Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
– Вось разумнiца, - пахвалiла мiсiс Уэйнрайт.
– Ну што за разумнiца! Мы цябе падтрымаем, золатка. Мы з табой паходзiм.
Яны памаглi ёй падняцца i закалолi шпiлькай коўдру, накiнутую на плечы. Потым мацi падхапiла яе пад руку з аднаго боку, а мiсiс Уэйнрайт з другога. Яны падвялi яе да кучы сучча, паволi павярнулi i пайшлi назад, i так некалькi разоў, а дождж моцна барабанiў па даху.
Руцi i Ўiнфiлд нецярплiва сачылi за iмi.
– А калi яна пачне раджаць?
– запытаўся Ўiнфiлд.
– Ш-ш!.. А то пачуюць i прагоняць нас.
Да iх далучылася Эгi, стала за суччам. Святло лямпы падала на худы твар i бялявыя валасы Эгi, а на сцяне скакаў цень ад яе галавы з доўгiм вострым носам. Руцi прашаптала:
– Ты калi-небудзь бачыла, як родзiцца дзiцяня?
– А то, - адказала Эгi.
– А хутка ўжо?
– О не, не хутка.
– Усё ж калi?
– Можа, толькi заўтра ранiцай.
– Гэ!
– сказала Руцi.
– Тады i падглядаць цяпер няма чаго. Ой! Гляньце!
Яна ўбачыла, што жанчыны раптам спынiлiся, Ружа Сарона ўся напялася i застагнала ад болю. Яе паклалi на матрац i выцерлi ёй лоб, а яна толькi пакрэктвала, сцiскаючы рукi ў кулакi. Мацi цiха супакойвала яе:
– Нiчога. Усё будзе добра, будзе добра. Сцiснi рукi. Цяпер губу прыкусi. Вось так, вось так.
Схваткi спынiлiся. Ёй далi крыху паляжаць i зноў паднялi, i ўсе трое сталi хадзiць узад i ўперад, узад i ўперад, перапыняючыся на час схватак.
Бацька прасунуў галаву ў шчылiну дзвярэй. З капелюша збягала вада.
– Чаго гэта вы дзверы засунулi?
– запытаўся ён i ўбачыў жанчын, якiя хадзiлi сюды-туды па вагоне.
Мацi сказала:
– Яе час прыйшоў.
– Значыць... хочаш не хочаш застаёмся.
– Ага.
– Значыць, трэба рабiць плацiну.
– Трэба.
Бацька вярнуўся, плюхаючы па гразi, да рэчкi. Вада паднялася па беразе на чатыры цалi вышэй яго вешкi. Каля рэчкi пад дажджом стаялi дваццаць чалавек. Бацька крыкнуў iм:
– Давядзецца рабiць плацiну. У дачкi маёй схваткi.
– Яго акружылi з усiх бакоў.
– Родзiць?
– Ага. Цяпер мы не зможам ехаць.
Высокага росту мужчына сказаў:
– Родзяць не ў нас. Нам ехаць можна.
– Канешне, - сказаў бацька.
– Вам можна. Едзьце. Вас нiхто не трымае. Рыдлёвак усяго восем штук.
Ён падбег да самай нiзкай часткi берага i ўсадзiў рыдлёўку ў раскiслую зямлю. Паддзетая штыхом, яна, падымаючыся, чвякнула. Ён капнуў яшчэ раз i кiнуў штых гразi на самае нiзкае месца на беразе. А побач з iм выстраiлiся i iншыя. Яны навальвалi доўгi насып, i тыя, каму рыдлёвак не хапiла, секлi вярбовае вецце, спляталi яго ў маты i ўтоптвалi нагамi ў насып. Ярасць працы, ярасць бiтвы апанавала ўсiх. Кiнутую рыдлёўку падхоплiвалi iншыя. Працавалi, скiнуўшы пiнжакi i капелюшы. Мокрыя кашулi i штаны шчыльна прылiплi да целаў, чаравiкi ператварылiся ў бясформенныя камякi гразi. Раптам з вагона Джоўдаў данёсся пранiзлiвы крык. Мужчыны спынiлiся, трывожна прыслухалiся i зноў узялiся за працу. Невысокi земляны вал даўжэў i нарэшце прымкнуў з двух бакоў да шашэйнага насыпу. Усе стамiлiся, рух рыдлёвак запаволiўся. I таксама павольна падымалася вада ў рэчцы. Яна пакрыла ўжо тое месца, куды былi кiнуты першыя штыхi зямлi. Бацька пераможна засмяяўся.
– Каб не наш вал, рэчка ўжо выйшла б з берагоў!
– закрычаў ён.
Вада паволi падступала ўшчыльную да свежага насыпу, вымываючы з яго вярбовыя маты.
– Вышэй!
– крыкнуў бацька.
– Трэба яшчэ вышэй!
Змерклася, але праца не спынялася. Людзi ўжо зусiм выбiлiся з сiлы. Твары ў iх былi застылыя, змярцвелыя. Рухi сутаргавыя, як у аўтамата. Калi сцямнела, жанчыны паставiлi ў дзвярах лiхтары, выставiлi конаўкi з гарачай кавай, а самi адна за адной беглi да Джоўдавага вагона i працiскалiся ў яго праз вузкую шчылiну.
Цяпер схваткi зачасцiлi, з прамежкамi ў дваццаць хвiлiн. Ружа Сарона ўжо страцiла над сабой уладу. Яна моцна ўскрыквала ад нясцерпнага болю. А суседкi прыходзiлi зiрнуць на яе, гладзiлi яе па валасах i вярталiся ў свае вагоны.
Мацi добра распалiла печку i грэла ваду, налiўшы ва ўсе свае пасудзiны. Раз-пораз у дзверы зазiраў бацька.
– Усё добра?
– пытаўся ён.
– Ага, здаецца, добра, - супакойвала яго мацi.
Калi стала зусiм цёмна, нехта прынёс да рэчкi кiшэнны электрычны лiхтарык. Дзядзька Джон шалёна арудаваў рыдлёўкай, кiдаў i кiдаў зямлю на верх насыпу.
– Ты лягчэй, лягчэй, - стрымлiваў яго бацька.
– Пагубiш сябе.
– Iначай не магу. Чуць не магу яе крыкаў. Гэта... гэта як тады...
– Разумею, - сказаў бацька.
– А ўсё ж такi ты лягчэй.
Дзядзька Джон усхлiпнуў:
– Я ўцяку куды-небудзь. Далiбог, уцяку, калi тут працы не будзе.
Бацька павярнуўся да яго спiнай.
– Як там мая адзнака?
Чалавек з электрычным лiхтарыкам накiраваў прамень на вешку. Дождж белымi палоскамi заблiшчаў на святле.
– Прыбывае.
– Цяпер будзе не так хутка, - сказаў бацька.
– На тым беразе разальецца.
– А ўсё ж прыбывае.
Жанчыны зноў налiлi кавы ў конаўкi i паставiлi iх у дзвярах. З кожнай начной гадзiнай рухi людзей рабiлiся ўсё больш маруднымi, людзi з цяжкасцю, як ламавыя конi, выцягвалi ногi з глыбокай гразi. Яшчэ i яшчэ адна рыдлёўка зямлi на насып, яшчэ i яшчэ адзiн мат з вярбовага вецця. А дождж упарта лiў. Калi прамень лiхтарыка падаў на чый-небудзь твар, ён выхоплiваў з цемры ўтаропленыя ў пустату вочы i выступы жаўлакоў на шчоках.
З вагона Джоўдаў яшчэ доўга даносiлiся крыкi, i раптам яны сцiхлi.
Бацька сказаў:
– Каб нарадзiла, мяне паклiкалi б.
– I хмурна зноў узяўся за рыдлёўку.
Вада каля насыпу клекатала i вiравала. Раптам непадалёк, на рэчцы, крыху вышэй за лагер, пачуўся рыплiвы трэск. Лiхтарык асвятлiў магутную таполю, якая нiзка схiлiлася над рэчкай. Усе кiнулi працу i сталi пазiраць у той бок. Голле таполi апусцiлася ў ваду i выцягнулася па плынi, а вада ўсё падмывала i падмывала яе кароткае карэнне. Таполю паступова выцягнула з зямлi, i яна паволi паплыла ўнiз па цячэннi. Знясiленыя людзi сачылi за ёю, раскрыўшы раты. Дрэва плыло паволi. Раптам адна галiна зачапiлася за корч i не дала дрэву плысцi далей. Цячэнне развярнула яго, i карэнне ўперлася ў свежы насып. Вада ў запрудзе ўвесь час прыбывала, i дрэва зноў паплыло i прабiла зверху насып. У прабоiну рынуўся струмень вады. Бацька кiнуўся наперад i стаў закiдаць зямлёй прабоiну. Запруджаная дрэвам вада пачала падымацца. I неўзабаве насып змыла, i вада хлынула на людзей, залiла iх да шчыкалатак, да каленяў. Людзi не вытрымалi i пабеглi, а вада роўным патокам разлiлася па паляне, пайшла пад вагоны, пад аўтамашыны.
Дзядзька Джон бачыў, як вада прарвала плацiну. У змроку ён разгледзеў гэта. Непасiльны цяжар цела пацягнуў яго ўнiз. Ён павалiўся на каленi i апынуўся па грудзi ў бурлiвай вадзе, якая напiрала на яго.
Бацька ўбачыў, як ён упаў.
– Гэй, Джон! Што з табой?
– Ён памог яму падняцца на ногi.
– Галава закружылася? Хадзем, вагон высокi.
Да дзядзькi Джона вярнулiся сiлы.
– Сам не ведаю, як гэта здарылася, - сказаў ён выбачлiвым тонам.
– Ногi падкасiлiся. Падкасiлiся, i ўсё.
– Бацька павёў яго да вагонаў.