ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Калi плацiну змыла, Эл павярнуўся i пабег. Бегчы было цяжка. Калi ён дабраўся да грузавiка, вада даставала яму да лытак. Ён сарваў брызент з капота i ўскочыў у кабiну. Адразу нацiснуў на кнопку стартэра. Той закруцiўся, але матор не падаў голасу. Эл нацiснуў да канца на газ. Акумулятар усё павальней i павальней круцiў падмоклы стартэр, рухавiк маўчаў. Яшчэ некалькi ўжо зусiм павольных абаротаў стартэра. Эл паставiў запальванне на самае ранняе, намацаў рукой пад сядзеннем завадную ручку i выскачыў з кабiны. Вада ўжо залiвала падножку. Эл падбег да носа машыны. Картэр матора быў пад вадой. Як ашалелы, Эл прыладзiў завадную ручку i некалькi разоў пакруцiў ёю, i пры кожным павароце яго рука, апускаючыся, расплёсквала ваду, якая ўсё прыбывала. I нарэшце шаленства яго выдыхлася. Ён здаўся. Матор залiты вадой, акумулятарная батарэя выйшла са строю... Непадалёк, на крыху вышэйшай мясцiне, запрацавалi маторы дзвюх машын, успыхнулi фары. Машыны буксавалi ў гразi, колы грузлi ўсё глыбей, i нарэшце вадзiцелi выключылi маторы i знерухомелi за рулём, пазiраючы на святло фар. А дождж белымi палоскамi рассякаў iх промнi. Эл не спяшаючыся падышоў да кабiны, працягнуў руку i выключыў запальванне.

Калi бацька дабраўся да свайго вагона, ён убачыў, што нiжнi канец сходак плавае ў вадзе. Ён наступiў на яго, утапiў пад ваду i ўтаптаў у гразь.

– Ну, Джон, ты сам падымешся?
– запытаўся бацька.

– Падымуся. Iдзi першы.

Бацька асцярожна падняўся па мастку i працiснуўся ў вузкую шчылiну дзвярэй. Кноты ў лiхтары i лямпе былi нiзка прыкручаныя. Мацi сядзела на матрацы побач з Ружай Сарона i абмахвала яе кавалкам кардону. Мiсiс Уэйнрайт пхала ў печку сучча, i сыры дым выбiваўся з-пад канфорак i разносiў па вагоне пах гарэлай анучы. Калi бацька ўвайшоў, мацi ўзняла на яго вочы i зараз жа апусцiла.

– Ну... як яна?
– запытаўся бацька.

Мацi не падняла галавы.

– Як быццам нiчога. Спiць.

Паветра ў вагоне было цяжкае, нечым непрыемна пахла. Дзядзька Джон ледзьве пралез у вагон i прыхiнуўся да сцяны. Мiсiс Уэйнрайт кiнула свой занятак i падышла да бацькi. Яна кранула яго за локаць i павяла ў кут вагона. Там узяла з падлогi лiхтар i падняла яго над скрынкай з-пад яблыкаў. У скрынцы на газеце ляжала пасiнелае, зморшчанае цельца.

Так нi разу i не дыхнула, - цiха прамовiла мiсiс Уэйнрайт.
– Нарадзiлася мёртвае.

Дзядзька Джон павярнуўся i, цягнучы ад стомы ногi, пайшоў у цёмны кут вагона. Цяпер ужо дождж цiха лапатаў па даху, так цiха, што ўсе чулi стомленае сапенне дзядзькi Джона, якое даносiлася з цемры.

Бацька паглядзеў на мiсiс Уэйнрайт, узяў лiхтар у яе з рук i паставiў на падлогу. Руцi i Ўiнфiлд спалi на сваiм матрацы, прыкрыўшы сагнутымi ў локцях рукамi вочы.

Бацька паволi падышоў да Ружы Сарона. Хацеў прысесцi каля яе матраца на кукiшкi, але стомленыя ногi не паслухалiся, i ён стаў на каленi. А мацi ўсё памахвала над дачкой кардонкай. Яна глядзела на бацьку, вочы ў яе былi вялiкiя, позiрк нерухомы, як у лунацiка.

Бацька сказаў:

– Мы... усё зрабiлi... што маглi.

– Я ведаю.

– Мы працавалi ўсю ноч. А дрэва разнесла нашу плацiну.

– Ведаю.

– Чуеш? Вада пад вагонам.

– Ведаю. Я ўсё чула.

– Думаеш, з ёю ўсё абыдзецца?

– Не ведаю.

– Можа... мы маглi... што-небудзь зрабiць?

Губы ў мацi былi сухiя, бяскроўныя.

