Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ну, як яна?
– Усё добра, - адказала мацi.
– Усё будзе добра.
Руцi далажыла Ўiнфiлду:
– Яна не памрэ. Так ма сказала.
А Ўiнфiлд, калупаючы ў зубах трэсачкай, прамовiў, зусiм як дарослы:
– Мне гэта i так вядома.
– Адкуль?
– Не скажу, - адказаў Уiнфiлд i выплюнуў з рота абломак трэсачкi.
Мацi распалiла агонь у печцы апошнiм суччам, падсмажыла грудзiнкi i зрабiла да яе падлiўку. Сярод бацькавых пакупак быў i заводскi хлеб. Убачыўшы яго, мацi нахмурылася:
– Грошы яшчэ засталiся?
– Не, - адказаў бацька.
– Але ж вельмi есцi хочацца.
– I ты купляеш хлеб, - папракнула яго мацi.
– Мы вельмi прагаладалiся. Усю ж ноч працавалi.
Мацi ўздыхнула:
– А як далей будзем жыць?
Пакуль яны елi, вада падымалася ўсё вышэй i вышэй. Эл паспешлiва праглынуў сваю порцыю i разам з бацькам пачаў збiваць памост. Пяць футаў шырынёй, шэсць футаў даўжынёй, чатыры футы ад падлогi. А вада падабралася ўжо да дзвярэй, доўга стаяла там, нiбы ў нерашучасцi, i нарэшце патроху прасачылася ў вагон, пачала залiваць падлогу. I зноў палiў дождж - цяжкiя, буйныя кроплi запляскалi па вадзе, як i раней, гулка барабанiлi па даху.
Эл сказаў:
– Ну, давайце падымем матрацы. I коўдры туды ж, а то намокнуць.
Яны навалiлi ўвесь свой скарб на высокi памост; вада ўсё больш залiвала падлогу. Бацька, мацi, Эл i дзядзька Джон з чатырох рагоў паднялi матрац, на якiм ляжала Ружа Сарона, i паклалi паверх рэчаў.
Ружа Сарона запратэставала:
– Я сама. Я здаровая.
А вада празрыстай плёнкай распаўзалася па падлозе. Ружа Сарона шапнула нешта мацi, i тая ўсунула руку пад коўдру, памацала грудзi i кiўнула галавой.
У другiм канцы вагона Ўэйнрайты стукалi малаткамi, майструючы i сабе памост. Дождж памацнеў, але неўзабаве сцiх зусiм.
Мацi паглядзела сабе пад ногi. Вада ў вагоне паднялася ўжо на паўцалi.
– Гэй, Руцi, Уiнфiлд, - спалохана закрычала мацi, - залязайце наверх. Прастудзiцеся.
– Яна падсадзiла дзяцей наверх, i яны нязручна прымасцiлiся каля матраца Ружы Сарона. I раптам мацi сказала: - Трэба выбiрацца адсюль.
– Нельга, - запярэчыў бацька.
– Эл правiльна кажа: усё наша дабро тут. Мы зараз дзверы знiмем i пакладзём наверх - больш месца будзе.
Джоўды ўсёй сям'ёй згрудзiлiся на памосце, маўклiвыя, панурыя. Паводка затапiла вагон на шэсць цаляў вышэй падлогi, i толькi тады яе воды пералiлiся цераз дарожны насып i залiлi бавоўнiшча па другi бок шашы. Астатак дня i ўсю ноч мужчыны спалi, прамоклыя, бок у бок адзiн з адным на знятых з пазоў дзвярах. Мацi ляжала разам з Ружай Сарона. Яна то перашэптвалася з дачкой, то цiха сядзела на матрацы ў глыбокiм роздуме. Рэшткi куплёнага хлеба яна хавала пад коўдрай.
Дождж цяпер iшоў перагонамi - кароткiя шквалы змянялiся зацiшшам. Ранiцай бацька пайшоў, плюхаючы па вадзе, па лагеры i вярнуўся з дзесяткам бульбiн у кiшэнях. Мацi хмура пазiрала, як ён выламаў некалькi дошак з унутранай абшыўкi вагона, распалiў печку i зачарпнуў вады ў кацялок. Потым усе елi рукамi гарачую бульбу, ад якой iшла пара. I калi гэтая апошняя iх ежа была з'едзена, усе моўчкi ўтаропiлiся на шэрую ваду пад iмi, а ноччу доўга не клалiся спаць.
Наступнай ранiцай яны прачнулiся змрочныя. Ружа Сарона нешта шапнула мацi на вуха, i тая пакiвала галавой i сказала:
– Ага. Самая пара.
– I павярнулася да мужчын, якiя ляжалi на знятых вагонных дзвярах.
– Мы iдзём адсюль, - з суровай рашучасцю абвясцiла яна. Пашукаем дзе вышэйшага месца. Вы як хочаце - заставайцеся тут цi не, а я забяру з сабой Разашарну i малых.
– Нельга нам iсцi, - слаба запратэставаў бацька.
– Дык не iдзiце. Данясiце толькi Разашарну да шашы i вяртайцеся. Дажджу ўжо няма, мы пойдзем.
– Добра. Мы таксама iдзём.
Эл сказаў:
– Я, ма, не пайду.
– Чаму гэта?
– Дык жа ж... Эгi... ну, мы з ёю...
Мацi ўсмiхнулася:
– Ну, канешне, канешне. Ты заставайся, Эл. Панаглядаеш тут за нашымi пажыткамi. Як спадзе вада, мы... вернемся. Давайце ж хутчэй, пакуль дажджу няма, - сказала яна бацьку.
– Падымайся, Разашарна. Знойдзем сухое месца.
– Толькi я сама.
– Потым пройдзеш крыху там, на шашы. Ну, падстаўляй спiну, бацька.
Бацька саслiзнуў па сходках у ваду i стаў чакаць каля вагона. Мацi памагла Ружы Сарона злезцi з памоста i падвяла яе да дзвярэй. Бацька ўзяў яе на рукi, падняў як мага вышэй i, асцярожна ступаючы ў глыбокай вадзе, абагнуў вагон i пайшоў да шашы. Там ён апусцiў дачку на бетон, моцна трымаючы яе. Дзядзька Джон iшоў за iм следам з Руцi на руках. Мацi таксама саслiзнула ў ваду, i спаднiца на ёй узнялася пузыром.
– Ну, Уiнфiлд, садзiся мне на плечы. Эл... як вада спадзе, мы вернемся. Эл...
– Мацi памаўчала.
– Калi... калi, можа, прыйдзе Том... скажы яму, што мы вернемся. Скажы, каб ён быў асцярожны. Уiнфiлд, садзiся на плечы... ага, вось так. Не матляй нагамi.
– Пахiстваючыся, яна пайшла па вадзе, якая даставала ёй да грудзей. Мужчыны памаглi ёй узабрацца на дарожны насып i знялi з яе плячэй Уiнфiлда.
Стоячы на шашы, яны паглядзелi на лагер - цёмна-чырвоныя прамавугольнiкi таварных вагонаў, грузавiкi i легкавыя машыны глыбока сядзелi ў вадзе, якая паволi калыхалася. Пакуль яны стаялi, замжэў дробны дожджык.
– Трэба iсцi, - сказала мацi.
– Ты зможаш iсцi сама, Разашарна?
– Галава крыху кружыцца. I ўсё цела балiць, як пабiтае.
Бацька незадаволена буркнуў:
– Iсцi... А куды iсцi?
– Не ведаю. Ну, пайшлi, вазьмi Разашарну пад руку.
– Мацi ўзяла дачку пад правую руку, бацька пад левую.
– Пашукаем сухога месца. А што рабiць? Вы ўжо другi дзень ходзiце ў мокрым.
Яны паволi пайшлi па шашы. Iм чуваць было, як недалёка ад насыпу шумiць iмклiвая рэчка. Руцi i Ўiнфiлд iшлi разам крыху наперадзе, плюхаючы чаравiкамi па мокрым бетоне. Джоўды доўга iшлi, не паскараючы кроку. Неба пацямнела, дождж памацнеў. Па шашы не праехала нiводнай машыны.
– Трэба спяшацца, - сказала мацi.
– Калi Разашарна моцна прамокне, проста не ведаю, што з ёю будзе.
– А куды нам спяшацца, ты не сказала, - з'едлiва прамовiў бацька.
Дарога павярнула ўбок разам з лукавiнай рэчкi. Мацi акiнула позiркам затопленыя палi. Далёка наперадзе, злева ад дарогi, на пакатым грудку стаяла пачарнелая ад дажджу адрына.
– Гляньце!
– зарадавалася мацi.
– Вунь, вунь! Ручаюся, там суха. Пойдзем туды, перачакаем дождж.
Бацька ўздыхнуў:
– Каб гаспадар нас не прагнаў.
Наперадзе, на абочыне, Руцi заўважыла чырвоную плямку. Яна кiнулася туды. Кволая сцяблiнка дзiкай геранi з адной толькi кветкай, пабiтай дажджом. Руцi сарвала яе. Яна асцярожна адшчыкнула адзiн пялёстак i прыляпiла яго сабе на нос. Да яе падбег Уiнфiлд.
– Дасi мне адзiн?
– патрабавальна запытаўся ён.
– Не, сэр! Усё маё. Я сама знайшла, - адказала Руцi i наляпiла сабе на лоб другi пялёстак, падобны на пунсовае сэрца.