Гандлярка і паэт
Шрифт:
Тоўсты фашыст адразу схаваў завушніцы туды ж, куды і залатыя, — у нагрудную кішэню, зашпіліў гузічак і прыціснуў кішэню падцяжкай, каб грудзьмі адчуць золата. На гэтым супакоіўся — паверыў, што больш нічога каштоўнага ў жанчыны няма. Але патрабаваў дакумент. Вольга дала пашпарт.
Тлумач перапісаў з пашпарта ў кнігу яе прозвішча, імя, запытаў імя мужа, заглянуў на тую старонку, дзе стаялі савецкі і нямецкі штампы аб прапісцы. Тым часам тоўсты ўзяў кош і пачаў складваць у яго выкладзеныя на стол харчы.
«Не трэба ім сала і блінцы, адно золата трэба», — падумала Вольга і парадавалася, што хоць нешта застанецца, прадукты цяпер даражэй за золата, а яе ўжо трохі шкрабнула заўсёдная сквапнасць: занадта дорага прыйшлося заплаціць за немаведама каго, нават не за таго чалавека, які так патрэбны Лене Бароўскай. Чаму гэты хлапчук так кінуўся ў вочы? Чаму так захацелася выратаваць яго? I што цяпер рабіць з ім? Таго недзе ўладкавала б Лена. А гэтага не забярэ. Навошта ён Лене, такі дахадзяга, дзіця бязвусае? Лене і яе сябрам, безумоўна, патрэбны быў нейкі камандзір ці камісар, можа, вялікі бальшавіцкі начальнік.
Але Вольга тут жа прагнала ўсе сумненні. Лена будзе незадаволена? Ну і няхай. Сабе нарабіла клопату? Не было б большага.
Не, немец не вярнуў ёй прадукты. Ён забраў усё — і кошык, і ручнік — і схаваў за шафу. Вользе ажно весела зрабілася ад такой сквапнасці тоўстага паразіта. Яна раптам адчула, наколькі яна лепшая за іх, за гэтых прышэльцаў, якія крычаць на ўсё горла, што яны вышэйшыя за ўсе іншыя народы. Нябожчыцу маці і яе некаторыя суседзі, знаёмыя, у тым ліку Бароўскія, абвінавачвалі ў прагнасці. Стары Бароўскі некалі сказаў: «Ляновічыха за капейку ў царкве пёрне». Але тут Вольга падумала, што яе прагнасць у параўнанні са скнарасцю гэтых ненажэрных прыблуд, што зарабляюць на крыві і смерці, — драбяза, бяскрыўдная чалавечая слабасць, і ёй зрабілася асабліва хораша ад свайго ўчынку. Што цяпер думаць пра тое, што будзе заўтра? Важна, што яна зрабіла добрае сёння — не пашкадавала ні прадуктаў, ні золата і нічога не пабаялася, каб уратаваць чалавека. Сапраўды, такая дабрата як бы ачысціла яе душу, узняла над тым брудам, у якім яна штодня корпалася, да якога прывыкла ў барацьбе за сытнае жыццё. Цяпер яна хіба аднаго баялася, што, забраўшы выкуп, ахоўнікі не аддадуць палоннага: ад фашыстаў можна чакаць усяго — чаго хочаш.
Аддалі. Праз паўгадзіны тлумач вывеў хлопца з таго ж барака і піхнуў у спіну так, што гаротны ўпаў у гразь, ёй пад ногі. Ці то вартаўнік узлаваўся, што ахвяра вырываецца на волю, ці то яму мала што перападала з платы за яго.
Вольга апусцілася перад палонным на калені, выцерла яму твар рогам хусткі і пацалавала ў гарачыя вусны. Хлопец сапраўды быў хворы, яго паліла. Ён прытуліўся тварам да яе пляча і заплакаў, глуха, сутаргава.
— Не трэба, родненькі мой, не трэба, — зашаптала яму Вольга. — Хутчэй хадзем адсюль. Хутчэй!
Яму самому хацелася хутчэй адысці ад гэтага жудаснага лагера, дзе — ён гэта ведаў, адчуваў — смерць чакала яго, знясіленага, хворага, у адну з бліжэйшых марозных начэй, можа, нават у самую блізкую. Таму ён падхапіўся з зямлі са спрытам здаровага чалавека. Але асцярожная і хітрая Вольга не дала яму пабегчы. Яна ўзяла яго пад руку і павяла па гразкай, разбітай грузавікамі дарозе. Аднак, калі адышліся так, што баракі і калючы дрот схаваліся за ўзгоркам, не вытрымалі абое — звярнулі з дарогі, па якой маглі ісці… не людзі — немцы, фашысты, — і пабеглі па грузкім полі, па нізіне, не разумеючы, што рызыкавалі значна больш: па іх мог ударыць кулямёт з вышкі. Ды ў той міг разважлівая Вольга забылася пра ўсё, у тым ліку і пра тое, што ўсё адно прыйдзецца выходзіць на дарогу, ісці праз пасты і на мінскіх вуліцах сустракаць іх, немцаў, безліч. Але тых, у горадзе, яна так не баялася, на рынку, напрыклад, яна ўвогуле не баялася немцаў, больш абіралі паліцаі, з немцамі яна навучылася дамаўляцца, законы іх ахоўвалі яе, камерсантку; слова гэтае, пачутае ад немца, які размаўляў па-руску і наладжваў парадак на рынку, ёй падабалася больш, чым грубае — гандлярка, якое зневажала.
Сілы ў хлопца хапіла ненадоўга, ён спатыкнуўся. Калі Вольга кінулася дапамагчы, папрасіў вінавата, вельмі ж неяк па-інтэлігенцку:
— Прабачце. Дазвольце пасядзець, — і так глядзеў сваімі шырокімі блакітнымі вачамі, што ў Вольгі сэрца аблілося крывёю. «Як ён просіць: „Дазвольце!“ Любы ты мой, хто табе можа дазволіць ці не дазволіць, калі і праўда ты не маеш сілы!»
— Вунь там грудок, салома ляжала, — сказала Вольга і памагла яму ўстаць на ногі, абняўшы за плечы, прывяла да зацярушанага снегам паддона. Сядаючы на мокрую салому, ён зноў-такі вінавата растлумачыў:
— Дыхаць цяжка, ведаеце. Не хапае паветра. — I сумна ўсміхнуўся. — У такім прасторы чалавеку не хапае паветра. Парадокс.
Апошняга слова Вольга не зразумела — вучонае нейкае слова. Увогуле, яе дзіўна збянтэжыла яго інтэлігентнасць, бо ў жыцці яна не надта любіла інтэлігентаў. Цяпер думала, як звяртацца да гэтага хлапчыны — на «вы» ці на «ты»? Хацелася неяк адразу паразумецца; каб спрашчаць адносіны з людзьмі, у яе быў правераны сродак — грубы жарт. Але як, з чаго можна пажартаваць тут?
Снег зноў перайшоў у дождж, дробны, густы. Хлопец сядзеў на снезе, снег раставаў пад ім, і ён нібы не адчуваў макрэчы. У звычайных умовах можна было пажартаваць з гэтага. Але падумала, што, прамоклы да касцей, у гарачцы, ён сапраўды ўжо не адчувае ні макрэчы, ні холаду, нічога. Ад гэтага самой зрабілася нясцерпна холадна, хоць перад тым і нагрэлася, пакуль бегла, але цяпер яе пачало аж ліхаманіць.
Знясілены юнак заплюшчыў вочы, здаецца, засынаў, бо хістаўся. Вольга спалохалася, што ён можа памерці тут, у полі, толькі што вырваўшыся з пекла.
— Даўно ты ў іх?
— А-а? — Ён здрыгануўся, няўцямна, спалохана, але ўміг прыйшоў да памяці. — Не, тут нядоўга, чацвёрты дзень. Хоць вам немагчыма ўявіць, што такое гэтыя дні. Мяне ўзялі ў палон тры тыдні назад… Пад Вязьмай. Усю нашу рэдакцыю. Мы трапілі ў акружэнне. Васіль Пятровіч застрэліўся. А мы… я не здолеў, ведаеце, не хапіла духу… баязлівец. Ненавіджу сябе за гэта. Хацелася жыць… малады. Я… я не меў права так жыць. Вы неўяўляеце, што я перажыў за гэтыя тыдні… Гэта немагчыма расказаць.
Слова «рэдакцыя» яшчэ больш збянтэжыла Вольгу, але тое, што расказвае ён складна, не трызніць, парадавала — не, не памрэ, толькі б дабрацца дадому, а там яна яго адагрэе і адкорміць.
— Яктваё імя?
— Маё? — Яго нібы спалохала такое пытанне, ён задумаўся, як бы ўспамінаючы сваё імя, гэта таксама насцярожыла Вольгу: ці не блага ў яго з галавой? — Алесь… Саша. Мама называла Сашам, а ў школе — Шура. Але вы называйце Алесем. А прозвішча — Шпак, — па незразумелай самому прычыне ён не ска-заў свайго сапраўднага прозвішча — Гапанюк, можа, таму, што не любіў яго, сказаў паэтычны псеўданім.
— Ты тутэйшы?
— Як вы разумееце тутэйшы? — і зноў быццам спалохаўся, гарачыя вочы пільна сачылі за Вольгай.
— Алесь — гэта па-беларуску. I гаворка ў цябе наша.
— Я з Палесся. Вольга ўсміхнулася:
— Шанцуе мне: муж мой таксама з Палесся. На фронце недзе.
Хлопца трохі збянтэжыла, што жанчына так сказала пра мужа і пра яго — «шанцуе». У чым шанцуе? Але тое, што муж яе франтавік, пэўным чынам і збліжала іх. Можа, таму ён спытаў:
— У вас няма хлеба? Каб я з’еў хлеба… ведаеце, я падужэў бы.