– Не. У нас заставалася толькi адно... i мы гэта рабiлi.

– Мы там працавалi, ледзь з ног не валiлiся, i раптам дрэва... Цяпер дождж ужо аслабеў.
– Мацi глянула на столь i зноў апусцiла галаву. Бацька працягваў гаварыць, быццам гэта быў яго абавязак.
– Не ведаю, як высока падымецца. Можа i вагон залiць.

– Я ведаю.

– Ты ўсё ведаеш.

Яна прамаўчала, а кардонка ў яе ў руцэ паволi хадзiла ўзад i ўперад.

– Мы што-небудзь зрабiлi не так?
– шукаў сабе апраўдання бацька.
– Маглi што-небудзь зрабiць iнакш?

Мацi неяк дзiўна паглядзела на яго. Яе пабялелыя губы расцягнулiся ў задумлiвую, спагадлiвую ўсмешку.

– Ты нi ў чым не вiнаваты. Перастань. Усё будзе добра. Цяпер усё мяняецца... паўсюль.

– Можа, вада... Можа, трэба зараз жа ехаць адсюль.

– Прыйдзе час - паедзем. Што трэба будзе рабiць, тое i зробiм. А цяпер памаўчы. А то разбудзiш яе.

Мiсiс Уэйнрайт ламала галiнкi i падсоўвала iх у агонь, ад якога iшоў густы сыры дым.

Знадворку пачуўся злосны голас:

– Я сам пагавару з гэтым сукiным сынам.

I ўслед - голас Эла каля самых дзвярэй:

– Куды лезеш?

– Я дабяруся да гэтай сволачы Джоўда!

– Не пушчу. Што табе трэба?

– Каб не яго дурная плацiна, нас бы даўно ўжо тут не было. А цяпер машына стаiць, як мёртвая.

– А ты думаеш, наша дужа жывая?

– Прапусцi.

Голас Эла прагучаў холадна:

– Паспрабуй прабiцца.

Бацька не спяшаючыся падняўся з каленяў i пайшоў да дзвярэй.

– Спакойна, Эл. Я iду. Спакойна.
– Бацька спусцiўся ўнiз. Мацi пачула, як ён сказаў: - У нас хворая. Пройдзем вунь туды.

Дождж лёгенька стукаў па даху, а вецер, якi нядаўна ўзняўся, размятаў яго ў бакi. Мiсiс Уэйнрайт адступiла ад печкi i глянула на Ружу Сарона.

– Хутка заднее, мэм. Вы паспалi б. Я пасяджу каля яе.

– Не, - адказала мацi.
– Я зусiм не стамiлася.

– Так я вам i паверыла, - сказала мiсiс Уэйнрайт.
– Кладзiцеся, адпачнiце хоць крыху.

Мацi паволi разганяла кардонкай паветра.

– Вы па-сяброўску паставiлiся да нас, мiсiс Уэйнрайт, - сказала яна.
– Мы вам вельмi ўдзячныя.

Поўная нiзенькая жанчына ўсмiхнулася:

Дзякаваць няма за што. У нас ва ўсiх адна доля. А калi б што з намi здарылася? Вы нам памаглi б.

– Безумоўна. Мы памаглi б.

– Цi каму другому.

– Безумоўна. Раней кожны клапацiўся толькi пра сваю сям'ю. Цяпер не так. Цяпер нам да ўсiх ёсць справа. I чым горш людзям, тым больш у нас клопату.

– Яго нельга было ўберагчы.

– Я ведаю, - сказала мацi.

Руцi глыбока ўздыхнула i зняла руку з твару. Святло лямпы асляпiла яе, яна павярнула галаву i паглядзела на мацi.

– Нарадзiлася?
– запыталася Руцi.
– Дзiця ўжо ёсць?

Мiсiс Уэйнрайт падняла з падлогi мяшок i прыкрыла iм скрынку з-пад яблыкаў.

– Дзе дзiця?
– дапытвалася Руцi.

Мацi правяла языком па губах.

– Дзiцяцi няма. Яго i не было. Мы памылялiся.

– Гэ!
– Руцi пазяхнула: - А я думала, будзе дзiця.

Мiсiс Уэйнрайт села каля мацi, узяла ў яе кардонку i сама пачала ёю махаць. Мацi склала на каленях рукi, яе стомленыя вочы не адрывалiся ад твару Ружы Сарона, якая ад знямогi забылася моцным сном.

– Ну дык прыляжце, - сказала мiсiс Уэйнрайт.
– Вы ж каля яе будзеце. Варта ёй глыбей уздыхнуць, i вы прачняцеся.

Поделиться с друзьями: