакуты, якія толькі што перажыў, на інтэлігентнасць сваю, выхапіў з яе рук хлеб і тут жа прагна ўпіўся белымі зубамі ў скарынку. Глытаў не жуючы.

— Еш цыбуліну, — сказала Лена, — у ёй вітамінаў многа.

Адкусіў цыбуліну — і з вачэй яго пасыпаліся буйныя слёзы.

Жанчыны разумелі, што не толькі ад цыбулі гзтыя слёзы. ад цыбулі так не плачуць. А яму, відаць, было лягчэй ад думкі, што яны лічаць, быццам слёзы ад цыбулі, ён намагаўся нават усміхнуцца. Ды яны стараліся не глядзець на яго — як ён есць; вядома, як есць галодны чалавек — не заўсёды прыгожа.

Лена цяжка ўздыхнула.

Вольга дакарала сябе рэўнасцю, што Лена выявіла большую практычнасць — не забылася, што вызваленага трэба накарміць, бо інакш можна не давесці, не блізка ад Драздоў да Камароўкі.

Задыхаўшыся ад ежы, як ад цяжкай працы, Алесь спытаў у Лены:

— Ты шукала кагось іншага?

Лена кіўнула.

— Раніцой расстралялі шасцярых. Перад строем. Нібыта яны хацелі ўцячы.

Вольгу зноў-такі раўніва кранула, што яны так адразу паразумеліся, Лена і ён, гэты выкуплены ёю хлапчына, што да Лены ён, інтэлігенцік, адразу на «ты», як да даўняй знаёмай.

III

Вольга ўвайшла ў дом і на кухні загрукала намёрзлымі ботамі аб падлогу, збіваючы снег, захукала на рукі. Не адчыняючы дзвярэй у пакой, бо пачула, што да іх прытупала Светка і клікала маму — не прастудзіць бы дзіця! — сказала гучна, каб пачуў жыхар:

— Сапраўдная зіма. Гэта ж трэба, так рана. Як на гора…

— Каму на гора? — спытаў Алесь і паклікаў малую: — Свецік, ходзь сюды, а то там зюзя, дзед-мароз прымарозіць пальчык.

Але дзяўчынка барабаніла кулачкамі ў дзверы і патрабавала:

— Дай, дай! — што значыла: дай маму!

Вольга сціхла, застыла з узнятымі рукамі, бо пачала развязваць хустку, прыслухалася. Слухала яна не дачку. Ёй здалося, што голас хлопца пачуўся не з таго месца, дзе належала быць хвораму, — у спальні яе бацькоў, на іх шырокім драўляным ложку, што займаў палавіну цеснага пакойчыка — а бліжэй, адразу за дзвярамі, у зале, як называлі пярэдні пакой, дзе тупала Света. Вольга скінула халоднае паліто, асцярожна адчыніла дзверы ў залу і не падхапіла, як звычайна, Светку нарукі, бо вельмі здзівілася. Сапраўды, хворы стаяў перад люстрам вялікай, з чырвонага дрэва шафы і галіўся.

Яго вайсковае адзенне, падранае, забруджанае, яна абдала варам, каб забіць вошай, памыла, папрасавала, пакуль ён быў у непрытомнасці, і без яго дазволу прадала на «таўчку», разважыўшы, што вайсковае яму цяпер без патрэбы, больш таго, хадзіць у ім па горадзе небяспечна, выкінуць жа пашкадавала: у яе нічога не прападала марна. Калі ж пачаў ачуньваць, Вольга дала яму адзенне мужа, але пры ёй Саша ні разу яшчэ не адзяваўся.

А цяпер ён стаяў перад люстрам у жоўтых чаравіках, у чорных Адасёвых штанах, у белай сарочцы, вялікай на ім, таму здавалася, што там, пад сарочкай, няма цела, адно паветра. Ды і ўвогуле ўвесь ён як бы прасвечваўся, ажно ззяла вакол яго — вакол сарочкі, вакол смяртэльна-белага твару, над белымі валасамі. Каб не старая, яе бацькі, брытва ў яго руцэ, Вользе, трохі набожнай, магло б здацца, што ў вобразе ўратаванага ёю чалавека — бесцялесны анёл. Не адразу яна сцяміла, што такі незямны выгляд хлопец мае не толькі ад таго, што схуднеў — зусім высах, нябога, але і ад святла, што падала з вокнаў праз цюлевыя гардзіны. Уначы выпаў снег, і моцна падмарозіла. Нечаканая зіма ў пачатку лістапада. Снег пакрыў зямлю, асеннюю чарнату яе. Вользе з самай раніцы здавалася, што снег пакрыў усю гразь, бруд, усю жудасць, якую зрабілі на зямлі людзі. Таму анёльскі выгляд мае ахвяра гэтай жудасці.

Поделиться с друзьями: